<p>Пакуль беларускія чыноўнікі, а за імі прадстаўнікі бізнесу, ламаюць галаву над турыстычным сімвалам Беларусі, кампанія «Будзьма» знайшла свой адказ, які дагэтуль нікому не прыходзіў у галаву. Турыстам прапануюць падарожжа ў краіну цмокаў. І гэта будзе не Кітай і нават не польскі Кракаў. Сапраўдных цмокаў знайшлі ў Беларусі!</p>

Пакуль беларускія чыноўнікі, а за імі прадстаўнікі бізнесу, ламаюць галаву над турыстычным сімвалам Беларусі, кампанія «Будзьма» знайшла свой адказ, які дагэтуль нікому не прыходзіў у галаву. Турыстам прапануюць падарожжа ў краіну цмокаў. І гэта будзе не Кітай і нават не польскі Кракаў. Сапраўдных цмокаў знайшлі ў Беларусі!

Першая вандроўка ў краіну цмокаў адбылася ўчора. І як любое падарожжа пачынаецца з дзяржаўнай мяжы і праверкі дакументаў, у Краіну цмокаў, што часова размясцілася ў галерэі «Ў», можна было патрапіць па спецыяльным запрашэнні-візы. На ўваходзе ўдзельнікаў імпрэзы віталі прыгожыя дзяўчыны, але як бы памежнік вам ні ўсміхаўся, а дакументы прад'явіць трэба.

tarantino-by-kraina_cmokay-5475

tarantino-by-kraina_cmokay-5463

tarantino-by-kraina_cmokay-5478

Хто такія цмокі і з чаго ўсё пачалося?

У 2008 годзе кампанія «Будзьма» вырашыла стварыць плакат, які сабраў бы ў сабе сімвалы, з якімі ў людзей асацыіруецца Беларусь і якія маглі б аб'яднаць беларусаў праз нашу ўнікальнасць і непаўторнасць. Пасля апытанняў і абмеркаванняў выявілася, што гэта Янка Купала, «у» нескладовае (Ў), Вітаўт, слуцкія паясы і інш.

poster

Сярод іншага ўзгадалі Цмока – персанажа беларускай міфалогіі. З-за сваіх вялізных габарытаў Цмок ад прыроды лянівы і маларухавы. Можа быць як аднагаловым, так і мець іх да 12. Зубы, як нарогі; кіпцюры, як сярпы; крылы, як палашы. У адрозненні ад іншых нячысцікаў, Цмок — чысцёха, ходзіць у лазню, мыецца штодня. Жыве ў балоце, а найчасцей — у возеры.

А ў 2011 годзе журналіст Зміцер Навіцкі адправіўся на Беларускае Палессе, каб адшукаць сапраўднага Цмока.

dsc_2203

Па ягоных словах, дзякуючы беларускім міфам вобраз Цмока можа стаць сапраўднай турыстычнай разынкай Беларусі. «Самыя неверагодныя цмокі на Лепельшчыне, – кажа ён. – Пры ўдалай раскрутцы мы можам займець героя, не горшага за лох-нэскую пачвару. І турысты пацягнуцца ў Беларусь. Я вывучаў англійскія легенды, Нэсі – плён і рэальных назіранняў, міфалогіі і піяру».

Літаратуразнавец Пятро Васючэнка лічыць, што беларускі Цмок мае шанц на адраджэнне. «Паводле літаратурных і гістарычных звестак, ён мог застацца жыць у возеры Нешчарда і ў азёрах вакол Расонаў, пра што згадваў у свой час Ян Баршчэўскі і пра што любяць гаварыць ягоныя сучасныя землякі. Цмок можа жыць і ў Лепельскім возеры, як пра тое пісалі Караткевіч і Арлоў, спасылаючыся на канкрэтныя гістарычныя крыніцы. Аматары цмокаў, напэўна, могуць іх адшукаць у сенненскіх азёрах. Мае шанц мець свайго цмока возера Бяздоннае пад Слонімам. Гэтае возера яшчэ не цалкам даследаванае.
Мяркую, вялікі шанц маюць і шукальнікі цмока з Гомельшчыны. Мне давялося быць у Веткаўскім музеі. І я там бачыў каля дваццаці абразоў веткаўскіх майстроў. На іх паказаны святы Юрый, які працінае дзідаю Цмока. Цмок паказваецца там у выглядзе крылатых яшчарак, вужакаў і чарапах. Мяркую, што аўтары маглі маляваць гэтых цмокаў з натуры. Магчыма, і палескія балоты таксама хаваюць гэтую істоту», – мяркуе эксперт.

