<p>Рэканструкцыя бітвы паміж паўстанцамі Каліноўскага і расійскім войскам, стварэнне турыстычнага шляху паўстанцаў, міжнародная канферэнцыя на тэму вызваленчага паўстання 1863-64 гадоў – такія асноўныя мерапрыемствы рыхтуюцца на Гарадоцкай зямлі напрыканцы красавіка</p>

Рэканструкцыя бітвы паміж паўстанцамі Каліноўскага і расійскім войскам, стварэнне турыстычнага шляху паўстанцаў, міжнародная канферэнцыя на тэму вызваленчага паўстання 1863-64 гадоў – такія асноўныя мерапрыемствы рыхтуюцца на Гарадоцкай зямлі напрыканцы красавіка. 

Сёлета ў Польшчы, як і ў Беларусі, адзначаюць 150-годдзе з часу паўстання, паведамляе «Беларускае Радыё Рацыя».

Як кажа дырэктар гміннага Цэнтра культуры ў Гарадку Юры Хмялеўскі, значная частка міжнароднай канферэнцыі, запланаванай на 26 красавіка, будзе прысвечана асобе Кастуся Каліноўскага, ураджэнца вёскі Мастаўляны блізу Гарадка:

– Гэта ёсць асоба, важная ў гісторыі Беларусі, у гісторыі Польшчы і нашай Гарадоцкай зямлі. І думаю, што гэтая міжнародная канферэнцыя дасць даволі багаты вынік. Напрыклад, прафесар Марошэк з Беластоцкага ўніверсітэта мае шмат навуковай інфармацыі пра двор Каліноўскіх у Мастаўлянах. Пазней гэтая сядзіба, зразумела, была разбураная, але нейкія сляды засталіся. А мы хочам, каб гэта таксама было апісана.

Міжнародная канферэнцыя мае тэму «Паўстанне 1863 года на тэрыторыі Гродзенскай губерніі» і збярэ навукоўцаў з Польшчы, Беларусі і Літвы. Чакаецца, што па яе выніках з’явіцца асобнае выданне. Планавана ўдзел у канферэнцыі возьмуць, у прыватнасці, Віталь Швед, Сяргей Токць, Лена Глагоўская, Генадзь Семянчук і іншыя вядомыя даследчыкі. Арганізатарамі выступае Таварыства сяброў Гарадоцкай зямлі і гмінны Цэнтр культуры ў Гарадку.

3

У Кнышынскай пушчы, на тэрыторыі надлясніцтва Валілы, блізу якога і месціцца Гарадок, знаходзіцца пахаванне паўстанцаў. Як кажа надляснічы Кшыштаф Бозік, у гэтых мясцінах адбылася вялікая бітва паўстанцаў пад кіраўніцтвам Валерыя Урублеўскага і Ануфрыя Духінскага з расійскімі войскамі:

– Гэта была першая больш вялікая бітва на тэрыторыі Гродзенскай губерніі, на тэрыторыі Расійскай імперыі. Праўда, паўстанне на гэтых тэрыторыях распачалося толькі ў красавіку, бо агулам яно распачалося ў студзені. Гэта адбылося па розных прычынах. Па-першае, тут можна было перачакаць і лепш падрыхтавацца, а па-другое, так пастанавіла кіраўніцтва паўстання з Кастусём Каліноўскім. Каліноўскі паходзіў з вёскі Мастаўляны гміны Гарадок, гэта акурат у абсягах надлясніцтва Валілы.

У агульнай магіле на тэрыторыі надлясніцтва Валілы пахаваныя 32 паўстанцы. Былы ляснік Марыян Сянкевіч з аповедаў бабулі ведае, што тут пахаваны і ягоны прадзед:

– Проста ведаю з расказаў сваёй бабулі, што мой прадзед наглядаў за гэтым лесам, і быў такім сувязным паміж паўстанцамі. Ведаў пра ўсё, што робіцца ў ваколіцах. 

Цяпер у надлясніцтве Валілы паўстае імправізаваны лагер паўстанцаў, тут рыхтуецца вялікая рэканструкцыя бітвы. Таксама мае паўстаць турыстычны шлях паўстанца з інфармацыйнымі табліцамі, які пройдзе праз чатыры надлясніцтвы. Меркавана, недзе ў Кнышынскай пушчы Кастусь Каліноўскі і пісаў сваю «Мужыцкую праўду».

2

Асноўныя мерапрыемствы, прысвечаныя Студзеньскаму паўстанню, пройдуць на Гарадоччыне 26–28 красавіка. Чакаецца, што 27 красавіка ўдзел у іх возьме прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі.

Яна Запольская

Фота bialystok.lasy.gov.pl