Вандроўка па мясцінах Караткевіча

21.03.2012 - Новости

Вандроўка па мясцінах Караткевіча

Зямля Уладзіміра Караткевіча: была, ёсць… якой будзе?

Як паведамляе «Культура»:

Аршанская зямля, авеяная талентам Уладзіміра Караткевіча, мае адметны гістарычны код. След яго бярэ пачатак ад непераможнай годнасці Вялікага княства Літоўскага і сягае ў не менш гераічныя часіны мужнасці народа ў часы Вялікай Айчыннай вайны, калі мясцовае падполле зрабіла ўсё для таго, каб сённяшняя Орша стала адным з найпрыгажэйшых гарадоў Беларусі, дзе жывуць Памяццю.

Але вандроўніка вабяць не заводскія коміны, не кіламетры зборачных канвеераў, а гістарычныя мясціны, намоленыя святыні, рэчы і творы мастацтва, звязаныя з легендарнымі імёнамі ды падзеямі. Пра гэта мне думалася па дарозе ў Оршу. Орша – не Пецярбург, але таксама вартая ўвагі вандроўніка кропка на карце. Урэшце, горад – не абы які цэнтр прамысловасці. Сёння ж Орша – гэта гісторыя, занатаваная ў помніках дойлідства і адлюстраваная ў літаратурных творах Уладзіміра Караткевіча, які тут нарадзіўся. Не будзе перабольшаннем сказаць, што аршанскі музей Уладзіміра Караткевіча – горадаўтваральнае «прадпрыемства» – у сэнсе фарміравання прывабнага вобраза турыстычнага брэнда Аршаншчыны.

Горад пачынаецца з вакзала

Аршанскі вакзал – помнік архітэктуры. І яго стылёвая эвалюцыя нібыта ўвабрала ў сябе гісторыю краю ў мінулым стагоддзі. Пабудаваны ў 1912-м у стылі мадэрн. Планіроўка будынка захавалася амаль некранутай да сённяшняга дня, але ў 1950-х фасады і інтэр'еры былі аздоблены адзнакамі «сталінскага ампіру». Нядаўняе ж абнаўленне зрабіла вакзал больш камфартабельным, больш зручным для пасажыраў і для тых, хто тут працуе. Пры гэтым на сценах пакінулі жывапісныя палотны савецкага часу: два манументальныя краявіды і копія вядомай карціны «Ленін абвяшчае савецкую ўладу». (Мяркую, гэта было правільнае рашэнне, прадыктаванае ўзважаным кансерватызмам. На маю асабістую думку, нічога лепшага за «сацыялістычны рэалізм» у нашым мастацтве пакуль што ўсё адно не прыдумалі). Глядзяцца карціны вельмі экзатычна і залу насамрэч упрыгожваюць. А паколькі Ленін на палатне, як той казаў, есці не просіць, дык і чапаць яго не трэба. Згаданая акалічнасць пэўным чынам характарызуе мясцовы люд: аршанцы не спяшаюцца развітвацца з чымсьці звыклым і зразумелым дзеля новага і няўцямнага толькі таму, што наўкола мода змянілася.

Для Оршы, найбуйнейшага транспартнага вузла, фактычна чыгуначнай «сталіцы» краіны, вакзал – тое ж самае, што для горада на марскім узбярэжжы – порт. У Оршы як у горада «партовага» – два цэнтры: адзін афіцыйна-адміністрацыйны, а другі – той, дзе «швартуюцца» цягнікі і які сімвалізуе «акно ў свет». А калі так, дык хто, як не Беларуская чыгунка, мусіць клапаціцца пра імідж сваёй «сталіцы», усёй Оршы з прылеглым да яе раёнам (а не толькі – вакзала і прывакзальнай плошчы)? Гэтая акалічнасць непасрэдна датычыцца тэмы маёй камандзіроўкі: «Сацыяльнае партнёрства ў галіне культуры».

