https://www.traditionrolex.com/8
<p>Для каталікоў Беларусі слова «пілігрымка» знаёма і не патрабуе дадатковага тлумачэння. Кожны год Будслаў, Тракелі, Лагішын, Браслаў прымаюць тысячы людзей, якія праходзяць сотні кіламетраў, ахвяроўваючы гэта Маці Божай. А куды ходзяць іспанцы? Ці маюць яны такія ж пілігрымкі?</p>

Для каталікоў Беларусі слова «пілігрымка» знаёма і не патрабуе дадатковага тлумачэння. Кожны год Будслаў, Тракелі, Лагішын, Браслаў прымаюць тысячы людзей, якія праходзяць сотні кіламетраў, ахвяроўваючы гэта Маці Божай. А куды ходзяць іспанцы? Ці маюць яны такія ж пілігрымкі?

У Іспаніі Шлях св. Якуба (Camino de Santiago) агульнавядомы і агульнапаважаны. Кожны, пачуўшы гэта, ківае галавой і кажа: «О сі, каміно дэ Санцьяго, муй фамосо». Для іх гэта як паэлья ці карыда. Гэта «кул». «Новае дасведчанне, вельмі незвычайна, я б хацеў гэта зрабіць», – кажуць мае аднагрупнікі. Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што глыбокі сэнс пілігрымавання ўзгадаваецца ў апошнюю чаргу. Але добра, не буду цягнуць гуму. Пачнем з гісторыі Шляху, паведамляе Grodnensis.by.

Цяжка знайсці дакладнае і агульнапрынятае меркаванне, што да вытокаў гэтага санктуарыя. У цэлым прынята казаць, што на пачатку ІХ стагоддзя адзін манах убачыў зорку, якая спынілася на адным месцы, нібыта ўказваючы яму на нешта. Такім чынам ён знайшоў каўчэг з целам апостала Якуба. Месца вельмі хутка стала вядомым, і людзі пачалі пілігрымаваць сюды, каб убачыць гэты цуд. Мясцовасць назвалі Кампастэла, што ў перакладзе значыць «месца, азначанае зоркай». Гістарычныя крыніцы сцвярджаюць, што Санцьяга дэ Кампастэла стала вядомым ва ўсёй Еўропе, пачынаючы з ХІ стагоддзя. У ХІІ стагоддзі папскім актам Кампастэла стала трэцім святым месцам для хрысціянства пасля Іерусаліма і Рыма. Менавіта пасля гэтай падзеі пілігрымы з усёй Еўропы пацягнуліся да гэтай святыні.

1

Зразумела, што пілігрымаванне насіла глыбока рэлігійны характар. Людзі ішлі, каб падзякаваць за цудоўнае выздараўленне альбо благаслаўленне перад шлюбам. Парафіі высылалі сваіх дэлегатаў, каб тыя ішлі і маліліся за добры ўраджай для ўсёй вёскі. Вядома, што часам некаторыя людзі атрымлівалі за пакуту адбыць пілігрымаванне да гэтай святой зямлі. Гэты шлях прайшоў св. Францішак з Асізі, св. Ігнацій Лаёла, папа Ян ХХІІІ і шмат іншых.

2

З часам шляхі святога апостала прыйшлі ў заняпад, асабліва ў ХІХ стагоддзі, пасля Французскай рэвалюцыі. У 1982 годзе папа Ян Павел II наведаў санктуарый. Былая вядомасць пачала вяртацца да гэтага месца. На пачатку Савет Еўропы прызнаў важнасць шляху для еўрапейскай культуры і ў 1987 годзе абвясціў яго Культурным шляхам Еўропы. Пазней святыня таксама была ўнесена ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА.

Сёння дзясяткі тысяч пілігрымаў з усяго свету крочаць дарогамі святога Якуба. Трэба мець на ўвазе, што гэтае паняцце шляху адноснае. Існуе некалькі дзясяткаў варыянтаў пілігрымавання. Кожная еўрапейская краіна мае пункты, адкуль можна пачаць крочыць у Іспанію (глядзі Мапа 1).

Ёсць таксама Via Regia, альбо Каралеўскі шлях, які праходзіць праз наш Гродна. Дарога пачынаецца ў Вільні і далей праз Беларусь, Польшчу, Германію, Францыю прыводзіць нас у Іспанію. Таксама Каралеўскі шлях можна пачаць з украінскага Львова. Гэты маршрут адзін з нямногіх варыянтаў, які ўнесены ў Спіс культурных шляхоў Савета Еўропы. Дарога гістарычна вядомая яшчэ з ХІІІ стагоддзя. Гэта быў гандлёвы шлях са славянскіх зямель у Іспанію. Толькі з часам гэтая дарога была «ахрышчана».

