Выйшла ў свет новая кніга Яўгена Гучка «У родным краі»

Выйшла ў свет новая кніга Яўгена Гучка «У родным краі»

Не раз сустракаў беларусаў, якія без цяжкасці маглі б працягнуць цытаванне верша, што даўно зачапіўся ў іх памяці: «На гэтай мове ўркі не гавораць, на гэтай мове «Мурку» не пяюць, на ёй баевікоў не падбухторваюць, каманды тэрарыстам не даюць…»

Многія ўпэўнены, што гэтыя радкі з якога-кольвечы класічнага твора літаратурнага «рэзыстансу» кшталту «Гутарак» Міколы Ермаловіча ці «Сказа пра Лысую гару»… Але як толькі называеш прозвішча аўтара – Яўгена Гучка, – амаль усе раптам успамінаюць, што з гэтым незвычайным чалавекам, сталым сябрам ТБМ імя Ф. Скарыны, даўнім нашым аўтарам, яны добра знаёмы па літаратурных імпрэзах, у якіх аўтар пастаянна ўдзельнічае, па вершаваных трохрадкоўях, што час ад часу з’яўляюцца ў друкаваных выданнях, па яго захапляльных гістарычных і літаратурных даследаваннях. А яшчэ па яго надзвычай прынцыповай, бескампраміснай творчай пазіцыі, якая ўжо стала легендарнай: ні адзін творчы літаратурны саюз (ні праўладны, ні апазіцыйны) не стаў для яго прыстанішчам, бо яго жаданне як паэта – заставацца ў баку ад калялітаратурных гульняў , каб адчуванне праўды і веры заставалася незамутнёным, а слова – заўсёды трапным і завостраным…

І яшчэ адна асаблівасць паэта – у адсутнасці дзяржаўнай падтрымкі, спадзяванне на свае сілы, на самвыдат (не ў сэнсе – рукапісны ці машынапісны, як было ў 1960–1970 гады), а на самастойнае выданне (сам-выдат) паэтычных зборнікаў. Значыць, досыць сціплае жыццё паэта ў гэтым выпадку становіцца яшчэ больш падобным на шчыгрынавую скуру. Гэта таксама адна з прычын, што кожны новы паэтычны зборнік для паэта – быццам родны, прасякнуты натхненнем і асаблівым жаданнем данесці звонкае беларускае слова да чытача…

DSC04231.JPG

Вось чаму з такім трапяткім пачуццём аўтар прадстаўляе чытачам чарговую кнігу, якая мае назву «У родным краі. Кніга выбранай лірыкі» і змяшчае найбольш упадабаныя аўтарам вершы з папярэдніх зборнікаў. Як падкрэслівае сам Яўген Гучок, зборнік павінен быў выйсці ў выдавецтве «Народная асвета», у якім ён адпрацаваў шмат гадоў спачатку ў якасці рэдактара, а затым – вядучым рэдактарам. Але выхаду кніжкі пачалі працівіцца недабразычліўцы рознага рангу і гатунку, ад так званых «правільных» пісьменнікаў да іх аднадумцаў з Міністэрства інфармацыі. «Як заўсёды! Але дарэмна» -- са скрухай адзначыў аўтар і звярнуўся да выпрабаванага шляху – сам-выдату, а канкрэтна – у выдавецтва Інстытута беларускай гісторыі і культуры (ІБГіК, Рыга).

У выніку чытачы маюць цудоўны зборнік выбранай лірыкі грамадскага, патрыятычнага гучання, вершы рамантычнай тэматыкі, гумарыстычна-сатырычныя вершы. Але ўсе іх аб’ядноўвае спавядальная танальнасць паэтычных твораў. А вось галоўным філасофскім магістральным напрамкам сваёй паэзіі Яўген Гучок ужо даўно выбраў вобраз незалежнага, вольнага і беларускага Роднага краю, якому прысягае і прысвячае свой талент Яўген Гучок. Праўда, у яго радках няма гучных лозунгаў і заклікаў, якія часцяком успрымаюцца як несумленныя:

І, бы сонца, бы зоры, бы ззянне іх,

Абдаеш усё магутным святлом…

Меней слоў, болей спраў – і збудуеш ты

І тутэйшы, і тамашні дом.

Дык што ж для аўтара з’яўляеца сапраўдным вобразам Беларусі і яго роднай Случчыны? Па-першае, і гэта галоўны пасыл Яўгена Гучка, які адзначыць чытач новага зборніка, – верхавенства духоўнасці і нашай веры як асновы чалавечага існавання, фундаменту цывілізаванасці і людскасці:

Калі ў цябе неба ёсць,

Дык ёсць у цябе і мора…

І ты на зямлі – ганаровы госць,

А ў Айчыне сваёй не гнілая косць,

І ў сэрцы тваім весялосць, а не злосць…

Калі ў цябе неба ёсць.