Мэта маёй паездкі – Смальяны, вёска на Аршанчыне, дзе на невялікай прасторы сканцэнтраваны чатыры помнікі дойлідства: гэта рэшткі замка Белы Ковель (1-я палова XVII ст.), руіны касцёла і кляштара дамініканцаў, дзеючая, драўляная на мураваным падмурку, Спаса-Праабражэнская царква і рэшткі Аляксееўскай царквы (усе – XVIII стагоддзя). Летась Смальяны наведалі карэспандэнты «К» падчас штогадовага велатура – і пра тое, што пабачылі, распавялі ў нататках, крытычных зместам і тонам. Я ж мушу высветліць, ці змянілася што з таго часу да лепшага, і паразважаць пра тое, хто можа дапамагчы Смальянам стаць «турысцкай Мекай».

І маё першае тэлефанаванне з Оршы – у... Мінск, начальніку аддзела ідэалогіі Беларускай чыгункі Андрэю Баравому. Пытаюся, ці дапамагае БЧ «не сваім» (у сэнсе, па-за межамі палацаў і дамоў культуры чыгуначнікаў) культурным акцыям. Ці магла б яна дапамагчы, скажам, у адбудове помнікаў дойлідства на Аршаншчыне? Андрэй Паўлавіч адказаў, што чуткі пра велізарныя прыбыткі Беларускай чыгункі не адпавядаюць рэчаіснасці: лішніх грошай няма. Зразумела, калі прыйдзе загад з вышэйшай інстанцыі выдаткаваць грошы – пытанне іншае. Тым не менш вось чыгунка дапамагае будаваць Лядовы палац у Оршы... Канешне, мясцовыя жыхары могуць звярнуцца да начальніка мінскага аддзялення Беларускай чыгункі з просьбай і па помніках спадчыны, але адказ хутчэй за ўсё будзе адмоўны: лішніх грошай няма.

Няма дык няма... Згадаўся Ленін з манументальнага палатна на Аршанскім вакзале: той бы грошы знайшоў! А калі б не знайшоў, дык арганізаваў бы суботнік, які плаўна перацёк бы, не сумнявайцеся, у «васкрэснік».

Чым жыве прыгарадная вёска?

Перш чым ехаць у Смальяны, раблю візіт да намесніка старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Алы Цярэнцьевай – для таго каб, так бы мовіць, атрымаць агульную карціну культурнага мясцовага жыцця. Шмат дзе раёны аб'яднаны з гарадамі і маюць адзіны цэнтр кіравання. На Аршаншчыне – інакш: тут захавалася структура, калі ў горада начальства гарадское, а ў раёна – раённае. І Ала Аляксандраўна – патрыёт раёна. Яна лічыць рост горада за кошт прылеглых вёсак з'явай заганнай. На яе думку, неабходна захаваць вёску як сацыяльны чыннік і этнакультурную з'яву, зберагчы народныя традыцыі як духоўнае апірышча беларушчыны. Спадарыня Цярэнцьева з гонарам апавядае пра тое, што райвыканкам не даў уключыць у склад горада вёску Хемы, хоць такія памкненні былі.

Я запытаўся: а што кепскага ў тым, калі на месцы вёскі будзе мікрараён? «А што добрага ў тым, калі зменшыцца плошча ворыўнай зямлі, траву закатаюць пад асфальт; што замест унікальнага ландшафту з'явіцца серыйная забудова? – пытаннем на пытанне адказала Ала Аляксандраўна. – Вясковы побыт трэба падцягваць пад узровень гарадскога, але для гэтага зусім не абавязкова вёску знішчаць».

– Але ж на вёску неахвотна едуць маладыя спецыялісты...

– Ёсць такая праблема. Памятаю, працаваў у нас, і працаваў сумленна, выпускнік універсітэта культуры і мастацтваў. Ён не хаваў, што сваю перспектыву звязвае з Мінскам. Скончыўся тэрмін працы паводле размеркавання, і ён з'ехаў у сталіцу. Крыўдаваць не трэба! У кожнага – сваё жыццё, свае патрэбы, свой шлях...

