https://www.traditionrolex.com/8
<p>Сярод гарадоў, у якiх бываюць турысты, ёсць такiя, якiя застаюцца ў памяцi i сэрцы назаўсёды. У гэты горад хочацца вяртацца зноў i зноў. Шпацыраваць па вулачках, спыняцца ў маленькiх кафэ, наведваць гiстарычныя помнiкi i абавязкова мець сваё самае любiмае месца ў гэтым горадзе. Кракаў, Патсдам, Вена... Немагчыма ўявiць, што ў такiх чароўных гарадах людзi проста жывуць - ходзяць на працу, прызвычайваюцца да ўсяго, што навокал... Здаецца, тут можна ўвесь час хадзiць i толькi здзiўляцца хараству! Асаблiва ў Вене...</p>

Дар'я ГУШТЫН

Сярод гарадоў, у якiх бываюць турысты, ёсць такiя, якiя застаюцца ў памяцi i сэрцы назаўсёды. У гэты горад хочацца вяртацца зноў i зноў. Шпацыраваць па вулачках, спыняцца ў маленькiх кафэ, наведваць гiстарычныя помнiкi i абавязкова мець сваё самае любiмае месца ў гэтым горадзе. Кракаў, Патсдам, Вена... Немагчыма ўявiць, што ў такiх чароўных гарадах людзi проста жывуць - ходзяць на працу, прызвычайваюцца да ўсяго, што навокал... Здаецца, тут можна ўвесь час хадзiць i толькi здзiўляцца хараству! Асаблiва ў Вене...

vena1

На беразе блакiтнага Дуная, у зялёных каралях старадаўняга казачнага лесу, ўзвышаецца дзiвосная сталiца Аўстрыi. Зачараванне Вены адчуваецца ва ўсiм: у зелянiне паркаў, у архiтэктурных ансамблях i салодкiм водары кандытарскiх.

У самым сэрцы Еўропы

Пра Вену ў нашых людзей склалася тры ўстойлiвых стэрэатыпа. Таму, калi спытаеш у чалавека, што такое Вена, ён, хутчэй за ўсё, адкажа: "Дунай, вальсы i венскi лес". А што насамрэч? Аказалася, Дунай у Вене значна меншы, чым, напрыклад, Днепр у Кiеве. У гiстарычным цэнтры горада ракi няма наогул. Вядома ж, да яго можна даехаць на метро. Паглядзець на выспу, утвораную гадоў трыццаць назад дваццацiкiламетровым каналам, на парк, на ўльтрасучасныя будынкi ААН (такiх вы больш нiдзе ў Вене не знойдзеце); забрацца на Дунайскую вежу, якая чымсьцi нагадвае вiльнюскую; пасядзець у рэстаранчыку i зiрнуць на горад з двухсотмятровай вышынi... i венскi лес - зусiм не лес, а горы.

Толькi з вальсам усё насамрэч так, як мы калiсьцi чыталi ў кнiжках i бачылi ў кiно. Вальс у Вене жыве вечна. У галiне музыкi Аўстрыя, напэўна, "наперадзе планеты ўсёй". Нiдзе ў свеце няма такой колькасцi кампазiтараў на душу насельнiцтва.

Моцарт, Штраус, Шуберт, Гайдн:. Усiх не пералiчыць. i Вена ўмела распальвае музычную цiкавасць у турыстаў. Дарэчы, музыка да Гiмна Аўстрыi - Land der Berge, Land am Strome - узята з апошняга твора Моцарта "Масонская кантата", што была скончана кампазiтарам за 19 дзён да смерцi.

vena2

Адзiн з асноўных турыстычных пунктаў - могiлкi Санкт-Маркс. Тут пахаваны знакамiты Вольфганг Амадэй Моцарт. Кавалак мармуровай калоны i анёлак, якi сiратлiва прыхiлiўся да яе, акуратны букецiк кветак... Вы на магiле Моцарта? i так, i не. Вядома, ён пахаваны недзе тут, у радыусе пяцi метраў вакол гэтай кранальнай кампазiцыi. Але хто ведае, дзе менавiта, калi нават яго ўласная жонка не задавалася гэтым пытаннем? Яна не любiла могiлкi, таму пахаванне прайшло без яе ўдзелу. Перад помнiкам Моцарту ў самым цэнтры Вены клапатлiва высаджваюць кветкi ў форме скрыпiчнага ключа. Ёсць i музей-кватэра кампазiтара. Маленькая хатка, вузенькая лесвiчка з абшарпанай тынкоўкай... Дзверы адчыняюцца - i вы трапляеце туды, дзе жыў ён. Паркет сямнаццатага стагоддзя. Аднак, акрамя паркета i аднаго падваконнiка, у гэтай кватэры не засталося нiчога з часоў Моцарта. Белыя сцены. Некалькi рукапiсаў пад шклом. Некалькi малюначкаў... Для аўстрыйцаў Моцарт сучасны. i кватэра яго змяняецца пад стаць эпосе. i сам ён у аднайменным нашумелым мюзiкле - бойкi хлопец у портках з вялiкiмi накладнымi кiшэнямi. Так, у Вене ставяць не толькi Моцарта, але i "Моцарта"!

