https://www.traditionrolex.com/8
<p>Аднаўленне — замест руйнавання ў рэжыме «рэаліці-шоу»</p>

Як паведамляе «Культура»:

Першая ластаўка Дзяржаўнай праграмы «Замкі Беларусі» не стала вялікай сенсацыяй. Яно і зразумела: сціплы навес па-над парэшткамі колішняга котлішча Гаштольдаў, які з'явіўся сёлета ў Геранёнах, вокамгненнага захаплення не выклікае, дый і выглядае ён не надта «тэлегенічна». Згодна з Дзяржпраграмай, на гэтыя работы было прадугледжана дзесяць мільёнаў рублёў, ніякай тэхнічнай складанасці яны з сябе не ўяўлялі, таму і не дзіва, што дадзены яе пункт быў выкананы самым першым. 

Тым не менш абмінуць увагай факт ніяк не выпадае. Хаця б таму, што ён не адзінкавы. Прэвентыўная кансервацыя парэшткаў замка – лагічнае звяно ў ланцугу паслядоўных высілкаў па рэалізацыі турыстычнага патэнцыялу Іўеўскага раёна. Прычым робяцца яны пакуль што па сутнасці сіламі самога раёна, не раўнуючы, як у той прыказцы. Зрэшты, ёсць і іншы ўстойлівы выраз – пра ляжачы камень...

– Работнікі культуры раёна ўзялі над парэшткамі замка своеасаблівае «шэфства», і цяпер мы рэгулярна выпраўляемся сюды на суботнікі, – тлумачыць начальнік аддзела культуры Іўеўскага райвыканкама Георгій Гагарын. – Грошы на стварэнне навеса былі выдаткаваны з райбюджэту, а вось расчышчалі тэрыторыю мы пераважна сваімі рукамі, з дапамогай лясгаса...

У мінулы мой прыезд – усяго некалькі гадоў таму – ніякай сцяжынкі тут не было. І прадзірацца да тых лічаных каменьчыкаў, што засталіся ад былой велічы, адважыўся б хіба самы ўпарты.

«Джунглі» на месцы замка

Стоячы ля руін замка, Георгій Гагарын з захапленнем распавядае пра мінуўшчыну Геранёнаў – тыя часы, калі пры двары Гаштольдаў, кажуць, было ажно дзве сотні музыкаў. Апошні прадстаўнік роду, ваявода наваградскі Станіслаў, у 1537 годзе ўзяў сабе за жонку сямнаццацігадовую Барбару – прыгажуню з роду Радзівілаў. Неўзабаве яна аўдавела, дзяцей у гэтым шлюбе не было, і таму магнацкі род згас. Але сумны фінал стаў пачаткам той гісторыі кахання, якую ведае сёння ледзь не кожны школьнік. Прычым, як мяркуюць даследчыкі, пачыналася яна менавіта тут, у Геранёнах, куды неяк завітаў па справах спадкаемца прастола Жыгімонт Аўгуст...

Напалеон Орда заспеў Геранёнскі замак ужо ў руінах, якія ён і зафіксаваў, надаўшы ім рамантычны выгляд. Думаецца, турысты ўпадабалі б гэтае месца нават у такім выглядзе: крышачку занядбаны, але ў  цэлым вельмі маляўнічы краявід. «Несанкцыянаваная» зеляніна сям-там праглядаецца, аднак яна зусім не псуе карціну: можна ўбачыць і валы, і рэшткі вежаў, і касцёл. Храм, закладзены ля ўзножжа замка яшчэ самімі Гаштольдамі, на шчасце, захаваўся ў добрым стане – акурат цяпер там ідзе сур'ёзная рэстаўрацыя старадаўніх фрэсак. І гэта ці не адзіная «прывязка» да гістарычнага ландшафту.

Парадокс: непралазны гай – парэшткі парку, які з'явіўся ўсяго пару-тройку дзесяцігоддзяў таму. Тамтэйшы калгас-«мільянер» пераўтварыў археалагічны помнік у шыкоўную рэкрэацыйную зону з летняй эстрадай і нават атракцыёнамі. Калі што і засталося на сёння ад тых старанняў, дык толькі адны праблемы...

