https://www.traditionrolex.com/8
<p>Калі гавораць пра тое, што гасцям з замежжа няма чаго паказаць у Беларусі, акрамя Мірскага замка, Нясвіжа і Полацка, не магу з гэтым пага­дзіцца. На маю думку, тыя, хто так лічаць, хутчэй за ўсё не ведаюць сваёй краіны</p>

Як толькі чую чарговую гутарку пра тое, як і чым прывабліваць турыстаў у нашу краіну, чамусьці на розум прыходзіць даследаванне на гастранамічную тэму. Наведвальнікам сталоўкі, кафэ ды рэстарана прапанавалі закаштаваць адну і тую ж страву, прыгатаваную з аднолькавых інгрэдыентаў. Вынікі, на мой погляд, вельмі цікавыя. У сталоўцы адзначылі, што ежа так сабе, «на троечку». У кафэ сказалі, што прыгатавана яна добра, але ж можна было б і лепей. Тыя ж, хто спрабаваў гэтую страву ў рэстаране, знайшлі яе бездакорнаю. А розніца была, зразумела ж, толькі ў сервіроўцы, інтэр’еры, абслугоўванні — сервісе, карацей кажучы, паведамляе «Гомельская праўда».

Калі гавораць пра тое, што гасцям з замежжа няма чаго паказаць у Беларусі, акрамя Мірскага замка, Нясвіжа і Полацка, не магу з гэтым пага­дзіцца. На маю думку, тыя, хто так лічаць, хутчэй за ўсё не ведаюць сваёй краіны. Паказаць нам ёсць што: у Беларусі шмат мястэчак, заснаваных у IХ — ХI стагоддзях: Тураў, Мсціслаў, Навагрудак ды іншыя. А старажытны турыстычны аб’ект у дадатак з файным этнічным арт-праектам — самы што ні на ёсць бяспройгрышны варыянт нават для пераборлівага турыста.
Гадоў пяць таму я адпачывала ў Балгарыі. І калі прапанавалі паездку ў вёсачку, спачатку адмовілася: навошта? У мяне іншая мэта — адпачыць тыдзень на марскім узбярэжжы. Але ж служачы невялічкага гатэля, дзе я спынілася, параіў не адмаўляцца ад такой прапановы. «Гэта варта пабачыць», — сказаў ён і заверыў, што мне там вельмі спадабаецца. Ён меў рацыю. Непаўторны ландшафт, народныя спевы і стравы, старажытны вясельны абрад, танцы на вуголлі, прыгожая нацыянальная вопратка — толькі там я па-сапраўднаму адкрыла для сябе гэтую цудоўную краіну.

1

2

3

Праграма для турыстаў у балгарскай вёсачцы

І нават ні мора, ні крамы, ні гарадскія славутасці, а менавіта той яскравы народны каларыт, з якім нішто не можа параўнацца, падштурхнуў мяне змяніць свой погляд на адпачынак. З таго часу чарговую вандроўку па Беларусі ці па замежнай краіне звязваю найперш з нейкімі падзеямі.

Да беларускіх этнафэстаў у кожнага свой шлях. Что тычыцца асабіста мяне, то я далучаюся да іх паступова. Спачатку было захапленне старажытнай музыкай гурта «Стары Ольса», выступы якога на канцэртных пляцоўках ды ў клубах старалася не прапускаць. Дарэчы, у адным з інтэрв’ю я запыталася ў Зміцера Сасноўскага, ці ўдзельнічае «Стары Ольса» ў турыстычных праектах. «Так, удзельнічаем», — адказаў ён і назваў два сумесныя праекты «Гісторыі-Тур» з Ашмянскім райвыканкамам, якія праводзяцца штогадова, — фестывалі «Гальшанскі замак» і «Шляхецкая сядзіба».

Упершыню на дударскі фэст «Гальшанскі замак» я трапіла ў 2009 годзе. Уражанне ад мястэчка Гальшаны і ад сярэднявечнай музыкі было настолькі моцным, што яго нельга было параўноўваць з тымі эмоцыямі, якія раней атрымлівала на звычайных канцэртных пляцоўках. Уяўленне, быццам машына часу, перанесла ўсіх удзельнікаў фэсту на некалькі стагоддзяў таму — скамарохі на хадулях, князі, ваяры і нават гандляры сувенірамі ў старажытнай вопратцы. І ўсё гэта на фоне ахінутага легендамі ды таямніцамі замка, пра які так непаўторна напісаў Уладзімір Караткевіч. Ну і, вядома ж, усё гэта ў суправаджэнні валынак, лютні, дуды. Увогуле трапляеш у атмасферу старажытнага свята ды робішся ягонай часткай — незабыўныя ўражанні… Вось у гэтым, на мой погляд, адрозненне падзейнага турызму ад звычайнага, дзе ў цябе ёсць толькі магчымасць разглядаць старадаўнюю архітэктуру, помнікі ды іншыя выбітнасці.

