https://www.traditionrolex.com/8
<p>У агульнай зале аранжарэйнага тыпу (плошчай 1,5 тысячы квадратных метраў) будуць высаджаны трапічныя расліны, зроблены сяміметровы вадаспад і размешчаны вальеры з жывёламі. Прычым жывёлы будуць самыя разнастайныя — пачынаючы ад беспазваночных, рыб, рэптылій і заканчваючы млекакормячымі і птушкамі. На другім паверсе ў тэрарыуме размесцяцца змеі і драпежныя жывёліны, а таксама буйныя водныя чарапахі і некалькі акварыумаў з прэснаводнымі рыбамі ракі Амазонкі і марскімі рыбамі Карыбскага басейна</p>

У Мінскім заапарку ў актыўнай стадыі будаўніцтва знаходзіцца экзатарыум — зараз закупляецца абсталяванне і праводзіцца шкленне будынка. Як мяркуецца, ужо ў наступным сезоне наведвальнікі змогуць паглядзець на экзатычных жывёл з Паўднёвай Амерыкі. Пра падрабязнасці новага праекта "Звяздзе" расказаў дырэктар Мінскага заапарка Юрый РАБАЎ.

У павільёне (або экзатарыуме) будуць утрымлівацца і дэманстравацца жывёлы з Паўднёвай Амерыкі. У агульнай зале аранжарэйнага тыпу (плошчай 1,5 тысячы квадратных метраў) будуць высаджаны трапічныя расліны, зроблены сяміметровы вадаспад і размешчаны вальеры з жывёламі. Прычым жывёлы будуць самыя разнастайныя — пачынаючы ад беспазваночных, рыб, рэптылій і заканчваючы млекакормячымі і птушкамі. На другім паверсе ў тэрарыуме размесцяцца змеі і драпежныя жывёліны, а таксама буйныя водныя чарапахі і некалькі акварыумаў з прэснаводнымі рыбамі ракі Амазонкі і марскімі рыбамі Карыбскага басейна. Побач з павільёнам будуць зроблены авіярыі — адкрытыя вальеры для вадаплаўных і каляводных птушак (чапляў, пеліканаў, ібісаў і г. д.) і асобны павільён з чылійскімі чырвонымі фламінга. Плануецца стварыць і штучную скалу з вальерамі для буйных драпежнікаў — ягуараў, пум, чырвоных рысяў.

— Гэта будзе даволі цікавы павільён — усё будзе зроблена прыгожа і з прымяненнем сучасных тэхналогій утрымання і дэманстрацыі жывёл. Сучасныя экспазіцыі будуюцца так, каб унутры павільёна наведвальнікі бачылі не проста клеткі, як гэта было раней, а траплялі ў імітацыю натуральнага асяроддзя, маглі б адчуць сябе як быццам ўнутры прыроднай экасістэмы, — тлумачыць Юрый Рабаў. — Мяркуем, што ў наступным сезоне мы ўжо зможам яго адкрыць. Да канца года зробім асноўную частку будаўнічых работ, а на працягу зімова-вясенняга перыяду будзем высаджваць расліны і запаўняць экспазіцыю.

Па словах дырэктара заапарка, падобныя тэматычныя павільёны распаўсюджаны ў краінах Заходняй Еўропы — і не толькі з флорай і фаўнай Паўднёвай Амерыкі, але і Афрыкі, Азіі. Ён перакананы, што праект гэты хоць дарагі, але ён варты выдаткаваных грошай, бо на тэрыторыі былога Савецкага Саюза падобных яму яшчэ не рэалізоўвалася.

У Мінскім заапарку таксама хочуць пабудаваць і асобны павільён для пінгвінаў Гумбальдта — яны, дарэчы, жывуць якраз уздоўж берагоў Паўднёвай Амерыкі:

— Гэта невялікія па памерах пінгвіны, але яны даволі папулярныя ў заапарках — бо непатрабавальныя і вельмі цікавыя як знешнім выглядам, так і паводзінамі. Мы зробім павільён такім чынам, каб можна было паглядзець пінгвінаў і ў вадзе, і на сушы. У заапарку іх будзе ад 10 да 30 штук, і мы спадзяёмся, што яны змогуць у нас размнажацца, — расказвае Юрый Рабаў.

На гэтым рэканструкцыя заапарку не спыніцца — як кажа Юры Віктаравіч, планы распісаны на гады наперад, і яны тычацца як рэканструкцыі старой тэрыторыі, так і выхаду на левы бераг ракі, будаўніцтва акеанарыума, тэматычных павільёнаў для афрыканскіх жывёл, для ластаногіх, малпаў і г.д. Ён таксама адзначыў, што цікавасць мінчан і гасцей сталіцы да заапарка пастаянна расце:

— Наведвальнасць за апошнія гады вельмі вырасла: за год гэта больш за 400 тысяч наведвальнікаў (асабліва калі ўлічваць, што цана ўваходнага квітка дэмакратычная — 10 тысяч рублёў). Сёлета, я мяркую, статыстыка будзе яшчэ лепшай, бо на нашай тэрыторыі адкрыўся дэльфінарый, людзі прыходзяць туды, і ў тым ліку глядзяць жывёл у заапарку. З адкрыццём экзатарыума, безумоўна, наведвальнікаў стане яшчэ больш.

 

https://www.traditionrolex.com/8