https://www.traditionrolex.com/8

Праект «Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё» пачаў рэалізоўвацца ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях — на яго Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USАІD) выдзеліла 1,946 млн долараў. Нацыянальнай выканаўчай арганізацыяй праекта з'яўляецца Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, а рэалізуючым агенцтвам — ПРААН, паведамляе «Звязда».

— Асноўная мэта — стымуляванне эканамічнага росту і развіцця ў двух рэгіёнах (Брэсцкая і Гродзенская вобласці) праз умацаванне патэнцыялу і ролі прыватных прадпрымальнікаў і фірм, якія працуюць у сферы аграэкатурызму, — адзначыў на прэзентацыі Антоніус БРУК, прадстаўнік Праграмы развіцця ААН, і дадаў, што праект ставіць перад сабой дастаткова амбіцыйныя мэты: — У першую чаргу ён будзе садзейнічаць прасоўванню канцэпцыі ўстойлівага і экалагічна чыстага турызму, павелічэнню сродкаў для існавання ў жыхароў сельскіх раёнаў, стварэнню новых працоўных месцаў і наогул мясцоваму развіццю.

Праект «Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё» разлічаны да лютага 2015 года, падчас яго ажыццяўлення плануецца рэалізаваць шэраг ініцыятыў: правесці аналіз дзеючага заканадаўства ў сферы аграэкатурызму і выпрацаваць прапановы па яго паляпшэнні, стварыць 16 стратэгій развіцця аграэкатурызму на пілотных тэрыторыях, правесці навучанне прадпрымальнікаў і гаспадароў сельскіх аграсядзіб (пазнаёміць іх з сусветным вопытам, навучыць маркетынгавым прыёмам, даць магчымасць падвучыць англійскую мову і г. д.). Плануецца прафінансаваць 32 мясцовыя экатурыстычныя ініцыятывы: 2 гранты будуць у памеры да 50 тысяч долараў, а астатнія трыццаць — да 15 тысяч.

— Мы ўпэўнены, што развіты прыватны сектар з'яўляецца асноўнай крыніцай эканамічнага працвітання, — сказаў Джон РЫЁРДАН, кіраўнік праграм Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці ў Рэспубліцы Беларусь. — Наш вопыт сведчыць, што беларускія прадпрымальнікі маюць значны патэнцыял у паляпшэнні жыцця мясцовых супольнасцяў. І мы з нецярпеннем чакаем рэалізацыі гэтага патэнцыялу ў рамках праекта «Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё». Мы лічым, што гэты праект створыць новыя магчымасці для росту прыватнага сектара ў заходняй частцы Беларусі і, магчыма, зможа стаць мадэллю, якая будзе прыменена і ў іншых рэгіёнах Беларусі.

Дарэчы, наконт іншых рэгіёнаў: як мяркуе Вадзім КАРМАЗІН, дырэктар Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму, сапраўды, нягледзячы на тое, што праект будзе рэалізоўвацца толькі ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях, у будучым не плануецца спыняцца на дасягнутым, а перанесці вопыт рэалізацыі праекта на іншыя рэгіёны рэспублікі. Таксама ён дадаў, што праект павінен прынесці добрую карысць у плане адукацыі, бо ў агратурызм часта прыходзяць людзі, якія не маюць спецыяльнай адукацыі і вопыту, а праекты міжнароднай дапамогі — гэта сур'ёзная падтрымка міністэрству ў пытаннях навучання нашых гаспадароў аграсядзіб.

Ітман ГОЛДРЫЧ, Часовы Павераны ў справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь, расказаў, што Амерыка мае даволі багаты вопыт развіцця экатурызму і гатова ім падзяліцца з беларусамі:

— У ЗША назапашаны амаль 40-гадовы вопыт у сферы экатурызму і «зялёных маршрутаў». У свой час гэтую канцэпцыю ўспрынялі скептычна, аднак скептыцызм знікаў па меры таго, як індустрыя экатурызму ў два-тры разы павялічыла даход мясцовых бюджэтаў і забяспечыла стабільную занятасць. Напрыклад, у Паўночнай Караліне з 10-мільённым насельніцтвам каля 10% жыхароў заняты ў сферы турызму, у асноўным — экатурызму.

Ён таксама расказаў, што на мінулым тыдні ў Беларусь прыязджаў адзін з вядучых амерыканскіх экспертаў па кансалтынгу ў галіне турызму і развіцця «зялёных маршрутаў» Чак Флінк, які адзначыў, што Беларусь мае прыродныя рэсурсы сусветнага ўзроўню, якія можна паказваць жыхарам іншых краін.

Вадзім Кармазін заўважыў, што ў нас аграэкатурызм развіваецца не 40 гадоў, але пэўныя поспехі ўжо ёсць:

— Сістэмная падтрымка дзяржавы пачалася з 2006 года, і за апошнія гады была сфарміравана сур'ёзная нарматыўная база па стымуляванні развіцця аграэкатурызму. І калі ў 2006 годзе ў Беларусі было 34 суб'екты аграэкатурызму і абслужана 906 турыстаў, то ў канцы 2011 года — ужо 1576 аграсядзіб, якія абслужылі амаль 145 тысяч турыстаў (аб'ём аказаных паслуг — на 20,5 мільярда рублёў). Такім чынам, можна сказаць, што дзякуючы нарматыўна-прававой базе быў выбуховы характар развіцця гэтага напрамку.

Таксама дырэктар Дэпартамента па турызме расказаў, што па выніках мінулага года ў асноўным у беларускіх аграэкасядзібах адпачываюць беларусы — яны складаюць 86,3%. На другім месцы — жыхары Расіі (11,1%). А вось украінцаў, палякаў, літоўцаў і грамадзян іншых краін не так шмат — іх доля вагаецца ў межах 1-2%. Што тычыцца перспектыў, то сёлета колькасць аграэкасядзіб павінна перайсці рубеж у 2 тысячы, мінімум на палову павінны павялічыцца паток турыстаў і даходнасць.

— Агратурызм — гэта занятасць насельніцтва. Ужо больш за 3,5 тысячы працоўных месцаў створана дзякуючы самазанятасці сельскіх жыхароў. Таксама агратурызм дазволіў уцягнуць у абарот будынкі, якія не выкарыстоўваліся: старыя і закінутыя дамы ў цікавых прыродных тэрыторыях зараз маюць папулярнасць — іх купляюць і там арганізуюць дзейнасць у сферы агратурызму.

Павел БЕРАСНЕЎ

https://www.traditionrolex.com/8