https://www.traditionrolex.com/8
<p>Зірнуць на вайну 1812 года дапамагаюць высакародныя постаці таго часу, але сярод іншых ваяроў на выставе найбольш Напалеона. Французскі імператар тут прысутнічае не толькі ў гравюры, фарфоры, бронзе і нават вініле на выставачных планшэтах, але і ў шакаладзе — у ядомай (ужо, на жаль, умоўна ядомай!) кампазіцыі магілёўскага кандытара</p>

На выставе ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі пахне шакаладам і ваніллю. Хоць тэма выставы вельмі сур'ёзная — «1812-ы: погляд праз два стагоддзі», дэталі надаюць гістарычнай карцінцы «жывы» аб'ём.

Зірнуць на вайну 1812 года дапамагаюць высакародныя постаці таго часу, але сярод іншых ваяроў на выставе найбольш Напалеона. Французскі імператар тут прысутнічае не толькі ў гравюры, фарфоры, бронзе і нават вініле на выставачных планшэтах, але і ў шакаладзе — у ядомай (ужо, на жаль, умоўна ядомай!) кампазіцыі магілёўскага кандытара, паведамляе «Звязда».

Гавораць, што гэтая вайна, як ніякая іншая, была прыгожая. Маецца на ўвазе, вядома, не рэальныя кроў і пот, але адлюстраванне вайсковага подзвігу ў мастацкіх творах. На партрэтах таго часу — статныя прыгажуны са строгімі поглядамі, у мундзірах з высокімі, расшытымі золатам каўнярамі і шыкоўнай зброяй.

Стрэльбы, шпагі і шаблі на выставе прадстаўлены, але найбольш жахлівае ўражанне робіць нешта падобнае на вялізны меч з зазубінамі: аказалася, што якраз да баёў ён дачынення не мае. Гэта сапёрны цясак, і выкарыстоўваўся ён пры земляных работах — у прыватнасці, у Бабруйскай крэпасці.

3

На выставе паказаны не толькі французы і рускія як праціўнікі ў вайне 1812 года, але і Магілёўшчына, па якой пракацілася гэтая вайна, і ўвогуле тая ўжо далёкая эпоха.

— У нас тут шмат сапраўдных прадметаў, якія маюць дачыненне да таго часу, — расказала вядучы навуковы супрацоўнік музея Марына Тарасава. — Калі падлічыць усё, нават дробязі, то будзе з паўтысячы экспанатаў з фондаў нашага музея і прыватных калекцый.

У вітрынах выстаўлены рэчы пачатку XІX стагоддзя. Уразіў плюмаж да генеральскай шпагі з яркім чорна-жоўтым пер'ем пеўня. Можна ўбачыць самыя розныя дробязі, якія праляжалі ў зямлі дзвесце гадоў на полі бою пад вёскай Салтанаўкай Магілёўскага раёна, дзе ў 1812 годзе была вялікая бітва, і пры гэтым даведацца, што ў французаў (у адрозненне ад рускіх) кожны гузік быў пранумараваны ў адпаведнасці з палком. Да ржавых пушачных ядраў і карцечы можна дакрануцца рукамі — гэта ўсё сведкі далёкіх баёў.

Ёсць і зусім мірныя рэчы: чайнік з галавой грыфона ў стылі ампір і фарфоравы соуснік у выглядзе лебедзя. Стыльная шкляная чарка і маленькі, амаль цацачны, кубак, знойдзеныя ў ваколіцах Магілёва. Кажуць, што з такіх пасудзін, як, прынамсі, гэты кубачак, французы маглі піць каву ў карчме ў Палыкавічах пад Магілёвам: напэўна, варыянт цяперашняга «эспрэса».

29gni-333333

Увогуле такую выставу нельга праглядзець за дзясятак хвілін і атрымаць хуткае задавальненне: патрэбны час і ўвага, каб без спешкі ўсё прачытаць, разгледзець і ацаніць. Вось на сценах — старадаўнія літаграфіі, нават расфарбаваныя, кожная з якіх — яркі і змястоўны мастацкі твор.

Напрыклад: «Каля Бешанковічаў, 28 ліпеня 1812 года, 5 раніцы». Царква на пагорку, армейскае пастраенне, салдаты, гарматы, на першым плане качаецца конь. Ваенная, але ўсё яшчэ мірная, раніца.

— Гэта цудоўная літаграфія са збору прыватнага калекцыянера, — расказвае Марына. — Аўтар — афіцэр Фабер дзю Фор, які ішоў разам з арміяй Напалеона на Віцебск і рабіў замалёўкі. Пасля вяртання дадому француз іх выдаў, і яны сталі вельмі папулярнымі ў Еўропе.

