https://www.traditionrolex.com/8
<p>Якім павінен быць баланс паміж музеем як месцам, дзе захоўваюцца гістарычныя ды культурныя каштоўнасці, і турыстычнымі атракцыёнамі, якія дапамагаюць зарабляць грошы? Пытанне няпростае, як няпроста і развівацца нашаму комплексу-першапраходцу. Справа ў тым, што ў адрозненне ад іншых культурных устаноў, у якія ідзе мэтанакіраваная публіка, музей наведваюць абсалютна ўсе катэгорыі турыстаў, у тым ліку замежнікі</p>

Будні аднаго з самых цікавых музейных комплексаў краіны зацікавілі карэспандэнтаў «Культуры». Прыбыўшы ў Мірскі замак зранку, мы паспелі не толькі распытаць дырэктара пра яе працу і злабадзённыя пытанні, але і наведаць залы ды сутарэнні знакамітага гістарычнага аб’екта, а таксама пагутарыць з персаналам і наведвальнікамі замка ды зладзіць фотасесію на фоне каштоўных гістарычных экспанатаў.

Аўторак, 11.30. Хто б мог падумаць, што ў будні дзень на стаянцы каля замкавага комплексу знойдзецца толькі адно месца — якраз для аўтамабіля супрацоўнікаў рэдакцыі. Але факт застаецца фактам: турыстычны сезон — у разгары, і Мірскі замак выглядае, як любая іншая еўрапейская гістарычна-архітэктурная славутасць, — гэта значыць, у атачэнні машын ды аўтобусаў з турыстамі. Беларуская, руская, польская, японская мовы... І гэта толькі за некалькі хвілін знаходжання на замкавым двары, адкуль дзверы вядуць у розныя часткі экспазіцыі!

— Ехалі да сваякоў у Брэст, вырашылі заехаць у Мірскі замак, бо чулі пра яго шмат цікавага, — распавялі карэспандэнту «К» Вольга і Дзяніс, сямейная пара наведвальнікаў з Расіі, якая ўжо збіралася пакідаць музейны комплекс. — Так, вельмі спадабалася! Але высветлілася, што сувенірная крама сёння не працуе. Вельмі шкада! Затое зацікавіла музейная экспазіцыя і спадабаліся стравы ў замкавым рэстаране...

— Даўно хацелі наведаць Мір, бо шмат пра яго чулі, — кажа Яўгенія Скварцэвіч, турыстка з Магілёва. — Зараз адпачываю ў санаторыі пад Мінскам, таму, калі прапанавалі экскурсію ў замак, адразу пагадзілася, аб чым не шкадую. Што ўбачыла цікавага? Практычна ўсё, пра што распавядаў экскурсавод, было для мяне новым. Да таго ж, удалося пабачыць шмат прыгожых рэчаў і твораў мастацтва з музейнай калекцыі, даведацца, як людзі жылі ў замку шмат гадоў таму…

2

— Так, мы прымаем наведвальнікаў з самых розных краін і гарадоў, — расказвае дырэктар музейнага комплексу Вольга Папко пад час невялічкай экскурсіі па музеі. — Не пустуюць і гасцініца з канферэнц-залай ды рэстаранам.

Выпускніца геаграфічнага факультэта БДУ Юлія Антановіч пасля атрымання дыплома вырашыла працаваць блізу родных мясцін. Таму менш чым месяц таму ўладкавалася працаваць у Мірскі замак экскурсаводам, а пад час невялічкай фотасесіі, якую па просьбе фатакарэспандэнта Юрыя Іванова арганізавала дырэктар комплексу, з відавочным задавальненнем выканала ролю княгіні, сфатаграфаваўшыся на фоне аднаго з двух знакамітых фламандскіх габеленаў ХVІІ стагоддзя, што знаходзяцца ў музеях нашай краіны. Сваёй працай Юля вельмі задаволена, хоць яшчэ і не паспела атрымаць першую зарплату. Але галоўнае ўжо адбылося: яна працуе ў замку!..

Нават некалькі гадзін знаходжання за старымі мурамі карэспандэнтам «К» хапіла, каб прасякнуцца той пачэснай місіяй, якую выконвае калектыў комплексу і яго кіраўнік.

