Сёлета ў фэста з’явіцца дадатковая сцэна і замежны хэдлайнер, паведамляе .
Арганізатары ПІКНІК.BY-2013 выклалі ў інтэрнэт відэа, на якім нібыта чысцяць снег пад будучую фестывальную пляцоўку. Што праўда, зразумець, дзе пройдзе фэст, з гэтага роліка немагчыма. Не расказаў «Еўрарадыё» пра новую пляцоўку і прамоўтар ПІКНІК.BY Нік Маторын. Але іншымі падрабязнасцямі сёлетняй імпрэзы падзяліўся:«Як і ў мінулым годзе, наведвальнікаў фэсту чакаюць тры сцэны: галоўная, акустычная і сцэна для дыджэяў. Мы не выключаем, што з’явіцца яшчэ адна! А таксама плануем падрыхтаваць дзіцячую пляцоўку ад клуба «Совушка», дзе будуць ладзіцца адукацыйныя і забаўляльныя праграмы для самых маленькіх гасцей фестывалю».
Цяпер ПІКНІК.BY на стадыі фарміравання лайн-апа. Узяць удзел у фэсце арганізатары запрашаюць усіх зацікаўленых музыкаў!
«Будзе шмат беларускіх гуртоў, якія мы любім. Канкрэтызаваць пакуль не хочацца, але іх будзе больш за 20! Мы думаем пра хэдлайнера, у тым ліку і не пра беларускага».
Дату фэсту абвесцяць напрыканцы сакавіка. Тады ж у продажы з’явяцца першыя «ільготныя» білеты на ПІКНІК.BY — без абвяшчэння лайн-апа.
Міра Шульц