Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы – гэта незвычайная з'ява не толькі ў сучасным, але і ў мінулым жыцці горада. Мінску, які мае больш за дзевяць стагоддзяў афіцыйнай гісторыі, вельмі нестае помнікаў архітэктуры, якія б, захаваўшыся, сведчылі аб тым, што горад не такі ўжо малады, як некаторыя лічаць, гледзячы на яго сучасны выгляд. А пабудаваны напрыканцы пазамінулага (XIX) стагоддзя тэатр адразу ж пачаў лічыцца адным з найпрыгажэйшых будынкаў у горадзе.
Шмат значных гістарычных падзей адбылося з тае пары, у тым ліку і ў самім тэатральным будынку. Яго не здолелі разбурыць ні гады ваеннага, ні нават мірнага часу. Калі падчас будаўніцтва адной з ліній мінскага метро непасрэдна каля будынку быў выкапаны катлаван і працавала будаўнічая тэхніка, рэпетуючыя акцёры адчувалі, як сцэна літаральна падскоквае ў іх пад нагамі. Пасля гэтага будынак прыйшлося замацоўваць спецыяльнымі прыстасаваннямі, каб выключыць мажлівасць разбурэння. У такім стане ён дайшоў да пачатку рэканструкцыйных прац, вынікам якіх з'яўляецца адноўлены першапачатковы выгляд тэатра.
Вельмі нязвыкла было ўвайсці ў тэатр праз бакавы ўваход, патрапіць у, здавалася б, знаёмы вестыбюль, але апынуцца ў поўнай цішыні побач з народным артыстам Беларусі Віктарам Сяргеевічам Манаевым. Ён загадзя ахвотна пагадзіўся трохі ўзняць заслону таямнічасці над тым, што адбываецца ў закулісным жыцці. І сапраўды, вельмі дзіўна было ўбачыць знакамітага акцёра не на сцэне ў чарговым вобразе на пэўнай адлегласці, а «ў ролі» звычайнага чалавека, да якога можна дакрануцца, задаць пытанне, атрымаць адказ.
Віктар Сяргеевіч, стоячы пасярод шырокай лесвіцы, аздобленай парэнчамі з мастацкай коўкай, у атачэнні карынфскіх калон, нагадваў жывы масток, перакінуты з мінулага ў сучаснасць. Ён правёў групу ў партэр. На сцэне ў гэты час ладзіліся дэкарацыі да вячэрняга спектакля. Штосьці аднекуль перамяшчалася, усталёўвалася, замацоўвалася. Дарэчы, тэхнічнае начынне дазваляе кіраваць перасоўваннем розных элементаў дэкарацый дыстанцыйна, на адлегласці, нават падчас спектаклю. Але гэта патрабуе ад пэўнага супрацоўніка адпаведнага спрыту, досведу і кемлівасці. Ідучы па спецыяльным калідоры да сцэны, з якой адкрываўся відарыс усёй глядзельнай залы, Віктар Сяргеевіч спыніўся каля адной з дзвярэй. За ёй знаходзіцца мастацка-дэкарацыйная майстэрня, паведаміў ён. У некаторых з экскурсантаў аж паветра перахапіла і заблішчэлі вочы. Вось яно! Тое месца, дзе можна пабачыць рэчы, якія ў далейшым зоймуць пачэснае месца на сцэне і дапамогуць разам з акцёрам перанесці гледача ў чароўны свет мастацтва, адарваўшы ад шэрай паўсядзённасці.
Ад гэтай майстэрні літаральна некалькі крокаў да сцэны. На яе не выходзілі, каб не замінаць усталёўваць дэкарацыі, але нават стоячы крыху ў баку, было бачна, як выглядае з акцёрскай пляцоўкі тая частка тэатра, дзе размешчаны крэслы гледачоў. Над галавой розныя асвятляльныя прыстасаванні – рознай колькасці і адлегласці адна адной. Але ад гледача яны схаваны сцэнічнай заслонай.
