https://www.traditionrolex.com/8
<p>Упершыню ў жыцці я пагуляў у гульні шляхты: "Парася", "Яўрэй", "Канатаходзец", "польскія" шашкі, кракет і не толькі. Дарэчы, падчас знаходжання на прыродзе спіртное не пілі, размаўлялі на беларускай мове. Амаль што ўсе былі апранутыя ў касцюмы шляхецкіх часоў. Усё гэта, між іншым, так зацікавіла шматлікіх расійскіх турыстаў, што яны з задавальненнем рабілі фота на памяць</p>

Музей-сядзіба І.Я. Рэпіна "Здраўнёва" створаны ў 1988 годзе на месцы былой сядзібы мастака, і з'яўляецца філіялам Віцебскага абласнога краязнаўчага музея.

Музейны комплекс складаецца з адноўленага галоўнага сядзібнага дома (тут размешчана асноўная мемарыяльная экспазіцыя), дома кіраўніка са службовымі памяшканнямі і выставачнай залай, адрэстаўраванага склепа. У экспазіцыі — рэчы з ужытку сям'і Рэпіна, мэбля канца XІX — пачатку XX стагоддзяў, археалагічныя знаходкі са Здраўнёва і іншае. У 1995 годзе ў музеі адбыўся пажар, у выніку чаго гарэў другі паверх. Аднавілі!

Цікава, што на тэрыторыі сядзібы захавалася мемарыяльная ліпавая алея, дзе растуць дрэвы, пасаджаныя самім мастаком.

Карэспандэнт "Звязды" стаў адзіным журналістам, які пабываў на першым шляхецкім ампірным "пікніку" на Віцебшчыне.

Упершыню ў жыцці я пагуляў у гульні шляхты: "Парася", "Яўрэй", "Канатаходзец", "польскія" шашкі, кракет і не толькі. Дарэчы, падчас знаходжання на прыродзе спіртное не пілі, размаўлялі на беларускай мове. Амаль што ўсе былі апранутыя ў касцюмы шляхецкіх часоў. Усё гэта, між іншым, так зацікавіла шматлікіх расійскіх турыстаў, што яны з задавальненнем рабілі фота на памяць. Аднаго так зачаравалі беларускамоўныя дзяўчаты, што ўсё прасіў зрабіць фота разам з імі. Прыгожымі дзяўчатамі, ды яшчэ беларускамоўнымі, можна насамрэч ганарыцца.

...Але пра ўсё па парадку.

Чорныя штаны, белая кашуля

Спачатку каардынатар праграм моладзевага грамадскага аб'яднання "Гісторыка" па Віцебскай вобласці (а па "сумяшчальніцтве" педагог-арганізатар "Беларускага тэатра "Лялька") Крысціна Бондарава папярэдзіла мяне пра неабходнасць абавязкова "ўпісацца" ў патрабаванні шляхецкага "дрэс-кода".

— Ну, фрака ў вас, упэўнена, няма. Тады хаця б пастарайцеся надзець чорныя штаны і белую кашулю. Для вашага сына зробім выключэнне — хай бегае малы на прыродзе ў чым хочаце, абы потым мыць было прасцей, — пажартавала Крысціна. — І ніякага спіртнога з сабой. Хаця, вядома, забараніць вам не магу. Дык толькі кампаніі, з кім выпіць, у вас не будзе дакладна.

20cher-888

Во як: увесь дзень на прыродзе — і нават піва не папіць! — думаў я перад паездкай. Калегі не павераць! А потым аказалася, што час і без спіртнога прайшоў так хутка, што нават вяртацца ў горад не хацелася.

У маім хатнім гардэробе няма чорных штаноў, бо я "джынсавы" чалавек. Выручылі чорныя штроксы і белая кашуля, што засталася яшчэ з савецкіх часоў.

Удзельнікі пікніка сабраліся на плошчы Свабоды ў Віцебску. Спецыяльна заказаны аўтобус "Мерседэс" ледзь умясціў віцебскую "шляхту". Аўтару гэтых радкоў прыйшлося пастаяць падчас паездкі, але ж у кампаніі прыемных, няхай у большасці сваёй і незнаёмых, людзей шлях у музей-сядзібу Рэпіна (працягласцю 16 кіламетраў) падаўся зусім нядоўгім.