tarantino-by-kraina_cmokay-5533

Каардынатар «Будзьмы» Алена Макоўская заўважае, што беларускія кампаніі часта сутыкаюцца з праблемай прэзентацыі свайго прадукта як беларускага. Па сутнасці, сёння няма таго сімвала, які б прыцягваў цікавасць замежнікаў да нашай краіны. «Сумесна з сацыялагічнымі кампаніямі мы правялі апытанне, якое выявіла, што беларусы называюць асноўнымі сімваламі краіны сцяг і герб. Далей ідуць бусел і зубр, навязаныя яшчэ за Саветамі. Але ніводзін гэты вобраз не мае камунікатыўнай сувязі. Адкуль узяўся бусел? Што ён сімвалізуе? Якое можа быць развіццё? Чаму менавіта ён, а не іншая птушка, бо буслы ж жывуць не толькі ў Беларусі... Вобраз Цмока грунтуецца на ягоным цікавым міфічным паходжанні, на ягоным пераўвасабленні ў сучаснасці. Паглядзіце сучасныя мультфільмы, дзе Цмок пераўтвараецца са злодзея ў паплечніка змагароў за праўду і справядлівасць. Сучасныя аніматары зрабілі яго лагодным, пазітыўна настроеным да людзей. Разам з тым, і мы гэта падкрэсліваем, беларускі Цмок – унікальны. Сабрана мноства міфаў і легенд пра ягонае жыццё сярод беларусаў. Наш Цмок не жыве ў лясах, ён жыве ў азёрах і на балотах, – тлумачыць спадарыня Макоўская. – У нашым грамадстве назіраецца значная цікавасць да брэндынгу краіны, распрацоўкі сімволікі гарадоў, раённых цэнтраў, мястэчак. Мы прапанавалі ў якасці турыстычнага сімвала краіны Цмока, якога лічым вельмі харызматычным персанажам айчыннай міфалогіі. Пакуль у беларускага «калегі» шатландскай Нэсі няма ўласнага імя, але гэта справа часу».

У канцы мінулага года «Будзьма» павіншавала сваіх сяброў і партнёраў адмысловай паштоўкай-цізерам, зробленай у выглядзе яйка Цмока вядомым мастаком Міхалам Анемпадыставым. Значны ўклад зрабіла Юлія Рудзіцкая – яна наведала некалькі беларускіх мясцін, каб знайсці там цмокаў, а пасля стварыла некалькі арыгінальных вобразаў.

ZMOK_solomka_clode_small

Цмок Паазерны

ZMOK_1_small-1

Цмок Літоўскі

ZMOK_superman_FIN_BG

Цмок Палескі

Менавіта на іх падставе была праведзена галасаванка  і абраны, на думку чытачоў, найлепшы. Перамог апошні – паляшук з абаяльнай усмешкай. «На Палессі Цмока апісваюць падобным да чалавека. У Пінску людзі гавораць, што беларускі Цмок здольны нават хадзіць на задніх лапах. З усіх беларускіх цмокаў у яго самыя вялікія крылы, і ён выдатны лятун. Добра бачыць у цемры, бо ў вачах яго заўседы скачуць гарэзлівыя хітрыкі-агеньчыкі. Жартаўнік. Калі раптам сустрэнеце – пужацца яго не трэба. Ён прыйдзе на дапамогу, калі хто трапіць ў складаную сітуацыю. Добрага чалавека ён не кране, але і пакрыўдзіць сябе не дасць. Усё ж такі вольны цмок. А ліхім людзям можа ад яго і на арэхі дастацца. Асабліва ён спрыяе заблукалым падарожным. Кажуць, узімку ён можа сагрэць чалавека ці каня сваім подыхам, але ніколі не апячэ, ну хіба што бровы ледзь-ледзь», – адзначае Юлія Рудзіцкая.

