https://www.traditionrolex.com/8
<p class="body">У Гомелі вы можаце пабачыць  беларускамоўныя білборды фабрыкі «Спартак», крэатыў ад нямецкай маркі «Condor» у выглядзе налепкі на дзвярах крамы ці проста пазітыўныя,  патрыятычныя і ў той жа час непалітызаваныя білборды, якія радуюць вока. Аднак у беларускамоўных надпісах горада нярэдкія і хібы. Часцей за ўсё на памылкі «хварэюць» шыльды разнастайных дзяржаўных устаноў</p>

Як паведамляе  Краязнаўчы сайт Гомеля і Гомельшчыны:

Як сведчаць назіранні неабыякавых людзей, у нашым горадзе спрабуюць рабіць рэкламу на беларускай мове, у той ці іншай ступені  арыгінальную і якасную. У Гомелі вы можаце пабачыць беларускамоўныя білборды фабрыкі «Спартак», крэатыў ад нямецкай маркі «Condor» у выглядзе налепкі на дзвярах крамы ці проста пазітыўныя, патрыятычныя і ў той жа час непалітызаваныя білборды, якія радуюць вока.

Аднак у беларускамоўных надпісах нашага горада нярэдкія і хібы.

Часцей за ўсё на памылкі «хварэюць» шыльды разнастайных дзяржаўных устаноў.

1

«Аблвыканкома», а не «аблвыканкама». І дзе б вы думалі красуецца гэтая памылка? На шыльдзе палаца Румянцавых і Паскевічаў. А палацава-паркавы ансамбль, між іншым, з’яўляецца турыстычным цэнтрам горада. Вось так мы вітаем гасцей культурнай сталіцы сваёй непісьменнасцю. Можна было б усё гэта спісаць на пакуль што недастаткова глыбокае вывучэнне аўтарамі надпісу новых правіл беларускай арфаграфіі. Зразумела, калі б не было на цэнтальным уваходзе абсалютна правільна аформленай шыльды (там паводле ўсіх канонаў напісана «аблвыканкам»). Каб высветліць прычыны такой недарэчнай сітуацыі, мы патэлефанавалі ў прыёмную Гомельскага гарвыканкама. Аднак у дыспетчара выклікала вялікія цяжкасці далейшае накіраванне нас у пэўны аддзел установы з дадзеным пытаннем.

На вуліцы Пралетарскай была знойдзена яшчэ адна геніяльна аформленая шыльда:

2

Знайшлі памылку? На шматлікіх іншых шыльдах такога ж кшталту, дарэчы, слова «стагоддзе» скарачаецца («ст.»). Ды і цудоўна: не трэба лішні раз задумвацца над колькасцю літар «д» у ім. Пакуль я фатаграфавала надпіс, да мяне звярнуўся мужчына, які паліў праз адчыненую шыбу «гісторыка-культурнай каштоўнасці»:

– Што вы там фатаграфуеце?
– Тут памылка.
– Якая?
– Слова «стагоддзя» з адной літарай «д» напісана.
– І што, цяпер памяняюць?
– Не ведаю, я артыкул пішу з гэтай нагоды.
– Журналістка? Распавядзіце, каб нас перасялілі адсюль: дваццаць першае стагоддзе на двары, а ў доме ні каналізацыі, ні ацяплення...

Вось так мы даведаліся, што дамы з надпісам «гісторыка-культурная каштоўнасць», у якіх дагэтуль жывуць людзі, маюць больш надзённыя праблемы, чым нейкая там памылка на шыльдзе.
Дарэчы, сёння вы ўжо не пабачыце гэтай шыльды на месцы. Сёння на гэтым доме можна назіраць толькі выемку, якая засталася ад яе:

3

Аўтары надпісу заўважылі памылку і вырашылі вось так кардынальна вырашыць праблему: проста зняць, і ўсё? Нават калі і так, гэта не нагода, каб пазбаўляць будынак, хоць і выключна знешне, звання гісторыка-культурнай каштоўнасці. Тым больш што на вуліцы Кірава, напрыклад, дагэтуль вісіць шыльда, на якой, акрамя вышэйзгаданай, яшчэ процьма памылак:

4

Тут не толькі прапушчана літара «д», а і ўвогуле, насуперак законам логікі, напісана поўная лухта: «будынак XIX – XX стагодзі». Акрамя таго, як вы маглі заўважыць, у двух месцах пасля галосных тут – складовае «у». Ігнараванне літары «ў» пасля галосных з’яўляецца, бадай, самай распаўсюджанай з памылак (напрыклад, «Гомельскае абласное упраўленне капітальнага будаўніцтва»). А найбольш звыклым увасабленнем гэтага ігнаравання можна назваць нашыя светлафоры:

5

Тым больш што гэтую літару можна назваць сапраўдным беларускім брэндам. Ні ў адным алфавіце свету яе больш няма, у Полацку ёй нават усталяваны помнік. А ў нашай сталіцы ёсць галерэя пад назвай «Ў».

