https://www.traditionrolex.com/8
<p>На хутары «Барок» у Валожынскім раёне адбылася сустрэча двух музыкантаў – Насты Някрасавай і Алеся Лася</p>

На хутары «Барок» у Валожынскім раёне адбылася сустрэча двух музыкантаў – Насты Някрасавай і Алеся Лася.

Наста Някрасава – адна з першых беларускіх вакалістак, якія выйшлі з традыцыйнымі беларускімі песнямі a capellа на прафесійную сцэну. У 2006 годзе разам з гуртом NHS заняла першае месца на фестывалі Miko?ajki folkowе (Польшча), з якім у 2008 годзе выдала альбом «700». У 2008 годзе выступала з гуртом, названым яе ўласным імем, на розных міжнародных фестывалях, сярод якіх — VII Podlasie Jazz Festival, Be Free, Z wiejskiego podwórza, здабыўшы ўзнагароду 1-й ступені на фестывалі Sounds of Borderland (Польшча).

У 2008-м разам са студэнтамі факультэта народнай культуры Наста заснавала гурт рэканструкцыі беларускіх традыцыйных песень «Квецень». Пасля ад’езду Насты на навучанне ў Варшаву гурт «Квецень» працягвае сваю дзейнасць.

Наста Някрасава — удзельніца праекту Зміцера Вайцюшкевіча «Мой сябра анёлак» (2010), арганізатар беларускіх імпрэз у Польшчы. Яна праводзіць майстар-класы па спеве, ездзіць збіраць фальклор на роднае Палессе і польскае Падляшша.

Галоўны праект спявачкі — гурт FolkRoll, створаны разам з гітарыстам і кампазітарам Паўлам Рыжковым. У 2009 годзе гурт атрымаў Гран-пры і спецыяльную ўзнагароду імя Чэслава Немена на XII Фальклорным фестывалі Польскага радыё Nowa Tradycja. У ліпені 2011 года выйшаў альбом гурта FolkRoll і Nasta Niakrasava пад назвай Vir, выдадзены пры дапамозе Польскага радыё.

У 2011 годзе спявачка пачынае супрацоўніцтва з польскім фолк-панкавым гуртом R.U.T.A., рыхтуючы праграму «R.U.T.A. на Усход». У красавіку 2012 года яны сумесна запісваюць альбом, выхад якога плануецца на чэрвень.

Доўгі час Наста Някрасава марыла пра сустрэчу з гэтым чалавекам. Яна чула, што ён, як пустэльнік, пасяліўся дзесьці на хутары, жыве ў адзіноце, усё гэтак жа адданы сваёй справе: рэстаўруе музычныя інструменты, грае на іх пасярод паляны і час ад часу прымае сваіх вучняў. «Будзьма» арганізавала доўгачаканую сустрэчу з гуру беларускай культуры – Алесем Ласём, музыкам, які грае на неймавернай колькасці інструментаў, рэстаўратарам, мастаком, даследчыкам беларускай народнай музыкі.

Іх гутарка доўжылася бясконца: у нейкі момант дыктафон зламаўся, не вытрымаўшы канцэнтрацыі вузкаспецыялізаваных музычных тэрмінаў, а Наста і Алесь усё абмяркоўвалі розныя тэхнікі ігры на цымбалах.

Наста: Як я марыла пра тое, каб пазнаёміцца з вамі, убачыць, ці праўда тое, што пра вас расказваюць! Вельмі радая сустрэчы! Як вы жывяце тут адзін?

Алесь: Паціху, вось у гэтым сезоне ўжо дакладна хату скончу…

Изображение 1

Наста: Вы і сапраўды агратурызмам заняліся? Я ведала, што вы тут у лесе адзін, рэстаўруеце, а пра агратурызм толькі цяпер, па дарозе да вас, дазналася. Гэта праўда?

Алесь: Так, да мяне прыязджаюць на майстар-класы, на экскурсіі – я не такі ўжо пустэльнік! (смяецца). Ну, праходзь! Вельмі рады табе! Хутка будзем гарбату піць!

