https://www.traditionrolex.com/8
<div class="annot">Як жа прывабіць турыста «ў госці» да Янкі Купалы і Якуба Коласа на ўлонне прыроды, што ўдалечыні ад шумных чыгуначных і аўтамабільных шляхоў?</div>

Як паведамляе «Культура»:

Сённяшняга – як айчыннага, так і замежнага – турыста здзівіць надзвычай цяжка. І калі гэта атрымліваецца, то часцей за ўсё – за кошт нацыянальнага каларыту: народных аўтэнтычных абрадаў, адметнай беларускай прыроды. У гэты спіс хочацца дадаць і літаратурны складнік, бо нават нашаму суайчынніку спазнаць свой родны край, падаецца, немагчыма без судакранання з творчасцю тых жа славутых Песняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Здавалася б, якія тут могуць быць цяжкасці: акрамя «асноўных» музеяў нашых класікаў дзейнічае яшчэ і некалькі іх філіялаў, размешчаных на прасторы маляўнічай прыроды. Аднак калі турыст і завітвае ў літаратурны музей, то часцей – у музей цэнтральны. Балазе размешчаны яны ў цэнтры беларускай сталіцы. Праўда, і з філіяламі справа не адназначная. Так, Акінчыцы, дзе нарадзіўся Якуб Колас, уваходзяць у тэрыторыю горада Стоўбцы і маюць зручны пад'езд. Таксама, як і Вязынка – месца нараджэння Янкі Купалы, – побач з якой дзейнічае чыгуначная станцыя. Разам з тым вельмі цікавымі ўяўляюцца іншыя мемарыяльныя сядзібы, дзе ўшаноўваецца памяць нашых класікаў, але ім не так пашанцавала са зручным геаграфічным размяшчэннем. Як жа прывабіць турыста «ў госці» да Янкі Купалы і Якуба Коласа на ўлонне прыроды, што ўдалечыні ад шумных чыгуначных і аўтамабільных шляхоў?

Наводдаль ад «радзівілаўскага» маршруту

Над гэтым пытаннем пастаянна задумваюцца і ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. Так, калі распрацоўваўся турыстычны маршрут «Мінск – Нясвіж – Мір», дырэктар музея Зінаіда Камароўская ўзнімала пытанне пра ўключэнне ў яго і мемарыяльных музейных сядзіб, паколькі бацька Якуба Коласа доўгі час працаваў лесніком на тэрыторыі, што належала Радзівілам. На жаль, турфірмы не адгукнуліся на такую прапанову, матывуючы гэта «і так насычанай праграмай аднадзённага падарожжа».

Тым не менш сёння турысту не складзе цяжкасці знайсці турыстычную арганізацыю, якая прапануе экскурсію з Мінска на радзіму Якуба Коласа. Для гэтага патрэбна набраць у інтэрнэце адпаведны запыт. Аднак трэба ўлічваць той факт, што падарожжа адбудзецца толькі пры наяўнасці пэўнай колькасці ахвотных трапіць на Стаўбцоўшчыну. А ці ўдасца сабраць цэлы аўтобус? Так, пры размове з прадстаўнікамі некалькіх айчынных турфірм пад час Міжнароднай выстаўкі «Адпачынак-2012» высветлілася, што цяпер запатрабаванасць «літаратурных» маршрутаў – вельмі нізкая. Ды і тое, большая частка ахвотных трапіць у госці на радзіму Якуба Коласа – айчынныя школьнікі, дзякуючы якім і запаўняюцца аўтобусы. У гэтай сувязі вялікія спадзяванні звязваюцца з маштабным святкаваннем юбілеяў класікаў нашай літаратуры, што дазволіць неяк актывізаваць патэнцыйных турыстаў. Да таго ж, на думку агентаў, з надыходам цёплага надвор'я традыцыйна павялічваецца попыт на падарожжы на ўлонне прыроды.

Акрамя таго, каб не ехаць у беларускую сталіцу, аматары творчасці нашага Песняра з рэгіёнаў могуць пачаць сваё падарожжа і з саміх Стоўбцаў. Да прыкладу, сектар падарожжаў і экскурсій мясцовага аўтапарка прапануе наведаць сядзібы ў Акінчыцах, Альбуці, Смольні. І кошт пры гэтым – значна таннейшы, чым ў прайсе сталічных фірм, што зразумела: да гэтых аб'ектаў са Стоўбцаў «рукой падаць».

Можна прыехаць у тую або іншую сядзібу і з «шыкам» – на таксі, аднак не кожная машына пагодзіцца паехаць у яшчэ адну мемарыяльную сядзібу Якуба Коласа – Ласток, што за 12 кіламетраў ад вёскі Мікалаеўшчына. Як высветлілася, з-за вельмі кепскага стану дарог не дабрацца туды і экскурсійным аўтобусам... І гэта прытым, што ў Ластку знаходзіцца хата, дзе жыў Якуб Колас з бацькамі з 1885 па 1890 гады. Дом літаральна цалкам захаваў сваё аўтэнтычнае аблічча.

