https://www.traditionrolex.com/8
<p>Вы заўважылі, паважаны чытач, што апошнім часам у Беларусі прыкметна павярнуліся да творчасці Адама Міцкевіча? Адна гучная прэм’ера спектакля «Пан Тадэвуш» у Купалаўскім тэатры – па­дзея, якая выклікала шмат дыскусій не толькі ў тэатральных колах. Ёсць і яшчэ нагоды пацікавіцца: «А хто ж вы, насамрэч, пане Адам?» І дзе сёння ў беларускай глыбінцы можна пракласці культурна-турыстычны след Міцкевіча?.. Мне пашчасціла наведаць некаторыя «незаезджаныя» мясціны ў беларускай глыбінцы, якія цікавыя і самі па сабе, і наяўнасцю адметных каштоўнасцей – гістарычных, культавых, архітэктурных…</p>

У Ішкалдзі – вайна пасля вайны. За касцёл і веру…

Перш-наперш хочацца выказаць шчырую падзяку за гэтую вандроўку пану Юрасю Меляшкевічу, дырэктару таварыства з абмежаванай адказнасцю «Куфэрак падарожжаў». Менавіта яно ладзіць апошнім часам шмат падарожжаў, якія літаральна падштурхоўваюць неабыякавых, цікаўных беларусаў крыху па-іншаму глянуць на сваю родную і пакуль яшчэ незалежную краіну. (Хай яна застаецца такой назаўжды…)

…А гэтым разам шлях наш быў пракладзены па Баранавіцкаму і Навагрудскаму раёнах. Сумаваць вандроўнікам не вымагала – хаця б таму, што з гідам пашанцавала: ім быў сам Антон Астаповіч, апантаны прыхільнік беларушчыны, гісторык-этнограф і культуролаг, старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

Першым чынам пан Антось высадзіў нас у Ішкалдзі. Невялікая вёска ў глыбінцы, амаль за сорак кіламетраў ад Баранавічаў, сустрэла цішынёй і нешматлюднасцю. Але, галоўнае, перад вачыма паўстала тое, што Астаповіч гучна назваў «сапраўднай песняй беларускай рэстаўрацыі». Касцёл Святой Троіцы, закладзены аж у 1449 го­дзе паплечнікам вялікага князя Вітаўта, Мікалаем Неміровічам, – адзін з самых старадаўніх, што захаваліся на беларускай зямлі. Узведзены ў стылі позняй готыкі, храм, аднак, цяпер не выклікае адчування нечага грузнага, цяжкога – наадварот, чыста і светла ўзвышаецца над вёскай Ішкалдзь. Сапраўды, у свой час беларускія рэстаўратары змаглі не сапсаваць культавае збудаванне, якому больш чым паўтысячы гадоў! 

Лёс касцёлу, аднак, выдарыўся пакручасты: перажыў пашкоджанні ў гады войн – 1654–1667 гадоў, а таксама Паўночнай. У XIX стагоддзі – падчас паўстанняў 1831 і 1863–1865 гг. –гэтыя сцены былі збройнымі пераховамі. Такога ваяўнічага духу касцёлу расійскія ўлады не даравалі: культавае збудаванне адышло праваслаўнай царкве – да 1919 года. Але на гэтым ваяўнічыя старонкі ў гісторыі аднаго з найстарэйшых касцёлаў Беларусі не скончыліся…

– Сапраўднае змаганне за касцёл і права на веру здарылася ў Ішкалдзі пасля Вялікай Айчыннай, – распавёў Антон Астаповіч. – Каб не дазволіць савецкай уладзе пусціць храм на злом, простыя вясковыя вернікі літаральна клаліся пад тэхніку! Адстаялі, на шчасце… Але, на вялікі жаль, маёмасць храмавая была моцна разрабаваная, так, што ўжо ў наш час, дакладней – у 2011 годзе, суполцы энтузіястаў, да якіх належу і я, прый­шлося арганізаваць сапраўднае «паляванне» за ўнікальнымі метрычнымі кнігамі, што вяліся некалі ў гэтым касцёле. Спачатку ўдалося адшукаць у Баранавічах метрычную кнігу за перыяд з 1752 па 1803 год. Потым у мясцовага краязнаўцы набылі яшчэ чатыры метрычныя кнігі. Такім чынам паціху сабраўся фонд Ішкалдскага касцёла. Сярод каштоўных дакументаў – той, дзе расказваецца пра падзеі паўстання Каліноўскага ў гэтых мясцінах, а таксама пра перадачу храма праваслаўнай царкве. Дарэчы, у канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя каталікі зноў атрымалі храм – сапраўдны сімвал веры. Прычым не толькі ў рэлігійным сэнсе, але – і веры ў лепшую долю зямлі беларускай наогул…

