https://www.traditionrolex.com/8
<p>Траса працягласцю ў 5 кіламетраў, на якой давялося спаборнічаць, нават ад самага старту зрабілася экстрэмальнай. Пастараліся работнікі лясніцтва, якія нааралі проста па дарозе глыбокіх разораў, нібыта ад пажару. Але, як той казаў, гэта былі толькі кветачкі. З дарогі чарада бегуноў збочыла… у раку</p>

Ох ужо гэтыя аматары бегу! Звычайнага хуткаснага перасоўвання па дарозе ім ужо даўно зрабілася мала. Прыдумалі сабе бег па перасечанай мясцовасці. Але і гэта ўжо ім прыелася. Цяпер, прынамсі, у Рэчыцы, папулярнасць набірае так званы экстрым-бег. Ужо другое адкрытае першынство раёна па гэтым відзе спорту прайшло днямі на рацэ Ведрыч, паведамляе «Дняпровец».

Шчыра кажучы, нават не думаў, што ад дабраахвотнага стварэння самому сабе гэткіх цяжкасцяў можна атрымаць такі велізарны зарад здароўя, бадзёрасці і жадання жыць і ствараць. Хаця, у адрозненне ад удзельнікаў спаборніцтва, асабіста я ганяўся не за перамогай, а за цікавым кадрам, але ўсе мае нягоды і клопаты, якія цяжарам ляжалі на свядомасці пасля працоўнага тыдня, як рукой зняло, пасля таго як давялося крыху пакоўзацца ў балоце ды пабегаць па рэчышчы нашага гарэзлівага Ведрыча. Уяўляю сабе настрой саміх спартсменаў…

Траса працягласцю ў 5 кіламетраў, на якой давялося спаборнічаць, нават ад самага старту зрабілася экстрэмальнай. Пастараліся работнікі лясніцтва, якія нааралі проста па дарозе глыбокіх разораў, нібыта ад пажару. Але, як той казаў, гэта былі толькі кветачкі. З дарогі чарада бегуноў збочыла… у раку. І пабегла ўверх супраць імклівай ведрыцкай плыні па далёка не роўным яго дне, пераваленым старымі дрэвамі і карчамі. Потым зноў выхад «на сушу», але ненадоўга. Далей удзельнікаў забегу чакала сапраўдная дрыгва, зацягнутая звонку прыгожанькай зялёненькай раскай. Потым зноў рэчышча Ведрыча, праўда, на гэты раз глыбейшы адрэзак, ускарасканне па крутым пад’ёме на гару, спуск у круты яр і выхад з яго цераз вісячае карэнне абрыву. Ну і на заканчэнне – яшчэ адна балацянка, каб замацаваць «уражанне». І так – тры кругі.

0

1

Сапраўды – экстрым. Але… Можна з упэўненасцю сцвярджаць – папулярны экстрым. Удзел у спаборніцтве ўзялі не толькі маладыя хлопцы, але і сталыя дзядзькі і нават жанчына. Прычым пашырылася і геаграфія аматараў экстрэмальнага спорту. Да рэчычан гэтым разам далучыліся гамяльчане. Узрост удзельнікаў – ад 15 да 60 гадоў. Дарэчы, вынікі таксама падводзіліся паводле ўзроставых груп. То бок абсалютным лідэрам зрабіўся Андрэй Сінькевіч (ён жа – пераможца ў катэгорыі 35–39 год).

2

4

У самай малодшай узроставай групе (да 20 гадоў) першае месца дасталася Андрэю Ігнатовічу. А вось дыплом пераможцы ў групе 55–60 гадоў дастаўся Уладзіміру Раманюку. Госць Рэчыцы з Гомеля Валянцін Ткачоў прыйшоў першым з удзельнікаў узросту 40–44 гады, а яго жонка Жана Ткачова была адзінай, і таму першай сярод жанчын.

3

Некалькі ўдзельнікаў гэтага забегу даведаліся пра яго літаральна за дзень. І калі пагадзіліся паўдзельнічаць, нават не разлічвалі на такі вынік для сябе асабіста. Калі ж пасля забегу перад узнагароджваннем атрымалася невялічкая паўза, я выпадкова стаў сведкам тэлефоннай размовы аднаго з «новенькіх» экстрым-бегуноў, мусіць, са сваім сябрам. Па-першае, усё аблічча юнака папросту ззяла ад уражанняў, а па-другое, вось што я пачуў:

– Ой, я тут, карацей, на адной фішцы быў, ну… нават не ведаю як сказаць, карацей – класна!

7

Нехта сумняваецца? То далучайцеся наступным годам і вы. Праверце!

Андрэй МЯДЗВЕДЗЕЎ

Фота аўтара

https://www.traditionrolex.com/8