Тым не менш кіраўніцтва музея спадзяецца, што «дарожнае пытанне» ў бліжэйшай перспектыве вырашыцца станоўча, і звязвае з гэтай сядзібай вялікія планы. У прыватнасці, адной з мар Зінаіды Камароўскай з'яўляецца стварэнне ў Ластку паўнавартаснай экспазіцыі па славутай паэме «Сымон-музыка». Тым часам ужо сёлета будуць добраўпарадкаваны лясныя дарогі да Альбуці. Акрамя таго, дзякуючы падтрымцы райвыканкама, у гэтым годзе плануецца размясціць указальнікі да Коласавых сядзіб у Стоўбцах, паколькі, па словах Зінаіды Мікалаеўны, турысты досыць часта, нават пад час падарожжа, тэлефануюць у Мінск з пытаннем, як даехаць да філіяла музея.

Ці кожная атракцыя спрацоўвае?

Але калі нават адкінуць транспартнае пытанне, не менш актуальным на парадку дня застаецца пытанне пра запатрабаванасць мемарыяльных сядзіб Якуба Коласа ў турыстаў. Па словах Зінаіды Камароўскай, супрацоўнікі ўстановы прыйшлі да высновы, што наспеў час істотна ажывіць музейныя аб'екты. Разам з тым, на думку дырэктара музея, нельга ператвараць іх у забаўляльныя атракцыёны.

Мяркуецца, увагу турыстаў прыцягнуць новыя аб'екты ў Коласавых мясцінах. Так, летась у Смольні быў закладзены сквер «Дрэва жыцця»: на сёння гэта 43 дрэўцы з 17 раёнаў Беларусі, кожнае з якіх пасаджана ў гонар пэўнага класіка айчыннай і замежнай літаратуры. Сёлета будзе створана адмысловая ландшафтная пляцоўка «Да 100-годдзя першай сустрэчы Янкі Купалы і Якуба Коласа» і адноўлены памятны знак.

У музеі ўжо распрацаваны веласіпедныя ды пешыя маршруты і, у прыватнасці, шлях «Акінчыцы – Альбуць – Смольня», які мае працягласць каля пяці кіламетраў і, думаецца, будзе пазітыўна ўспрыняты аматарамі здаровага ладу жыцця. Але, што да музейнай інфраструктуры ўвогуле, то, думаецца, будзе не лішнім, калі згаданыя ўстановы змогуць набыць і пэўную колькасць веласіпедаў для здачы іх напракат турыстам.

Прапануецца турыстам і такая атракцыя, як сумесны збор лекавых зёлак. Акрамя таго, восенню для іх прадумана «ціхае паляванне» – збор грыбоў. Тым больш, што супрацоўнікі музея цудоўна ведаюць грыбныя мясціны і з задавальненнем падзеляцца імі з турыстамі, а адначасова распавядуць цікавыя гісторыі, звязаныя з жыццём класіка. Дапамагае прывабліваць турыстаў на радзіму Якуба Коласа і прыродны фактар, а калі казаць больш дакладна – бабры, якія «акупіравалі» знакамітую і апетую Якубам Коласам крынічку ў Альбуці. І хоць ад дзейнасці гэтых лясных жыхароў музейшчыкі маюць шмат клопатаў, тым не менш цяпер крыніца заўсёды паўнаводная і ніколі не перасыхае. Ды і турыстам цікава паглядзець на тыя ж хаткі баброў.

Здавалася б, музеем створаны цікавыя турыстычныя праекты ды прапановы. Але як пра іх даведацца турысту? Пакуль такой інфармацыі на афіцыйным сайце музея няма. Аднак, як запэўніла Зінаіда Камароўская, цяпер вядзецца праца па абнаўленні сайта. Акрамя таго, па словах дырэктара музея, сёння рэкламная прадукцыя раздаецца турфірмам, гасцям музея і яго філіялаў. Разам з тым Зінаіда Камароўская пагаджаецца, што варта пашыраць рэкламны складнік у дзейнасці музея, паколькі тыя інфармацыйныя лісты, што дасылаюцца ў разнастайныя арганізацыі, часцяком не спрацоўваюць.