Изображение 2

Наста: Цяпер усе кудысьці з’язджаюць: вось і вы за горад ад цывілізацыі ўцяклі. Вакол гавораць, што трэба ехаць у іншыя краіны, дзе жыць лепш і перспектыўней. Нават таксіст сёння з раніцы расказваў мне, як яму складана выжываць у Беларусі, што збіраецца пераязджаць у Адэсу. Задумалася і я, ці вярнуся на Радзіму (я цяпер вучуся і жыву ў Польшчы). Мае сябры кажуць, што калі я прыязджаю сюды, то паводжу сябе неяк больш упэўнена. Нават і не ведаю, адкуль гэтая ўпэўненасць бярэцца: тут усё так няпэўна…

Изображение 5

Алесь: Думаю, упэўненасці надае адчуванне роднай зямлі, радзімы… З намі заўсёды будзе сіла радзімы, гэтага ў нас не адабраць. А тое, што ўцякаюць, дык гэта пытанне прыярытэтаў. У 2002 годзе пасля працяглага жыцця ў Польшчы я вярнуўся сюды з ясным разуменнем таго, што я хачу рабіць. Але нядаўна зноў быў там з канцэртамі і пачуў ад сяброў, маўляў, рана ты, Алесь, паехаў, тут такія гранты ў Польшчу пайшлі, з усёй Еўропы!.. Тое, што зачароўвае іх, для мяне не надта важна.

Наста: Усё гэта так: мы ідзем дарогай, якую самі выбіраем. І тыя, хто з’язджае за мяжу, таксама. Але ці не здраджваем мы? Вось я з’ехала ў Польшчу, каб вучыцца, шчыра кажучы: там ёсць усе ўмовы для гэтага, там нескладана знайсці асяроддзе, якое цікавілі б тыя ж самыя рэчы, што і мяне, там хочацца развівацца і займацца тым, што падабаецца. У Беларусі я часта чую, што займацца любімай справай нявыгадна, а музыкі тут зусім без капейкі сядзяць. Дык вось ці не здраджваю я, з’язджаючы ў Польшчу?

Изображение 3

Алесь: Ні ў якім разе! Трэба ездзіць, падарожнічаць, шукаць, даследаваць. І сябе шукаць у тым ліку. Я сам 10 гадоў жыў і працаваў у Польшчы, потым былі Германія і ЗША. І толькі вярнуўшыся з Амерыкі, я зразумеў, што мой дом тут. І адразу пасяліўся на хутары «Барок», які, дарэчы, купіў калісьці даўно, нават не ўяўляючы, што буду тут пастаянна жыць. А вось глядзіце: вярнуўся пасля столькіх падарожжаў.

Изображение 7

Наста: Я цяпер думаю, што толькі ў сваёй краіне ты можаш быць сваім, бо там ты чужы: і знаходзячыся там, усё складаней адчуваць гэтае «сваё». Акрамя таго, мы жывем у час, калі амаль адсутнічае такое паняцце, як «патрыёт». Людзі едуць у розныя краіны і завуцца «людзьмі свету». То бок сёння няма ў людзей прывязанасці да аднаго места: мая маці нарадзілася ў Сібіры, я – у Казахстане, а радзіма мая – Беларусь…

Алесь: Я адкажу з эгацэнтрычнага пункту гледжання: нашыя продкі, карані, якія тут, у зямлі – гэта прах нашых дзядоў і прадзедаў, і з часам пачынаеш адчуваць, што ты тут патрэбен. Гэта як стрыжань, які трымае цябе паміж небам і зямлёй: на чужой зямлі ў мяне і неба няма, і грунт з-пад ног сыходзіць.

Изображение 8

Наста: У Польшчы я часта чую просьбы расказаць пра беларускую музыку, і мне здаецца, што на дадзены момант гэта і ёсць мая місія: расказваць, паказваць, граць там канцэрты, прадстаўляць Беларусь – гэта місія ўсіх, хто жыве за яе межамі.

Изображение 9

Наста: Калі я вучылася ў Мінску, то не надта задумвалася над такімі тэмамі, як, напрыклад, разнастайнасць тэхнік ігры на цымбалах. Затое цяпер цікаўлюся вельмі актыўна. Рэч у тым, што калі я пачала жыць у Польшчы, мне ўвесь час задавалі пытанні пра беларускую культуру, музыку, і ў нейкі момант я ўсвядоміла, што зусім нічога не ведаю пра гэта. Так я пачала пошукі. А інфармацыі насамрэч не так шмат: няма ні кніжак, ні часопісаў, якія маглі б даць інфармацыю пра гісторыю беларускай музыкі, – ніякай навуковай базы. Гэта ж мінімальнае, на чым трымаецца прэзентацыя краіны ў замежжы! Спадар Алесь, чаму так мала матэрыялаў выдадзена? Канкрэтна вашых матэрыялаў: вам, упэўненая, ёсць што расказаць!

