https://www.traditionrolex.com/8
Некалькі год таму ў Беларусі ўсе раптоўна даведаліся, што 21-га лютага – гэта вялікае свята, а дакладней – Міжнародны дзень роднай мовы. Менавіта таму ў вашага малодшага дзіцёнка сёння ў школе дзень памяці Коласакупалы, у старэйшага  - беларускамоўная дыскатэка ва ўніверсітэце, а па тэлевізары спадар Латушка ці іншы чыноўнік, які пакуль не развучыўся размаўляць па-беларуску, скажа, што з беларускай мовай у нас усё проста цудоўна і ніякага моўнага пытання ў нас не існуе. Не хвалюйцеся! Святы будуць працягвацца нядоўга. 22-га лютага пра беларускую мову ўжо ніхто і не ўзгадае.

Некалькі год таму ў Беларусі ўсе раптоўна даведаліся, што 21-га лютага – гэта вялікае свята, а дакладней – Міжнародны дзень роднай мовы. Менавіта таму ў вашага малодшага дзіцёнка сёння ў школе дзень памяці Коласакупалы, у старэйшага  - беларускамоўная дыскатэка ва ўніверсітэце, а па тэлевізары спадар Латушка ці іншы чыноўнік, які пакуль не развучыўся размаўляць па-беларуску, скажа, што з беларускай мовай у нас усё проста цудоўна і ніякага моўнага пытання ў нас не існуе. Не хвалюйцеся! Святы будуць працягвацца нядоўга. 22-га лютага пра беларускую мову ўжо ніхто і не ўзгадае.

А цяпер некалькі словаў, што адбываецца з мовай насамрэч. Без палітыкі (наколькі гэта магчыма ў беларускіх рэаліях). І толькі пра турызм.

Сфера абслугоўвання. За той час, калі я размаўляю па-беларуску, былі адзінкавыя выпадкі, калі ў рэстарацыі, куды я прыходжу, каб адпачыць і пакінуць свае грошы, мяне без праблем зразумелі. Заўважце, я не прашу цытаваць мне беларускіх класікаў і адказваць мне па-беларуску (хоць гэта, безумоўна, было б прыемна), проста хацелася, каб за прыгожымі вітрынамі і пафасам беларускіх кавярняў, абслугоўваючы персанал ведаў некалькі стандартных словаў нацыянальнай мовы (ну, калі ўжо паставілі сваю рэстарацыю пасярод беларускай сталіцы) – дзякуй, калі ласка, гарбата, цукар, кава, рэшта і рахунак. Гэтыя простыя, на першы погляд, словы ў афіцыянта выклікаюць ступар, нібыта ён падыйшоў да століка здаваць іспыт па вышэйшай матэматыцы. Праверце як-небудзь самі. Праўда, варта дадаць, што з ангельскай мовай амаль тая ж сітуацыя. Як кажуць, беларускі сэрвіс такі сэрвіс.

Турфірмы. Перш чым пісаць гэты тэкст я патэлефанавала ў некалькі буйных турыстычных кампаніяў. У якасці кліента я хацела ўдакладніць некалькі пытанняў наконт будучага адпачынку. Вашыя стаўкі – ці зразумелі мяне хоць у адной з іх? Ці не, давайце інакш – ці ўспрынялі мяне адэкватна хоць у адной з іх? Ну, адказ напрошваецца сам сабою – не. І гэта пры тым, што на шматлікіх сустрэчах, інтэрв’ю, майстар-класах і прэсавых канферэнцыях я вельмі часта чую, як нашыя турфірмы зацікаўленыя ў новых кліентах, як яны эфектыўна працуюць у гэтым накірунку. Думаю, што лішнім будзе казаць, ці хачу я пакідаць свае грошы ў турфірме, дзе мяне не могуць зразумець. Тое самае датычыцца беларускамоўнай версіі сайтаў. Адзінкі дазволілі сабе такую раскошу – зрабіць пераклад. Але па праўдзе, і з ангельскай мовай усё гэтаксама. Так-так - такі сэрвіс, такі сэрвіс.

Экскурсіі па-беларуску. Летась прыязджалі да нас у госці сваякі, якія доўгі час жывуць за мяжой. Яны ўзялі сваіх дзяцей  і замежных сяброў, якія ў Беларусі былі ўпершыню. Але паколькі людзі гэтыя нават за мяжою стараюцца захоўваць традыцыі, ім хацелася, каб экскурсія была выключна на роднай мове. Як высветлілася, знайсці такога экскурсавода няпроста. Які не проста ведае завучаны па-беларуску тэкст, а свабодна валодае мовай, каб без памылак адказаць на шматлікія пытанні зацікаўленага турыста. У выніку мы дамовіліся з краязнаўцам, для якога экскурсіі – гэта збольшага хобі, але вандроўка ўсім спадабалася. Экскурсаводы не проста не ведаюць ці забыліся мову, некаторыя абураюцца тым, што іх прымушаюць праводзіць экскурсіі па-беларуску. Вядома, што яны разлічваюць на прыбытак ад турыстаў з Расіі – гэта сёння асноўны кліент, але чаму дадатковыя веды (у дадзеным выпадку беларуская мова) будуць лішнімі? Турысты з Расіі прыязджаюць не толькі пабухаць таннай беларускай гарэлкі. Ёсць і тыя, каму сапраўды цікавая наша краіна, яе гісторыя і культура. Што вы можаце прапанаваць адукаванаму рускаму турысту, які апроч Беларусі, быў у іншых еўрапейскіх гарадах? Каб паслухаць “Калінку-малінку” не трэба ехаць сотні кіламетраў, гэтага багацця і ў самой Расіі хапае.

І апошняе. У Беларусі ўсё ніяк не сціхнуць дыскусіі на тэмы “Беларуская мова – несамастойная мова”, “Ці патрэбна нам беларуская мова”, “Беларуская мова – дыялект рускай мовы” і г.д. Але спадарства, нават у ХХІ стагоддзі знаходзяцца дзівакі, якія лічаць, што зоркі ў небе – усяго толькі стразы, а Зямля па-ранейшаму трымаецца на трох кітах. Ці ёсць сэнс з імі спрачацца і нешта даказваць пры тых навукова абгрунтаваных фактах, якія існуюць насамрэч? Не! Ці ёсць сэнс у незалежнай дзяржаве самастойнай і самадастатковай нацыі задаваць сабе такія недарэчныя пытанні ці адказваць на такія пытанні апанентам? Не!

Нашыя суседзі латышы зусім нядаўна паказалі нам, як трэба любіць і шанаваць сваё. Я маю на ўвазе рэферэндум па моўным пытанні. Не трэба лішняга шуму і святаў раз на год для справаздачы ў аддзел адукацыі ці ідэалогіі (хто там “адказвае” ў нас за мову?). 21-га лютага можна ўспрымаць, як цудоўную нагоду адкінуць страх і сказаць нешта на сваёй мове. Сказаць не з трыбуны, тэлевізара ці плошчы. Проста сказаць свайму блізкаму чалавеку самыя звычайныя рэчы. Па-беларуску. І каб не раз на год, а кожны дзень.

https://www.traditionrolex.com/8