4

Дударскі фэст у Гальшанах. 2009 год

А сёлета я адкрыла для сябе яшчэ адзін фэст — рыцарскі, які праходзіць штогод у Мсціславе, што на Магілёўшчыне. І хаця ён адбываўся ужо пяты раз, даведалася аб ім толькі зараз, ды і то выпадкова. На жаль, не ведала, што за тыдзень да яго ў «Дудутках» таксама адбыўся фэст з удзелам этна- і фолк-гуртоў ды рыцарскіх клубаў Беларусі.

Ну і вось, як толькі даведалася, што ў Мсціславе хутка адбудзецца рыцарскі фэст, адразу ж пачала цікавіцца, як туды дабрацца. Раней у тых мясцінах мне не даводзілася бываць, хаця ведала, што гісторыя Мсціслава вельмі багатая. Высветлілася, што дабірацца з Гомеля да Мсціслава нязручна: ніяк не пазбегнуць перасадкі, акрамя іншага, нейкі час спатрэбіцца правесці ў Магілёве ў чаканні аўтобуса да Мсціслава. Яшчэ ад арганізатараў фэста даведалася, што гатэль ужо заняты, засталіся месцы толькі ў інтэрнаце на ўскрайку горада. І хаця звычайна люблю вандраваць самастойна, у дадзеным выпадку вымушана была патэлефанаваць ў турыстычныя фірмы, каб дазнацца, ці не прапаноўваюць яны свае паслугі па трансферу ды размяшчэнні. Была вельмі здзіўлена: ніякіх прапаноў у іх няма, і ўвогуле яны не маюць дачынення да такіх мерапрыемстваў. Здавалася б, такая шыкоўная праграма, чаму б не паспрабаваць сабраць жадаючых трапіць на такі файны фэст?

Карацей кажучы, паехала на свой страх і рызыку, бо да апошняга не ведала, ці будзе ў мяне магчымасць вярнуцца дадому, каб паспець у панядзелак на працу. Забраніраваць квіткі з Мсціслава да Гомеля адмовіліся на аўтастанцыях як Гомеля, так і Магілёва. Паведамілі, што аўтастанцыя ў Мсціславе не кампутарызавана, таму няма звестак аб наяўнасці там квіткоў. Даехаўшы да месца, я набыла іх без праблем, але ж гэты момант сапсаваў настрой на нейкі час ды ледзьве не з’явіўся прычынай, па якой я магла адмовіцца ад вандроўкі. Вось той самы прыклад, калі якасная страва пададзена ў сталоўцы. Упэўнена, калі б з’явілася жаданне трапіць на падобнае мерапрыемства ў той жа Балгарыі, ні аб чым клапаціцца не давялося б.

Ужо ў Мсціславе даведалася, што тут адпачывае шмат турыстаў са Смаленска, які знаходзіцца непадалёк ад беларускага гарадка. Прычым прыязджаюць яны сюды пастаянна. А беларускія турысты ў Мсціславе, як высветлілася, вялікая рэдкасць, тут іх можна пабачыць хіба што на рыцарскім фэсце. Дарэчы, мне пашанцавала спыніцца не ў інтэрнаце на ўскрайку горада, а ў памяшканні былога іезуіцкага калегіума.

5

6

Фэст вельмі спадабаўся: шыкоўнае відовішча ва ўсіх адносінах — турніры лучнікаў, мечнікаў, бугурты, сапраўдная музыка, танцы. Нарэшце дзякуючы «Яварыне» я навучылася танцаваць «Ойру». А раніцай наступнага дня любавалася непаўторнымі пейзажамі Мсціслава — такія краявіды, што нават дах зносіць. Усяго толькі суткі, а ўражанне – нібыта прайшоў цэлы тыдзень: столькі эмоцый.