 

3  

Кабінет дырэктара сучаснага музейнага комплексу нагадвае кабінет кіраўніка буйнога прадпрыемства: камп’ютар, некалькі манітораў, апарат для гучнай сувязі. Усе гэтыя прылады — яўная неабходнасць: гаспадарка ў дырэктара ўстановы «Музей «Замкавы комплекс «Мір» Вольгі ПАПКО вялікая. Карэспандэнты «К» вырашылі даведацца ў маладога кіраўніка аднаго з самых вядомых старажытных гістарычных комплексаў нашай краіны пра тое, як узначаліць і, галоўнае, як уласна кіраваць такой буйной установай.

Пра тое, як трапіла на пасаду дырэктара

— На месца дырэктара я трапіла праз адкрыты конкурс. Убачыла ўмовы і зразумела: мне гэта будзе цікава. Справа ў тым, што мой навуковы кірунак — гісторыя роду князёў Радзівілаў, а Мірскі замак непарыўна звязаны са славутымі магнатамі. У выніку конкурс з няпростымі патрабаваннямі да ўдзельнікаў я выйграла, і вось, з 10 лютага, — на пасадзе дырэктара.

Зразумела, у тых, хто прызначаў мяне на пасаду, былі пэўныя ваганні: усё ж такі цэлы замкавы комплекс, шмат задач выключна гаспадарчага кірунку, ці справіцца з імі жанчына?.. Цікава, што тэмай маёй кандыдацкай у завочнай аспірантуры Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі была дзяржаўная палітыка нашых земляў у сферы прафесійнай культуры. Радзівіламі я займалася паралельна, таму адразу знайшла агульную мову з навуковымі супрацоўнікамі музея. Справа ў тым, што спецыялістаў-гісторыкаў, якія вывучаюць лёс славутага магнацкага роду, няшмат, і мы добра ведаем адно аднаго…

Пра прывіды, рэстаран і шлюбныя цырымоніі

— З 10 лютага я не проста працую, але і жыву ў замку: у нашай гасцініцы ёсць адмысловы службовы нумар, які пакуль займаю. Не, знакамітых прывідаў яшчэ не бачыла — як навуковец я гляджу на свет рацыянальна. Але на службе даводзіцца быць 24 гадзіны на суткі — часам нават ноччу даводзіцца вырашаць нейкія пытанні, з незачыненымі вокнамі, напрыклад. Бывае, за межы замка выходжу раз за некалькі дзён — у краму па прадукты. Праўда, у замку ёсць усё для нармальнага існавання, у тым ліку рэстаран. Не дзіва, што колькасць наведвальнікаў, якія хочуць правесці ў Міры цэлы дзень ці застацца на ноч, даволі вялікая. Атрымаў Мірскі замак вядомасць і як месца для таго, каб пабрацца шлюбам: у нас ёсць некалькі залаў, у якіх можна зладзіць урачыстую цырымонію на любы густ і кашалёк.

А ўсяго сёлета чакаем прыблізна 260 тысяч наведвальнікаў. У параўнанні з мінулым сезонам, годам пасля рэканструкцыі, калі Мір наведала каля 211 тысяч чалавек, прыток турыстаў сёлета — немаленькі. Зразумела, большая іх частка прыбывае ў летні сезон, што таксама дадае цяжкасцей тым, хто іх сустракае. Так, у мінулую суботу ў нас было 34 экскурсіі — пры нашай магчымасці прыкладна ў 18. У суботу і нядзелю замак гудзе, як вулей!

Такім чынам, на колькасць экскурсантаў скардзіцца не даводзіцца. У выхадныя да нас прыязджае каля пяці тысяч ахвотных пабачыць замак і... гэта на мяжы нашых магчымасцей! Зразумела, мы рады кожнаму госцю, але найбольш камфортна наведваць замак у будні дзень, калі няма чаргі на паслугі экскурсавода. Іх у нас усяго 11, і калі без папярэдняй дамовы да нас прыязджаюць адразу некалькі соцень гасцей, то турыстам даводзіцца чакаць пэўны час. Таму ахвотным наведаць Мір і атрымаць экскурсійнае абслугоўванне можна параіць замовіць экскурсію загадзя па тэлефоне. Ці ўлічваць той факт, што самы загружаны дзень у нас — субота. Каб наведаць замак, мінчане аддаюць перавагу менавіта гэтаму дню. Але — гасцей чакаем кожны дзень, бо выхадных у нас не бывае, апрача санітарнага дня ў апошні аўторак месяца.

