https://www.traditionrolex.com/8

Пачынаецца новы віток працаў у забудове правага боку вуліцы Гандлёвай. У Таварыстве аховы помнікаў папярэджваюць, што рэалізацыя плану рэканструкцыі можа прывесці да таго, што горад згубіць яшчэ частку свайго гістарычнага цэнтру.

«Знайшліся тры інвестары, з якімі Мінгарвыканкам падпісаў інвестыцыйную дамову на засваенне гэтай тэрыторыі. І нягледзячы на тое, што ў дамове прадугледжанае абавязковае перанясенне магістральных інжынерных сетак – гэта калектар, які раней не дазваляў запраектаваць гістарычную шырыню вуліцы, – сучасны эскізны праект не адпавядае ніводнаму нарматыву «Закону аб ахове гістарычна-культурнай спадчыны», не адпавядае рэгламентам дэталёвага плану рэканструкцыі, рэстаўрацыі, аднаўлення і ўпарадкавання гістарычнага цэнтру Мінска», – распавядае старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч.


Частка плана рэканструкцыі, якую пачалі рэалізоўваць цяпер, фактычна арыентуецца не на аўтэнтычнасць забудовы, а на пракладзеныя ў 2008 г. трасы інжынерных камунікацый. «Нашае грамадскае аб’яднанне звяртаецца ва ўсе дзяржаўныя органы кіравання, каб наладзіць не толькі нармальны працэс праектавання, але і грамадскае абмеркаванне ўжо пададзенага і абмеркаванага ў верасні на навукова-метадычнай радзе пры Міністэрстве культуры эскізнага праекту забудовы правага боку вуліцы Гандлёвай», – падкрэслівае Астаповіч.

Існуе альтэрнатыўны праект рэканструкцыі, распрацаваны ў межах кампаніі «Будзьма беларусамі!» сябрамі грамадскага аб’яднання «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры». Гэты праект атрымаў высокую ацэнку нават з боку камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама, а таксама навуковай рады архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Але Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада ў пытаннях гістарычна-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры гэты праект адкінула, падтрымаўшы прапановы «Мінскпраекта».

https://www.traditionrolex.com/8