https://www.traditionrolex.com/8
<p>Турысты маладзечанскага турклуба “Пілігрым” праехалі на веласіпедах па Чэхіі і Аўстрыі</p>
Турысты маладзечанскага турклуба “Пілігрым” праехалі на веласіпедах па Чэхіі і Аўстрыі. Кіраўнік групы Сяргей Семянюк расказаў "Рэгіянальнай газете" пра вандроўку.

Выехалі на цягніку з Брэста ў Польшчу 2 ліпеня. Праз Польшчу на цягніку даехалі да чэшскай мяжы. Веласіпедны паход пачаўся ад раёна чэшскай Астравы. Пасля – да горада Брно. Гэта Мараўска-Сілезскі край Чэхіі.

Затым – аўстрыйскія Дрозэндорф, Цветль і Лінц. Потым зноў на поўнач у Чэхію. Праз перавал “Высокі Брод”. Там – на цягнік – у Прагу. Пасля гэтага селі на цягнік да Брэста і на электрычку да Мінска.

У Чэхіі высокая культура на дарогах. Як і ў Аўстрыі, адносіны да веласіпедыстаў асаблівыя. Шмат веласіпедных дарожак. Веласіпедны рух вітаецца ў гэтых краінах.

1

Алег Шыкавец (наперадзе) і Сяргей Семянюк праязджаюць праз завалы дрэў каля мяжы Чэхіі і Аўстрыі.

Нават у лясах і ўздоўж рэчак пракладзеныя асфальтаваныя веласіпедныя дарожкі.

У месцах адпачынку турыстаў – кемпінгах – можна пакінуць на цэлы дзень мабільны тэлефон альбо фотаапарат на падзарадку і не баяцца, што яго ўкрадуць.

Мяжы паміж Польшчай, Чэхіяй і Аўстрыяй няма. Памежныя пераходы пустыя. Адзіная Еўропа. Хоць валюты розныя. У Чэхіі – крона, у палякаў – злоты, у аўстрыйцаў – еўра.

Але абменныя пункты працуюць. Усё даступна. У любы час можна памяняць любую валюту.
У Чэхіі і Аўстрыі не працуюць у выхадныя дні. Людзі адпачываюць. Не працуюць нават магазіны. Хіба што толькі вялікія супермаркеты ў вялікіх гарадах.

– Мы ведалі пра гэта, таму былі падрыхтаваныя, – кажа Сяргей Семянюк. – Закупілі тушонкі, грэчкі. Грэчку ў Чэхіі цяжка знайсці. А калі і знойдзеш, яна ў некалькі разоў даражэйшая, чым у нас. Таму прадукты бралі з сабой. Яшчэ чорны чай. У іх ён з дадаткамі толькі. З ягадамі нейкімі. А чыста чорнага не знойдзеш. Дзіўна…
Сяргей расказвае, што з чэхамі размаўляць вельмі лёгка: славяне. З аўстрыйцамі цяжэй. Пажадана ведаць нямецкую мову. Але і чэхі, і аўстрыйцы вельмі гасцінныя людзі і паважліва ставяцца да гасцей. У тым ліку да веласіпедыстаў-беларусаў.

Сяргей Семянюк расказаў пра 95-гадовага чэха, які пры камуністычным рэжыме ў Чэхаславакіі вывучаў рускую мову і гаворыць па-руску. Дзядуля цяпер ходзіць у горы – тры кіламетры ўверх, пасля ўніз. Праўда, з кійком. А пасля гэтага п’е піва.

2

Беларусы абедаюць у гарах ля мяжы Аўстрыі і Чэхіі.

– Мы гаварылі з ім пра што заўгодна, – кажа Сяргей Семянюк. – Пра піва, канешне, абавязкова. У Чэхіі гэта нацыянальны напой. Але за рулём веласіпеда мы, натуральна, піва не пілі. Дазвалялі сабе толькі вечарам. Смачна. Ці то вада ў чэхаў асаблівая, ці солад незвычайны.

Прадукты ў Чэхіі і Аўстрыі па цэнах не адрозніваюцца ад беларускіх. Снедалі і вячэралі нашы турысты сваімі запасамі. Абедалі ў кафэ.

Чэхі і аўстрыйцы любяць мяса. Адбіўная катлета на адну порцыю, па словах Сяргея Семенюка, грамаў 400. Беларусы заказвалі адну на дваіх.

Замкі і паркі – асаблівасць Чэхіі і Аўстрыі. Ніхто не забараняе проста залезці наверх замка і паглядзець на горад.

Сяргей ЗЯНЬКО

https://www.traditionrolex.com/8