https://www.traditionrolex.com/8
<p>Памер інвестыцый – больш за 50 млн еўра</p>

Як паведамляе belsat.eu:

Ва ўпраўленні спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама заявілі пра стварэнне трансмежнага праекта – гарналыжнага комплексу ў Сапоцкіне, што зацікавіць як беларусаў, так і палякаў ды літоўцаў. Падобны курорт існуе ў Польшчы – «Шэльмент». Ён месціцца непадалёк гораду Аўгустаў і збірае на выхадных да 4 тыс. турыстаў.

«Стварэнне комплексу на Сапоцкінскіх гарах у раёне Аўгустоўскага канала – вельмі перспектыўны праект, – мяркуе старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення ГА «Рэспубліканскі турыстычна-спартыўны саюз» Сяргей Ціхановіч. – Тэрыторыя канала ўключана ў свабодную турыстычную зону, гэта значыць, інвестар мае права на ільготны крэдыт і мінімальныя падаткі. Асноўнымі крытэрыямі для рэалізацыі інвестпраектаў у Аўгустоўскім канале ёсць аб’ём інвестыцый, не меншы за 200 тысяч еўра, і накіраванасць інвестыцыйнага праекта на развіццё турыстычнай паркавай індустрыі ды інфраструктуры. Маючы на Аўгустоўскім канале свой лыжны комплекс, можна стварыць зімовае турыстычнае кола Беларусь–Польшча–Літва».

Апроч гарналыжнага комплексу ў Гродне ды раёне абяцаюць ажыццявіць і іншыя амбіцыйныя турыстычныя праекты: рэканструкцыю гродзенскага бровара са стварэннем музея піва (2 млн еўра), будаўніцтва рачнога вакзала ў Гродне (10 млн еўра), будаўніцтва санаторнага комплексу «Прывалка» (40 млн еўра), аквапарк у Гожы (110 млн еўра), турыстычны комплекс «Этнаграфічная вёска» (4 млн еўра) і рэканструкцыю палацавага комплексу ў Свяцку (13 млн еўра). Асноўнае фінансаванне чакаюць ад інвестараў, але пакуль на Аўгустоўскі канал прыйшлі толькі два прыватнікі – са стварэннем рыбацкай вёскі ды аграсядзібы. Буйных інвестараў не назіраецца.

«Праект развіцця Аўгустоўскага канала спачатку рабілі адмыслоўцы з Мінска. І ён быў памылкова разлічаны толькі на мясцовых турыстаў. Прайшло больш за 10 гадоў, і цяпер чыноўнікі спрабуюць змяніць канцэпцыю, спадзяюцца зацікавіць турыстаў хоць бы з бліжэйшых краін: Польшчы і Літвы. Але для таго каб сюды прыйшлі інвестары, а за імі – замежныя турысты, трэба максімальна спрасціць візавы рэжым – ні палякі, ні літоўцы не будуць траціць дадатковыя грошы, каб праехаць пару кіламетраў у бок Беларусі і ўбачыць амаль тыя самыя аб’екты, што і ў сябе на радзіме. Тым больш, консульскі аддзел Беларусі ў Аўгустове не працуе з 2009 года, таму па візу палякам трэба ехаць у Беласток, – кажа дырэктар гродзенскай турфірмы, якая больш за 10 гадоў працуе з польскімі турыстамі. – Трэба разлічваць на індывідуальных турыстаў, а таму стварэнне велізарных комплексаў немэтазгоднае. Апроч таго, тым, хто шукае інвестараў, трэба дасканала ведаць гісторыю горада і раёна – тут шмат гістарычных аб’ектаў, якія абавязкова трэба ўключаць у турыстычны маршрут. На адных лыжах далёка не паедзеш. У гэтым сэнсе Беларусь ад пачатку прайграе буйным еўрапейскім цэнтрам, трэба шукаць сваю адметнасць».

Праграма развіцця спецыяльнага турыстычна-рэкрэацыйнага парка «Аўгустоўскі канал» на 2012–2015 гг. прадугледжвае фінансаванне з бюджэту, аднак усяго на 775 тыс. еўра.

https://www.traditionrolex.com/8