Пяцізоркавы «Пекін» пасля чэмпіянату па хакеі скінуў кошты. Засяліцца ў стандартны нумар на акцыі можна было за 118 долараў. Але ў верасні цану зноў збіраюцца павышаць.
«Запаўняльнасць у першыя месцы працы была задавальняючая. Цяпер на верасень ужо ёсць ранняе браніраванне. У верасні пачынаецца добры сезон, з добрай загрузкай, тады мы павышаем кошты», – расказваюць у гатэлі.
«Пекін» гатовы засяліць адразу 50 чалавек, але ў стандартныя нумары па 180 долараў толькі 10 чалавек, астатнія ў нумары даражэй – за 190 на суткі. Падчас хакейнага чэмпіянату сюды сялілі за 280 долараў на суткі.
У «Прэзідэнт-Гатэлі» напаўняльнасць улетку да 40%. Кошты пасля чэмпіянату тут таксама ўпалі, на акцыі нумар на дваіх можна зняць за 198 долараў. У разгар чэмпіянату па хакеі нумар тут каштаваў ад 248 долараў.
Bonhotel на 3 зоркі мае ўлетку больш за 50% напаўняльнасці. Нумар на аднаго каштуе 69 еўра за суткі.
«Мы не задзіралі кошты, таму запаўняльнасць вышэйшая за сярэднюю ў нас, больш за 50% напаўняльнасць, сёння каля 80%», – апісваюць у адміністрацыі гатэля.
«Сёння ўсе кватэры здадзеныя, тэлефануйце заўтра. Кватэры ад 45 долараў за суткі ёсць у любым раёне», – адразу адказваюць, калі спрабуем зняць кватэру на суткі. Тут з напаўняльнасцю ўсё оk.
Але па наступнай абвестцы кватэру недалёка ад цэнтра на выходныя ўсё ж знаходзім, на пятніцу ўжо няма.
«Цяпер шмат людзей прыязджае, расіяне едуць у асноўным. Але на выхадныя будзе кватэра», – тлумачыць гаспадыня.
Гатэлі завысілі кошты, але з кватэрамі іх параўноўваць нельга, кажа рэдактар газеты «Турызм і адпачынак» Лілія Кобзік:
«Гатэль – гэта сервіс, кватэры ёсць па ўсім свеце. Яны не канкурэнты. Але наша бяда, што ў нас гэта змяшалася, чалавек хоча ехаць у гатэль, але калі бачыць кошты – здымае кватэру. Але раўняцца варта на суседнія краіны, з якімі можна канкурыраваць», – тлумачыць Лілія Кобзік. Па яе звестках, новыя гатэлі ў Мінску засяляюцца ўлетку на 20–40% у залежнасці ад кошту.
«Гатэлі ў Мінску заселеныя ўлетку больш чым на 50», – агучваюць ва ўпраўленні спорту і турызму Мінгарвыканкама. Агулам да хакейных спаборніцтваў у Мінску планавалі збудаваць 14 новых гасцініц. Але пабудавалі не ўсе: «Кемпінскі» каля цырка так і не адкрыўся. Забраніраваць там нумар на сайце кампаніі нельга.