https://www.traditionrolex.com/8

Майстар выцінанкі прадставіла ў віленскай гарадской ратушы работы, прысвечаныя Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Адкрыццё прайшло ў панядзелак, 25 сакавіка.

Пры дапамозе паперы і нажнічак мастачка ілюстравала кожны з трыццаці артыкулаў дэкларацыі. Упершыню выстава гэтых работ прайшла ў снежні ў Мінску, пiша «Рэгіянальная газета».

У Вільні выцінанкі Вольгі Бабурынай выстаўляюцца ў межах Тыдня беларускай культуры. Больш за 25 гадоў жыцця мастачка прысвяціла гэтаму віду мастацтва.

Спадарыня Вольга скончыла Маладзечанскую мастацкую школу, а таксама каледж імя Агінскага па кірунку дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Мастачка – студэнтка аднаго з першых набораў на гэты кірунак. Яе настаўнікам была Вікторыя Чырвонцава. Пасля года навучання Вольга Бабурына пераехала ў Гродна, дзе працягнула навучанне ва ўніверсітэце імя Янкі Купалы. Цяпер жыве і працуе ў Мінску.

2

Спадарыня Вольга (злева) падчас адкрыцця выставы.

– Выцінанка – традыцыйны беларускі від выразання з паперы, які адметны сярод іншых, – заўважыла спадарыня Вольга падчас адкрыцця выставы. – Наша выцінанка адрозніваецца ад польскай і ўкраінскай: у яе ёсць свае асаблівыя прыкметы, свая стылізацыя.

Мастачка імкнецца папулярызаваць менавіта традыцыйную выцінанку, у якой для працы выкарыстоўваюцца толькі нажнічкі і папера. Ніякіх ножыкаў ці спецыяльных прабойнікаў.

– Новая выстава – гэта спроба аб’яднаць традыцыі і сучаснасць, – падкрэслівае мастачка. – Каб захаваць любое традыцыйнае мастацтва, яго трэба прыстасоўваць пад сённяшні дзень. Пры дапамозе дэкларацыі я паспрабавала надаць выцінанцы больш сучасныя формы. Шчыра кажучы, на пачатку працы цяжка было ўявіць, ці магчыма ілюстраваць усе 30 артыкулаў.

Спадарыня Вольга засталася задаволеная вынікам. Прызнаецца, што калі цяпер глядзіць на свае работы, то не хочацца нічога мяняць і выпраўляць.

У размове з карэспандэнтамі «РГ» мастачка падзялілася ўспамінамі пра свой родны горад.

– У Маладзечне я бываю досыць часта, – распавяла спадарыня Вольга. – У мяне там жывуць маці і сястра. Разам са сваімі працамі была год таму, калі маёй настаўніцы Вікторыі Мікітаўне спаўнялася 75 гадоў. Тады ж у Маладзечне праходзіў рэгіянальны фестываль па выцінанцы. Давялося тады быць у журы конкурса. Спадзяюся, што цягам наступнага года атрымаецца наладзіць выставу. 

Артыкул 1.
Усе людзi нараджаюцца свабоднымi i роўнымi ў сваёй годнасцi i правах. Яны надзелены розумам i сумленнем i павiнны ставiцца адзiн да аднаго ў духу брацтва.

3

Артыкул 5.
Нi над кiм не павiнны ўчыняцца катаваннi або жорсткiя, бесчалавечныя або ўнiжаючыя яго годнасць абыходжанне i пакаранне.

4

Артыкул 8.
Кожны чалавек мае права на эфектыўнае аднаўленне ў правах кампетэнтнымi нацыянальнымi судамi ў выпадках парушэння яго асноўных правоў, якiя дадзены яму канстытуцыяй або законам.

5

Артыкул 13.
1. Кожны чалавек мае права свабодна перамяшчацца i выбiраць сабе месцапражыванне ў межах кожнай дзяржавы.
2. Кожны чалавек мае права пакiдаць любую краiну, уключаючы сваю ўласную, i вяртацца ў сваю краiну.

Артыкул 16.
1. Мужчыны i жанчыны, якiя дасягнулi паўналецця, маюць права без усякiх абмежаванняў, незалежна ад расы, нацыянальнасцi або рэлiгii, браць шлюб i засноўваць сям’ю. Яны карыстаюцца аднолькавымi правамi ў адносiнах узяцця шлюбу, у час знаходжання ў шлюбе i ў час яго скасавання.

6

Артыкул 14.
1. Кожны чалавек мае права шукаць прыстанiшча ад праследавання ў iншых краiнах i карыстацца гэтым прыстанiшчам.

7

Аляксандра ПАРАХНЯ, Зоя ХРУЦКАЯ

Фота Аляксандры ПАРАХНІ

https://www.traditionrolex.com/8