Алесь: У мяне шмат матэрыялаў, на добрую кніжку будзе. Але на тое, каб друкавацца, трэба час і грошы. У мяне грошы ідуць на хату, як бачыш. А напрацовак шмат! З канферэнцый па дудах і лірах колькі!

Наста: Нейкія артыкулы з’яўляюцца, але дастаць іх вельмі цяжка, і так шкада, што вашых сярод іх няма.

Изображение 10

Алесь: У мяне паплечнікаў сур’ёзных няма, каб нешта разам рабіць: кнігу, напрыклад, відэакурсы… А па-другое, неяк выжываць трэба. Няма ў мяне на друк цяпер грошай.

Наста: Цяпер наогул складаны час – і для культуры, і для мовы. Беларусы неяк саромеюцца сваёй мовы, што прынамсі дзіўна! Украінцы могуць гаварыць на сваёй мове, а нам сорамна, людзям гэта здаецца ненатуральным альбо смешным. Нічога смешнага тут няма, наадварот, сумная сітуацыя. А людзі павінны ведаць сваю мову, я так лічу.

Алесь: Паглядзіце: украінцы зрабілі са сваёй мовы знак і стыль – гурт «Воплі Відаплясава» слухаюць і ў Расіі, і ў Беларусі, і, напэўна, за мяжой таксама. А ў нашых музыкаў пакуль што не атрымліваецца падняць беларускую мову на такі ўзровень. Кірчук вось спрабуе, ён стараецца агучыць стыль праз мову, але ў яго гэта выходзіць у нейкай гратэскнай форме.

...І яны гаварылі яшчэ вельмі доўга: пра капэлу і этнаграфічныя экспедыцыі, пра інтэлігентнасць і адукаванасць, пра сучасную беларускую фолк-музыку. Пра цымбалы, адкуль яны з’явіліся ў Беларусі, як сталі «нацыянальным інструментам», пра разнастайныя тэхнікі грання на цымбалах. А потым, вядома ж, гралі на старадаўніх інструментах.

Изображение 11

Наста: Старэйшыя – гэта перадусім далягляд, які для цябе яшчэ недасягальны. Таму размовы са старэйшымі – гэта магчымасць зазірнуць не толькі ў мінулае, але і ў будучыню. Дзякуй вам!

Алесь: І табе дзякуй! Абавязкова прыязджай яшчэ!

___________________________________________________________________________________________________

Даведка

Алесь Лось нарадзіўся 13 верасня 1958 г. У 1973—1977 гг. вучыўся ў мастацкім вучылішчы імя Глебава ў Мінску. З 1977 — студэнт Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Пачаў цікавіцца археалогіяй і этнаграфіяй, у 1977—1980 гг. браў удзел як мастак у даследаванні гарадзішча Мацкавічы пад кіраўніцтвам археолага Л. Дучыц. У 1978—1979 гг. браў удзел у рэстаўрацыі фрэсак мсціслаўскага касцёла кармелітаў пад кіраўніцтвам рэстаўратара У. Ракіцкага. З 1982 г. разам з Яўгеніяй Ліс пачаў займацца рэканструкцыяй старажытнага лялькавага батлеечнага тэатра. Шмат ездзіў у этнаграфічныя экспедыцыі, вывучаючы народныя тэхнікі ігры на скрыпцы, цымбалах, бубне, жалейцы, натаваў народныя танцы. Пачаў збіраць матэрыялы па беларускай дудзе і рабіць першыя крокі па стварэнні гэтага інструмента.

Наста Някрасава – беларуская вакалістка. Скончыла музычную школу па класе цымбалаў. У 2007 годзе атрымала дыплом Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. Глінкі ў класе Алеся Рашчынскага па спецыяльнасці «дырыжыраванне. Народны хор». У тым самым годзе пачала вучыцца ў БДПУ імя Максіма Танка на факультэце народнай культуры. У 2009 годзе паступіла ў Варшаўскі ўніверсітэт у Інстытут музыкалогіі, дзе піша дыпломную працу.

https://www.traditionrolex.com/8