https://www.traditionrolex.com/8
<p>Вясна – час самазабойцаў і веласіпедыстаў. Беларусы не адстаюць ад прагрэсіўнай часткі свету і тысячамі перасаджваюцца на байкі</p>

Як паведамляе  34mag.net:

Вясна – час самазабойцаў і веласіпедыстаў. Беларусы не адстаюць ад прагрэсіўнай часткі свету і тысячамі перасаджваюцца на байкі. Хтосьці паўгода збірае на апошнюю тэхнічную навінку, хтосьці стрэсвае пыл з «Буслоў» часоў юнацтва. Калі гэтая любоў напаткала цябе нядаўна, і з чаго пачынаць – не зразумела, чытай парады бывалых велааматараў. І потым не кажы, што мы не папярэджвалі!

Tip 1. Асноўныя тыпы веласіпедаў

Існуе дзве асноўныя катэгорыі веласіпедаў для outdoor актыўнасці – горныя і шашэйныя. Горныя – пазадарожнікі для перасечанай мясцовасці, іх стыхія – горы, пагоркі, сцяжынкі, пясок. Іх адрознівае трапецападобная нізкая рама, шырокія колы; амартызацыйных відэльцаў (частка, да якой мацуецца пярэдняе кола) можа быць два.

Шашэйныя прызначаныя для гонак на хуткасць па добрым асфальтавым пакрыцці. Лёгкая і цвёрдая рама, відэлец не амартызаваны – усе ямы адчуваюцца на ўласнай дупе, руль – баранчыкам. Вельмі вузкія колы, за кошт меншай счэпкі з дарогай хутка разганяюцца, таму веласіпед трэба добра кантраляваць.

Для ўмоў горада больш зручныя гібрыдныя байкі, прызначаныя для перасоўвання з кропкі ў кропку. Лягчэйшыя за горныя, колы – сярэднія па шырыні. Амартызацыйны відэлец, простае стырно, магчымасць паставіць багажнік і кошык. Надзвычай зручныя складныя байкі – яны лёгкія, можна скласці і паставіць пад стол, можна насіць на плячы ў спецыяльнай сумцы. У Мінску энтузіясты наладзілі выраб мадэлі «Спадарожнік». 

Tip 2. Калі ты моднік

Асобна стаяць модныя fix’ы – прыгожыя і без тармазоў. Гэта веласіпеды, пабудаваныя на аснове трэкавых рам, усё прызначана для таго, каб разганяцца, разганяцца і разганяцца. Ёсць некалькі тэхнік тармажэння – блакаванне педаляў за кошт кручэння нагамі. Дарога адчуваецца вельмі добра, аднак для чалавека без вопыту такія веласіпеды могуць аказацца небяспечнымі. Можна паставіць тормаз асобна, але фіксы мінімалістычныя ў дызайне, таму ўвесь цымус знікне. «Я яго браў бы як другі ці трэці веласіпед, – падводзіць вынікі велаактывіст Раман. – Гібрыд – па горадзе, шосер – каб з’ехаць за 200 км у Вільню, горнік – пакалясіць у лесе, а фікс – каб павы***вацца».

Tip 3. Тэхніка выкарыстання

Для руху па горадзе хапае чатырох ці пяці хуткасцей. Чым большы ўхіл – тым меншая перадача, тым больш абаротаў трэба зрабіць педалямі. Калі хтосьці едзе па роўнай дарозе без ухілаў і малоціць нагамі так, што за каленямі не відаць веласіпед – няправільна абраў перадачу. Гэта пытанне асабістага густу, але калені ў вас адны, калі іх не берагчы – будзе балюча.

bike_big2

Tip 4. Прывозіць ці купляць тут?

Мае сэнс перажываць гемарой з праходжаннем мяжы, толькі калі чагосьці няма ў нас. Колькі выдаткаваць на веласіпед? «Столькі, колькі ёсць грошай, якія вы гатовы на яго выдаткаваць. Груба кажучы – 300–500 долараў», – прыкідвае Раман.

Можна з’ездзіць у краму, паслухаць парады, а потым пашукаць тыя ж мадэлі б/в на форумах. Напрыклад, на poehali.net. Паводле іншага інфарматара і фаната веласіпедаў Яўгена Герасіменкі, у Літве ёсць сапраўднае эльдарада: «Пачынаючы з мая гарадок Рыетавас ператвараецца ў суцэльны блашыны рынак, дзе можна ледзь не за 100 літаў набыць б/в веласіпед. У Вільні іх перапрадаюць ужо за 800 літаў». Калі у каго ёсць віза і час, праверце інфу.

Tip 5. Прыбамбасы

Абавязкова патрэбнае святло – пярэдні і задні ліхтар; пажадана, але не абавязкова – шлем. Прасунутыя набываюць велакамп’ютары, якія паказваюць хуткасць і пройдзеную адлегласць. Можна і з лічыльнікам кадэнсу (колькасці абаротаў педаляў за хвіліну). Калі кадэнс большы за 80–110, то гэта, па-першае, неэфектыўна, па-другое, можа быць шкодна для суставаў. І не забывайце пра званок, каб распуджваць пешаходаў. Ёсць надзвычай гучныя пнеўмадудкі – яны ставяцца на месца пляшкі.

