https://www.traditionrolex.com/8
<p>Алесь Дзянісаў: Калі ты не рамантык, то не зразумееш падарожнікаў</p>

Як паведамляе сайт Беларускія рэгіянальныя навіны:

«Маё захапленне веласіпедам пачалося, напэўна, з дзяцінства. Мы з хлопцамі са двара ўсе былі на веласіпедах. Падлеткамі любілі паездзіць па наваколлях горада. Нейкія трампліны ў лясах будавалі, нейкія спаборніцтвы рабілі і г.д. – усё тое, што сёння б назвалі грамадскай ініцыятывай.

Жартую, канешне, але ёсць, што ўзгадаць. Самымі распаўсюджанымі, наколькі не памыляюся, былі веласіпеды чатырох відаў: «Школьник», «Орлёнок», «взрослик» з колами 28 дзюймаў і «раскладушка» «Аист».

У мяне быў «раскладзік». Былі і свае прыбамбасы: апляталі каляровым дротам колы, вешалі шмат катафотаў, рабілі з гумы доўгія пырскавікі, сядло ўпрыгожвалі махрой і г.д. Усё гэта смешна зараз нават узгадваць, не тое, каб едзіць па горадзе. А тады была такая мода. Былі і наогул дзівосныя вычварэнні: ставілі, напрыклад, замест веласіпеднага тырна – тырно ад аўтамабіля.

1

Пра свае веласіпедныя падарожжы Алесь Дзянісаў распавядае наступным чынам: «Я не так шмат дзе ездзіў, але пачынаючы з 2006 года, калі мы з Вундзерам ды Перчыкам паехалі з Гродна ў Навагрудак, я заўсёды знаходзіў час на падарожжа.

2

У асноўным мы ездзім па Беларусі, тым больш, што тут на гадоў 10–15 хопіць месцаў, дзе пабываць! А якая прырода ў нас прыгожая! Навошта я буду пра гэта казаць, калі і так усё зразумела. І не трэба ніякіх табе асаблівых падрыхтовак, вялікіх грошай.

3

Сядай на веласіпед – і паехаў. Ёсць, канешне, умовы: трэба быць фізічна падрыхтаваным, ездзіць на веласіпедзе не два разы на месяц. А то неяк мы з сябрамі ўзялі з сабой хлопца ў невялікі паход, як кажуць, паход выхаднога дня, а той не вытрымаў, 17 кіламетраў праехаў і павярнуў назад у горад.

4

Пажадана яшчэ мець веласіпедныя сумкі на багажнік, а то можна спіну надарваць,  запчасткі з сабой набіраеш таксама; а ў астатнім – бярэш звычайны турысцкі набор: намёт, коўдрыкі, спальнікі, сякеру і г.д.

Што датычыцца самага далёкага падарожжа, то я ездзіў у Карпаты на Украіну ў 2010 годзе. Тыдзень ганялі па гарах. Дагэтуль не прывёў яшчэ ў парадак свае запісы. У кожным паходзе я вяду бартавы дзённік. Як будзе час, то вывешу ўсе свае запісы на сайце гродзенскіх веласіпедыстаў.

5

Музыка кажа, што кожны падарожнік мусіць быць рамантыкам:

– Калі ты не рамантык, то не зразумееш падарожнікаў. І няважна, якім ты турызмам займаешся: пешым, водным ці веласіпедным. У кожнага віда свае складанасці, свае перамогі, свае «фішкі», як кажуць. Мяне больш прываблівае веласіпед. На словах не растлумачыць тое, што трэба паспрабаваць на сваёй скуры.

6

Апроч сваіх падарожжаў, Алесь яшчэ і актывіст руху веласіпедыстаў – «Крытычнай масы». Пра тое, што для яго «Крытычная маса», Алесь кажа наступнае:

– «Крытычная маса», калі яе браць не толькі як акцыю, але і з’яву, мае канкрэтныя мэты: змаганне за правы веласіпедыстаў і папулярызацыя веласіпеда як альтэрнатыўнага віду транспарту. Паралельна «КМ» прапагандуе здаровы лад жыцця, накіроўвае ўвагу на экалагічныя праблемы горада, у першую чаргу – забруджанасць гарадскога паветра ад вялікай колькасці аўтамабіляў на нашых вуліцах.

Андрэй Мялешка

https://www.traditionrolex.com/8