https://www.traditionrolex.com/8
<p>Нататкі з VII Міжнароднага фатаграфічнага пленэру «Восеньскія настроі»</p>

Як паведамляе «Вечерний Брест»:

Арганізуе такія штогадовыя сустрэчы інструктар фатаграфіі Бяла-Падляскага муніцыпальнага цэнтра культуры Малгажата Пякарска. Вось і на гэты раз «Восеньскія настроі» сабралі 32 фатографаў з Польшчы, Украіны і Беларусі. Тры дні пленэру былі цікавымі і карыснымі.

Па-першае, нас чакала знаёмства з творчасцю Роберта Дэйтроўскага (Польшча). Работы гэтага фотамастака адлюстроўваюць жывую прыроду з розных куткоў Польшчы. Асабліва многа здымкаў было прысвечана птушкам і жывёлам, што жывуць на берагах Віслы. Аудыявізуальная прэзентацыя ўтрымлівала некалькі соцень фотаздымкаў, зрабіць якія часам вельмі няпроста. Каб толькі знайсці тую або іншую птушку, трэба патраціць шмат часу і мець вялікае цярпенне. І працаваць даводзіцца ў даволі складаных умовах.

З цікавасцю сустрэлі ўдзельнікі і прэзентацыю тэхнікі амбратыпіі, якую падрыхтаваў Раман Краўчанка з Украіны. У 1851 годзе англічанін Фрэдэрык Скот Ашэр распрацаваў спосаб фатаграфавання і архівацыі аб´ектаў з дапамогаю слоя калодыуму, што наносіўся на шкло. Пры гэтым ствараецца літаральна адзінае і амаль вечнае адлюстраванне.

janow2011-m

Гарантавана, што адбітак амбратыпіі (у перакладзе з грэчаскай мовы ambrotos – бессмяротны) не зменіцца на працягу 150 год, бо ні шкло, ні нанесеныя на яго кампаненты пасля праяўлення цалкам хімічна неактыўныя. Аб гэтым сведчаць 300 шкляных амбратыпій, зробленых Роджэрам Фэнтанам у час Крымскай вайны 1855 года, якія захоўваюцца ў бібліятэцы Кангрэса ЗША.

Раман Краўчанка не толькі прадэманстраваў прысутным старажытную фотатэхніку, але і раскрыў сакрэт рэцэптуры кампанентаў, якія яе складаюць. На вачах зацікаўленых гледачоў з дапамогай старажытнага фотаапарата, якому споўнілася не меней за 100 гадоў, майстар выканаў здымак, пасля чаго падарыў яго Бяла-Падляскаму фотаклубу. Дарэчы, кошт такой фатаграфіі складае каля 150 долараў.

У праграме пленэру было заяўлена і знаёмства з творчасцю аўтара гэтых радкоў. На другі дзень удзельнікаў запрасілі на маю фотавыставу «Свет і цені старой сядзібы». Серыя з 32 здымкаў, зробленых у сядзібна-паркавым комплексе Грушаўка (Ляхавіцкі раён Брэсцкай вобласці), выклікала шчырую зацікаўленасць. І не толькі дзякуючы фотаматэрыялу, але і з той прычыны, што і сама Грушаўка, і гісторыя жыцця яе ўладальнікаў Рэйтанаў уваходзяць у агульную спадчыну палякаў і беларусаў часоў Рэчы Паспалітай і Вялікага княства Літоўскага.

5

Прысутныя задалі шмат пытанняў аб стане помніка, аб лёсе тых рарытэтаў, што былі сабраны ў колішнім маёнтку. На жаль, ганарыцца няма чым. Разбурэнне і заняпад – вось сённяшні лёс Грушаўкі. Нягледзячы на гэта, сядзіба, парк, навакольныя далягляды не страцілі сваёй маляўнічасці, якая выразна праступала ў кожным здымку. У канцы прагляду гледачы ўзнагародзілі аўтара апладысментамі.

Трэці дзень пленэру – праца на натуры. Надвор´е спрыяла ўдзельнікам. З маім спадарожнікам Янушам Рыдэлем мы сустрэлі світанак у дубовым гаі на беразе Буга. Магутныя дрэвы і леташняя трава пакрыты празрыстымі крышталікамі інею. Ружовае кола сонца бязгучна рухаецца па небе асенняга ранку. Лясная дарога, якая прывяла нас сюды, нагадвала дарогу з жоўтай цэглы, што вяла да Ізумруднага горада ў вядомай дзіцячай казцы, – яна складзена з невялікіх каменных пліт.

4

Наваколле чыста прыбрана: ні галінкі падлеску, ні цэлафанавых пакетаў, ні недакуркаў, ні слядоў ад вогнішча з пластыкавым посудам наўкола. Карацей кажучы, адсутнічае ўсё, што так часта даводзіцца «прыбіраць» з фотаздымка з дапамогаю «Фоташопа». А дрэвы такія – стогадовыя дубы і сосны – я бачыў апошнім часам толькі ў снах.

Вяртаюся ў атэль з пачуццём нейкай нерэальнасці ад перажытага. За вокнамі ў вальерах пасвяцца коні, і не проста коні, а сапраўдныя арабскія скакуны – малочна-белыя, вараныя, шэрыя ў яблыках. У Янаве-Падляскім знаходзіцца конезавод, якому хутка споўніцца 200 гадоў. Прыгажосць жывёлін заварожвае. Іду здымаць коней!..

1

Фота Сяргея Чарановiча

У час пленэру святкавалася 20-годдзе фотаклуба, які існуе ў муніцыпальным цэнтры культуры Бяла-Падляскі. У склад фотаклуба ўваходзяць 30 прыхільнікаў мастацтва светаценю, сярод якіх ёсць як прафесійныя майстры, так і фотааматары. Яны праводзяць выставы, пленэры, штомесячныя сустрэчы з дыскусіямі, абмеркаваннем работ…

3

Фота Сяргея Чарановiча

Важным элементам дзейнасці клуба з´яўляецца вышэйпамянёны Міжнародны фатаграфічны пленэр у Янаве-Падляскім. На яго запрашаюцца вядомыя фатографы з Польшчы і суседніх краін, што вельмі спрыяе інтэграцыі фатаграфічнай супольнасці. Падрабязней з дзейнасцю клуба можна пазнаёміцца, наведаўшы сайт www.fotoklub.org.pl, дзе можна знайсці і падрабязную фотасправаздачу пра пленэр. Шкада, што ў нас не праводзяцца падобныя сустрэчы.

Сяргей Чарановіч, фотамастак, сябра Саюза мастакоў і Саюза дызайнераў Беларусі

https://www.traditionrolex.com/8