7

Мсціслаў раніцай

8

Рыцарскі фэст-2012

У Мсціславе ёсць усё, каб прымаць турыстаў. І нават болей — наўрад ці ў вялікіх гарадах атрымаеш такую хатнюю цеплыню. Зараз крышачку адыдзем ад тэмы, каб перавесці пачуцці ў грашовы эквівалент: 150 тысяч беларускіх рублёў каштуюць усе квіткі з Гомеля да Мсціслава ў двух напрамках, 45 тысяч — гатэль, 80 тысяч — квіткі на мерапрыемствы фэсту, ну і невялікія грошы на харчаванне, якое ў Мсціславе якаснае ды таннае ў параўнанні з коштамі вялікіх гарадоў. Комплексны абед з чатырох страў у кафэ «Карчма» абыйшоўся каля 30 тысяч.

І вось яшчэ аб чым хацелася б сказаць. Мне падабаецца вандраваць па Украіне. Гэта таксама падзейныя вандроўкі. Калі бачу на святочных вуліцах Кіева ці Львова людзей у нацыянальнай вопратцы — а там яе носяць дзеці, юнакі, старыя, прычым робяць гэта з пачуццём уласнай годнасці, — лаўлю сябе на думцы, што таксама з задавальненнем апраналася б на тыя ж самыя фэсты ў беларускую вышыванку. На Украіне няма ніякіх праблем, каб набыць нацыянальную вопратку, прычым выбар дастаткова шырокі: ад дарагой палатнянай з ручным гафтам да простай імітацыі, якая каштуе значна танней.

9

На вуліцах Кіева

А ў Беларусі трэба вельмі пастарацца, каб увогуле знайсці хаця б нейкую нацыянальную кашулю. Пра выбар няма чаго і казаць. Вось і гэтым разам не знайшла яе ў Мсціславе нават ў «Горадзе майстроў», дзе былі прадстаўлены вырабы разнастайных рамёстваў. На мой погляд, усе яны не належаць да аўтэнтычных — прыгожыя рэчы, не болей таго.

Па дарозе з Мсціслава да Гомеля я была вымушана чатыры гадзіны правесці ў Магілёве. Мясцовыя жыхары параілі паглядзець этнаграфічную беларускую вёску Буйнічы. Вельмі прыгожы куточак для адпачынку. Але ж яна не выклікала ў мяне асацыяцый з беларускай вёскай, хіба што нейкія асобныя дэталі, такія як дранка на даху карчмы, калодзеж-журавель, млын…

10

11

Этнаграфічная беларуская вёска Буйнічы

На маю думку, у Гомелі ёсць шанц зрабіць менавіта аўтэнтычны квартальчык з непаўторных драўляных дамоў, упрыгожаных унікальным дэкорам. Дарэчы, зайшла я ў Буйнічах у адну з майстэрняў — ткача, дзе можна было набыць фенькі ды бранзалеткі, але ж аніводнай не было з беларускім арнаментам. Вышыванкі таксама там не знайшла. Сябры даўно ўжо раюць набыць яе на Украіне, але хачу ўсё ж такі менавіта сваю, беларускую.

Дык вось, вернемся да фэстаў. Упэўнена: той, хто пабачыў гістарычнае відовішча хаця б аднойчы, на наступны год вернецца туды зноў і будзе раіць сваім сябрам. На маю думку, калі б у турфірм было жаданне, яны маглі б прывабіць да такога цікавага адпачынку значна больш турыстаў. «Як ты пра гэта даведалася?» — гэтае пытанне мне давялося чуць ад розных людзей, якія не належаць да аматараў даўніны, але ж кажуць, што таксама паехалі б на рыцарскі фэст, каб ведалі аб ім раней.