– Вы запытаецеся, а якім чынам звязаны Ішкалдскі касцёл з Адамам Міцкевічам? – паінтрыгаваў крыху пан Антон. – О, тут вельмі цікавыя сувязі праглядаюцца: цалкам верагодна, што менавіта ў гэтым касцёле хрысцілі Марылю Верашчаку, надалей – вялікае каханне паэта. Аб гэтым мы дазналіся з тых самых метрычных кніг, якія ўдалося адшукаць. І што яшчэ больш цікава, хросным бацькам Марылі быў бацька Ігната Дамейкі, чалавека, духоўна звязанага з Міцкевічам, блізкага яму надзвычай. Месца ж хросту самога Ігната пакуль загадка, шукаем актыўна той храм, дзе хрысціўся гэты слынны чалавек. На дадзены момант найбольш праўдзівай бачыцца версія пра хрост Дамейкі ў Параф’янаўскім касцёле, што ў Докшыцкім раёне…

У Вольна – памяць пра бітву пад Палонкай і магнацкі род Слізняў

Рухаючыся далей па баранавіцкай зямлі, трапляем у Вольна. Некалі гэта было ўладанне заможнага і мецэнацкага роду Слізняў. Добрая памяць аб людзях з гэтага роду – царква XYIII стагоддзя. Будаўніцтва яе фундавалі Слізні ў гонар, як бы мы зараз сказалі, стогадовага юбілею бітвы пад Палонкай, якая адбылася ў час Руска-польскай вайны 1654–1667 гадоў. Храм, спачатку ўніяцкі, выкананы быў у стылі позняга барока з элементамі ракако (апошнія – добра бачныя і зараз, у інтэр’ерах ужо праваслаўнага храма Святой Жываначальнай Троіцы).

Адам Міцкевіч у свой час прыязджаў у Вольна, да Слізняў. Ды не проста пагасцяваць – ён нямала папрацаваў у багатай бібліятэцы гаспадароў…

У Паланечцы за 90 тысяч долараў можна набыць крыху занядбаны, але ўсё ж палац Радзівілаў!

Як жа ў нашай вандроўцы – ды без Радзівілаў?! Не пакідаем Баранавіцкі раён, толькі – Палонку, каб трапіць у блізкую да яе Паланечку. І першае селішча, і другое – колішнія радзівілаўскія ўладанні. Яшчэ ў канцы XVI стагоддзя Мікалай Радзівіл Сіротка заснаваў гэтыя два засценкі (не блытаць з турмамі!). Паралельна адбылося вельмі цікавае перасяленне: малазямельная шляхта з Польшчы пацягнулася, каб служыць ці то ў радзівілаўскім войску, ці то па гаспадарцы, якая ў магутнага роду была вялізнай і разнавектарнай, па-сучаснаму кажучы. Вось новыя засценкі і знайшлі сваіх насельнікаў.

Спачатку ў Паланечцы быў заснаваны так званы Радзівілаў двор. А пазней крыху паэт, крыху – аўтар оперных лібрэта, а наогул – добры гаспадарнік Мацей Радзівіл будуе сядзібны дом у класічным стылі. Пад яго дахам перабыло шмат літаратараў з Расійскай імперыі. Бадай, самы вядомы з іх – Дзмітрый Фанвізін, які гасцяваў у Мацея Радзівіла некалькі разоў.

