https://www.traditionrolex.com/8
<p>Напэўна, многім з беларусаў цікава ведаць, што думаюць пра нашу краіну людзі, якія апынуліся тут упершыню. Тым больш калі размова ідзе пра замежных студэнтаў, якія бачылі Беларусь не з акна турыстычнага аўтобуса, а правялі тут ад месяца да двух, прычым не проста наведвалі турыстычныя аб'екты, а працавалі побач з беларусамі на прадпрыемствах і фірмах...</p>

Напэўна, многім з беларусаў цікава ведаць, што думаюць пра нашу краіну людзі, якія апынуліся тут упершыню. Тым больш калі размова ідзе пра замежных студэнтаў, якія бачылі Беларусь не з акна турыстычнага аўтобуса, а правялі тут ад месяца да двух, прычым не проста наведвалі турыстычныя аб'екты, а працавалі побач з беларусамі на прадпрыемствах і фірмах...

Размова, у прыватнасці, ідзе аб праходжанні вытворчай практыкі, абавязковай не толькі для студэнтаў беларускіх ВНУ, але і для студэнтаў замежных універсітэтаў. Але куды больш цікава павышаць атрыманыя падчас вучобы навыкі не побач з домам, а ў іншай краіне, а калі пашанцуе, то і на іншым кантыненце...
 
Такія магчымасці ў студэнтаў ёсць дзякуючы рэалізацыі праграмы Міжнароднай асацыяцыі па абмену студэнтамі для праходжання вытворчай практыкі (ІАЕSTЕ ). Сёлета ў рамках праграмы ІАЕSTЕ ў Беларусь прыехалі 50 студэнтаў з Чэхіі, Харватыі, Іспаніі, Германіі, Аўстрыі, Македоніі, Бельгіі, Туніса, Індыі, Польшчы, Славакіі, Амана, Турцыі і іншых краін, паведамляе «Звязда». Даём ім слова. 

Міжнародная асацыяцыя па абмену студэнтамі для праходжання вытворчай практыкі ІАЕSTЕ была ўтворана ў 1948 годзе пры Імперскім каледжы Кембрыджскага ўніверсітэта. Яе заснавальнікамі сталі 10 еўрапейскіх краін. Галоўнай ідэяй было павысіць якасць падрыхтоўкі будучых спецыялістаў праз інтэграцыю іх тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкі. Трэба зазначыць, што і праз 64 гады гэтая ідэя не страціла сваёй актуальнасці. У адрозненне ад такіх праграм па абмену студэнтамі, як Tеmрus і Еrаsmus Mundus, якія дзейнічаюць толькі на еўрапейскай прасторы, ІАЕSTЕ ахоплівае і іншыя кантыненты. Сёння ў праграме ІАЕSTЕ ўдзельнічае каля 90 краін свету. Беларусь далучылася да яе 11 гадоў таму, а ў 2005 годзе стала асацыяваным членам ІАЕSTЕ.

13-23
 
Фернанда Канэса Кантэра (Універсітэт Мігеля Хернандаса, Іспанія):

— Напэўна, кожны, каго я сустракаў, задаваў мне пытанне: «Чаму вы выбралі менавіта Беларусь?» Шчыра кажучы, калі я выбіраў Беларусь, я мала што ведаў пра вашу краіну — толькі яе знаходжанне, сталіцу і асноўныя гістарычныя факты. Таму знайшоў іспанскі блог Bіеlоrrusіаехіstе, прысвечаны Беларусі. З яго дапамогай даведаўся шмат новага і цікавага. Паколькі я нікога тут не ведаў, мяне цікавіла меркаванне іншаземцаў, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі. Вельмі карысным аказаўся веб-сайт Соuсhsurfіng, дзе я пазнаёміўся з англамоўнымі жыхарамі Магілёва і нават з францужанкай, якая працавала тут цэлы год. Таму, перад тым як прыехаць, я ўжо меў даволі добрае ўяўленне аб краіне. Паколькі няшмат людзей тут размаўляе па-англійску, я вучыўся чытаць па-руску, каб лепш арыентавацца ў горадзе. Увогуле жыццё тут дастаткова моцна адрозніваецца ад Іспаніі: гарады, архітэктура, менталітэт. Больш за ўсё мне спадабаліся людзі. Яны гасцінныя і заўсёды гатовыя дапамагчы, таму мне, як чалавеку, які не ведае мовы, было не так цяжка. Негатыўным момантам з'яўляецца тое, што ў вашу краіну цяжка трапіць: дарагія білеты, дарагая віза, і патрабуецца запрашэнне для ўезду. Мяркую, што гэта адна з прычын, па якой у Беларусь прыязджае так мала турыстаў (акрамя расіян).