Апошнім часам, аднак, робяцца захады, каб заахвоціць маладых спецыялістаў культурнай сферы працаваць на вёсцы. Скажам, калі раней новае жытло ў аграгарадках размяркоўвалі найперш сярод спецыялістаў-аграрыяў, дык цяпер у гэтым плане з імі зраўнавалі спецыялістаў-культуролагаў.

А ўвогуле мы робім стаўку на мясцовых, на тых, хто тут нарадзіўся і вырас, хто атрымаў адпаведную адукацыю і вярнуўся на радзіму. Ім не патрэбна адаптацыя да вёскі – яны проста вяртаюцца дадому...

Паводле слоў Алы Аляксандраўны, летась удвая, у параўнанні з пазамінулым годам, павялічылася бюджэтнае фінансаванне сферы культуры на Аршаншчыне: 2010 год – тры мільярды, 2011-ы – шэсць. Гэта ў асноўным – на зарплату спецыялістаў культурнай галіны і на «камуналку».

Я, прызнаюся шчыра, не ведаю, гэта многа ці мала – шэсць мільярдаў. Лічыце самі. У Аршанскім раёне – 260 паселішчаў, у якіх 30 дамоў культуры і сельскіх клубаў, 36 бібліятэк, дзве дзіцячыя музычныя школы, дзве школы мастацтваў і шыкоўны Цэнтр народнай творчасці ў Копысі.

Але Цярэнцьевай не падабаецца словазлучэнне «платныя паслугі» – яна мяркуе, што больш карэктна казаць аб «працы з насельніцтвам». А між тым культурная дзейнасць мусіць прыносіць прыбытак. Тры філарманічныя пляцоўкі ў раёне здольныя прыняць як самадзейных артыстаў, так і зорак прафесійнага мастацтва. Ад Міністэрства культуры краіны раён атрымаў два камплекты музычнага абсталявання – бясплатна. Але, на добры лад, такія падарункі трэба адпрацоўваць. Спадарыня Цярэнцьева, прыхільніца традыцыйнай культуры, асабліва ганарыцца арганізацыяй канцэрта хору імя Цітовіча. Кажа, вяскоўцы старэйшага пакалення чулі песні свайго дзяцінства і расчулена плакалі...

Але ж будучыня вёскі – моладзь. Для яе працуюць камп'ютарныя клубы, ладзяцца дыскатэкі. Я зыходжу са сталічных стэрэатыпаў, таму не ведаю, ці можна лічыць удалай дыскатэку, калі на яе прыходзіць сем–дзесяць чалавек (а такое, паводле слоў Алы Аляксандраўны, калі-нікалі здараецца). На маю думку, яны сваёй прысутнасцю не акупяць нават электрычнасць, што пайшла на асвятленне залы...

– Можа, і так, але нават ідучы на пэўныя страты, мы мусім захаваць асяродкі, дзе моладзь можа сабрацца і бавіць час. Добрая лічба для вясковай дыскатэкі – пяцьдзясят–шасцьдзясят чалавек. Сюды, бывае, і з горада моладзь завітае...

Копысь – мясцовы брэнд

Наступнае ў праграме, якую мне прапаноўваюць гаспадары, – мясцовы брэнд: Цэнтр народнай творчасці і рамёстваў у гарадскім пасёлку Копысь.

Ён сапраўды ўражвае, і не дзіва, што сюды возяць турыстаў. Госці з Расіі робяць вялікія вочы, калі даведваюцца, што ўсё гэта зроблена пад час «крызісу». Цэнтр утвораны на базе старога прамысловага будынка, адноўленага і пашыранага. Тут у некалькіх майстэрнях спецыялісты і аматары займаюцца пляценнем з лазы, працуюць з дрэвам, займаюцца ткацтвам і ганчарствам. Абсталяванне ганчарнага цэха дазваляе працаваць у традыцыйных тэхніках і эксперыментаваць. Пры цэнтры дзейнічае крама-салон, дзе можна не толькі набыць тое, што выстаўлена на паліцах, але і замовіць тую або іншую рэч паводле свайго густу. Ёсць камп'ютарны клуб, дзе гадзіна працы каштуе прыблізна столькі ж, як у Мінску – жэтон на метро.