yb2iq7f3iweuniey7s1ryprjygaxoq-org

Сімвал Цмока для лагатыпаў

Перспектывы беларускага Цмока

Да стварэння новага турыстычнага сімвала «Будзьма» падыйшла сур'ёзна – апыталі не толькі простых беларусаў, але і экспертаў. Напрыклад, філосаф і тэолаг Ірына Дубянецкая кажа пра тое, што турыстычных сімвалаў можа быць шмат, калі ўлічваць, што ёсць сімвалы краін і ёсць сімвалы розных мясцовасцей. Калі ж вылучаць сімвалы жывёльныя, то тут эксперт называе найперш Каня, таго самага, з вершнікам. У касмаганічным сэнсе ён пакліканы змагацца з сіламі цемры. На яе думку, другім такім сімвалам якраз можа стаць Цмок, хоць, у адрозненне ад Каня, ён не ўвайшоў у геральдыку. «Ёсць шмат краін, якія асацыіруюць свае землі менавіта з Цмокам, а ў беларусаў ён нідзе не з’яўляецца на гербах. Відаць, ён быў больш унутранай, схаванай з’явай. Ён з’яўляецца ў легендах і песнях. У каляндарным фальклоры, які ў Беларусі самы багаты ва ўсёй Еўропе, Цмок фігуруе ў розных выглядах і не заўсёды распазнавальны. Але натрэніраваным вокам яго распазнаць проста, бо гэта вечнае змаганне Перуна–Вялеса. І Цмок — гэта Вялес, Беларусь — не зямля Перуна. Таму Цмок можа сімвалізаваць Беларусь як зямлю глыбінных сэнсаў, зямлю схаваных скарбаў, якія рупліва ахоўваюцца і яшчэ не выйшлі на паверхню. Гэта зямля хутчэй унутранага багацця, чым вонкавага». Спадарыня Ірына засцерагае тых, хто бярэцца за стварэнне выявы Цмока. На яе думку, на сувенірнай прадукцыі ён мусіць выглядаць абаяльным, прыцягальным і… сапраўдным. Яго выява на кубках, талерках з надпісам  «Беларусь» мусіла б выглядаць больш традыцыйна. А дзеля абмену такім досведам Ірына Дубянецкая прапануе заснаваць  «Еўрапейскі Цмокавы звяз» ды ў фармаце фестывалю ці канферэнцыі склікаць прадстаўнікоў тых краін і мясцін, дзе Цмок цяпер сімвал.

tarantino-by-kraina_cmokay-5843

Рэдактар выдавецтва «Тэхналогія» Марыя Кавальчук сярод турыстычных сімвалаў Беларусі называе найперш замкі ў Міры, Нясвіжы, Навагрудку, а таксама нашы лясы і азёры. «Мяркую, што такія сімвалы прыцягальныя. Адзінае  – што замкі прывязаныя да пэўных месцаў, а лес ды возера выглядаюць занадта агульным вобразам». Цмок у гэтым шэрагу, на думку Марыі, добра пасаваў бы. «Сярод прапанаваных у апытанцы мне вонкава больш даспадобы Цмок Паазерны, а паводле апісання — Палескі, пагатоў ён мой зямляк. Я з задавальненнем выправілася б у цмок-тур па Беларусі. Было б цікава паслухаць легенды пра цмокаў, уяўленні беларусаў пра іх, а можа, і пазнаёміцца з такой істотай і нават прыручыць», — падзялілася сваімі ўяўленнямі Марыя.

Год Цмока

Сімвалічна супала, што беларускага Цмока будуць адраджаць і папулярызаваць у год Цмока па кітайскім календары – у 2012-м. Што прапануе «Будзьма»? 