Рэгіянальны фактар камбінаванага падарожжа

Актыўна шукаюць шляхі папулярызацыі сваіх паслуг і ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы. Як запэўніла яго дырэктар Алена Ляшковіч, кожная новая паслуга будзе актыўна прапаноўвацца турфірмам. Пры гэтым, на думку Алены Раманаўны, трэба працаваць адрасна, заключаючы дамовы з пэўнымі, у першую чаргу – зацікаўленымі ў плённым супрацоўніцтве, кампаніямі. Дарэчы, цяпер склалася цікавая сітуацыя: Літаратурны музей Янкі Купалы больш актыўна супрацоўнічае з турыстычнымі арганізацыямі, у тым ліку дзяржаўнымі, якія знаходзяцца ў рэгіёнах. Гэта і цэнтры краязнаўства ў Клімавічах, Барысаве, Капылі. А таму зараз на чарзе – сталічныя турфірмы.

Дарэчы, сёння турысту даступныя і камбінаваныя экскурсіі. Так, паломніцкі аддзел Свята-Елісавецінскага манастыра прапануе маршрут «Па Даўгінаўскім тракце», куды ўваходзяць як аб'екты, звязаныя з жыццём Янкі Купалы, так і праваслаўныя храмы ды манастырскія падворкі.

А на што спадзявацца «дзікаму» турысту, які вандруе, пазбягаючы вялікіх і шумных кампаній? Да прыкладу, як, не ведаючы дарогі, трапіць у тыя ж Ляўкі, што знаходзяцца за 27 км ад Оршы? Так, да згаданых Ляўкоў транспарт з Оршы ходзіць хоць і рэгулярна, але ж вельмі рэдка: усяго чатыры разы на дзень. Да Яхімоўшчыны ж з Маладзечна і ўвогуле ўсяго тры. Тым не менш адмаўляцца ад індывідуальных наведванняў сядзіб Янкі Купалы музей не збіраецца. У прыватнасці, цяпер рыхтуюцца інфармацыйныя буклеты па ўсіх філіялах. Дзякуючы ім у тым ліку можна будзе даведацца і як лепш дабрацца да таго або іншага музейнага аб'екта. Хочацца спадзявацца, што гэтыя буклеты будуць даступныя не толькі ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ды яго філіялах, але і ў турыстычных інфацэнтрах нашай краіны і замежжа. Разам з тым не пашкодзіць прарэкламаваць, у тым ліку ў буклетах, геаграфічныя каардынаты мемарыяльных музейных сядзіб для навігатараў, што будзе да спадобы аматарам падарожжаў на ўласным аўто.

Зацікавіць інтэрактывам

Улічваючы ўсе турыстычныя плыні, Алена Ляшковіч адзначае, што сёння маршруты, звязаныя з жыццём і творчасцю Янкі Купалы, запатрабаваны далёка не ў поўным аб'ёме. А таму было вырашана больш мэтанакіравана развіваць новыя формы работы, у тым ліку інтэрактыўныя. Скажам, ужо распрацаваны праграмы, напрыклад, «Вячоркі ў Вязынцы», заснаваныя паводле беларускіх народных традыцый і спадчыны Янкі Купалы. Між іншым, гэтая праграма была прадстаўлена пад час Міжнароднай выстаўкі «Адпачынак-2012» і выклікала значную цікавасць з боку турфірм. Акрамя таго, карыстаецца попытам у дзяцей і дарослых і інтэрактыўная гульня «У пошуках Папараць-кветкі». Яшчэ адна прывабная паслуга, якую музей сёлета збіраецца прапанаваць сваім гасцям, – «Інтэрактыўнае падарожжа ў госці да Ядвігіна Ш.», што будзе ажыццяўляцца на кані, запрэжаным у вазок.

На думку Алены Ляшковіч, прыцягненню ўвагі да Купалавых мясцін спрыяе і правядзенне маштабных фестываляў і святаў – да прыкладу, той жа фестываль аўтарскай песні «Купалаўскія вакацыі», які сёлета пройдзе ўжо ў трэці раз. Думаецца, пры належнай «раскрутцы» праекта як з боку музея, так і турыстычных арганізацый вялікая колькасць людзей з задавальненнем пабывала б на фестывалі. Тым больш, сёння ў свеце якраз папулярны так званы фестывальны і падзейны турызм. У гэтай сувязі бачыцца прывабнай перспектыва заключэння ўзаемавыгадных дамоў з гаспадарамі мясцовых аграсядзіб, каб у выніку турысты маглі затрымацца ў музеі не на гадзіну-другую, а на некалькі дзён.

Як вядома, кожны, хто мае мару, прыкладае ўсе намаганні для яе здзяйснення. Гэтыя словы можна аднесці і да турыста, які імкнецца трапіць у тым ліку да геаграфічных вытокаў класікаў нашай літаратуры нават пакручастымі дарогамі. Галоўная ж задача нашых музеяў – не толькі знайсці такіх людзей, але і праз свае праграмы зрабіць усё, каб турысты з захапленнем прыгадвалі ўласныя «літаратурныя» вандроўкі ды імкнуліся вярнуцца яшчэ і яшчэ...

 Канстанцін АНТАНОВІЧ

https://www.traditionrolex.com/8