Дарэчы, раю ўсім нашым гасцям карыстацца такой зручнай рэччу, як аўдыягід. Гэтых электронных прыстасаванняў у нас — 150, і звычайна яны вельмі запатрабаваны, бо даюць магчымасць кожнаму наведвальніку зрабіць сваю экскурсію па асабістым плане. Усе найбольш важныя памяшканні ды экспанаты ў замкавым комплексе маюць свае лічбавыя абазначэнні і адпаведныя аповеды ў аўдыягідзе на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай…

Пра сувеніры і гістарычныя касцюмы

— Госця замка трэба не проста сустрэць, правесці па залах музея і накарміць у рэстаране — яго неабходна здзівіць так, каб дахаты ён павёз унікальныя успаміны. І не толькі ўспаміны. Непаўторныя сувеніры — вось што жадае знайсці сучасны турыст у кожным музеі. Наша крама якраз і прапануе наведвальнікам падарункі, дызайн якіх мы прыдумалі самі — нідзе ў іншым месцы такіх не купіш. Прычым нашы сувеніры карыстаюцца неверагодным попытам: раней нават нельга было ўявіць, чым могуць зацікавіцца турысты. Напрыклад, неяк мы заказалі дзве вялікія саламяныя фігуры. Былі яны, хутчэй, упрыгожаннем сувенірнай крамы, бо ніхто не спадзяваўся, што іх хутка набудуць. Але іх прыдбала, і з вялікім задавальненнем, сямейная пара масквічоў — для ўпрыгожання аднаго з пакояў свайго новага жытла.

4  

Увогуле, справа з сувенірамі наладжана ў нас шырока: самі распрацоўваем іх дызайн, знаходзім вытворцаў, замаўляем ім тавар. Напрыклад, касцюмы для тэатралізаваных цырымоній замаўлялі ў мінскім швейным каледжы. У планах — гістарычныя касцюмы для ўсяго персаналу музейных супрацоўнікаў. Першымі плануем пераапрануць наглядчыц у той частцы экспазіцыі, якая апавядае пра гаспадарчую дзейнасць замка: для іх падрыхтавалі адмысловыя строі з каптурыкамі. Але гэтая ідэя пакуль не знаходзіць водгуку: для мясцовых жыхароў працаваць у касцюмах — надта незвычайна…

Пра праграмістаў для замка

— Нягледзячы на пяцісотгадовую гісторыю, музей у нас зусім малады: 1 красавіка адзначалі першы год нашага статуса ў якасці асобнага музейнага комплексу. Таму многія працэсы, што адбываюцца ў нас, характэрныя для зусім новых устаноў. Так, працягваем фарміраванне калектыву: на дадзены момант у нас 19 вакансій пры дзеючых 130 супрацоўніках. Хто патрабуецца? Як ні дзіўна, спецыялісты тэхнічнага кшталту, напрыклад, інжынеры-праграмісты. Навошта яны музею? Сучасны музей абсталяваны рознымі сістэмамі жыццезабеспячэння, інфармацыйным абсталяваннем, сістэмамі відэанагляду, кандыцыянавання, ацяплення, якія маюць камп’ютарызаванае кіраванне. Нават пыласос у замку ўяўляе з сябе складаную цэнтралізаваную сістэму, што дазваляе праводзіць уборку памяшканняў амаль без шуму. Тыя ж інфакіёскі, якія маюцца ў нас у кожнай экспазіцыйнай зале і прапануюць наведвальнікам мультымедыйны аповед пра гісторыі замка, патрабуюць пастаяннага нагляду і абслугоўвання. Увогуле, назіраць за амаль дзевяццю тысячамі квадратных метраў экспазіцыі і падсобных памяшканняў павінен немаленькі і падрыхтаваны калектыў. Вазьміце пад увагу і амаль 25 гектараў агульнай плошчы замкавай тэрыторыі!

Знайсці для музея тых самых праграмістаў не так проста: прафесія — досыць запатрабаваная, яе прадстаўнікі разлічваюць на высокія заробкі. Да таго ж, сам Мір — невялікі населены пункт, таму знайсці жыллё для іншагародніх спецыялістаў таксама няпроста. Таму некаторыя нашы супрацоўнікі едуць на працу са Стоўбцаў і Карэлічаў. Тым не менш, праблему з кадрамі ды іх уладкаваннем паступова вырашаем.

