https://www.traditionrolex.com/8
<p>15 галоўных беларускіх мастакоў нулявых – усяго 10 дзён на тэрыторыі завода «Гарызонт». Выстава «Радыус нуля» адкрыецца 29 лютага. Наведаць трэба абавязкова</p>

Як паведамляе 34mag.net:

Аўторак, разгар працоўнага дня. Трэці паверх завода «Гарызонт». У былым цэху па зборцы тэлекаў дзясятак студэнтаў-валанцёраў пад кіраўніцтвам куратараў Руслана Вашкевіча і Аксаны Жгіроўскай рыхтуюць выставу «Радыус нуля» – своеасаблівую справаздачу амаль за год працы незалежнай беларускай арт-суполкі.

«Здаецца, яны Цэслера крыва павесілі», – кажа Жгіроўская. «Нічога страшнага, – супакойвае Вашкевіч. – Мы там бардзюрчык зробім, ніхто не заўважыць». Праца Цэслера «Дзень горада» першай упрыгожыла сабою прастору, ад якой пакуль больш патыхае спаборніцтвамі перадавікоў і стаханаўскім рухам, чым вінна-сырна-свабодным духам беларускага мастацтва. Банэр ад Цэслера ў пустым цэху выглядае арганічна: сонечны Мінск, святочна ўпрыгожаны ў чырвона-зялёныя колеры, і ніводнага чалавека.

На тысячы завадскіх квадратных метраў будуць выстаўленыя працы пятнаццаці мастакоў, якія, на меркаванне экспертнай супольнасці, былі галоўнымі арт-дзеячамі Беларусі нулявых. Мастакоў выбіралі банальным метадам запаўнення анкет. Сярод удзельнікаў – Уладзімір Цэслер, Артур Клінаў, Міхаіл Гулін, Марына Напрушкіна, Сяргей Шабохін ды іншыя.

«У іх ёсць негалосны дагавор – дынаміць усе прыватныя ініцыятывы. Напэўна, з-за страху ўлезці ў сітуацыю, у якой яны мала што разумеюць»

«Гэта не проста выстава, – распавядае Вашкевіч. – Даследаванне доўжылася год. Мы вывучалі першыя дзесяць гадоў нашага стагоддзя. Гэта нядаўняя гісторыя, нам хацелася яе правільна, аб’ектыўна заархіваваць, каб пасля хто-небудзь выпадкова не перапісаў яе як хацеў. На такой адлегласці ўжо зразумела, якія падзеі мелі рэзананс, што было найбольш значным. Мы хацелі выбраць фігуры, якія ў гэты час вызначалі тут культурны ўзровень жыцця».

Калі гаварыць прасцей – для пятнаццаці беларускіх мастакоў, якія на слыху, знайшлі файную пляцоўку, дамовіліся і арэндавалі на месяц за пяць «касцоў» долараў. Паўмесяца спатрэбіцца на падрыхтоўку, дзесяць дзён будзе доўжыцца выстава, пяць дзён пакінулі на дэмантаж.

1

Вашкевіч кажа, што самі ўдзельнікі выставы рэальна натхніліся пляцоўкай – фантануюць новымі ідэямі ды пужаюць куратараў сваёй энергіяй. Сам Руслан – не толькі ініцыятар праекту і саарганізатар, але і адзін з тых пятнаццаці. Канцэпцыю выставы ён тлумачыць так: «Мы вырашылі наш эксперымент на ўзроўні новай для Мінска тэрыторыі для мастацкага выказвання і зрабіць тэмай выставы. Горад як тэрыторыя арт-асяродку – гэта і будзе звязваць выказванні кожнага мастака».

«У Мінску шмат класных месцаў: напаўзакінутых заводаў, нейкіх прамзон і аўтапаркаў»

Вашкевіч некалькі разоў ужывае слова «інтэрвенцыя», маючы на ўвазе пранікненне сучаснага мастацтва на новыя тэрыторыі – на біл-борды, у музеі, лофты. Ягоную з паплечнікамі ініцыятыву «адказныя людзі» з адпаведных дзяржустаноў успрымаюць са святым жахам. «Яны баяцца, здаецца, усяго, – кажа мастак. – У іх ёсць такі негалосны дагавор – дынаміць усе прыватныя ініцыятывы. Напэўна, з-за страху ўлезці ў сітуацыю, у якой яны мала што разумеюць».

Аднак стваральнікі праекту настроеныя не па-тутэйшаму аптымістычна. «У Мінску шмат класных месцаў: напаўзакінутых заводаў, нейкіх прамзон і аўтапаркаў, – кажа Жгіроўская. – Па ўсім свеце такія тэрыторыі абжываюць мастакі, музыкі, удыхаюць у іх новае жыццё. Мы спадзяемся, што гэтая нармальная тэндэнцыя дойдзе і да Мінска. І магчыма, наша выстава будзе адным з такіх штуршкоў да асваення мастацтвам новага асяроддзя. І тады вы Мінск проста не пазнаеце».

Выстава «Радыус нуля»
будзе праходзіць з 29 лютага да 10 сакавіка

Завод «Гарызонт» (вул. Куйбышава, 22, цэнтральны ўваход)
Уваход вольны

 Падрабязнасці і праграма падзей на Artactivist.org

3

Фота: palasatka

https://www.traditionrolex.com/8