<p>Сустрэчы, выставы, канцэрты, рэгіянальная кухня – усё гэта неўзабаве чакае ўдзельнікаў і гасцей 14-х па ліку Дзён культуры Крэсаў у Беластоку</p>

Сустрэчы, выставы, канцэрты, рэгіянальная кухня – усё гэта неўзабаве чакае ўдзельнікаў і гасцей 14-х па ліку Дзён культуры Крэсаў у Беластоку. Міжнароднае мерапрыемства пачнецца 2 сакавіка з канцэрта віленскага калектыва песні і танца Switezianka ў Падляшскай оперы і філармоніі, паведамляе Беларускае радыё «Рацыя»

Як распавёў суарганізатар фестываля, старшыня Фонду на карысць дзяцей Гродзеншчыны Рафал Церняк, – праграма сёлетніх Дзён культуры Крэсаў багатая і разнастайная, кожны знойдзе для сябе штосьці цікавае:

– 3 сакавіка ўжо традыцыйна пачнецца з віленскага кірмаша «Казюкі», які пройдзе побач з драматычным тэатрам. Потым адбудуцца культурніцкія мерапрыемствы, якія пачнуцца 7 сакавіка. Тэматыка вельмі розная, але, канешне, усё звязана з Крэсамі. Выбітны разбяр Антон Вівульскі – віленскі творца, пра якога будзе распавядаць спадар прафесар з Торуня. Адбудзецца сустрэча прысвечаная крэсовай кухні. Таксама да нас прыедуць госці з Гродна, з жаночага клуба Grodnianka”.

Як адзначае Рафал Церняк, гэта далёка не ўсе прапановы, якія падрыхтаваны да фестываля. Дні культуры Крэсаў традыцыйна завершацца 19 сакавіка ўрачыстым святкаваннем імянін маршалка Юзэфа Пілсудскага.

Ганна Шайкоўская