Нягледзячы на тое, што падобных мерапрыемстваў у Беларусі дастаткова і ўзровень іх высокі, лічу ўсё ж такі, што падзейны турызм у Беларусі знаходзіцца пакуль што на слабым узроўні. Набярыце ў Google «фестывалі Украіна 2012» і атрымаеце вынік — пералік музычных, тэматычных, гастранамічных, гістарычных, мастацкіх ды этнічных фэстаў. Застаецца толькі выбраць на свой густ. Без праблем можна знайсці каляндарны план такіх мерапрыемстваў і ў Расіі. У нас жа пра ўсе гэтыя святы можна даведацца выпадкова ці праз сяброў, якія з’яўляюцца аматарамі таго ці іншага напрамку нацыянальнай культуры. Хаця знайшла ўсё ж такі адзін сайт, дзе ёсць спіс культурных падзей Беларусі на гэты год. Менавіта на сайце Нацыянальнага агенцтва па турызму можна даведацца аб спартыўных, тэатральных ды іншых фэстах. Асабіста мяне зацікавілі такія абрады, як «Жаніцьба Цярэшкі», «Гуканне вясны», свята вясельных абрадаў «Вялікая вясельніца», тэатралізаваныя прадстаўленні «У госці да Зюзі Паазерскага» ды іншыя. Цікава было б паглядзець, буду мець на ўвазе на будучыню. Але ж, на жаль, даты некаторых мерапрыемстваў тут недакладныя, так што не раю арыентавацца менавіта на гэты рэсурс. Лепш адштурхнуцца ад яго і потым ужо шукаць неабходную інфармацыю адмыслова: напрыклад, на сайтах музычных этна-гуртоў, у сацыяльных сетках ды на рэсурсах мясцовай улады, дзе павінна адбыцца мерапрыемства, на якое вы маеце жаданне трапіць.

12

На рыцарскім фэсце ў Мсціславе. Дзецям падабаецца яскравае відовішча

Зразумела ж, як толькі колькасць ахвотнікаў ездзіць на фэсты значна павялічыцца, гэта пацягне за сабой шэраг праблем, і адна з іх па размяшчэнні турыстаў. Лічу, што такія фэсты цікавыя ў першую чаргу моладзі, якой не па кішэні крутыя гатэльныя нумары. І таму дастаткова пераўтварыць памяшканне, якое заўсёды можна знайсці, пад самы просты хостэл з двух’яруснымі ложкамі.

Не маю нічога супраць білбордаў «Я люблю Беларусь», якіх шмат ва ўсіх гарадах нашай краіны. Але чаму б не зрабіць білборды, на якіх былі б яскравыя фрагменты гістарычных фэстаў ды назвы мястэчак і вёсачак, дзе яны праходзяць, — Аўцюкі, Гальшаны, Мсціслаў, Шаблі?.. Фэсты будуць на слыху, і ўзнікне жаданне наведаць гэтыя мясціны. Калі мы будзем адчуваць сябе беларусамі, добра ведаць і шанаваць сваю краіну, то зможам прапанаваць усё самае лепшае тым, хто да нас прыязджае.

І напрыканцы. Апроч іншаг, вандроўка ў Мсціслаў запомнілася мне яшчэ і знаёмствам з братамі Арлашчанковымі са Смаленска — Ула­дзімірам і Генадзем. Яны рокеры, спяваюць у гурце «Валхвы».

13

Браты Арлашчанковы з Расіі склалі музыку да верша беларускага паэта Максіма Танка

У палатачным гарадку браты так пранікнёна спявалі народныя песні пад гармонік, што нельга было каля іх не спыніцца. Больш за ўсё ўразіла песня, якая пачыналася словамі «Дорожный посох вырезают из дерева». Гэта той самы выпадак, сябры, калі камяк у горле: тут і пра дарогі, і пра фэсты, і пра зручныя вопратку ды абутак для вандраванняў. Запыталася ва Уладзіміра пра яе назву, каб потым знайсці ў інтэрнеце. І тут высветлілася, што музыку ён напісаў сам, а верш «Перад вандроўкай» належыць беларускаму паэту Максіму Танку, 100-годдзе якога мы хутка будзем адзначаць. Як толькі вярнулася дадому, адразу ж знайшла гэты верш на беларускай мове. Напісаны ён ў 1967 годзе, але застаецца і зараз сучасным.

(прыведзена ў скарачэнні)
Каптан дарожны
кроіцца з надзеі,
З кішэнямі, што дна ня маюць,
У якія змясціў бы ўсе нядзелі,
Ўсе фэсты і хлеба акраец.
А колер яго такі быць павінен,
Каб нельга было адрозніць
Ад дажджу, ад пылу каляінаў,
Ад барознаў.

А песня падарожная
складаецца з шуму
Вятроў
і птушынага шчабятання,
З вясёлых і невясёлых
думаў
I нават з маўчання…
Каму не да спадобы
ўсё гэта,
Таму я ня раю
Вандраваць са мной зімой
ці летам
Па роднаму краю.

Наталля Прыгодзіч

https://www.traditionrolex.com/8