https://www.traditionrolex.com/8
<p>Дзвіна можа стаць прыкметным экскурсійным маршрутам. Водны турызм запатрабаваны ва ўсім свеце, так што для прадпрымальнікаў тут, як гаворыцца, работы – непачаты край</p>

Як паведамляе «Народнае слова»:

Большасць самых вядомых гістарычных мясцін Віцебскага раёна знаходзіцца на Дзвіне. Гэта і зразумела, бо каля вады людзям заўсёды было лягчэй пракарміцца. Ды і гандаль у старажытнасці ў асноўным вёўся па галоўных на той час транспартных камунікацыях – рэках. Па тэрыторыі Беларусі (лічы Віцебшчыны) Дзвіна цячэ на працягу 328 км (агульная даўжыня 1020 км), і большая частка – у межах сучаснага Віцебскага раёна. А свой пачатак «бурштынавая рака» бярэ ў Расіі, на Валдайскім узвышшы, усяго ў 14 км ад вытоку Волгі.

У 1998 годзе рэдакцыя газеты «Народнае слова» разам з калегамі з «Тверской жизни» была арганізатарам міжнароднай экспедыцыі па Заходняй Дзвіне – ад вытока да Віцебска. Эколагі, археолагі, гісторыкі і журналісты за два тыдні прайшлі на байдарках 400 км. Кожны працаваў па сваім напрамку і вярнуўся з масай уражанняў. Мы агледзелі старажытныя гара­дзішчы, вялікія дубровы, падвясны мост, які злучае Пскоўскую і Цвярскую губерні. Назіралі за палётам чорнага бусла і паляваннем скапы. Бачылі, як плёхае вяртлявая выдра і пераплывае раку рагаты лось…

Дзвіна можа стаць прыкметным экскурсійным маршрутам. Водны турызм запатрабаваны ва ўсім свеце, так што для прадпрымальнікаў тут, як гаворыцца, работы – непачаты край.

А на тэрыторыю Беларусі Дзвіна заходзіць у месцы, дзе з правага берага ў яе ўпадае ручай Алеська, праз некалькі кіламетраў на гарызонце з’яўляецца першы буйны населены пункт.

Сураж

У фальклоры віцябчан захавалася выслоўе «Ці ты ў Сураж хадзіў?» (рускі аналаг – «Тебя только за смертью посылать»). Такое пытанне задавалі чалавеку, якога адправілі за нечым і доўга чакалі. У гэтым выслоўі адчуваецца пэўная фанабэрыя віцябчан да суражан як да жыхароў «мядзвежага кута».

Сураж, які размешчаны за 40 кіламетраў ад Віцебска, упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах у ХVІ ст. У 1563 годзе ў сутоках Дзвіны і Касплі быў пабудаваны замак. Крыху пазней горад атрымаў герб – у сярэбраным полі мур з трыма вежамі.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны на Суражчыне была створана і дзейнічала І Беларуская партызанская брыгада на чале з Героем Савецкага Саюза Мінаем Піліпавічам Шмыровым. Аднойчы акупанты ўзялі ў закладнікі чатырох дзяцей партызанскага камандзіра і 14 лютага расстралялі іх. У гонар загінуўшых каля мясцовай школы ўстаноўлены помнік.

У Суражы дзейнічае адзіны на Дзвіне паром. Захаваліся старыя яўрэйскія могілкі. Гарпасёлак знаходзіцца ў вельмі маляўнічым месцы. Апошнім часам тут актыўна выкупляюць дамы пад дачы жыхары не толькі Віцебска, але нават Мурманска і Санкт-Пецярбурга.

Вялікія Лётцы

Гэты населены пункт вядомы санаторыем «Лётцы», дзе лечаць сардэчна-сасудзістыя захворванні. А ў пачатку ХХ ст. ён быў вядомы батанічным садам, які заклаў навуковец Уладзімір Адамаў. Тут было сабрана больш за 700 відаў раслін. Пасля рэвалюцыі У. Адамаў стаў стваральнікам батанічнага сада Беларускага дзяржуніверсітэта.

Тут захаваўся двухпавярховы сядзібны дом Адамавых, рэшткі сада, брукаваны ўчастак старога Полацкага шляху, а таксама гарадзішча на беразе возера.