Плануецца спецыяльная праграма для кіраўнікоў турфірм, уладальнікаў аграсядзіб, а таксама для журналістаў і блогераў, прадстаўнікоў культурніцкіх установаў з прэзентацыяй маршрутаў па месцах беларускіх цмокаў. Падчас імпрэзы Алена Макоўская таксама адзначыла: «На нашу думку, варта істотна пашыраць кола зацікаўленых у пошуку новых цікавых сімвалаў і багатых вобразаў, якія адпавядаюць беларускай ментальнасці і грунтуюцца на айчынных традыцыях і гісторыі. Гэта датычыць не толькі турызму, але і самых розных сфер дзейнасці. Напрыклад, спецыялісты сведчаць, што айчынным вытворцам-экспарцёрам сёння востра не хапае яскравых беларускіх назваў для сваёй прадукцыі, каб вылучыцца з агульнай масы і падкрэсліць якасць маркі «Зроблена ў Беларусі».

Ужо зараз створаны прэзентацыйны ролік. Ягоныя ўдзельнікі, нібыта сапраўдныя цмокі, вучыліся выпускаць агонь.

«Краіна цмокаў. Малюем разам» from Capitalist73 on Vimeo.

Цмокі замежныя

Цмокі з'яўляюцца сімваламі гарадоў і краін па ўсім свеце. Напрыклад, над аркай гарадской ратушы ў Брно (Чэхія) вісіць знак горада – цмок, хоць ён зусім і не з'яўляецца цмокам. Насамрэч гэта пудзіла кракадзіла, якога прывезлі ў Брно ў XVII стагоддзі з Турцыі. У той час гэта была невядомая жывёла для жыхароў горада, яны не знайшлі нічога лепшага, як назваць кракадзіла «цмокам» і зрабіць яго неафіцыйным сімвалам Брно. Сёння сімвал горада падтрымліваецца нават на ўзроўні кандытарскай, размешчанай паблізу плошчы Свабоды, дзе прадаюць марцыпанавых «цмокаў» і пернікі ў форме цмока.

Аўстрыйскі горад Клагенфурт размешчаны на адным з самых цёплых і самых буйных альпійскіх азёр Еўропы. Па паўночным ускрайку горада працякае рака Глан. Паводле легенды, Клагенфурт атрымаў сваю назву, дзякуючы жанчынам, якія пралівалі слёзы ў Глан (Клаге – плач, фурт – брод). А плакалі яны з-за пачвары, якая жыла непадалёк ад горада і патрабавала чалавечых ахвяр. Цяпер статуя цмока, якога мясцовыя жыхары перамаглі, стаіць у цэнтры Клагенфурта, а сам цмок стаў сімвалам горада. Ён нават намаляваны на гербе гэтага горада.

Самым блізкім для нашых турыстаў з'яўляецца кракаўскі цмок. Хто хоць раз быў у гэтым горадзе, не мог не заўважыць, як шмат там сувеніраў, цацак і вітрын, упрыгожаных гэтым сімвалам. Па старажытнай легендзе, калісьці  цмок жыў у тутэйшых месцах, выпускаў агонь і патрабаваў на сняданак нявінных дзяўчат. Потым знайшоўся рыцар, які перамог дракона, і ўсё скончылася вяселлем. Чаму сімвалам горада стаў не герой, а злыдзень, – гісторыя замоўчвае. Але вядома, што цмок з'яўляецца сілай стваральнай і спрыяе чалавеку, валодае касмічнай звышнатуральнай сілай, сімвалізуе моц, веліч, жыццё, святло, мудрасць, непераможнасць, сімвал неўміручасці і вечнага адраджэння.

У Кітаі цмок стаў сімвалам усёй краіны! Ён паўстаў як зборная выява жывёл, якія атачалі першабытных паляўнічых. Рысы дзіка, каня, вярблюда, змяі зліліся разам, і атрымаўся цмок, малюнак якога застаецца нязменным ўжо чатыры тысячы гадоў. У Пекіне  Вялікую Кітайскую сцяну часам называюць «Каменным цмокам». Сцяна то плаўна спускаецца па схіле гары, то імкліва ўзлятае на яе вяршыню. Так што нават тут не абышлося без гэтай міфічнай жывёлы.