На тэрыторыі цэнтра знаходзіцца капліца, якую з часам мяркуюць унесці у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны, і кавярня, куды прыязджаюць з Оршы, каб ладзіць вяселлі ды і з іншых нагод.

Керамічную вытворчасць у ЦНТіР плануюць пашырыць. Я наведаў установу ў святочныя дні і меў магчымасць пераканацца: гандаль у краме-салоне ідзе няблага. Народныя рамёствы, традыцыйныя тэхналогіі – запатрабаваны. Сёння. Але, маючы пэўны досвед у эканоміцы мастацтва, дазволю сабе асцярожны скептыцызм у стаўленні да дня заўтрашняга.

Утрымліваць такую ўстанову толькі для таго, каб тут бавілі час аматары народнага мастацтва, досыць праблематычна. Мяркую, цэнтр у Копысі можа быць рэнтабельным толькі тады, калі яго каштоўнае абсталяванне працуе з поўнай нагрузкай, выпускаючы прадукцыю ў прамысловых маштабах, а не як сёння – асобнымі ўзорамі і малымі серыямі. І рана ці позна так яно і будзе. Значыць, непазбежны выхад на рынак. І тут я згадаю, што яшчэ на пачатку 2000-х супрацоўнікі камбіната «Белмасткераміка» (гіганта ў сваёй галіне) непакоіліся з прычыны запаўнення беларускага рынку таннай керамікай з Кітая. А паглядзіце, што сёння на паліцах посудных магазінаў у сталіцы і правінцыі: "Made in China", прычым на любы густ. Плюс еўрапейскія брэнды. Думаючы пра заўтрашні дзень цэнтра ў Копысі, я звярнуў бы ўвагу на гэтую акалічнасць і прапанаваў ужо сёння парупіцца пра выпуск прадукцыі не проста звыклай для нас і экзатычнай для замежніка, але здольнай стварыць канкурэнцыю згаданым «інтэрвентам».

А дарэчы, каб сёння цэнтр выпускаў сувенірную прадукцыю з лагатыпам Беларускай чыгункі для фірменных цягнікоў, для продажу на вакзалах, для падарункаў VIP-гасцям транспартнага гіганта, дык, можа, прасцей было б размаўляць са спадаром Баравым і ягоным начальствам?

Смальяны: сённяшні дзень

І вось, нарэшце, мэта маёй вандроўкі – Смальяны. Першапачатковую інфармацыю пра статус і стан смальянскіх помнікаў дойлідства я атрымаў ад Іны Кавалеўскай, якая ў Аршанскай раённай бібліятэцы адказвае за маркетынг. Таксама пад яе апекаю – помнікі, што падлягаюць ахове дзяржавы. Дакладней, не самі помнікі (спадарыня Іна, вядома, не шпацыруе са стрэльбай па Смальянах, палохаючы патэнцыйных вандалаў), але дакументацыя па іх. Іна Іванаўна паказвае мне належным чынам аформленыя пашпарты гістарычных аб'ектаў Аршаншчыны. З фотаздымкамі. Пытаюся, у якім стане смальянскія аб'екты сёння, што змянілася з леташняга наведання вёскі нашымі карэспандэнтамі. Іна Кавалеўская адказвае, што калі класіфікаваць замак Белы Ковель, Аляксееўскую царкву і дамініканскі касцёл як «руіны», дык стан – здавальняючы: «Руіны яны і ёсць руіны». Вызначаны людзі, якія даглядаюць тэрыторыю вакол іх, выкошваюць траву, прыбіраюць смецце. Зараз вырашаецца пытанне з ахоўнай зонай помнікаў. Актаў вандалізму не было. «Зрэшты, можаце пераканацца самі на месцы: мы ж туды едзем».