Tip 6. Штрафы

Асноўныя штрафы – за пераезд пешаходных пераходаў. Паводле правіл, трэба пераходзіць пешшу. Іншая падстава для атрымання штрафу – праезд па дарозе. Дакладней, «трэба ехаць па веладарожцы. У выпадку немагчымасці – па тратуары, у выпадку немагчымасці руху па тратуары – за паўтара метра ад яго. Аднак немагчымасць руху па тратуары даішнік і веласіпедыст трактуюць па-свойму. І даішнік заўсёды мае рацыю», – без запінкі выдае Яўген. Штраф – ад адной базавай велічыні, то бок 100 тысяч з 1 красавіка.

Tip 7. Хібы, або Рыхтуемся да горшага

Галоўная праблема – бардзюры. Нават на новых дарогах будуюцца такія, што хрэн залезеш. Менавіта таму градацыя прыдатных велікаў ва ўмовах Мінска змяняецца – ці не самымі аптымальнымі аказваюцца неўміручыя горныя. Таму гарадскім уладам было б варта ведаць, што безбар’ернае асяроддзе важнае як для інвалідаў-вазочнікаў, так і для моднікаў, што не хочуць забіць свае прывабныя круізэры за адзін сезон.

Адмысловых парковак у Мінску мала, некаторыя з іх не вельмі зручныя, і ў любым выпадку трэба выкарыстоўваць веласіпедныя замкі. Увогуле прышпіліць веласіпед можна да любога дрэва, парэнчаў або якой іншай жалязякі. Калі падасца ненадзейным – можна зняць сядло, калі не лянота цягаць яго з сабой па кавярнях і барах.

Таксама даводзіцца змагацца з неразвітаю грамадскаю свядомасцю пешаходаў. «Мамы з каляскамі не шпацыруюць па МКАД не толькі таму, што загазавана – збіць могуць. Але тыповая рэакцыя пешахода на веласіпеднай дарожцы на веласіпедыста – лямант: «Дэбіл!» – кажа Яўген.

Tip 8. Веладарожкі

Адмысловых веладарожак пакуль дзве. Адна – рэкрэацыйная, шырокая, з Драздоў у Чыжоўку. Калі хтосьці жыве ў Драздах, а працуе у Чыжоўцы – вельмі зручна! «Аднак па нормах яна не праходзіць – з’езд з тратуара з аграменнымі бардзюрамі. Пешаходны мост роўны, а веласіпедны – такі, што я мала ведаю веласіпедыстаў, якія пераадольваюць яго без мацюкоў», – кажа Яўген.

Другая веласіпедная дарожка з’явілася літаральна восенню, на кавалку пр-та Незалежнасці ад вул. Янкі Купалы да Філімонава. З адмысловай разметкай, якая дазваляе не спыняцца на пераходах. «Аднак яе правялі па ўсіх каналізацыйных люках, якія там сустракаюцца», – дадае Раман. Беларуская асацыяцыя экспертаў і сюрвеераў на транспарце разам з ДАІ ды выканкамам распрацавала праграму развіцця веласіпеднай інфраструктуры горада, якая ў наступныя тры гады абяцае нам 500 км дарожак.

Tip 9. Крытычная маса 

Безумоўныя плюсы валодання веласіпедам – будзеш зберагаць навакольнае асяроддзе, падкачаеш попу і ногі, забудзеш аб праблемах з грамадскім транспартам і пашырыш кола знаёмстваў. Веласіпедысты гуртуюцца разам, каб прыцягнуць увагу да праблем ровар-кам’юніці, дабрацца з мікрараёна на працу ці проста паездзіць.

Свядомым веласіпедыстам можна быць круглы год, адзінае абмежаванне працягласці веласезону – тваё ўласнае жаданне. Нават зімой можна катацца, існуе спецыяльная шыпаваная зімовая гума – аднак тычыцца гэта хутчэй горных веласіпедаў, якія ўвогуле прызначаныя для непрыдатных умоў.

Tip 10. Што яшчэ варта ведаць

Абавязкова піце ваду кожныя 15–30 хвілін – арганізм хутка абязводжваецца, што шкодна для суставаў. Лепей вазіць з сабой у бутэльцы і набіраць у калонках у прыватным сектары – бо калі ўвесь час купляць у крамах, атрымаецца даражэй за бензін.

Некаторыя першы час моцна пацеюць, таму бярыце з сабой зменную вопратку.

Не трэба вазіць яйкі і ноўтбук у кошыку – дробная трасяніна псуе рэчы. Далікатныя рэчы лепш вазіць у заплечніках.

Ездзіць з флікерам не сорамна! Або можна завесіць колы спецыяльнымі шнурамі (акрылавыя трубкі, унутры – агеньчыкі, працуе ад батарэек) – бачна будзе ў сто разоў лепей.

Апранайце вопратку яркіх колераў – аранжавы, пурпуровы, фіялетавы – так вас лепш бачна аўтамабілістам.

Існуе пэўная колькасць праграм пад Android і Apple, якія дазваляюць сачыць за маршрутам, хуткасцю, выдаткаваным часам, вышынёй уздыму. Напрыклад, My tracks або Strava – апошняя ўвогуле працуе паводле прынцыпу сацыяльнай сеткі для веласіпедыстаў. 

Пажадана праходзіць ТА ў канцы і на пачатку сезону. Ёсць шмат тэхмайстэрняў, адны з самых папулярных – Dragonbike на вул. Куйбышава і майстэрня на вул. Станіслаўскага.

map_velo_minsk

https://www.traditionrolex.com/8