6

А вось афармляльнікі гэтай шыльды відавочна ў дадзенай галіне перастараліся. Шануючы «у нескладовае» на гэты раз ужо празмерна, яны паставілі яе загаловачнай літарай уласнага імя. Аднак такое магчыма толькі ў такіх надзвычай рэдкіх выпадках, як назва галерэі «Ў».

Сёння гэтую памылку прыбралі (пры блізкім разглядзе можна пабачыць сляды выпраўлення), за што асобнае дзякуй пісьменным людзям нашага горада – ініцыятарам выпраўлення.

7

Узгадалася ўласнае праходжанне прыёмнай камісіі. Спёка, бясконцая чарга, трывога аб тым, ці ўсе паперкі сабраныя, ці нічога не засталося дома... Здаецца, усе дакументы на месцы, але ж на падыходзе сваёй чаргі ўзгадваеш, што патрэбны яшчэ два канверты. Праклінаючы ўсё на свеце, бяжыш стрымгалоў у бліжэйшае аддзяленне Белпошты. Вяртаешся зноў, займаючы месца ў чарзе нанова (бо неяк не хочацца ўвязвацца ў спрэчкі а-ля «вас тут не стаяла»). Тут між іншым даведваешся ад суседзяў па чарзе, што аддзяленне пошты, у якім набываліся твае канверты, зусім не бліжэйшае. Ёсць тут недзе іншае ў двух кроках. І, канешне ж, праклінаеш усё на свеце яшчэ мацней. Карацей кажучы, такую камісію ніяк нельга назваць «прыемнай».

Дарэчы, калі прыглядзецца, то бачна, як на шыльдзе нехта ўсё-ткі намаляваў кропкі над «ё». Заўважна таксама і тое, што хтосьці старанна потым іх сціраў. Літара «ё» ў беларускай мове, у адрозненне ад рускай, абавязковая. Аднак гэтага не ведалі і аўтары наступнага гарадскога шэдэўра, выкліканага нагадваць грамадзянам, дзе яны зараз знаходзяцца:

8

Але варта сказаць дзякуй тым, хто прыбраў памылковы надпіс. Зараз на яго месцы красуецца іншы шэдэўр:

9
10  

Яшчэ адзін «цуд непісьменнасці» быў знойдзены каля прыпынку «Завод вымяральных прыбораў»: «калі ласка» – у адно слова. Не выключана, што частыя наведвальнікі крамы настолькі да гэтага прызвычаіліся, што скланяюць назву, як назоўнік. Напрыклад, «хадзем у «Каліласку», «сустрэнемся ў «Каліласцы».

11  

А тут памылкі няма. Проста незвычайны, досыць арыгінальны надпіс. Адзін з тых, якія, мусіць, яшчэ з савецкіх часоў засталіся на шыбах нашых крам. На шкле гандлёвай кропкі Гомельскага мясакамбіната дадзены надпіс суседнічае побач з такімі, як «МЯСА высокай якасці...», «КАЎБАСЫ на любы густ...». Давялося праверыць, наколькі тутэйшы асартымент сасісак адрозніваецца ад іншых крам. «Ярославские», «Городские», «Чайные»... Нават гатунку «Детские» няма, што хоць неяк можна было б звязаць са зместам надпісу. Можа, яго аўтары мелі на ўвазе недаступнасць па кошце прадукта для іншых узроставых катэгорый грамадзян?

Хадзіце і чытайце, заўважайце і атрымлівайце задавальненне! Вакол нас можна знайсці шмат чаго цікавага, а іншым разам і надта недарэчнага. Ды й вам самім зычым ніколі не забывацца на кропкі над «ё».

Валянціна Міронава

Фатаздымкі аўтара

https://www.traditionrolex.com/8