Пазней, ужо пры нашчадках Мацея, дом-палац перабудавалі ў стылі ампір. На нейкі час сядзіба трапляе ў валоданне расійскаму роду Вітгенштэйнаў, але хітрыя Радзівілы змаглі вярнуцца валадарамі ў гэтыя сцены. У 1815 годзе Дамінік Радзівіл аддае сваю дачку замуж за сына Вітгенштэйна – і да 1939 года палац зноў належаў баранавіцкай галіне роду Радзівілаў. У савецкі час, да 80-х гадоў мінулага веку, тут месцілася вясковая школа. А потым – калгасныя «службы»…

Шчыра кажучы, калі заходзіш у колішняе ўладанне Радзівілаў, адчуванне пераважае адно: даўно палац не ведае сапраўднага гаспадара, ой як даўно! 

«Калі некалькі гадоў таму пачаў абвальвацца франтон, правялі самі бачыце якую кансервацыю, але добра, што і гэта зрабілі, дзякуючы чаму палац прастаіць яшчэ гадоў 30–40, – паказаў «наватвор» пан Антось. – Ведаю, яго выстаўлялі на таргі, ацэньвалі ў 90 тысяч долараў. Пакуль, відаць, жадаючых набыць не знай­шлося. І зразумела чаму: акрамя згаданых грошай, давядзецца ледзь ці не ў дзясятак разоў большую суму выдаткаваць – ужо на рэстаўрацыю. На мой суб’ектыўны погляд, закон аб рэстытуцыі здольны выратаваць гэтае адметнае збудаванне. Можа, калі ён запрацуе на Беларусі, то і Радзівілы захочуць аднавіць сваё ўладанне палацам у Паланечцы?

Род Адама Міцкевіча вядзе свой рэй з той малазямельнай польскай шляхты, якая некалі перасялілася ў Паланечку, каб служыць Радзівілам. 

У Завоссі – музей-сядзіба Адама Міцкевіча, якая падштурхоўвае да роздуму

Эпіцэнтр, так бы мовіць, нашай вандроўкі – музей-сядзіба Адама Міцкевіча «Завоссе». Тут, у колішнім фальварку Завоссе, ён нарадзіўся ў калядную ноч з 24 на 25 снежня 1798 года. Сюды, да дзядзькі, неаднойчы прыязджаў на працягу свайго жыцця. Нарэшце, знаўцы сцвярджаюць: сядзіба Сапліцаў з паэмы «Пан Тадэвуш» – гэта вобраз, спісаны цалкам усё з таго ж Завосся.

Праўда, тую, колішнюю сядзібу дзядзькі Адама Міцкевіча час, людзі, вайна не пашкадавалі: яе проста разабралі для земляной фартыфікацыі. Памятаю, як па журналісцкіх справах наведвала месца народзінаў Міцкевіча ў 1997 годзе. Тады старшыня мясцовага сельскага Савета з упэўненасцю казаў, што хутка сядзібу адновяць. Чамусьці паверылася. І праўда, рэканструкцыя была ажыццёўлена ў 1998 годзе – за сродкі беларускай і польскай дзяржаў, акурат да 200-годдзя Адама Міцкевіча. Пан Антось паказаў вандроўнікам арыгінальную… прыбіральню на ўездзе ў музей-сядзібу. 

Паляк, ліцвін, беларус, жыд? Адама Міцкевіча звычайна называюць «дзіцем многіх народаў», што не супярэчыць праўдзе. Але! Пан Антось Астаповіч мае свой арыгінальны погляд на пытанне аб нацыянальнай прыналежнасці роду Міцкевічаў наогул і Адама ў прыватнасці:

– Ён паходзіў з… жыдоў, якія перайшлі ў каталіцкае веравызнанне, атрымаўшы разам з тым шляхецкае званне, – разважае Астаповіч. – І хоць пісаў Адам пераважна на польскай мове, казаў у свой час пра беларускую, што яна «самая захаваная з усіх славянскіх моў».

Ці не ў гэтым колішнім падсвядомым імкненні паэта, сына адразу некалькіх народаў, да беларускасці сакрэт цяперашняга ўзлёту папулярнасці міцкевічавай спадчыны на айчыннай тэатральнай сцэне?