Стынг Віен (Гентскі ўніверсітэт, Бельгія):

— Калі я не знаходжуся за маніторам майго камп'ютара, вы можаце знайсці мяне за заняткамі музыкай або баўленнем часу са сваімі сябрамі. Але гэта калі вам удасца мяне знайсці, таму што я вельмі люблю вандраваць. А праграма ІАЕSTЕ дае магчымасць выехаць за мяжу, сустрэцца з новымі людзьмі і пабыць у іншым культурным асяроддзі. Апошняе мае для мяне асаблівае значэнне. Каб быць паспяховым у бізнесе, трэба разумець усе нюансы сусветнага рынку. Я павінен ведаць хоць што-небудзь пра людзей, якія фарміруюць гэты рынак. Трэба пашыраць, наколькі магчыма, свае гарызонты...

Марыям Хьюмаід ал-Вахаібі (Універсітэт Султана Кабуса, Аман):

— Я праходжу практыку ў Полацкім дзяржаўным універсітэце па спецыяльнасці «праектаванне, будаванне і эксплуатацыя газанафтаправода і газанафтасховішчаў». Аднойчы ў інтэрнеце знайшла інфармацыю пра сучасныя тэхналогіі, якія выкарыстоўвае Беларусь у транспарціроўцы газу і нафты. Каб атрымаць паболей ведаў, вырашыла прыехаць на стажыроўку ў Беларусь. Усё, з чым тут сутыкнулася, было вельмі новым для мяне, пераважна таму, што гэта быў першы мой выезд за мяжу. Хоць большасць беларусаў не размаўляюць на англійскай мове, я знайшла іх вельмі прыемнымі і гатовымі прыйсці на дапамогу. Увесь час майго знаходжання тут я атрымлівала асалоду ад гасціннасці беларусаў. І ў маёй памяці заўсёды будуць жыць самыя светлыя ўспаміны пра Беларусь.


img_3899

Сафія Халідэй (Універсітэт Каралевы ў Белфасце, Вялікабрытанія):

— Я нарадзілася ў Паўночнай Ірландыі, але маю рускія карані. Пасля падачы заявы ў ІАЕSTЕ была прынята для праходжання практыкі на механіка-матэматычным факультэце ў БДУ. Я ніколі не была ў Беларусі раней. Папяровая работа, якая папярэднічала паездцы ў Беларусь, была дастаткова няпростай, але я ведала, што перспектывы, якія адкрываюцца перада мной, таго вартыя. Беларусь прадаставіла мне шмат магчымасцяў, каб праверыць мае цяперашнія веды і навыкі, а таксама атрымаць новы досвед у новым для мяне асяроддзі. Я адкрыла для сябе іншую мову, сустрэла шмат цудоўных людзей, якія пазнаёмілі мяне з культурай Беларусі і беларускай кухняй. Мінск — вельмі дынамічны горад у цэнтры цудоўнай краіны. І я спадзяюся аднойчы сюды вярнуцца...

Зоран Скачыбушык (Мостар Універсітэт, Боснія і Герцагавіна):

— Гэта мой першы выезд за мяжу. І я шчаслівы ад таго, што меў магчымасць наведаць такую цудоўную краіну, як Беларусь. З усіх прапаноў выбраў менавіта Беларусь, таму што хацеў наведаць Усходнюю Еўропу. Паколькі гэта быў мой першы падобны досвед, перш чым прыехаць сюды, у мяне было шмат пытанняў, але вельмі мала інфармацыі. Былі праблемы з афармленнем візы і некаторыя іншыя цяжкасці, што прымусіла мяне панервавацца. Але я забыў пра ўсё гэта, як толькі прыехаў у Беларусь. Людзі тут вельмі добрыя, гатовыя заўсёды прыйсці на дапамогу, нягледзячы на тое, што вельмі мала людзей размаўляюць на англійскай мове. Беларусы вельмі гасцінныя. Я праходжу практыку ў Полацкім дзяржаўным ўніверсітэце на факультэце «грамадзянскае і прамысловае будаўніцтва», і гэта выдатны вопыт. Жыццё ў Беларусі падобнае на тое, што я чакаў убачыць. Тут вельмі спакойнае месца для жыцця. Я пацікавіўся, а ці цяжка тут знайсці работу, і быў прыемна здзіўлены, калі пачуў, што ў Беларусі гэта — не праблема. Спадзяюся, што калі-небудзь мы зможам сказаць тое ж самае.