«Зачыстка» схілаў і вяртанне ім першапачатковага выгляду патрабуе нямала высілкаў. Пакуль яна толькі пачалася, дзякуючы чаму да руін можна беспраблемна дабрацца – канешне ж, не ў туфліках на абцасах, але, прынамсі, у красоўках. І барацьба з «джунглямі» працягнецца.

...Сёння турыст у Геранёнах можа паглядзець анімацыйную праграму, прысвечаную вытокам рамантычнай гісторыі. І ўсё, ізноў жа, «сваімі сіламі» – выкладчыкаў мясцовай школы мастацтваў ды супрацоўнікаў раённага метадычнага цэнтра. Замовіць гэтую праграму можа кожны ахвотны, ды і кошт сімвалічны – 50 тысяч рублёў. Турыстычныя групы, маршрут якіх праходзіць праз Геранёны, натуральна, карыстаюцца магчымасцю. Але... груп такіх надта мала: месца зусім «нераскручанае». І чаго тут яўна не хапае, дык гэта інфармацыйнага шчыта.

– Яго ўсталяванне – у нашых бліжэйшых планах, – Георгій Гагарын нібыта чытае мае думкі. – Турысты здолеюць убачыць і малюнак Орды, і графічную рэканструкцыю, зробленую ўжо цяпер...

Да нядаўняга часу толькі гэты сціплы малюнак і дазваляў уявіць, якім быў замак у перыяд свайго росквіту. Не так даўно з'явіўся і паўнавартасны трохвымерны макет: яго зрабіла загадчык Геранёнскага філіяла Цэнтра рамёстваў Юзэфа Старасціна. Матэрыял – і традыцыйны, і адначасова нязвыклы ды складаны: саломка.

1-2

Пакуль што макет месціцца ў сціплым пакойчыку філіяла, пакідаючы яго хіба з нагоды разнастайных святаў. Тым не менш неўзабаве ён мае заняць больш пачэснае месца: у Цэнтры культуры ўжо рамантуецца новае памяшканне для мясцовых умельцаў.

– Яшчэ ў мяне ёсць мара: паставіць кросны, – кажа Юзэфа Старасціна. – Нават знайсці іх ужо ўдалося ў адной вёсцы. Таму чакаем памяшкання...

Кросны здатныя стаць яшчэ адным прыцягальным для турыстаў аб'ектам. Але самы вялікі аргумент наведаць Геранёны – гэта цэлы россып сапраўды ўражальных цікавостак, якія знаходзяцца зусім паблізу ды сканцэнтраваны на невялічкай тэрыторыі. Вось і да знакамітага палаца ў Жамыслаўлі адсюль усяго кіламетраў пятнаццаць, праўда, па кепскай гравійцы. Род Умястоўскіх, які доўгі час валодаў тымі землямі, не так даўно быў увекавечаны досыць нетрывіяльным чынам: у яго гонар назвалі мясцовы СВК. І хоць апошні і з'яўляецца спадкаемцам калгаса, але... Як падаецца, такі прыклад нэймінгу ўсё адно варты пераймання.

Чым пагражае наступны «мокры» сезон?

Адразу па нашым прыездзе ў Жамыслаўль метадыст аддзела культуры Уладзімір Пашкевіч агледзеў забітыя ды зачыненыя дзверы «другіх Лазенак». Для аматараў побытавага вандалізму гэтая перашкода не з'яўляецца непераадольнай: як вядома, яны людзі ўпартыя. Хаця вартаўнік цяпер ставіцца да сваёй задачы куды больш адказна. Усё ж столькі было тлуму...

1-1

Слядоў нядаўняга пажару адразу і не ўбачыш. Абгарэлыя кроквы прыбраны, а пачарнелы франтон быў пабелены на скорую руку. А вось наступствы ліквідаваць такім касметычным спосабам, на жаль, немагчыма.

Падаючы долу, мажныя брусы папсавалі аўтэнтычную плітку ў холе – сям-там праглядаюцца не абы-якія выбоіны. Ды бяда ў тым, што кафля засталася пад адкрытым небам: даху над цэнтральнай часткай палаца, лічы, няма. Адпаведна, ужо ў наступны «мокры» сезон яго руйнаванне значна паскорыцца.

