У мурах Полацкай калегіі адбылася сустрэча з Мікалаем Чырскім і Іванам Каліноўскім

У старажытным Полацку прайшла творчая сустрэча з Мікалаем Арсенцьевічам Чырскім, старшынёй Беларускага грамадскага аб’яднання экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, і Іванам Іванавічам Каліноўскім, полацкім краязнаўцам, таленавітым мэтрам экскурсійнай справы.

Сустрэча адбылася ў старадаўніх мурах былога езуіцкага калегіума, дзе зараз месцяцца гісторыка-філалагічны факультэт і факультэт інфармацыйных тэхналогій Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Мерапрыемства было арганізавана пры падтрымцы турыстычна-экскурсійнага цэнтра ўніверсітэта (кіраўнік Маргарыта Уладзіміраўна Янкоўская) і кафедры гісторыі і турызма (загадчык Вольга Антонаўна Емяльянчык).

Мікалай Арсенцьевіч падзяліўся вопытам працы са сваімі полацкімі калегамі і правёў майстар-клас для новага пакалення будучых экскурсаводаў. Ім былі раскрыты некаторыя сакрэты плённай экскурсійнай працы і акрэслены пытанні атэстацыі экскурсаводаў. Таксама падчас сустрэчы былі абмеркаваны цікавыя пытанні беларускага турызму і перспектывы развіцця Полацкага рэгіёна.

Іван Іванавіч Каліноўскі зазначыў, што тысячагадовая гісторыя Полацка заўсёды цікавіла і будзе прывабліваць турыстаў, аднак гораду трэба павялічваць свой інфраструктурны патэнцыял.

У межах сустрэчы адбылася прэзентацыя аўтарскай кнігі Мікалая Арсенцьевіча Чырскага «Экскурсоведение. Основы экскурсионной деятельности». Выданне разлічана на падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў у экскурсійнай справе, а таксама будзе карысна для культуролагаў, студэнтаў-гісторыкаў і студэнтаў спецыяльнасці «Турызм і гасціннасць». Напрыканцы свайго візіту паважаныя госці здзейснілі шпацыр па рэстаўраваных карпусах былога езуіцкага калегіума.

Спадзяемся, што практыка правядзення падобных творчых семінараў стане добрай традыцыяй для ўніверсітэцкіх муроў. Дзверы Полацкага калегіума заўсёды адчынены для гасцей!

Подписывайтесь на TIO.BY в Telegram и Yandex Zen