Музейныя сенсацыі

Нягледзячы на тое, што музей ад горада знаходзіцца недалёка, непасрэдна туды рэйсавыя аўтобусы не ходзяць. А толькі да гарадскога пасёлка Руба. А потым трэба пешшу кіламетры чатыры ісці па трасе да Здраўнёва, да музея. Што, зразумела, небяспечна для пешаходаў. Аўтатранспартнікі, памятаецца, спасылаліся на тое, што маршрут да сядзібы нерэнтабельны. Дык навошта тады перыядычна на розных пасяджэннях з гонарам гаварыць аб тым, што робіцца для развіцця турызму? Пры гэтым, упэўнены, многія жыхары Віцебска ніколі не былі ў Здраўнёва!

Пакуль дзяўчаты і жанчыны — удзельнікі пікніка — пабеглі некуды пераапранацца ў спецыяльна пашытае адзенне дам дарэвалюцыйнага часу, мы з сынам Міхаілам зайшлі ў музей. Вось не думаў, што будзе цяжка знайсці супрацоўніка, які ўсё раскажа — бо аўтобусаў з турыстамі было вельмі шмат. Каб павадзіць па сядзібе кожную групу, не хапала экскурсаводаў. Што здзівіла адразу пры ўваходзе — аўтамат па продажы бахілаў. Дзве тысячы за штуку. Расказваюць, што аўтамат належыць прадпрымальнаму камерсанту. Пры ўсім тым білет каштуе 17,5 тысячы рублёў. Хаця ёсць выбар: можна купіць больш дарагі білет з правам выхаду на "вежу" сядзібы і без яго. Раю "з выхадам", бо панарама з вышыні птушынага палёту адкрываецца непаўторная. Ды і адчуванне такой унутранай свабоды з'яўляецца, што словамі не апісаць.

Музейныя работнікі нагадалі, што гэтую сядзібу Рэпін набыў у маі 1892 года, калі прадаў славутую работу "Запарожцы пішуць ліст турэцкаму султану". Цар Аляксандр (трэці) набыў карціну для Рускага музея за 35 тысяч рублёў серабром. Для параўнання, сядзіба была набытая "ўсяго" за 12 тысяч рублёў. Захаваліся дакументы, якія пацвярджаюць факт куплі: прашэнне Рэпіна віцебскаму губернатару на выдачу пасведчання, само пасведчанне на права куплі, а таксама распіска ад уладальніцы сядзібы Соф'і Яскевіч, у якой яна пацвярджае, што прадае Рэпіну 108 дзесяцін зямлі. У сваіх першых лістах мастак дзеліцца ўражаннямі адсюль. Маўляў, у лесе хлам, сад пусты. Асабліва адзначае, што былая ўладальніца ўсё тое, што не тычыцца кароў, запусціла...

— Летась у нашай сядзібе пабывала каля 16 тысяч турыстаў. Колькі ў іх ліку з-за мяжы, падлічыць даволі цяжка. Сёлета спаўняецца роўна 120 гадоў, як мастак купіў сядзібу, і да гэтага вельмі знакавага юбілею адноўлены інтэр'ер аднаго з пакояў — дамскага спальнага, які належаў адной з дачок майстра, — расказвае дырэктар музея-сядзібы І.Я. Рэпіна "Здраўнёва" Аляксей Сухарукаў. — Прадметы, якія тут выстаўленыя, уключаючы ложак, амаль што ўсе былі падораны нам даўнімі сябрамі музея з Санкт-Пецярбурга. Яны ў свой час прыехалі на экскурсію, а потым вырашылі нейкім чынам аказаць дапамогу. Не, гэта не багацеі, а энтузіясты, якія любяць творчасць мастака. Яны людзі розных прафесій, якія аб'ядналіся ў нефармальнае кола сяброў музея. Упершыню прыехалі да нас сем гадоў таму як звычайныя турысты. Сярод іх — праўнучка знакамітага акадэміка Паўлава, нашчадкі акцёраў дарэвалюцыйных пецярбургскіх тэатраў. Адным словам, пецярбургская інтэлігенцыя, якая супрацоўнічае з многімі музеямі... Не выключаецца, што іх продкі асабіста ведалі Рэпіна. Гэтыя расіяне і арганізавалі дастаўку ўнікальных прадметаў пад Віцебск. Усяго перададзена больш за трыста рэчаў. Цяпер у пакоі можна ўбачыць камод, крэсла, ложак... З падоранага яшчэ на працягу года пасля навуковай апрацоўкі папоўняць экспазіцыю нашага музея кнігі, сусветны атлас гісторыі, многія прадметы побыту канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў...