Заказнік «Чортава барада»

Знаходзіцца на ўскрайку Віцебска, на правам беразе Дзвіны паміж рачным портам і новым мастом, і мае плошчу 58,3 га. На вельмі стромкім адхіле растуць векавыя дубы, сосны, елкі, ліпы, ясені, а таксама некаторыя расліны, занесеныя ў Чырвоную кнігу. Сваю назву заказнік атрымаў, магчыма, з-за мыса, які ўзнік пры рэзкім павароце ракі. Паводле старажылаў, гэтае месца здавён лічылі гіблым, бо тут хуткая плынь чаргуецца з глыбокімі вірамі, водмелямі і каменнымі градамі. Назва таксама мае і відавочны язычніцкі след, тым больш што недалёка знаходзілася Лысая гара – месца пакланення старажытным багам.

Для кагосьці будзе адкрыццём, што піраты займаліся рабаўніцтвам не толькі ў Карыбскім моры і іншых акваторыях Сусветнага акіяна, але і на рэках. Па некаторых звестках, у даўнейшыя часы віцебскія прыхільнікі «вясёлага Роджэра» чакалі сваіх ахвяр менавіта на Чортавай барадзе. Яны сядзелі на высокай гары, а мо і на разга­лінаваннях магутных дубоў і, як салаўі-разбойнікі, углядаліся ўдалячынь. Шкіперам купецкіх караванаў трэба было ювелірна прайсці гэтае месца, каб не натрапіць на каменны рыф ці сесці на водмель, бо іначай судны чакаў абардаж.

Заронава

У 1986 годзе настаўніца беларускай мовы і літаратуры Людміла Нікіціна стала ініцыятарам стварэння народнага музея пры Заронаўскай школе. З цягам часу яго экспазіцыя пашыралася, і цяпер можна паглядзець на артэфакты гісторыі краю, у тым ліку і старажытнай. Многія экспанаты знойдзены проста на агародах. Усяго ў народным музеі 5 залаў і больш за 13 (!) тысяч экспанатаў. За мінулы год яго наведалі 1309 чалавек, сярод іх расіяне, украінцы, малдаване, немцы, кітайцы. Быў нават «адзін англічанін з Лондана», дык яго захапленне не паспяваў тлумачыць перакладчык.

Восенню 2001 года, калі ў Нью-Ёрку тэрарысты атакавалі вежы-блізняты Сусветнага гандлёвага цэнтра, на старых могілках у Заронаве з-пад зямлі пачалі «расці» каменныя крыжы. Многія мясцовыя жыхары прынялі гэтае супадзенне за знак апакаліпсісу. А іншыя прыдумалі новы звычай – прыкладаюцца да крыжоў левай рукой і загадваюць жаданне.

Вымна

Гэты населены пункт стаіць на беразе аднайменнага возера. Тут ёсць брацкая магіла 450 воінаў і партызан, што загінулі пры яго вызваленні. Сярод пахаваных і Герой Савецкага Саюза Анатоль Углоўскі, які кінуўся з гранатай пад варожы танк. За 6 км ад вёскі, на  скрыжаванні дарогі Віцебск–Сураж, устаноўлены помнік герою.

Вымна з’яўляецца радзімай Мікалая Нікіфароўскага, аўтара вядомых работ па этнаграфіі і краязнаўстве Віцебшчыны. У мясцовай школе створаны музей земляка.

Тадуліна

На ўсходнім беразе возера Вымна ў цяперашняй вёсцы Тадуліна каля 1740 года ваявода Тадэвуш (Фадзей) Агінскі заснаваў уніяцкі Успенскі базыльянскі мужчынскі манастыр. У 1842 годзе яго перадалі праваслаўным, а пазней асвяцілі ў жаночую абіцель. Манастыр зруйнаваны ў сярэдзіне ХХ ст., захаваліся нешматлікія рэшткі, ёсць планы па яго ўзнаўленні.

Копці

Самая галоўная адметнасць гэтага населенага пункта – мемарыял імя Ленінскага камсамола. Дамінантай комплекса з’яўляецца танк Т-55, перададзены Міністэрствам абароны Беларусі ў сярэдзіне 1990-х. Тут у брацкіх магілах пахавана каля 3 тысяч вызваліцеляў. Такой колькасці помнікаў, прысвечаных людзям розных нацыянальнасцяў і ўсталяваных у адным месцы, бадай, нідзе не пабачыш: стэла ў гонар воінаў 33-й і 39-й армій, помнік загінуўшым воінам-татарам…

У 1944 годзе каля вёскі Копці на палявым аэрадроме «Дуброўка» дыслацыравалася эскадрылля «Нармандыя–Нёман», пра што сведчыць памятны знак. Некаторыя падзеі з вядомага кінафільма адбываліся менавіта пад Капцямі. Напрыклад, як падчас перабазіравання на новы аэрадром пілот Марыс дэ Сейн пасадзіў за бронеспінкай знішчальніка Як-9 свойго механіка Уладзіміра Белазуба. У паветры самалёт сапсаваўся. Марыс мог пакінуць задымленую машыну, але ў яго рускага сябра не было парашута…