Адзін з варыянтаў вырашэння сітуацыі – перадача маёнтка ў прыватныя рукі. Па словах Георгія Гагарына, зацікаўленыя інвестары ўжо з'яўляліся на даляглядзе. Яно і не дзіва: лепшае месца для санаторыя ва ўсёй краіне цяжка знайсці, а попыт на такія ўстановы вось ужо які сезон перавышае прапанову... Мабыць, у тым ліку і з эканамічнай прычыны Гродзенскі аблвыканкам вырашыў пакінуць гэты «ласы кавалак» на сваім балансе, выступіўшы ў ролі інвестара.

Сёння гаспадароў у былой сядзібы шмат – спіртзавод і некаторыя гаспадарчыя пабудовы належаць прыватнікам, у капліцы ідуць набажэнствы, а даўно аварыйны палац, афіцыны, свіран па-ранейшаму застаюцца на балансе мясцовай гаспадаркі. Праект ахоўных зон пакуль не распрацаваны. Як вынік – летась на тэрыторыю сядзібы «залезла» сучасная забудова.

Неўзабаве цэнтральная частка маёнтка мае быць перададзена Іўеўскаму райвыканкаму. Прычым яе непасрэдным гаспадаром, як мяркуецца, стане менавіта аддзел культуры.

– Пра канкрэтныя планы, вядома, казаць зарана, але агулам канцэпцыя выкарыстання ўжо даўно з'явілася, – распавядае Георгій Гагарын. – Гэта будзе культурна-турыстычны цэнтр, дзе знойдзецца месца і для музейнай экспазіцыі, і для глядзельнай або канферэнц-залы, і для рэстаранчыка, і, вядома, для гасцявых пакояў. Як нам падаецца, у афіцынах можна стварыць дэмакратычыя гатэльчыкі, а вось начлег у самім палацы будзе, безумоўна, па VIP-прэйскуранце...

Георгій Гагарын нічога не кажа пра тэрміны. Затое ён спадзяецца, што падрыхтоўку праектна-каштарыснай дакументацыі і, адпаведна, рэстаўрацыйныя работы ўдасца разбіць на часткі.

 – І пачнём мы, зразумела ж, з даху, – дадае ён. – Бо займацца часовай кансервацыяй, як падаецца, сэнсу няма, трэба як мага хутчэй прыступіць да асноўных работ. Тым больш, наколькі мне вядома, сур'ёзнае фінансаванне запланавана ў абласным бюджэце ўжо на наступны год...

Замак Гаштольдаў быў зруйнаваны задоўга да нашага з'яўлення на свет. А вось сядзіба Умястоўскіх руйнуецца акурат цяпер – нібы па законах «рэаліці-шоу», эфект якога забяспечвае перманентная ўвага СМІ. Сюжэт развіваецца пакручаста: то занепакоенасць, то надзея, то роспач... І не выклікае сумненняў, што хэпі-энд тут патрэбны нават не столькі з эканамічных, колькі менавіта з ідэалагічных прычын.

Манументальныя экспанаты

Тым больш, гэты комплекс у перспектыве здатны прапанаваць шырокі дыяпазон забаў для турыста, стаўшы аб'ектам паказу і інфраструктуры «ў адным флаконе». Сюды можна прыехаць і на экскурсію, і на адпачынак – балазе пад бокам прыгожая сажалка. Ды і ў пахмурнае надвор'е будзе чым заняцца. Сядаеш на каня – жалезнага або жывога – і наперад па навакольных адметнасцях!

Па дарозе назад у Іўе ўглядаешся ў спічастыя вежы неагатычнага касцёла ў Суботніках, крыпта якога стала фамільнай пахавальняй Умястоўскіх. І звонку, і знутры храм захаваўся ў выдатным стане – як быццам, і не было дзесяцігоддзяў запусцення. А ёсць яшчэ шыкоўныя касцёлы ў Дудах, Ліпнішках, Трабах, Лаздунах, самім Іўі... Між тым, гарадок адметны і сваёй асяроддзевай забудовай: мала дзе яшчэ так добра захаваўся дух мястэчка стогадовай даўніны. І шкада, што гэты дух, не ўзяты пад абарону дзяржавай, паступова чэзне: сучасныя рамонты даюцца ў знакі...