У Смальянах найперш накіроўваемся ў сельсавет. Старшыні яго на месцы не было, так што замест яго з намі гутарыў той, хто ў дадзеным пытанні найбольш дасведчаны: кіраўнік справамі Смальянскага сельскага выканаўчага Савета Валянціна Хатулева. Яна паказвае мне дакументы, аналагічныя тым, што я бачыў у Оршы, а сярод іх – пастанова таго ж Савета аб замацаванні Спаса-Праабражэнскай царквы, дамініканскага касцёла і Аляксееўскай царквы за аграрным каледжам, а замка Белы Ковель – за мясцовай школай.

Па словах Валянціны Фёдараўны, большага мясцовая ўлада зрабіць для помнікаў пакуль не можа: няма грошай. «Нам не выдаткаваны сродкі на ахову». Але, дзякаваць Богу, ужо тры гады як не было актаў вандалізму. Дарэчы, настаяцель Спаса-Праабражэнскай царквы айцец Аляксандр здолеў адвадзіць мясцовых людзей ад завядзёнкі паліць вогнішчы ў руінах Аляксееўскай царквы.

– А ці маюцца нейкія планы па выкарыстанні гэтых помнікаў?

– Паўтаруся: усё ўпіраецца ў фінансаванне. Каб траву вакол руін скасіць, і тое заплаціць трэба... Вось сказалі б мне: «Твой касцёл!», – дык я не ведала б, што з ім рабіць. Нават не магу ўявіць суму грошай, якія патрэбны на яго адбудову. І тое ж – пра іншыя руіны.

– Скажыце, для мясцовай улады, для Смальян увогуле гэтыя помнікі дойлідства – нейкае насланнё, непатрэбны цяжар альбо падарунак лёсу?

– Безумоўна, падарунак лёсу! Мы распрацавалі свае, смальянскія, герб і сцяг, дык на іх – Белы Ковель. Але зразумейце нашы праблемы. Уявіце, што аднаўленнем Мірскага замка, яго прыстасаваннем да патрэб сённяшняга дня займаўся б выключна гарадскі пасёлак Мір...

Бачым, як у Смальянах спыняюцца аўтобусы з турыстамі. Людзі прыязджаюць спецыяльна, каб пабачыць гэтыя руіны. Мы ўсведамляем іх каштоўнасць. Добра, што Белы Ковель уключаны ў Рэспубліканскую праграму «Замкі Беларусі»: упэўнены, праз замак «дойдуць рукі» і да іншых аб'ектаў...

Перспектыва для руін

Раблю здымкі смальянскіх руін. Асабліва велічна, манументальна глядзіцца касцёл: шэры гмах на белым снезе. Прашу пад'ехаць бліжэй да замка. Шафёр адмаўляецца: ён не ведае, што там, пад снегам, і не хоча рызыкаваць. Раблю кадр здалёк.

Па вяртанні ў Оршу разважаем пра перспектывы Смальян. Згадваю музей Караткевіча. Выказваю меркаванне, што менавіта тут, ля смальянскіх муроў, наш народжаны ў Оршы геній упершыню адчуў грунт беларускай гісторыі і на ўсё жыццё натхніўся нацыянальнай ідэяй. Чаму б тут не з'явіцца філіялу аршанскага музея пісьменніка? Чаму б не ладзіць сюды спецыяльныя экскурсіі? Ідэя зацікавіла маіх суразмоўцаў. Іна Кавалеўская згадала, што ўсіх больш-менш важных гасцей Оршы ўсё адно сюды возяць, а такі кантэкст толькі надасць цікаўнасці прыезджых да Смальян. Марына Поляк дадала, што ў перспектыве замовіць для вёскі турнір з удзелам рыцарскіх клубаў Беларусі і замежжа. А як з'едуцца людзі, дык можна будзе зладзіць выступленні аматарскіх калектываў і гандаль сувенірамі ад ЦНТіР у Копысі.

