https://www.traditionrolex.com/8
<p>Каб аддаць даніну памяці славутаму беларусу, майстру беларускага слова і амаль земляку, група сяброў Пастаўскай раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны нядаўна здзейсніла двухдзённую краязнаўчую аўтавандроўку па Мядзельшчыне з наведваннем мясцін, звязаных з жыццём і дзейнасцю творцы</p>

Сёлета ў верасні будзе адзначацца 100-годдзе з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Максіма Танка, паведамляе Westki.info.

Каб аддаць даніну памяці славутаму беларусу, майстру беларускага слова і амаль земляку, група сяброў Пастаўскай раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны нядаўна здзейсніла двухдзённую краязнаўчую аўтавандроўку па Мядзельшчыне з наведваннем мясцін, звязаных з жыццём і дзейнасцю творцы.

У паездку на дзвюх машынах выправіліся людзі розных прафесій і заняткаў: пісьменнік, краязнаўца і настаўнік геаграфіі Ігар Пракаповіч, настаўніца англійскай мовы Наталля Пракаповіч, бібліятэкар Пастаўскай дзіцячай бібліятэкі Людміла Сяменас, навуковы супрацоўнік Пастаўскага краязнаўчага музея Вадзім Шышко, настаўнік гісторыі Гуцкай школы Мікалай Арэх, аператар Пастаўскага мэблевага цэнтра Андрэй Маляўка, студэнтка Пражскага ўніверсітэта Вольга Пракаповіч, вучаніца 8-га класа Пастаўскай гімназіі Віялета Сяменас, а таксама пісьменнік, паэт-гумарыст з Мінска Янусь Малец.

Маршрут вандроўкі пралягаў праз Вярэнькі, Чэхі, Кабыльнік, Мядзел, Пількаўшчыну, Сваткі, Брусы. Надвор’е было халаднаватае, але сустрэчы і ўражанні былі цёплыя. У Вярэньках удзельнікі вандроўкі наведалі аграсядзібу вядомага пастаўскага краязнаўцы і выдаўца Міхаіла Гіля, на якой сам гаспадар правёў невялічкую экскурсію. У Чэхах падарожнікаў чакала сустрэча з беларускім мастаком Алесем Цыркуновым, які вядомы не толькі сваімі мастацкімі творамі, але і няўрымслівай дзейнасцю па адраджэнні гістарычнай памяці і развіццю беларускай культуры праз аднаўленне і стварэнне помнікаў знакамітым асобам і падзеям. Менавіта дзякуючы яму на Пастаўшчыне ў вёсцы Каралінова ўзведзены адметны помнік на магіле паўстанца Фларыяна Даноўскага, у вёсцы Радута ўсталявана высокамастацкая «каплічная брама», на ўездзе ў вёску Чэхі пастаўлены значны па сваіх памерах і мастацкім выкананні крыж да 2000-годдзя хрысціянства. Да таго ж, Алесь і вельмі цікавы апавядальнік. Шмат новага даведаліся вандроўнікі падчас сустрэчы з мастаком і пра жывапіс, і пра творчасць, і пра краязнаўчыя росшукі, і пра агародніцтва з пчалярствам.

1

З мастаком А. Цыркуновым

Наступным аб’ектам на шляху падарожнікаў было мястэчка Кабыльнік, якое зараз называецца вёска Нарач. Там на мясцовых могілках агледзелі мемарыял загінуўшым у часы Першай сусветнай вайны і ўрачысты касцёл Андрэя Апостала, каля якога знаходзяцца скульптура Папы рымскага Іаана Паўла ІІ і памятны знак жаўнерам атрада «Кміціц» Арміі Краёвай, якія загінулі ў час Другой сусветнай вайны.