Зразумела ж, паўстае пытанне: дзе турыст можа падрабязна даведацца пра ўсё гэтае багацце? Як выявілася, своеасаблівы інфармацыйны цэнтр у Іўі ўжо з'явіўся, ці, дакладней, гэтую функцыю выконвае Музей нацыянальных культур, адносна нядаўна адкрыты ў гарадку.

Не заўважыць гэтую даваенную камянічку наўрад ці ў каго атрымаецца. Ля яе ўваходу – цэлая «выстаўка дасягненняў» савецкага манументальнага мастацтва. Раней помнікі ставілі ледзь не ў кожным калгасе, а цяпер аддзел культуры выступіў з сапраўды мудрай ініцыятывай: звезці іх з усяго раёна на музейны падворак ды надаць статус экспанатаў.

Экспазіцыя ў музеі пакуль толькі ствараецца, сродкаў на яе бракуе, і таму гэты і без таго складаны ды карпатлівы працэс, верагодна, расцягнецца ў часе. Ды дзейнасць установы не абмяжоўваецца ейнымі сценамі – яна прапаноўвае і паўнавартасныя экскурсійныя паслугі па горадзе ды раёне.

– Тыя турысты, што падарожнічаюць самастойна, без экскурсійнага суправаджэння, шмат чаго «недаатрымліваюць», – пераканана дырэктар музея Рэгіна Сяліцкая. – Так, можна самім пад'ехаць, скажам, да нашай мячэці, паглядзець яе звонку... Але наўрад ці ў вас атрымаецца пазнаёміцца з імамам, даведацца пра шматвяковыя традыцыі беларускіх татараў...

У музеі кожны ахвотны можа атрымаць і буклецік з картай ды апісаннем адметнасцей Іўеўшчыны. Так, надрукаваны ён на звычайным чорна-белым прынтары – усё ж робіцца «сваімі сіламі». Аднак патрэбную інфармацыю з яго ўсё адно можна пачэрпнуць.

Між іншым, і арыгінальная назва музея – не проста «назва дзеля назвы». Пра геаграфічны брэндынг сёння гавораць усё часцей, і зусім недарэмна. Кожны куток Беларусі, які прэтэндуе на ўвагу турыстаў ды павагу сваіх жыхароў, павінен мець нейкую пазнавальную рысу ва ўласным абліччы. На Іўеўшчыне яе, падобна, ужо знайшлі. І робяць акцэнт на мультыкультуралізм, мірнае суіснаванне розных веравызнанняў ды культур, уласцівае гэтаму краю спрадвеку.

16 чэрвеня на местачковай плошчы была адкрыта манументальная кампазіцыя. Чатыры высокія пліты, у нечым падобныя да скрыжаляў, адлюстроўваюць чатыры рэлігіі і канфесіі, якія гістарычна «прапісаліся» ў мястэчку. Праваслаўная частка мемарыяла «пазірае» на царкву, каталіцкая – на касцёл, мусульманская – на мячэць, а іудзейская – на колішнюю сінагогу. Пасярэдзіне ж – фантанчык, які для некага сімвалізуе вітальную сілу, а камусьці проста радуе вока. Мемарыял, між іншым, таксама паўстаў «сваімі сіламі», без сур'ёзнага фінансавання.

Дый што казаць, калі нават графіці, якія санкцыянавана ўпрыгожваюць адзін з местачковых парканаў, таксама адлюстроўваюць тэму мультыкультуралізму! Пакуль многія ўсё яшчэ не могуць уцяміць, а што ж такое геаграфічны брэндынг (беларускія работы, дасланыя на нядаўні Міжнародны фестываль Open, як падаецца, дазваляюць паставіць такі «дыягназ»), тут, у маленькім Іўі, ужо не проста вызначыліся з ідэяй брэнда, але і паспелі зрабіць важкія крокі па яе «прасоўванні».

Таму самае важнае, каб высілкі неяк «зрэзаніравалі» і за межамі раёна, каб пра іх даведаліся і турагенцтвы, і непасрэдна іх кліенты, каб на медыяхвалях з'явіўся піяр. Але ж вырашыць гэтую задачу сваімі сіламі амаль нерэальна. І таму хочацца верыць, што «зародак» турызму, створаны стараннямі жыхароў Іўеўшчыны, будзе развівацца ўжо не толькі на саматужным энтузіязме.

Ілья СВІРЫН

Фота аўтара

https://www.traditionrolex.com/8