https://www.traditionrolex.com/8
<p>Экспазіцыя Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі папоўнілася  чатырма  новымі заламі па тэме "Рэлігія і культура ў Беларусі ХІV —  ХVІІІ стагоддзяў"</p>

 

Экспазіцыя Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі папоўнілася чатырма новымі заламі па тэме "Рэлігія і культура ў Беларусі ХІV — ХVІІІ стагоддзяў".

— Мяркуем, што для неабыякавых да нашай спадчыны людзей гэта будзе вельмі цікавае падарожжа ў мінулае. Тут не навязваюцца нейкія погляды, падыходы, а можна на гістарычных фактах, экспанатах даведацца пра развіццё нашай культуры, якая, безумоўна, фарміравалася пад уплывам рэлігійных арганізацый, — гаворыць дырэктар музея Людміла КАРНІЛАВА і запрашае карэспандэнта "Звязды" ўбачыць гэта на свае вочы.

Намеснік дырэктара музея Ігар ГАНЧАРУК, расказвае, што ў музейных фондах сёння больш за 60 тысяч экспанатаў — жывапіс, старадрукі, творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, абразы. Прычым сярод іх — сапраўдныя жамчужыны нашай спадчыны, якія можна ўбачыць толькі тут, у адзіным у краіне музеі гісторыі рэлігіі.

— Чаму новая экспазіцыя пачынаецца з выяў гербаў, да якіх належалі славутыя роды нашай Бацькаўшчыны — Храптовічы, Хадкевічы, Агінскія, Алелькавічы?

— Яны былі мецэнатамі, засноўвалі друкарні, — расказвае Ігар Ганчарук. — Вось, напрыклад, Евангелле, якое надрукавана пры падтрымцы князя Рыгора Аляксандравіча Хадкевіча. Гэта першае друкаванае евангелле на нашых землях.

— Арыгінал?

— Гэта муляж. Але, пэўна, усе музейшчыкі ведаюць, што нават пры існаванні арыгіналаў кнігі павінны быць заменены на муляжы, бо папера можа разбурацца. Таму і ў гэтай экспазіцыі арыгіналы, якія яшчэ прысутнічаюць, з часам будуць заменены на муляжы.

Пакуль жа можна ўбачыць і арыгіналы. Напрыклад, спецыяльна надрукаваны ў Вільні (1684) для брыгіцкага кляштара ў Гродне брэвіярый для адпраўлення службаў. Прычым у кнізе захаваўся нотны рукапісны зборнік (які, пэўна, быў уклеены манашкамі) з меладычнымі формуламі грыгарыянскага харалу (спеў у адзін голас). У адрозненне ад службоўнікаў, дзе рэгламентаваўся шматгалосы касцельны спеў з выкарыстаннем музычных інструментаў, сярод якіх галоўная роля належала аргану.

Прадстаўлены ў экспазіцыі і "Рымскі імшал", які ў 1741 прадстаўнік славутага магнацкага роду Мікалай Фаўстын Радзівіл і яго жонка Барбара ахвяравалі дзятлаўскай парафіі (пра што сведчыць запіс на старонцы кнігі), іншыя старадрукі.

Экспазіцыя не проста знаёміць з нашымі славутасцямі (Барысаглебская царква ў Гродне, Мураванкаўская і Сынкавіцкая цэрквы абарончага тыпу, касцёл у Ішкалдзі — самы старажытны на беларускіх землях, які захаваўся да нашага часу), але і падае мінуўшчыну праз дзеячаў той эпохі. Князь Вітаўт, Францыск Скарына, Мікола Гусоўскі, Сымон Будны, Мікалай Радзівіл Чорны, Васіль Цяпінскі, Сімяон Полацкі, Марцін Пачобут-Адляніцкі... Прычым не толькі з партрэтамі, гістарычнымі звесткамі, але і з поглядамі на гэтых асоб, іх творы нашых сучаснікаў.

— Звярніце ўвагу, напрыклад, як арганічна глядзяцца ў экспазіцыі кракаўскае выданне 1523 года паэмы "Песня пра зубра" Міколы Гусоўскага і габелен "Сцэны палявання" паводле гэтага выдатнага твора, — зазначае Ігар Ганчарук. — Дарэчы, габеленавая тэхніка была ўласцівая і старажытнаму беларускаму мастацтву, яе лепшыя ўзоры ў свой час упрыгожвалі сцены палацаў, камяніц, манастыроў.

Дарэчы, гэта той выпадак, калі варта скарыстацца "звяздоўскай" рубрыкай: "Ведай нашых!" Бо аўтар гэтага габелена — Сымон Свістуновіч, журналіст "Звязды".

А вось аўтар драўляных скульптур святых Казіміра і Станіслава (1630-я гады) па сёння застаецца невядомым. Хоць ідэя (чаму яны разам) зразумелая: святы Казімір быў абвешчаны патронам Вялікага княства Літоўскага, а святы Станіслаў з'яўляўся патронам Каралеўства Польскага. Яны павінны былі сімвалізаваць дзве часткі тагачаснай агульнай дзяржавы.

6sak-6lll

Не ведаем мы і аўтараў барочных скульптур-пута (маленькіх хлопчыкаў з крыламі), якія сімвалізуюць чысціню і беззаганнасць дзяцінства і шырока выкарыстоўваліся ў розных відах сакральнага мастацтва. Альбо хто палічыў неабходным аздобіць адзенне святара ХVІІІ стагоддзя фрагментамі слуцкіх паясоў з сімвалічным для Беларусі матывам валошак?

...Сёлета Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі плануе пабудаваць экспазіцыю пра рэлігію і культуру на беларускіх землях у ХІХ стагоддзі і да нашага часу. Прычым у дачыненні да сучаснасці будзе выкарыстана сістэма інфакіёска з аператыўнымі звесткамі аб адпаведных падзеях у гэтай сферы. Акрамя таго, разлічвае дырэктар музея Людміла Карнілава, у перспектыве наведнікі змогуць скарыстацца паслугамі аўдыёгіда.

 

https://www.traditionrolex.com/8