https://www.traditionrolex.com/8
<p>Міжнародны дзень ачысткі вадаёмаў адзначаецца ў нашай краіне ўжо ў дзясяты раз і згуртоўвае ўсіх, хто неабыякавы да чысціні акваторый. Ініцыятарам мерапрыемства выступае дайвінг-клуб «Марскі Пегас» са сталіцы, які аб’ядноўвае дайвераў Беларусі і штогод выязджае ў рэгіёны рэспублікі для ачысткі вадаёмаў </p>

«Мы робім свет чысцейшым» – менавіта пад таким дэвізам праводзілася ў гэтыя выхадныя на Мядзельшчыне акцыя, прысвечаная Міжнароднаму дню ачысткі вадаёмаў.

Дарэчы, адзначаецца такая дата ў нашай краіне ўжо ў дзясяты раз і згуртоўвае ўсіх, хто неабыякавы да чысціні акваторый, - паведамляе «Нарачанская зара». Ініцыятарам мерапрыемства выступае дайвінг-клуб «Марскі Пегас» са сталіцы, які аб’ядноўвае дайвераў Беларусі і штогод выязджае ў рэгіёны рэспублікі для ачысткі вадаёмаў. 

Прапанову дайвераў папрацаваць у азёрным краі падтрымалі мясцовыя ўлады і раённая арганізацыйная структура Добраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту Рэспублікі Беларусь. І вось мы разам са старшынёй названай структуры ДТСААФ Святаславам Гаўрысам накіроўваемся ў нядзелю на турыстычную стаянку «Антанізберг», дзе дыслацыраваўся атрад валанцёраў. Не зважаючы на тое, што на працягу двух дзён не ў лепшых умовах надвор’я яго членам даводзілася займацца ачысткай вадаёмаў і берагавой зоны ад смецця, усе былі ў прыўзнятым настроі. Адчувалася, што лад жыцця, які патрабуе вытрымкі, арганізаванасці, работы ў экстрэмальных умовах, даўно стаў для іх звыклай з’явай. Прычым займаюцца яны высакароднай справай выключна добраахвотна, на голым энтузіязме. Сярод дайвераў людзі розных узростаў і прафесій, у тым ліку маладыя асобы – аматары рамантыкі і прыгод, улюбёныя ў водныя прасторы сінявокай Беларусі.

Як расказаў прэзідэнт дайвінг-клуба «Марскі Пегас» Андрэй Ліхачоў, акцыя па ачыстцы вадаёмаў праводзіцца звычайна ў першыя выхадныя чэрвеня не толькі ў нашай рэспубліцы, але і многіх краінах свету.

На гэты раз удзел у ёй з-за дрэннага надвор’я прыняло менш людзей, чым планавалася. Аднак некаторыя валанцёры, як і ў папярэднія гады, прыехалі сем’ямі.

– Вядома, мы не можам ачысціць ад смецця ўсе зоны адпачынку, ды і не бяромся гэта рабіць, – адзначыў мой суразмоўца. – Наша задача – прыцягнуць увагу да гэтай важнай справы адпачываючых, мясцовых жыхароў, каб яны не кідалі дзе папала пластыкавыя бутэлькі, іншыя адыходы, а імкнуліся зберагчы прыродныя багацці, у тым ліку водныя, у чысціні для сваіх нашчадкаў.

– Дзе працавалі на гэты раз валанцёры? – пацікавілася ў кіраўніка групы.

– Адна група ачышчала ад смецця Замак і гарадскі пляж на беразе возера Мястра, а дзве другія працавалі на азёрах Мядзел і Рудакова. Члены клуба ныралі ў спецыяльных касцюмах з аквалангамі ў вадаёмы і даставалі са дна смецце. Гэта пераважна поліэтыленавыя пакеты, шкляныя і пластыкавыя бутэлькі, аднаразовы пластыкавы посуд… Здараецца, што выцягваем з вады і каштоўныя рэчы: гадзіннікі, сотавыя тэлефоны, акуляры… У Бабруйску, напрыклад, у кар’еры ў зоне адпачынку дайверы знайшлі аўтамабіль, на якім было ўчынена злачынства і які знаходзіўся ў вышуку, і тым самым дапамаглі праваахоўным органам. А летась на возеры Нарач, абапіраючыся на інфармацыю мясцовага краязнаўцы Генадзія Малышава, адшукалі патануўшы ў гады Першай сусветнай вайны плаваючы сродак, які належаў атраду асобнай марской брыгады спецыяльнага прызначэння і мог выкарыстоўвацца для перавозу буйнакалібернай зброі, боепрыпасаў і нават самалёта. Такім чынам і нам пашчасціла ўнесці свой уклад у вывучэнне гістарычнага мінулага нашай краіны.

21

– Вы, напэўна, на Мядзельшчыне ўжо не ўпершыню? – задаю новае пытанне свайму субяседніку.

– Так, – чую ў адказ, – Нарачанскі край – асаблівы куточак у Беларусі. Тут знаходзіцца яе жамчужына – возера Нарач. Гэта курортная зона і ўвогуле месца, куды прыязджае на адпачынак вельмі шмат людзей не толькі з нашай рэспублікі, але і з-за мяжы. А таму лічым сваім абавязкам дапамагаць дзяржаве захоўваць у чысціні гэтыя ўнікальныя мясціны. А прыязджаем сюды ўжо трэці раз. Пачыналі працаваць у 2009 годзе на азёрах Белае, Мядзел і Рудакова. Былі тут таксама і летась. Але такой арганізаванасці, як цяпер, раней не сустракалі. Старшыня раённай структуры ДТСААФ загадзя паклапаціўся пра фронт работ. Дзякуючы Святаславу Гаўрысу сёлета ўпершыню Нацыянальны парк «Нарачанскі» не браў з нас грошы за размяшчэнне на турыстычнай стаянцы. Па папярэдняй дамоўленасці раённае таварыства выратавання на водах пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Мялешкі выдзеліла нам неабходную для ачысткі вадаёмаў колькасць лодак. А намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева аказала садзейнічанне ў вывазе сабранага намі смецця, даручыўшы гэту справу мясцовай камунальнай службе. Вось і хачу падзякаваць усім названым кіраўнікам за аказаную нам дапамогу.

Засталося дадаць, што напрыканцы мерапрыемства былі падведзены вынікі акцыі. Прадстаўнікі кампаніі «Чысты свет тэхналогіі» ўручылі падарункі тым валанцёрам, якія найбольш вызначыліся.

Спецыяльны прыз у сувязі з 10-годдзем дайвінг-клуба атрымаў ад названай кампаніі яго кіраўнік Андрэй Ліхачоў. Выгравіраваны надпіс сведчыць, што ўзнагарода ўручана «за падтрымку Міжнароднага дня ачысткі вадаёмаў і шматгадовае партнёрства ў імкненні зрабіць свет чысцейшым».

https://www.traditionrolex.com/8