«Праўда, трэба будзе пад такую імпрэзу пабудаваць нейкую гасцініцу і ўвогуле добраўпарадкаваць Смальяны», – дадае ў працяг Іна Іванаўна. Добра было б распачаць рэалізацыю гэтай ідэі селёта, у Год кнігі.

Што замінае перспектыве?

Гэта ідэя – на заўтра. А што перашкаджае культработнікам Аршанскага раёна зладзіць нешта падобнае ўжо сёння? Людзі з раённага аддзела культуры і працу сваю любяць, і кваліфікацыю адпаведную маюць. Можа, падсвядомае? Ёсць такое выслоўе: «У ценю вялікага дрэва нічога не расце». У дадзеным выпадку «вялікае дрэва» – гэта Віцебск са сваім грандыёзным «Славянскім базарам» і мастацкімі пленэрамі. Канцэнтрацыя культурных падзей у Віцебску пад час «... Базару» такая высокая, што наўрад ці хто з гасцей горада будзе шукаць уражанні за яго межамі – у Оршы ці, у прыватнасці, у Смальянах – няблізкім свеце, тым больш. Так што Аршаншчыне проста неабходна мець свой уласны брэнд, незалежны ад сталіцы вобласці.

Я разумею, што ў аддзела культуры райвыканкама і без крэатыўных ідэй хапае спраў. Абласное свята паэзіі ў Ляўках. На раёне толькі трэцяя частка бібліятэк камп'ютарызавана, а пажадана, каб – усе, бо тады адкрываецца выхад на віртуальную чытальную залу «Нацыяналкі». Галаўны боль для аддзела – адсутнасць Дома культуры ў Бабінічах. Яго будаўніцтва ўжо колькі гадоў адтэрміноўваецца. Трэба дбаць пра выкананне плана платных паслуг і пра шмат што яшчэ.

Ды, мабыць, не гэта галоўнае. Мяркую, што тыя-сія культработнікі не марнуюцца крэатыўнымі праектамі, бо не хочуць лішняга клопату і праблем. А навошта? Вось прапануеш нейкі праект, яго зацвердзяць, паставяць цябе выканаўцам. Могуць скараціць грошы на праект, але за невыкананне ўсё адно спытаюць. І, можа, нават жорстка.

Горад і раён у адміністрацыйным плане існуюць асобна. І, зразумела, калі гаворка ідзе пра фінансаванне культурных праграм, дык на першым месцы – горад. Святлана Чобат, начальнік аддзела культуры райвыканкама, кажа, што ёй нават у галаву не прыйшло звярнуцца па спонсарскую дапамогу, скажам, да Аршанскага чыгуначнага вузла ці да льнокамбіната, бо гэта – горад. «А на вёсцы багацеяў няма...». Тэзіс – спрэчны: не багацеі, але ўладальнікі пяці аграсядзіб, безумоўна, зацікаўленых у рэкламе, маюцца. На гэтым грунце з імі можна б знайсці агульную мову і атрымаць спонсарскія грошы. Дарэчы, адна з аграсядзіб знаходзіцца непадалёк ад Смальян. Чаму б турыстаў не вазіць спачатку паглядзець на Белы Ковель, а потым на абед – у згаданую сядзібу? А гаспадар за такую рэкламу, мабыць жа, будзе ўдзячны...

Сказана ж у Святым Пісанні: «Грукайце ў дзверы, і вам адчыняць». Здолеў жа падняць царкву, лічы, з нічога айцец Аляксандр...

Ад вандроўкі ў Оршу і на Аршанчыну ў мяне засталося складанае пачуццё: я разумею прычыны, якія нярэдка правакуюць інертнасць і аморфнасць у асяродку культработнікаў, і недзе ім спачуваю. Але не магу пагадзіцца з такім стаўленнем да прафесіі, да справы. Можна сказаць: «Няма ідэй, бо пад іх рэалізацыю няма грошай». Ды існуе і іншая логіка: няма грошай, бо няма ідэй. Ёсць такая формула: «Прапанова, ад якой немагчыма адмовіцца». Трэба шукаць спонсараў і рабіць ім менавіта такія прапановы.