Але якая Вена без венскай оперы? Квiткi на спектакль, дарэчы, дастаць не так проста, ды яны i не танныя. Але патрапiць у тэатр оперы можна - хоць бы на экскурсiю. Мармуровыя ўсходы, галерэi, карцiны, бронзавыя статуi i залатыя арнаменты - каралеўская велiчнасць, якая ўражвае.

Наш экскурсавод зачаравана расказваў пра вясеннюю оперу. У гэты час тут пахне бэзам. Вентыляцыя ўладкавана так, што паветра паступае з блiжэйшага парку. Аматары музыкi слухаюць "Чароўную флейту" быццам ля кветнiка ў садзе. Але самая яркая падзея венскай оперы - гэта традыцыйны Лютаўскi баль. З глядацкай залы выносяцца ўсе крэслы, i яна ператвараецца ў вялiкую танцзалу. Баль адкрывае прэзiдэнт. Спачатку - вальс. Дамы - у вячэрнiх сукенках, кавалеры - у смокiнгах. Потым дзяўчыны, якiя танчылi на адкрыццi, атрымлiваць у падарунак карону ад Свароўскi. Падзея гэтая ўражвае нават на фота, якiя размешчаны на сценах Оперы!

vena3

Горад вялiкай iмперыi

З таго часу, як рымляне абралi кельцкае селiшча на рацэ Дунай у якасцi адной з самых важных цэнтральных крэпасцяў, Вiндабона - горад, якi цяпер вядомы як Вена - адыграў важную ролю ў гiсторыi Еўропы. Аўстрыя вырасла вакол гэтага горада i развiлася ў магутную iмперыю. Сталiца стала паказальным прыкладам пад час блiскучага, пышнага i шумнага кiравання Габсбургскай дынастыi. Часы iмперыi даўно адышлi ў нябыт, але шмат што з той эпохi захавалася жыхарамi, якiя шануюць традыцыi.

Вена i зараз па-iмперску велiчная. Яна больш раскошная за Будапешт, якi таксама ўваходзiў у АўстраВенгрыю. i кантраст з Усходняй Еўропай адчуваецца тут найбольш. У Вене здаецца, што прыгажосць усёй Еўропы сканцэнтравана менавiта тут, у самым сэрцы Аўстрыi.

Самая прыгожая вулiца сталiцы - гэта, несумненна, Грабен. Пабудаваная на месцы старажытнарымскага рова, яна нiбыта компас, якi падказвае шлях да асноўных выбiтных месцаў горада. i ў першую чаргу - да старадаўняга сiмвала Вены, сабора Стефенсдом на пляцы Святога Штэфана, якi ўражвае сваёй велiччу i размахам: велiзарны алтар, самая высокая вежа i самы цяжкi звон.

На месцы ўмацаваных збудаванняў знаходзiцца бульвар Рынгштрассэ, якi кальцом ахоплiвае крэпасць-палац Хофбург сярэдзiны XV стагоддзя. Аўстрыйскiя iмператары не мелi права жыць у тых жа пакоях, што i iх папярэднiкi. Таму замак увесь час перабудоўваўся i ў вынiку заняў велiзарную тэрыторыю. Цяпер у iм ёсць месца для ўсяго. Тут мноства цэркваў, Нацыянальная бiблiятэка, музеi. Ёсць свая Зброевая палата - Шатцкаммер (Скарбнiца). Там можна ўбачыць усе iмператарскiя рэлiквii, у тым лiку дзве кароны. Адна - Святой Рымскай iмперыi, другая - Аўстрыйскай iмперыi. Хофбург быў для iмператараў накшталт пецярбургскага Зiмовага палаца. Асноўных жа летнiх рэзiдэнцый было дзве. Абедзве сядзiбы выклiкаюць у памяцi Версаль.