– Ёсць пэўная штучная раскрутка гэтай тэндэнцыі, – выказвае свой пункт гледжання Антон Астаповіч. – І я нават ведаю добра людзей, якія прыклалі пэўныя намаганні, каб Міцкевіч загучаў на беларускай тэатральнай сцэне. Зрэшты, справа не толькі ў моднай плыні ці захапленні на нейкі час… Хочацца спадзявацца, што гэта – прыкмета нейкага новага стаўлення да асэнсавання праблемы беларушчыны, нацыянальнага адра­джэння. Асабіста я падзяляю для сябе перыяды: беларускага адраджэння канца 90-х гадоў XIX стагоддзя і крыху ранейшага, ліцвінскага, з якім непа­срэдна атаясамліваюцца асоба і творчасць Адама Міцкевіча. Зварот да яго літаратурнай спадчыны найперш, магчыма, спроба стварыць нейкую новую мадэль беларускай адраджэнскай думкі? Не той, што – народна-сялянская, а крыху іншай…

У гарпасёлку Гарадзішча: як «непрыгожая і старая» царква ледзь не была зруйнавана ў… наш час

Калі даведваешся пра той ці іншы «дзівос» эпохі ваяўнічага атэізму… Першая думка: хай такога больш ніколі не будзе! Бо, згадзіцеся, сучасныя беларускія вёскі, дзе захаваліся адметныя, арыгінальныя старадаўнія храмы, – нібыта прыўзнятыя над бу­дзённасцю. (Не кажу ўжо пра пэўны турыстычны патэнцыял).

Здаецца, жыць у такіх паселішчах – з помнікамі архітэктурнай, культурнай спадчыны – духоўна крыху лягчэй і прасцей…

Праўда, гэта, мабыць, не зусім правільнае адчуванне? Абы меўся храм, дзе памаліцца можна, а ўзрост пабудовы – не так і важны?

Ва ўсялякім выпадку, гісторыя, якую распавёў Антось Астаповіч у гарадскім пасёлку Гарадзішча Баранавіцкага раёна, вымушае добра падумаць, а ці не страцім і ў наш час сёе-тое з нематэрыяльнай спадчыны ў глыбінцы?

– Вось гэтая царква Узвіжання Святога Крыжа, – казаў Астаповіч, – стаіць у Гарадзішчы з другой паловы XVIII стагоддзя, 250 гадкоў ёй… У 2009 годзе мы яе літаральна абаранялі ад… вялікіх планаў тутэйшага святара. Той, вырашыўшы, што «старое и неприглядное здание не подходит храму», задумаў на гэтым месцы пабудаваць новае! Зварот да больш высокага царкоўнага начальства тады выратаваў помнік у Гарадзішчы…

Ці надоўга? Ці не будзе яшчэ адной спробы «украсить» пасёлак Гарадзішча новым культавым збудаваннем?

Ну, адкуль у нас, цяперашніх, такі імпэт – усё хутка, бяздумна «благоустраивать», «обновлять», «убирать»? Калі не станем уключаць мазгі – рызыкуем шмат чаго каштоўнага страціць!

І напрыканцы – легендарнае возера Свіцязь…

Скончу свае нататкі на беразе возе­ра Свіцязь (вандроўка наша яшчэ ўключала Навагрудак, але прадмет гэтага журналісцкага аповеду – вясковыя мясціны-краявіды, аб’екты…). Аб натхняльнай сіле ўздзеяння на асобу і творчасць Міцкевіча возера Свіцязь напісана шмат, тут жа і светлы возраз красуні Марылі Верашчакі…

Але ўсе гэтыя рамантычныя калізіі, сцвярджае Антон Астаповіч, пакуль не змаглі пераўтварыць возера Свіцязь у слынны культурны аб’ект. З усіх пунктаў погляду, дарэчы! Так, пасля заканчэння кожнага турыстычнага сезону берагі прыгожага возера нагадваюць сметнікі. Што-што, а ўразлівы, паэтычны талент Адама Міцкевіча, напэўна, ад такога відовішча трапіў бы ў моцную дэпрэсію. І не хутка б з яе выкараскаўся…

https://www.traditionrolex.com/8