Далей шлях пралягаў каля вялікіх беларускіх азёр Нарач, Мястра, Баторына. Краявіды, якія праплывалі перад вачыма, давалі падставы зноў і зноў захапляцца цудоўнай прыродай нашага краю. Невялікі прыпынак зрабілі перад горадам Мядзелам, каб набраць гаючай вады з Віктосевай крынічкі.

У другой палове дня дабраліся да галоўнай мэты падарожжа – радзімы Максіма Танка. Як высветлілася, вёска Пількаўшчына і сёння даволі вялікае паселішча, але ў ім хаты паэта няма. Хоць ва ўсіх даведніках падаецца, што Максім Танк нарадзіўся ў гэтай вёсцы, на самой справе яго родны дом знаходзіцца за тры кіламетры на хутары, паміж лесу. Напэўна, прыйшлося б паблукаць, шукаючы паэтаву хату, але мясцовы хлапчук дакладна падказаў дарогу: «Да павароту направа, потым – да старой лесапілкі, і адтуль – у лес…»

Незадоўга перад нашым прыездам ямы на лясной дарожцы былі засыпаны жвірам, а прысядзібныя палеткі і сад абкошаны. На хутары стаяць дзве жылыя хаты – «старая» і «новая» – і гаспадарчыя пабудовы. Вось у старой і нарадзіўся Яўген Скурко, які потым стаў вядомы пад псеўданімам Максім Танк. Пра гэта сведчыць адноўленая шыльда на сцяне хаты. Каля яе вандроўнікі і сфатаграфаваліся.

Унутры хаты захаваўся інтэр’ер тыповага беларускага жытла з печчу, драўляным ложкам, этажэркай з кнігамі, дыванкамі даматканымі. На сцяне вядомы партрэт Максіма Танка разам з матуляй. Прыгадваючы ўспаміны паэта з яго «Лісткоў календара», у якіх ён апісвае побыт у бацькоў, з цяжкасцю ўяўлялі, як у адным параўнальна невялікім пакоі магла месціцца ўся вялікая сям’я і як маглі складацца вершы…

Вядома, што Максім Танк пажадаў, каб яго пахавалі на радзіме. Вясковыя могілкі знаходзяцца не ў Пількаўшчыне, а ў суседняй вёсцы Новікі, і здалёк прыцягваюць увагу двумя высокімі чорнымі крыжамі, што пастаўлены на магіле паэта. Тут жа і пахаванні іншых прадстаўнікоў роду Скурко. Адметныя могілкі яшчэ і тым, што тут захавалася шмат магіл, на якіх замест крыжоў ляжаць валуны.

3

На могілках у Новіках

Ад Новікаў вандроўнікі адправіліся ў вёску Сваткі. Там спадзяваліся наведаць музейчык ў мясцовай школе, але не атрымалася: у школе рамонт, музейная экспазіцыя перарабляецца.

Далей шлях ляжаў у Брусы, дзе ў вясковай хаце падарожнікі спыніліся, зладзілі сяброўскую вячэру з жартамі, цікавымі размовамі, беларускімі песнямі. Там жа і пераначавалі.

2

Два крыжы. Максім Танк і Любоў Скурко

На наступны дзень наведалі Мядзельскую цэнтральную бібліятэку. Усе мелі магчымасць упэўніцца, што яна нездарма з’яўляецца адной з лепшых бібліятэк Міншчыны. Тут шмат матэрыялаў пра пісьменнікаў-землякоў і знакамітых асоб краю, выдатнае абслугоўванне, дасведчаныя спецыялісты. Да юбілею народнага паэта ў бібліятэцы падрыхтавана некалькі выстаў з матэрыяламі пра жыццёвы і творчы шлях песняра, выстаўлены яго кнігі. Мы атрымалі запрашэнне наведаць Мядзел 17 верасня – у гэты дзень адбудуцца вялікія мерапрыемствы па ўшанаванні памяці Максіма Танка.

І мы запрашаем усіх чытачоў у гэты дзень на свята ў Мядзел.

Ігар Пракаповіч

https://www.traditionrolex.com/8