Як паведамляе «:
На спецыяльнай фуры цягнічок з двума вагончыкамі прыбыў з Віцебска, праехаў па горадзе, зрабіў круг па Цэнтральнай плошчы і вуліцы Прытыцкага.
Яго імя Віпоша – ад «віцебскія пад'ёмнікі». Але можна лічыць, што цягнічок прызначаны для катання VIP-персон (вельмі важных персон).
Па словах начальніка аддзела культуры Маладзечанскага райвыканкама Аляксандра Рамановіча, такі атракцыён, разлічаны на 28 дзяцей, будзе працаваць у горадзе 28 снежня – 1 студзеня і 7 студзеня. Пасажыры будуць сядаць у вагоны на станцыі «Папараць-кветка» ля аднайменнай скульптуры. Затым – да ёлкі на плошчы, круг вакол яе, па пешаходнай частцы вуліцы Прытыцкага, да гарадскога гадзінніка, пасля чаго вяртаюцца да ёлкі, дзе дзяцей сустрэнуць Дзед Мароз і Снягурачка.
Па словах Аляксандра Рамановіча, цяпер складаецца калькуляцыя кошту білета. Паводле папярэдніх падлікаў, ён будзе каштаваць 10–15 тысяч рублёў.
Улетку «Цягнічок» будзе курсіраваць па парку.
Начальнік вытворчасці «Віцбудтэхмаш» Канстанцін Грубенка расказаў у інтэрв'ю «РГ», што «Цягнічок» для Маладзечна рабілі ў паскораным тэмпе, па 12 гадзін у дзень, без выхадных, каб паспець да Новага года. Справіліся за два з паловай тыдні.
Атракцыён зроблены на базе трактара «Беларусь-132Н». Такія самыя, але з плугамі, культыватарамі замест вагонаў, працуюць на зямельных участках. Максімальна магчымая хуткасць – 18 км/г. Магутнасць рухавіка – 8,7 л/с. Працуе на бензіне.
«Ход вагонаў вельмі мяккі: восі аснашчаныя тарсіённай падвескай (на пругкіх стрыжнях). У плане бяспекі – 100-працэнтная гарантыя: вагоны абсталяваныя такім відам тармазной сістэмы, што самі спыняцца, калі якім-небудзь чынам адчэпяцца», – патлумачыў Канстанцін Грубенка.
На ўвесь цягнічок прадпрыемства дае два гады гарантыі.
Святлана ЦІШКО