Яшчэ некалькі крокаў, і можна апынуцца ў невялічкай залі, ў якой акцёры чакаюць свайго выхаду на сцэну. Тут акцёр можа сесці, крыху адпачыць, перамовіцца некалькімі словамі з калегамі. Можа папіць вады. Для голасу гэта бывае проста неабходна. Увагу дя сябе прыцягвае куток, завешаны чорнай фіранкай. Аказваецца, гэта зроблена для таго, каб можна было вельмі хутка пераапрануцца і зноў выйсці на сцэну.
Безумоўна, усе гледачы, якія былі ў тэатры пасля сканчэння яго рэканструкцыі, бачылі адноўлены выгляд фае са стылізаванымі камінамі ў кутах. Але шмат хто нават не здагадваецца – калісьці на гэтым месцы пад час спектакляў, якія ішлі ў галоўнай тэатральнай залі, рэпетыравалі (ціхенька, шэптам, каб не замінаць гледачам) акцёры. Былі часы, калі агульная плошча тэатра была значна меншай за цяперашнюю і не было нават нармальнай па памерах рэпетыцыйнай пляцоўкі. Таму са становішча прыходзілася выходзіць менавіта такім чынам.
На асобным паверсе можна пабачыць выявы родапачынальнікаў беларускага тэатра, углядаючыся ў постаці якіх, не толькі адчуваеш гонар і ўдзячнасць за пакінутую імі спадчыну, але і адказнасць за тое, як гэта спадчына будзе захавана, выкарыстана ў наш час і перададзена наступным пакаленням.
Акцёраў у калідорах і на лесвічных пляцоўках амаль не было. У іх павінна была пачацца рэпетыцыя. Гэта вельмі далікатны працэс, і тыя, хто знаходзіцца ў тэтры ў экскурсійных мэтах, на ім не прысутнічаюць. Але ў грымёркі надарылася зазірнуць. Яны выглядалі некалькі нечакана і, магло падацца, трошачкі няўтульна, таму што былі пустыя, без усялякіх прылад, якія можна бачыць па тэлевізары ў той час, калі ў акцёра, які сядзіць у сваім грымёрскім крэсле, бярэцца інтэрв'ю.
Падчас знаёмства з тэатрам не пакідала пачуццё знаходжання на спектаклі, хоць позіркі і не былі скіраваны на сцэну. Таму што экскурсаводам быў сапраўдны акцёр. Віктар Сяргеевіч адразу і вельмі ўдала ўвайшоў у гэтую ролю. Экспромт быў увесь час. Гэта быў той выпадак, калі постаць апавядальніка была не менш цікавай за тое, пра што апавядалася.
Мусіць, гучныя прамовы ў гэтай частцы тэатра – справа нязвыклая. Таму што на голас Віктара Сяргеевіча з раптам адчыненай дзверы выйшаў паглядзець, што адбываецца, сам мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Мікалаевіч Пінігін, а за ім і дырэктар Павел Іванавіч Палякоў. Не кожны раз надараецца патрапіць у службовую частку аднаго з вядучых тэатраў Беларусі, і тым больш зусім нечакана апынуцца ў калідоры побач з дырэктарам, мастацкім кіраўніком і народным артыстам! Экскурсаводы прывіталі іх апладысментамі. Гэта вялікая ўдача – убачыць іх не ў якасці прамоўцаў на нейкім урачыста-афіцыйным мерапрыемстве ці даючымі інтэрв'ю карэспандэнту, стоячы перад тэлекамерай. Таму гэты момант, безумоўна, будзе ўзгадвацца экскурсаводамі і гідамі-перакладчыкамі не толькі падчас чарговага візіту ў тэатр у якасці ўжо звычайных гледачоў, а не экскурсантаў, але і кожны момант, калі позірк будзе затрымлівацца на яго будынку.
Віктару Сяргеевічу напрыканцы задавалася шмат пытанняў аб яго мінулай і сучаснай творчай дзейнасці. Пасля ў вестыбюлі, на галоўных прыступках, быў зроблены агульны здымак з народным артыстам, а затым было вельмі чуллівае развітанне.
Экскурсаводы і гіды-перакладчыкі выказваюць асаблівую падзяку старшыні Беларускага грамадскага аб’яднання экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкай Мікалаю Арсенцьевічу Чырскаму за арганізаваную экскурсію