3

Мая добрая знаёмая, Моніка, прайшла летась частку шляху св. Якуба. Пачала свой маршрут з адной мясцовасці недалёка ад Більбао і за 21 дзень прайшла каля 400 км.

Калі я выязджала з Польшчы, то ехала з думкай, што будзе класна, такі сабе турыстычны і незвычайны паход, – кажа мая суразмоўца. Аднак нічога падобнага. Калі пачаліся першыя дні пілігрымавання, то адчувалася, што гэтай дарогай прайшлі тысячы чалавек. Кажа, што некаторыя пілігрымы нават паміралі, крочачы да св. Якуба. Тут ёсць такая традыцыя, што, праходзячы каля месца смерці пілігрыма, кожны паднімае з дарогі каменьчык і кладзе пад маленькі помнік, які азначае, што тут адыйшоў у вечнасць такі і такі. «Там проста вялізныя кучы камення ўжо сабраліся», – распавядае Моніка.

4

Большасць людзей, канешне, ідзе з рэлігійнай матывацыяй. Аднак вялікая частка пілігрымаў – гэта турысты, якія проста так праводзяць свой час. Бачыла я і п’яных, і тых, хто курыў якое-небудзь зелле, але гэта была рэдкасць, – працягвае дзяўчына.

Кожны дзень пачынаецца ў 6 гадзін раніцы. У цэлым праходзіш каля 30 кіламетраў. Паміж другой і чацвёртай прыходзіш да наступнага прытулку, бо, па-першае, робіцца нясцерпная гарачынь, і, па-другое, пілігрымаў там так шмат, што табе пасля проста не хопіць месца. Вечарам усе збіраюцца разам, рыхтуюць ежу, размаўляюць. Калі ёсць святар ці якая іншая духоўная асоба, то яны заўсёды запрашаюць усіх на малітву.

Трэба таксама разумець, што пілігрымаванне да Санцьяга дэ Кампастэла зусім адрозніваецца ад нашых пілігрымак. Тут няма чагосьці арганізаванага. Ты проста ідзеш са сваім рукзаком, сустракаеш людзей, размаўляеш і г. д. Справа ў тым, каб ісці.

Іспанцы вельмі па-сяброўску і з павагай ставяцца да пілігрымаў. Адна італьянка расказвала, што ў нейкай мясцовасці бабулька запрасіла яе на абед. У выніку дзяўчына засталася ў тае гаспадыні на тры дні. Такая вось ветлівасць. Ніколі не чула, каб хтосьці тыкаў пальцам у пілігрыма, – кажа Моніка.

Па дарозе сустракала таксама арабаў. Чаму ішлі? Ды так проста, прайсціся, падумаць над жыцём, паспрабаваць сябе. З адным мусульманінам прайшла нават 3 дні. Размаўлялі пра жыццё, пра любімыя фільмы, музыку, погляды. Пра ўсё.

Адна мая сяброўка ішла з канкрэтнай мэтай. Пасля пілігрымкі яна збіралася ў кляштар. І сабралася. Сёння яна ў кракаўскім кляштары сясцёр капуцынак. А што сказаць тым, хто хацеў бы пайсці? Як б вы ні думалі, што будзе класна, будзе яшчэ лепш, – скончыла мая сяброўка.

У гэтым годзе, у ліпені, яна ізноў збіраецца да св. Якуба. Толькі ўжо плануе прайсці ў два разы болей, чым раней.

5

Больш інфармацыі пра Шлях св. Якуба можна без праблем знайсці ў інтэрнэце. А вось на шляху да Санцьяга дэ Кампастэла можна знайсці тое, чаго ў інтэрнэце адшукаць немагчыма. І так вось людзі крочаць па гэтай іспанскай зямлі ў пошуках сэнсу ці проста без яго. Важна шукаць, імкнуцца, гарэць. Бо можна ісці, ды і насамрэч не ісці, а можна быць у хаце, але сэрцам быць у пылу дарогі на шляху да наступнага начлегу. Бо ў жыцці нікому нічога не трэба даказваць. Як пісаў св. Аўгустын, «трэба знайсці праўду і цешыцца існаваннем у ёй». А шлях святога апостала? Ён можа дапамагчы, але не зробіць справу за цябе.

Арцём Ткачук

https://www.traditionrolex.com/8