Восевая сiметрычная кампазiцыя, галоўны палац з анфiладай пакояў, павiльёны, скульптуры, каскады фантанаў, штучныя сажалкi, стрыжаныя кусцiкi - ва ўсiм гэтым неверагодная раскоша i багацце. Варты ўвагi таксама Мастацка-гiстарычны музей, дзе знаходзiцца найбагацейшая калекцыя дахрысцiянскiх старажытнасцяў. А калекцыя еўрапейскага жывапiсу прыемна ўразiць самых патрабавальных эстэтаў: Рэмбрандт, Рафаэль, Брэйгель...

Гiстарычныя музеi i маляўнiчыя галерэi, палацы i помнiкi: Пасля такiх iнтэлектуальных уражанняў сапраўднай асалодай стане наведванне паркаў Бурггартэн цi Фольксгартэн (Народны сад). Зялёныя кроны разгалiстых дрэў укрыюць ад гарадской мiтуснi, а лёгкi ветрык данясе ледзь улоўны водар знакамiтай венскай кавы. i нават у самым маленькiм бары - велiзарны асартымент разнастайнай выпечкi.

Водар салодкасцяў у паветры

Кулiнарная вытанчанасць - асаблiвасць i гонар Вены. Нездарма гэты горад называюць салодкiм раем! Суфле, штрудэлi, цукеркi: Кажуць, што самыя смачныя "мацарцiнкi" - шакаладныя цукеркi, названыя ў гонар кампазiтара - вырабляюцца ў Зальцбургу, дзе калiсьцi жыў Моцарт, але i ў Вене яны прыйшлiся нам даспадобы. Дарэчы, вядомы французскi круасан фактычна быў вынайдзены венскiм пекарам, якi быў натхнёны турэцкiмi ваеннымi знакамi гонару пад час аблогi Вены ў 1683 годзе.

I толькi затым Марыя-Антуанета прывезла яго ў Францыю. Пра каву - асобная гаворка. У Аўстрыi гэты напiтак культавы. У Вене прапануюць яго не меней за 30 гатункаў! Ну як не паддацца такой спакусе? Трэба сказаць, што вулiчныя кавярнi проста ахоплiваюць усю Вену. i кожнае лепш за папярэдняе. Тут ёсць кавярнi для аматараў футбола, дзе крэслы для наведвальнiкаў зроблены ў выглядзе футбольнага мяча. Ёсць рэстаран для тых, хто ў захапленнi ад лялечнага свету, - iнтэр'ер нагадвае дом мiлай фарфоравай лялькi. Ёсць рэстараны для субкультур, для аматараў мiнiмалiзму, для аматараў раскошы - здаецца, тут ёсць усё! У кавярнях i рэстаранах працуюць прыярытэтна мужчыны. iх вучаць добрым манерам, веданне якiх - асноўнае патрабаванне да афiцыянтаў.

Пачуццi турыста


Для турыстаў ды жыхароў горада ў Вене, здаецца, зроблены ўсе ўмовы. Так, гэта адзiн з самых дарагiх еўрапейскiх гарадоў, але ён таго варты. Ствараецца ўражанне, што ў iм ўсё зроблена дзеля чалавека. Большасць раёнаў Вены забяспечваецца самай чыстай вадой у свеце. З 1873 года вада па трубаправодах дастаўляецца непасрэдна з горных крынiц.

Для iнвалiдаў усюды максiмальна палегчаны ўваход. У метро пасажыраў пускаюць з роварамi i сабакамi, што для мiнчука падасца сапраўдным дзiвам, але парадак там захаваны. I, на дзiва, за ўвесь час мы нi разу не сустрэлi ў метро палiцэйскiх. Тут прынята размаўляць па-нямецку, прычым аўстрыйцы размаўляюць на аўстра-баварскiх дыялектах нямецкай мовы. Гэтыя дыялекты значна адрознiваюцца ад лiтаратурнай мовы.

Але англiйскую мову разумеюць тут выдатна i да турыстаў ставяцца вельмi лагодна, часта перапытваюць, цi ўсё ў парадку.

У Вене цябе агортвае дзiўнае пачуццё: з аднаго боку - гэта iмклiвы сучасны горад, але з iншага - велiчныя i арыстакратычныя будынкi ў стылi барока спыняюць час, i ты павольна блукаеш па вулiцах, спрабуючы не згубiцца ў яго прыгажосцi..

https://www.traditionrolex.com/8