Культура не павінна абмяжоўвацца дыскатэкай і канцэртам заезджай зоркі. Работнікі культуры – праваднікі дзяржаўнай палітыкі і захавальнікі маральных каштоўнасцей. Гэта цяжкая праца. А каму сёння лёгка? «Грукайце, і вам адчыняць».

Галерэя спонсараў ад «К»: Айцец Аляксандр – крэатыўны святар

Зрабіць здымак святара не атрымалася. Айцец Аляксандр пазбягае публічнасці, за выключэннем той, якая прадугледжана ягонай службай у храме. Ён мяркуе, што за чалавека мусіць гаварыць ягоная справа. Чалавек жа – толькі інструмент Боскай волі. Айцец Аляксандр цалкам адпавядае крытэрыям нашай «Галерэі спонсараў»: ён уласнымі высілкамі і сродкамі з дапамогай аднадумцаў аднавіў храм – помнік гісторыі і культуры.

Сёння ў Спаса-Праабражэнскай царкве – службы. Сам айцец Аляксандр жыве ў Оршы і ў нядзелю спецыяльна прыязджае да паствы. Іна Кавалеўская і дырэктар Цэнтральнай раённай бібліятэкі Марына Поляк раяць пачакаць заканчэння службы і пагутарыць з айцом Аляксандрам. Ён – постаць легендарная. Служыць у Смальянах цягам чатырох гадоў. Дзякуючы ягонаму, так бы мовіць, крэатыву (раней сказалі б: «подвижничеству»), старая царква быццам наноў адрадзілася. Дзеючай яна была заўжды, але рэальна служба ў ёй магла весціся толькі ў цёплую пару года: царква – драўляная, ацяплення не было. Засмечанае скляпенне не скарыстоўвалася. Першае, што зрабіў айцец Аляксандр, – гэта давёў да ладу гэтае самае скляпенне (па-царкоўнаму – «крыпта»), каб там можна было весці паўнавартасную службу і не залежаць ад надвор'я. А потым узяўся за верхняе памяшканне...

Мяркую, што даўно ў Смальянах не было такога апантанага краязнаўца. Святар зрабіў раскопкі не толькі ў царкве, але і ў архівах, дзе знайшоў цікавыя дакументы, датычныя гісторыі сваёй царквы і Смальян увогуле. Дарэчы, цэгла падмурка, на думку айца Аляксандра, выраблена, хутчэй за ўсё, у XVI стагоддзі. Значыць, узрост храма – значна большы, чым пазначана ў даведніках.

Я запытаў святара, дзе ён знайшоў грошы на царкву. Айцец Аляксандр адказаў, што абнавіць храм без асаблівых намаганняў можна было яшчэ напрыканцы 1980-х: тады для рамонту і рэстаўрацыі было набыта будаўнічых матэрыялаў на велізарную па савецкім часе суму – 25 тысяч рублёў! Але час ішоў, у царкве адзін за адным змяняліся святары, а да рамонту ні ў каго рукі не даходзілі. Будаўнічых жа матэрыялаў станавілася ўсё менш і менш, пакуль яны не зніклі зусім...

Айцец Аляксандр мусіў скарыстаць на рамонт уласна заробленыя грошы. Справа ў тым, што ў беднаватым смальянскім прыходзе выжыць праз ахвяраванні вернікаў было немагчыма, і святару даводзілася мець дадатковую працу «не па прафесіі». Ягоныя грошы плюс ахвяраванні, бескарыслівая праца святара і вернікаў як будаўнікоў... І ў выніку – храм жыве! Яшчэ я запытаўся ў айца Аляксандра, чаму ён, з ягоным арганізацыйным талентам, з ягонай харызмай, служыць тут, а не ў Оршы ці Віцебску.

– Служыў я і ў Віцебску, служыў у Оршы, але найбольш патрэбны тут, у Смальянах. Маю ў планах Межава: там таксама трэба храм аднаўляць...


Рубрики: Внутренний Туризм Проблемы

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах