https://www.traditionrolex.com/8
<p>Днямі адбылося падвядзенне вынікаў рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ па Гомельскай вобласці за 2011 год. Летась работы вяліся на 55 гісторыка-культурных аб’ектах, на што з розных крыніц было выдаткавана 26,7 мільярда рублёў</p>

Як паведамляе «Культура»:

Днямі адбылося падвядзенне вынікаў рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ па Гомельскай вобласці за 2011 год. Летась работы вяліся на 55 гісторыка-культурных аб’ектах, на што з розных крыніц было выдаткавана 26,7 мільярда рублёў. Пра гэта паведаміў галоўны спецыяліст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Сяргей Разанаў.

Праведзена інтэнсіўная праца па аднаўленні сядзібы ў Чырвоным Беразе Жлобінскага раёна. Пасля адраджэння псеўдагатычнага будынка там павінен адкрыць свае дзверы музей. На дадзены момант выканана амаль 50% работ. Адкрыццё музея дадасць яшчэ больш турыстычнай прывабнасці месцу, дзе ўжо функцыянуе мемарыяльны комплекс, прысвечаны дзецям – ахвярам вайны.

Таксама прадоўжацца работы ў колішнім езуіцкім калегіуме ў вёсцы Юравічы Калінкавіцкага раёна: тут ужо ўсталяваны купалы, крыжы, дахоўка, зманціраваны інжынерныя сеткі.

У самім Гомелі будзе працягвацца добраўпарадкаванне парку і набярэжнай Сожа, што прымыкае да палацава-паркавага ансамбля Румянцавых і Паскевічаў.

Згодна з Дзяржпраграмай «Замкі Беларусі», разлічанай на 2012–2018 гады, на Гомельшчыне плануецца правядзенне кансервацыі тэрыторыі парку, а таксама фрагментаў сцяны замка Вішнявецкіх у пасёлку Тэльман Брагінскага раёна, рыхтуецца дакументацыя па музеефікацыі археалагічных помнікаў: гарадзішча старажытнага Турава і гарадзішча жалезнага веку ў Рэчыцкім раёне.

Таксама распрацоўваецца дакументацыя па рэстаўрацыі палаца Чарнышовых-Круглікавых у Чачэрску. Плануецца, што на гэтыя ды іншыя мэты выдаткуюць 26 млрд рублёў. Як зазначыў Сяргей Разанаў, дакументацыя была адобрана ў Міністэрстве культуры і цяпер праходзіць праверку ў Міністэрстве фінансаў Рэспублікі Беларусь.

https://www.traditionrolex.com/8