Руба

Сучасны гарадскі пасёлак Руба вядомы з пачатку ХІХ ст. як цэнтр фальварка, у які ўваходзілі 4 вёскі Вярхоўскай воласці Віцебскага павета. Магчыма, назва паходзіць ад старажытнага наймення Дзвіны – Рубон (ад лац. rubeus – чырвоны, з-за наяўнасці ў вадзе чырванаватых вокіслаў жалеза). У 1932 годзе тут быў заснаваны вапнавы завод, з якога пачыналася аб’яднанне «Даламіт». Дарэчы, кар’ер «Гралёва» (ад назвы вёскі, што была на яго месцы) так заглыбіўся ў зямны шар, што апроч вытворчых задач можа выкарыстоўвацца і як турыстычны аб’ект. Калі стаіш на ўскрайку «кратара», то магутныя «БелАЗы» ўнізе падаюцца мурашамі. А на адпрацаваных участках кар’ера паўстае малады лес і месцяцца невялікія азёры.

Рубаўскія парогі на Дзвіне здавён з’яўляліся галаўным болем для рачнікоў і плытагонаў. Галоўная рака Віцебшчыны ў гэтым месцы неглыбокая, што спрыяе росквіту рэдкай воднай расліны – цынклідотуса дунайскага, занесенага ў Чырвоную кнігу. Улетку з маста праз Дзвіну добра відаць, як прывольна пачувае сябе калонія воднага моху, бо ён можа расці толькі на мелкаводдзі і менавіта на даламітавых парогах.

Калі ў канцы ліпеня Дзвіна перасыхае, адкрываюцца цэлыя пласты даламіту, па якіх можна прайсціся ледзь не да сярэдзіны русла. А што тычыцца непасрэдна здабычы карысных выкапняў у Рубе, то яна вялася задоўга да адкрыцця тутэйшага вапнавага завода. Яшчэ мастак Рэпін згадваў лайбы – вялікія парусныя чаўны, якія дастаўлялі адсюль вапну ў Віцебск.

Здраўнёва

Каб не карціны Ільі Рэпіна «Запорожские казаки пишут письмо турецкому султану» і «Бурлаки на Волге», пра гэтае маляўнічае месца Віцебшчыны цяпер бы мала хто ведаў. Справа ў тым, што мастак прадаў два свае знакамітыя творы самому цару Аляксандру ІІІ за вельмі вялікія на той час грошы – 32 тысячы рублёў. За выручаныя сродкі І. Рэпін у маі 1892 года набыў маёнтак у Здраўнёве, дзе па ўласным праекце пабудаваў дом. Мастак правёў у новай летняй рэзідэнцыі восем гадоў. Адной з першых здраўнёўскіх работ была карціна «Белорус. Портрет Сидора Ивановича Шаврова».

 Цікавыя ўражанні Рэпіна пра новае месца пражывання. У пісьмах сябрам ён паведамляў: «Край теплый, народ разнообразный. Есть белорусы (господствующее племя), поляки, литва и евреи!..». «Славный народ белорусы, очень похожи на хохлов, только работящее, скромнее и добродушнее».

Мастак любіў Дзвіну: «Мимо часто проходят лайбы с огромными парусами, величественно проходят вверх против течения; часто их тянут бурлаки, партиями от 4 до 11 человек, влегши крепко в свои полотняные лямки, и свесив головы, часто без шапок, они держат в руках по шесту и тяжело переступают в лаптях, а иногда и босиком – мелкий щебень на берегу довольно острый – ничего».

big

Сядзіба Рэпіна

Пад пэндзлем Рэпіна магла нарадзіцца яшчэ адна карціна пра цяжкую працу бурлакоў. Напрыклад, з назвай «Бурлаки на Западной Двине». Але далей накіду выявы моцных і мужных людзей справа не пайшла. Відаць, тэма бурлакоў была дэталёва распрацавана на Волзе.

Музей-сядзіба Ільі Рэпіна адкрыта ў 1988 годзе і знаходзіцца недалёка ад Рубы на супрацьлеглым беразе Дзвіны. Раім наведаць. Экскурсіі вядуцца на рускай ці беларускай мове. Кантактны тэлефон (8-0212) 29-16-73.

Сяргей Кавалеўскi

Фота Антона Сцепанішчава

https://www.traditionrolex.com/8