Дарэчы, у сядзібе можна ўбачыць толькі копіі работ Рэпіна: "Восеньскі букет", "Месяцавая ноч", "Беларус"... Зразумела, каб захоўваць арыгіналы тут, трэба шмат патраціцца на стварэнне спецыяльных умоў для захавання работ. У Віцебску, дарэчы, у абласным краязнаўчым музеі арыгіналы твораў ёсць.

Пікнік завяршае "шляхецкі год"

Калі выйшаў з музея на вуліцу, убачыў, што "час перамясціўся". Дамы і кавалеры ў адзенні мінулых часоў сядзелі "за гарбатай": многія гулялі ў настольныя гульні, напрыклад, у вядомыя расійскія бірулькі. Аказваецца, апошнія — гэта маленькія драўляныя элементы. І перамагае той, хто больш элементаў падчэпіць спецыяльным прыстасаваннем, ды так, каб бірулька не выпала.

1

Увогуле, гульні апісваць цяжка. Дарэчы, пытанне: чаму ў Беларусі не вырабляюць традыцыйныя нацыянальныя гульні? Упэўнены, знайшлося б нямала ахвотных іх набыць. І турыстам было б прыемна прывезці дамоў на памяць тую ж гульню "Парася" (набор з дошкі і кубікаў).

— Гэты пікнік з'яўляецца нефармальным працягам нашага "года шляхты", падчас якога мы правялі шмат мерапрыемстваў. Мы бралі ўдзел у "Шляхецкім балі", "Рэдутах", "Касінах" (від свецкага мерапрыемства на Беларусі ў ХІХ стагоддзі. — Аўт.) і гэтак далей. Я вельмі задаволена тым, што ў нас усё атрымалася, — гаворыць Эла Петрачэнка, кіраўнік клуба культурна-гістарычнай рэканструкцыі "Паўночная вежа" турысцка-музейнага комплексу "Залатое кольца. Віцебск". — Клуб дзейнічае вось ужо пяць гадоў. Мы спрабуем, наколькі ў нас гэта атрымліваецца, аднаўляць атмасферу ХІХ стагоддзя. Гэты ампірны пікнік — адна з формаў баўлення часу. Для яго арганізацыі спецыяльна выкарыстоўвалі кнігу з адпаведным даследаваннем: як гэта было калісьці. У Полацку ёсць дацэнт Шыдлоўскі, які якраз вывучае культуру шляхты. Ён быў шчыра рады таму, што мы ўвасабляем яго тэорыю на практыцы. Ёсць у нас "свецкі альбом", у якім, акрамя ўсяго іншага, пасля балю з'явіўся цудоўны малюнак і вершы...

Асабліва нам з сынам спадабалася гуляць у кракет. І нават нягледзячы на тое, што арганізатары пікніка прывезлі падрабязнае апісанне правілаў гульні, "шляхцічы" навучыліся правільна гуляць (спадзяюся, што правільна) толькі з пятай ці шостай спробы. Дзейства не пакінула абыякавым нават міліцыянера, які сумаваў, назіраючы за парадкам у ціхім музейным комплексе.

Шляхецкі пікнік на прыродзе скончыўся пад вечар. Асабіста мне цудоўных уражанняў хопіць надоўга. Як здорава, што ў Беларусі ёсць людзі, якім цікава бавіць вольны час насамрэч інтэлігентна. Як нашы інтэлігентныя продкі.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

https://www.traditionrolex.com/8