Выявы Іосіфаўскага сабора ў Магілёве, аказваецца, вельмі дарэчы на гэтай выставе. Цяпер, гэтага сабора няма: за савецкім часам яго знішчылі, а на гэтым месцы пабудавалі гасцініцу «Днепр», дзе сёння здаюцца офісы. Але ў 1812 годзе ў саборы, як і ў іншых цэрквах Магілёва, маліліся не за расійскага імператара, а за Напалеона. Магілёўская царкоўная смута потым доўга расследавалася.

— Дарэчы, шляхі гісторыі цяжка прадказаць, — каментуе Тарасава. —У выніку гэтага следства ў Спаскі манастыр быў змешчаны малады ігумен Арэст, дзе ён напісаў свае «Запіскі», якія цяпер — важная крыніца па гісторыі Магілёва.

2

Кнігі, якія былі выдадзены ў Расійскай імперыі да 100-гадовага юбілею Айчыннай вайны, уражваюць сваёй разнастайнасцю: альбом малюнкаў, шматтомнік навуковых даследаванняў, успаміны ўдзельнікаў, песні, карыкатуры. Спрычыніўся да гэтага і настаўнік Магілёўскай мужчынскай гімназіі, які выдаў сваю кнігу пра 1812 год.

Увогуле навуковы складнік выставы ў Магілёве — гэта дакументы Нацыянальнага архіва Беларусі. Некаторыя з іх экспануюцца ўпершыню.

— Паглядзіце, тут гадзінамі можна чытаць, — паказвае Марына Тарасава, — дакумент пра ўрон, якія ўчынілі французскія войскі Гора-Горацкаму графству. Ад тысяч рублёў і галандскай жывёлы да мукі жытняй і круп розных, і так да апошняга цвіка. І ўсё гэта з каментарыямі чыноўнікаў, скрупулёзна пра кожную капейку на 9 лістах — вельмі павучальнае чытанне.

Ад верасня да наведвання выставы «1812-ы: погляд праз два стагоддзі» далучацца старшыя школьнікі. Для таго каб утрымаць увагу падлеткаў, напрыклад, прадстаўлены фрагмент генеральнай карты тэатра вайны 1812 года.

— Карта прыкладзена да кнігі выдання 1838 года, — растлумачыла навуковы супрацоўнік музея. — Яна захоўваецца ў нашых фондах, але з-за дрэннай захаванасці экспанаваць яе немагчыма. Таму зрабілі вялізнае фота, дзе кожны можа прачытаць знаёмыя назвы населеных пунктаў Магілёўшчыны, усвядоміць, што тэатр вайны быў тут, на нашай зямлі.

Несумненна, што ўвагу школьнікаў прыцягнуць каляровы рускі лубок ваеннага часу, насуперак усім ваенным жахам — гумарыстычны: як, напрыклад, паводзілі сябе французы ў пакінутай Маскве. Салдат, які есць кавун на канапе сярод гарадскіх руін, у спалучэнні з каментарыямі экскурсавода пра вялікае здзіўленне нязваных гасцей наконт колькасці... варэння ў маскоўскіх дамах.

Такім чынам, выстава ў Магілёўскім краязнаўчым музеі павінна адарыць маладое пакаленне цікавымі ўражаннямі і новымі ведамі.

— Мне падаецца, што яны павінны захапіцца подзвігам салдат, якія змагаліся, — лічыць Марына Тарасава. — Гісторыя гэтай вайны вучыць: трэба ўмець своечасова спыніцца ў сваіх вялікіх амбіцыях. Калі б Напалеон не рушыў узімку ў Расію, то, можа, сусветная гісторыя пайшла б па зусім іншым шляху?

І на заканчэнне расповеду пра 1812 год трэба адзначыць пераемнасць эпох і актуалій моды. Праз дзвесце гадоў высокія каўняры з упрыгажэннямі (вядома, у сучасным варыянце) зноў сталі модныя, як і жакеты з гузікамі накшталт вайсковых, а вузкія штаны з лампасамі захапілі сусветныя подыумы і буцікі.

— А пра бакенбарды і вусы ваенных можна напісаць вялікую працу, — смяецца Марына. — Іх за тым часам то дазвалялі, то забаранялі, у залежнасці ад меркавання высокага начальства...

Але самае цікавае, што сёння бакенбарды ўжо не выглядаюць як нонсенс: пры праглядзе галерэі партрэтаў пачатку XІX стагоддзя неяк міжволі згадваецца, як эфектна трапяталі на паветры бакенбарды англійскага пераможцы знакамітай велагонкі «Тур дэ Франс» Брэдлі Уігінса. Часіны мяняюцца, але часам і вяртаюцца ў гістарычных дэталях.

Ілона Іванова

https://www.traditionrolex.com/8