Харкаў: горад, які знікае

17.10.2011 - Витрина туров

Харкаў: горад, які знікае

Украінскі пісьменнік Сяргей Жадан піша пра тое, што змяняецца і руйнуецца ў Харкаве напярэдадні Чэмпіяната Еўропы – 2012 па футболе

Штодзённае жыццё на тых самых вуліцах, заўсёдны рух тымі самымі маршрутамі пазбаўляюць нас магчымасці адсочваць, як незаўважна, аднак няўхільна змяняецца прастора вакол нас, як змяняюцца вуліцы і скрыжаванні, як знікаюць знакі таго горада, да якога ты звык, і ўзнікаюць цалкам новыя рэаліі, з якімі прыходзіцца мець справу.

Рэаліі гэтыя звычайна выклікаюць не столькі захапленне, колькі супраціў – у большасці выпадкаў цяжка ўспрымаць усе тыя архітэктурныя прарывы, якія адбываюцца ў гарадскім прасторы, незразумелай застаецца большасць ідэй ды ініцыятываў па зменах у абліччы вуліц, адштурхваюць спробы гарадскіх уладаў абнавіць дамы за кошт пафарбаваных фасадаў.

Магчыма, гэта звычайнае нежаданне ўспрымаць нешта новае, падсвядомая крытычная настроенасць да ўсяго прагрэсіўнага. Цалкам магчыма. Я сапраўды падсвядома крытычна настроены да высечкі дрэваў на старых харкаўскіх вуліцах і да перманентнага ашуканства, якім так натхнёна займаюцца бацькі горада. Хаця заўсёды імкнуся прыслухоўвацца да іх аргументаў. Калі, вядома, ёсць да чаго прыслухоўвацца.

Апошнім часам, паколькі ў горадзе так ці інакш многае адбываецца, скажам, улічваючы Еўра–2012, што няўмольна рухаецца на ўсіх нас, пастаянна даводзіцца казаць пра гэтыя змены, пра трансфармацыю, якая адбываецца. Часам даводзіцца чуць меркаванне, што змены так ці інакш непазбежныя, што горад так ці інакш развіваецца, што гэта працэс натуральны і супраціўляцца яму проста неразумна.

Пра гэта кажуць і ў штодзённых прапагандысцкіх праграмах на мясцовым ТБ, у якіх лаяльныя да ўлады журналісты «на ясным воку» спрабуюць пераканаць недаверлівага гледача ў тым, што паляпшэнне жыцця наступіла яшчэ ўчора, і лепш за ўсё проста расслабіцца і атрымліваць ад усяго гэтага задавальненне. Прычым у якасці канкрэтных і бачных доказаў такога паляпшэння дэманструецца адрамантаваная Харкаўская набярэжная і развалены парк культуры, у якім стаханаўскімі тэмпамі вядзецца будаўніцтва жыццёва неабходнага харкаўцам «Дыснэйлэнда». Я не сумняваюся, што многія гараджане сапраўды вераць сваёй уладзе і падзяляюць такі пункт гледжання. Я разумею тых харкаўцаў, хто з надзеяй і нецярпеннем чакаюць з’яўлення «Дыснэйлэнда», – сапраўды, магчыма менавіта з яго з’яўленнем вырашацца праблемы Харкава. Бо іншыя сродкі да сёння чамусьці не дзейнічалі, чаму б не паспрабаваць.

Мяркую таксама, што многія сапраўды падзяляюць традыцыйна папулярны тэзіс пра тое, што гэта «менавіта для нас» будуюцца сёння ў горадзе пяцізоркавыя гатэлі, гольф-клубы і забаўляльныя цэнтры. Дапускаю і згаджаюся – цалкам магчыма, што некаторым з нас сапраўды цяжка абыходзіцца без гольфа. Пытанне ў іншым – асабіста ў мяне сённяшняе «развіццё горада» асацыіруюецца з адным домам на вуліцы Клачкоўскай, якую нядаўна «адрамантавалі» гарадскія ўлады, шырока асвятляючы гэты працэс у тых жа сродках масавай інфармацыі. У рамках праведзеных рамонтных прац фасад будынка пафарбавалі, старыя вокны забілі, а новыя на іх месцы проста намалявалі. Разумею, што не харкаўцы падумаюць, быццам я проста чарню ўладныя ініцыятывы, але слова гонару: проста ўзялі і наляпілі выявы новых вокнаў. У Еўропе так у прынцыпе робяць, каб паказаць, як будзе выглядаць дом пасля рэстаўрацыі. Тут так зрабілі, каб паказаць, што больш нічога не будзе.

Вось недзе так усё і адбываецца, і ўсё іх развіццё горада – гэта цэлыя вуліцы з высечанымі алеямі, гэта паўразбураныя хаты ў старых харкаўскіх дварах, трошкі збоку ад цэнтральных вуліц, гэта недафарбаваны будынак Дзяржпрама і сумнеўнай вартасці шкляныя саркафагі, пад якімі сабраныя макеты харкаўскіх помнікаў архітэктуры. Усё па-ранейшаму зводзіцца да рэтушавання і ўзвядзення маляўнічых пампезных дэкарацый, за якімі насамрэч нічога няма, яны па-ранейшаму спрабуюць пераканаць нас, што займаюцца планавымі прадуманымі дзеяннямі, пачынаючы з самага важнага і самага галоўнага. Нарэшце, праблема нават не ў тым, што яны кажуць. Праблема ў тым, што ім і надалей некаторыя вераць.

Рубрики: В Фокусе Проблемы

Страны: Украина


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах