https://www.traditionrolex.com/8

У мінулую нядзелю, 27 студзеня, у Вільнюсе прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю першай пастаноўкі п'есы «Паўлінка» народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Арганізатарамі гэтых мерапрыемстваў выступілі Міністэрства культуры Беларусі і Пасольства Беларусі ў Літве.

Імпрэзы пачаліся цырымоніяй замены мемарыяльнай дошкі Янкі Купалы на доме па адрасе: вул. Вільняус, 14. У 1914-1915??г. тут размяшчалася рэдакцыя вядомай беларускай газеты «Наша ніва». Тут жыў і тагачасны яе рэдактар — малады Янка Купала, паведамляе «Звязда».

Стараннямі пасольства Беларусі ў Літве і пры падтрымцы мэрыі Вільнюса і Міністэрства культуры Літвы, старая мемарыяльная дошка была заменена на больш сучасную (беларускія скульптары Сяргей Аганаў і Вольга Нячай). На адкрыцці выступілі пасол Беларусі ў Літве Уладзімір Дражын, віцэ-міністр культуры Літвы Эдвард Трусевіч і намеснік міністра культуры Беларусі Тадэвуш Стружэцкі.

Амаль 100 гадоў таму ў Вільні Янка Купала пазнаёміўся з будучай жонкай — Уладзіславай Станкевіч, і з актрысай Паўлінай Мядзёлкай, у гонар якой назваў гераіню сваёй першай п'есы — камедыі «Паўлінка». Тут ён напісаў вядомыя вершы «Маладая Беларусь», «Заклятая кветка», «Адцьвітаньне»...

1

Упершыню спектакль «Паўлінка» быў пастаўлены ў Вільні 27 студзеня 1913 г. Дом, у якім сыгралі спектакль, захаваўся да гэтага часу. Цяпер тут — Вільнюскі дом настаўнікаў.

— Мы вельмі ганарымся, што працуем у такім гістарычна значным будынку. Таму з радасцю пагадзіліся прыняць беларускіх сяброў, якія прыехалі адзначыць 100-годдзе спектакля, — сказала карэспандэнту «Звязды» дырэктар Вільнюскага дома настаўнікаў Зіта Жэпніцкіене.

Беларускія культурныя мерапрыемствы працягнула выстава «Не загаснуць зоркі ў небе». На яе стэндах прадстаўлена мноства каштоўных артэфактаў надзвычай плённых у жыцці і творчасці Янкі Купалы віленскіх гадоў. Перш за ўсё гэта чарнавікі, эскізы, накіды да спектакля, аўтографы вершаў, асобнікі газет, кніг і календароў, да выдання якіх меў дачыненне паэт. Моманты сяброўскіх і творчых сустрэч Янкі Купалы з выдатнымі асобамі беларускага і літоўскага культурнага жыцця таго часу адлюстроўваюць дакументы, успаміны і мастацкія творы.

2

Тут жа, ва ўтульнай зале Дома настаўнікаў, госці выставы прачыталі на сваіх родных мовах вершы беларускага паэта. Задумка пасольства Беларусі ў Літве ўдалася на славу. Не кожны дзень зможаш паслухаць, як гучаць вершы Янкі Купалы на розных мовах свету. Тым больш калі іх на сваёй роднай мове чыталі не акцёры або прафесійныя чытальнікі, а замежныя госці — афіцыйныя паслы Кітая, Украіны, Азербайджана, саветнікі пасольстваў Расіі і Малдовы. Купалу на літоўскай прачытаў саветнік прэм'ера Літвы Фаустас Латэнас.

3

Святочныя мерапрыемствы завяршыліся канцэртам фальклорнай групы «Купалінка» Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Ён прайшоў з вялікім поспехам, пры поўнай зале.

— Прыемна, што ў той жа зале, дзе 100 гадоў таму была прадстаўлена «Паўлінка», зараз мы можам парадавацца выступленню «Купалінкі» па матывах спектакля, — дзяліўся ўражаннямі з карэспандэнтам «Звязды» пасол Беларусі ў Літве Уладзімір Дражын. — Мы рады, што праз 100 гадоў маем магчымасць адзначыць святочную дату на гасціннай вільнюскай зямлі.

На ўрачыстасці ў якасці гасцей былі запрошаны кіраўніцтва і супрацоўнікі Міністэрства культуры Беларусі, літоўскіх міністэрстваў і ведамстваў, паслы і дыпламаты замежных пасольстваў, культурныя і грамадскія дзеячы, прадстаўнікі беларускай дыяспары і нацыянальных абшчын Літвы, літоўскія бізнэсмены, пісьменнікі і журналісты.

Вітаўтас ЖЭЙМАНТАС, фота аўтара

На фотаздымках: новая мемарыяльная дошка Янкі Купалы. Аўтары — беларускія скульптары Сяргей Аганаў і Вольга Нячай; на адкрыцці новай мемарыяльнай дошкі Янкі Купалы выступае пасол Беларусі ў Літве Уладзімір Дражын; на сваёй роднай мове верш Янкі Купалы чытае пасол Кітая ў Літве Зенгвен Лю.
https://www.traditionrolex.com/8