<p>Шлях у пушчы можна пераадольваць пешшу, на веласіпедзе, на канях або на лыжах. Ён працягнецца больш чым на 70 кіламетраў і ахопіць некалькі надлясніцтваў, а таксама шэраг памятных мясцін</p>

Яго адкрыццё звязана са 150-годдзем з пачатку вызваленчага паўстання 1863-64 гадоў, паведамляе Беларускае радыё «Рацыя».

Шлях у пушчы можна пераадольваць пешшу, на веласіпедзе, на канях або на лыжах. Ён працягнецца больш чым на 70 кіламетраў і ахопіць некалькі надлясніцтваў, а таксама шэраг памятных мясцін. Кажа кіраўнік надлясніцтва ў Валілах Кшыштаф Бозік:

Шлях складзе каля 71 кіламетра і будзе праходзіць праз месцы, звязаныя як з паўстаннем, так і з іншымі важнымі для нашай гісторыі падзеямі, якія адбываліся на тэрыторыі Кнышынскай пушчы. Напрыклад, будзе праходзіць праз вёску Папоўка, што была поўнасцю спалена фашыстамі, якія знішчылі ўсіх жыхароў гэтай вёскі. Гэта месца нацыянальнай памяці. Таксама турыстычны шлях ахопіць каштоўныя прыродныя тэрыторыі ў рэгіёне Кнышынскай пушчы.

У турыстычны шлях увойдуць надлясніцтвы Чорная Беластоцкая, Супрасль, Жэдня і Валілы. Турысты змогуць не толькі наведаць вялікі лясны комплекс, але таксама пазнаць гісторыю паўстання. Паводле плана, на маршруце з’явіцца паркінг, аглядальная вежа, месцы для адпачынку ды іншыя аб’екты сэрвісу. Турыстычны шлях паўстанцаў атрымае і сваю старонку ў інтэрнэце з картай трасы. 

Памер інвестыцыі складае 1 мільён 400 тысяч злотых.

Яна Запольская