Але паэт не ставіць мэту павучаць чытачоў, а робіць эмацыйны і псіхалагічны зрэз думак, пачуццяў і надзей, якія ўзнікаюць у наш час ліхалецця, як разумовага, так і інтэлектуальнага:

Не ведаў я, што я – высакародны,

Пакуль у сэрцы не адчуў Айчыны;

Яшчэ не ведаў, што я – і бессмяротны…

Вось толькі б заслужыць – быць Творцы сынам.

DSC04237.JPG

Але духоўнасць Я. Гучка не мае нічога агульнага з тым эрзацам «духоўнасці», якую спарадзіла хімера пад назвай «русский миръ», прыватызаваўшая царкву ў якасці небяспечнай зброі тых, хто не пакідае ў спачыне братазабойчую імперскую ідэю. Паэт разумее, што, ператвараючы веру і царкву ў сваю зброю, некаторыя «божыя служкі» толькі разбураюць Божую царкву:

Шчырасць ад Творцы –

Умець шкадаваць людзей,

Шчырасць ад д’ябла –

Хацець забіваць людзей.

Чытачы, знаёмыя з творчасцю Яўгена Гучка, адзначаюць яго простую (але не спрошчаную) паэтычную мову, віртуознае карыстанне беларускім словам, да якога ў паэта вялікі піетэт. Гэтую павагу, як заўсёды падкрэслівае паэт, у яго выхавала не толькі сям’я Яўгена Сяргеевіча, у якой усе гаварылі па-беларуску, але і настаўніца Паўла Антонаўна Стралкоўская (дарэчы, навучала гісторыка М. Ермаловіча, паэта-эмігранта А. Салаўя…).

Глыбокае пагружэнне ў беларускую моўную стыхію мае вялікае значэнне для творчасці паэта. Але ў вершах Я. Гучка гэтая тэма – не пусты енк, што «мова знікае, і яе не вярнуць», а, наадварот, заклік рабіць хоць малыя, але рэальныя крокі да вяртання ў нашае жыццё ролі роднага слова, як галоўнага чынніка нацыянальнай самасвядомасці. І пачынаць гэта рабіць трэба зараз і цяпер:

Ну колькі можна ўжо

Уміраць, уміраць

І не памерці?!

Дык, можа, ужо час

Устаць і мову сваю ўздымаць

І ёю зорку сваю ў небе падперці?!

Нягледзячы на свой сталы ўзрост, Яўген Гучок кожны дзень, як на працу, выбіраецца ў сваю ўлюбёную бібліятэку імя Францішка Багушэвіча, дзе за сталом працуе ў цішы і спакоі. З-пад яго пяра выходзяць новыя актуальныя гумарыстычныя чатырохрадкоўі, якімі ён рады падзяліцца з чытачамі:

Паскідалі хлопцы боты,

Сахары паадстаўлялі

І не ходзяць на работу,

Бо пісьменнікамі сталі.

І ўсё мажуць, і ўсё гнюсяць,

Бедалагі, небаракі…

Не хапае хлопцам, мусіць,

Шыла вострага ў с…ку!

Як прызнаецца аўтар, вершаваная сатыра з’яўляецца ў яго як рэакцыя на трагікамічныя падзеі, які адбываюцца вакол нас. Але час патрабуе ад творцы больш грунтоўных інтэлектуальных высноў, асабліва, калі ўлічваць вялікую зацікаўленасць паэта літаратурна-гістарычнымі даследаваннямі. Таму зараз Яўген Гучок завяршае працу над вялікай літаратуразнаўчай працай пад назвай «Голы кароль» пра запазычванні ў рускай літаратуры з літаратур заходніх краін. На падыходзе паэтычны зборнік чатырохрадкоўяў «Маё Пяцікніжжа», які падрыхтаваны да выхаду ў выдавецтве «Тэхналогія» у траўні, а таксама кніга вершаў, назва якога гаворыць сама за сябе – «Пост Скрыптум»…

Духоўнае апірышча паэзіі Яўгена Гучка, якое чытач можа знайсці ў зборніку «У родным краі», было і застаецца нязменным: Бог, Беларусь, Роднае Слова… Мэта паэта агучыць яго, але без афіцыёзнага словаблудства і псеўдаадраджэнскага пафасу і «плачу».

Анатоль МЯЛЬГУЙ


Новости

Вверх