Польская авіякампанія LOT прадставіла новыя кошты падарожжаў First Minute, паведамляе Polskie Radio S.A.

Калі нехта купіць білеты за 45 дзён, то за палёт у Еўропу ён заплаціць ад 123 злотых у абодвух напрамках і ад 99 злотых па Польшчы ў адзін бок. Аднак знайсці такія танныя квіткі не так і лёгка, сцвярджае Gazeta Wyborcza.

Авіякампанія не збіраеццца раздаваць гуртам танныя білеты. «Мы хочам прыцягнуць новых пасажыраў, хочам паказаць ім, што лятаць можа кожны», – кажа прадстаўнік кампаніі LOT Марэк Клуціньскі.

Рэкламныя цэны сапраўды даступныя на сайце перавозчыка, але каб знайсці рэйс па Еўропе па прывабным кошце, трэба доўга шукаць і купляць білет як мінімум за 45 дзён да вылету. Журналістам газеты ўдалося знайсці такое спалучэнне паміж Варшавай і Талінам. Рэйс у кастрычніку каштуе менш за 123 злотыя ў абодва бакі. Білет на рэйс у ліпені з Варшавы ў Берлін можна купіць за 76,87 зл. у адзін бок. А каб вярнуцца назад на наступным тыдні, трэба заплаціць ужо 129 злотых.

Як канстатуюць аўтары артыкулу, цана і так супастаўная або нават ніжэйшая, чым за цягнік польскай чыгуначнай кампаніі PKP InterCity. Іншае прывабнае па коштах спалучэнне, якое знайшлі журналісты штодзёнкі Gazeta Wyborcza, гэта Хельсінкі – Варшава. Білет на палёт у верасні каштуе 76,6 злотага. Але каб трапіць у Хельсінкі тыднем раней, за білет давядзецца заплаціць 279,19 злотага.

Авіякампанія LOT спрабуе вярнуць давер кліентаў і прыцягнуць новых пасажыраў. Апошнія некалькі месяцаў гэта быў для яе цяжкі час. Імідж авіяперавозчыка пацярпеў у студзені ў выніку няспраўнасці самалётаў Boeing 787 Dreamliner (яны зноў пачалі лятаць з пасажырамі ўсяго пару дзён таму).

Апроч таго, агульна вядома, што авіякампанія мае сур’ёзныя фінансавыя праблемы. Фірма атрымала дзяржаўную дапамогу, а цяпер рыхтуецца да прыватызацыі.