Зразумела, самая масавая катэгорыя супрацоўнікаў у Мірскім замку — наглядчыкі, дакладней, 41 наглядчыца і адзін наглядчык-мужчына. Яны падпарадкоўваюцца захавальнікам музейных фондаў, якіх у нас зараз трое. Навуковай працай займаюцца чатыры навуковыя супрацоўнікі з іх кіраўніком — намеснікам дырэктара па навуковай частцы ўключна. І навуковай падрыхтоўцы свайго калектыву мы надаём вялікую ўвагу. Так, бліжэйшым часам дэлегацыя нашых супрацоўнікаў наведае музейны комплекс “Царскае Сяло” пад Санкт-Пецярбургам, каб абмяняцца карысным досведам з супрацоўнікамі гэтай установы. Але навуковы аддзел у нас займаецца яшчэ і генерацыяй ідэй. Напрыклад, згаданай распрацоўкай сувенірнай прадукцыі…

Пра канкурэнцыю з Нясвіжам

— Канкурэнцыі з Нясвіжам мы не баімся: калі паўтара года таму пасля рэканструкцыі адкрыўся Мірскі замак, павялічыўся прыток турыстаў у сам Нясвіж. Зараз, калі Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс запрацаваў у поўную сілу, відавочна, дадалося наведвальнікаў і ў нас. Такім чынам, працуем мы не проста паралельна, а ў звязцы: з кіраўніцтвам нясвіжскага музея — у пастаянным кантакце, абменьваемся інфармацыяй, кансультуем адно аднаго наконт розных пытанняў музейнага жыцця. Нават адпачываем разам: вывозілі ў Нясвіжскі палац на экскурсію сваіх наглядчыкаў, арганізавалі сустрэчу спартыўных каманд! Наша каманда называецца “Лятучыя гусары”, нясвіжская — ”Моладзь”. На жаль, мы прайгралі, але задавальненне ад сустрэчы атрымалі вялікае!..

Пра кошты на білет

— 32 тысячы за білет у музей з дарослага наведвальніка лічу цалкам прымальнай сумай, бо за гэтыя грошы можна паглядзець некалькі выставак у самім замку, уключаючы экспазіцыю, прысвечаную вязням гета, якое месцілася ў замку ў час фашысцкай акупацыі, царкву-пахавальню ды розныя пабудовы на тэрыторыі паркавага комплексу. Зразумела, што ўтрыманне і нагляд такой гаспадаркі патрабуе вялікіх сродкаў. Напрыклад, толькі за электрычнасць нам даводзіцца плаціць каля 100 мільёнаў рублёў у месяц. Да таго ж, музей у нас малады, яму патрабуюцца сродкі для развіцця. Так, збіраемся, напрыклад, набыць трактар для абслугоўвання паркавай тэрыторыі. Не забывайце, што, апрача замка, у нас даволі вялікая паркавая гаспадарка, вярнуць гістарычны выгляд якой — пакуль толькі ў нашых планах. Пачнём з Італьянскага саду, які месціўся побач з самім замкам, а потым пойдзем далей. Пакуль жа ў нас няма свайго аўтатранспарту. Таксама плануем у бліжэйшай будучыні правесці рэканструкцыю санітарных зон…

Пра замак як беларускі брэнд

— Якім павінен быць баланс паміж музеем як месцам, дзе захоўваюцца гістарычныя ды культурныя каштоўнасці, і турыстычнымі атракцыёнамі, якія дапамагаюць зарабляць грошы? Пытанне няпростае, як не проста і развівацца нашаму комплексу-перашапраходцу. Справа ў тым, што, у адрозненне ад іншых культурных устаноў, у якія ідзе мэтанакіраваная публіка, музей наведваюць абсалютна ўсе катэгорыі турыстаў, у тым ліку замежнікі. Нягледзячы на наш невялікі, як установы, узрост, мы ўжо паспелі зарэкамендаваць сябе не толькі ў нашай краіне, але і ў свеце: прыкладна трэцяя частка ўсіх наведвальнікаў прыязджае да нас з-за мяжы. Увогуле, наш замак — гэта сапраўдны беларускі брэнд, да якога павінна існаваць адпаведнае стаўленне. Таму нам трэба быць даступнымі і прывабнымі, каб зацікавіць людзей нашай гісторыяй, абудзіць у іх жаданне вярнуцца да нас яшчэ і яшчэ…

Антон СІДАРЭНКА

Фота Юрыя ІВАНОВА
https://www.traditionrolex.com/8