Можна не сумнявацца, што запомніцца замежным студэнтам таксама і сустрэча з міністрам адукацыі нашай краіны, якая прайшла ў сценах галоўнага адукацыйнага ведамства. Сяргея Маскевіча ў гутарцы з моладдзю цікавіла літаральна ўсё: і бытавыя ўмовы іх пражывання, і ўражанні ад прафесійных кантактаў і вытворчай практыкі, і думкі студэнтаў наконт таго, як зрабіць праграму ІАЕSTЕ больш цікавай і карыснай для ўсіх.

— Моладзь заўсёды імкнецца вандраваць, каб убачыць і даведацца як мага болей. А праграма ІАЕSTЕ — гэта ўнікальная магчымасць павысіць свой прафесійны ўзровень у іншай краіне, акунуцца ў незнаёмую прафесійную атмасферу, у іншае сацыяльнае асяроддзе, мець стасункі з выкладчыкамі ўніверсітэтаў і навукоўцамі, — сказаў міністр.

Беларусы заўсміхаліся, калі адзін з замежных студэнтаў паскардзіўся на... адсутнасць у кране гарачай вады. Напэўна, гэта якраз тое пытанне, вырашэнне якога ад Міністэрства адукацыі мала залежыць. А вось са спрашчэннем афармлення дакументаў для прыезду студэнтаў-іншаземцаў у Беларусь Сяргей Маскевіч паабяцаў паспрыяць: «Будзем працаваць у гэтым напрамку, будзем больш інфармаваць аб праграме абмену студэнтамі нашы прадстаўніцтвы і пасольствы ў далёкім замежжы...»

Старшыня нацыянальнага камітэта ІАЕSTЕ-Беларусь Віктар Даранкевіч расказаў, што праграма дае студэнтам, навучанне якіх звязана ў першую чаргу з тэхнічнымі навукамі, фізікай, хіміяй, інфарматыкай, а таксама біялогіяй, экалогіяй, фармацэўтыкай, сельскай гаспадаркай і іншымі спецыяльнасцямі, магчымасць прайсці аплачаную стажыроўку за мяжой. Менавіта так: праца студэнта-практыканта аплачваецца той фірмай ці кампаніяй, якая запрасіла яго на работу. Адна з абавязковых умоў — гэта валоданне замежнай мовай (як правіла, англійскай) на дастатковым узроўні, які дазволіць маладым людзям выконваць вытворчыя задачы. Праграма абмену працуе на прынцыпах узаемнасці. Напрыклад, калі да нас прыязджае іспанскі студэнт, то беларускі студэнт едзе працаваць у Іспанію. Фактычна ІАЕSTЕ з'яўляецца пасярэднікам у арганізацыі замежных прафесійных практык.

Першапраходцамі ў праграме міжнароднага абмену студэнтаў тэхнічных спецыяльнасцяў сталі Белдзяржуніверсітэт, БНТУ і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Пазней да іх далучыліся БДУІР, Міжнародны экалагічны ўніверсітэт імя Сахарава, Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Беларуска-Расійскі ўніверсітэт, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту, Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт і Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт. У найбліжэйшых планах — стаць паўнавартасным членам, што пашырыць паўнамоцтвы Беларусі ў асацыяцыі і дазволіць інтэнсіфікаваць абмены.

Па словах Віктара Даранкевіча, кожны год у снежні, у рамках генеральнай канферэнцыі ІАЕSTЕ, праходзяць абменныя сесіі, дзе збіраюцца прадстаўнікі ўсіх краін са сваім пакетам прапаноў ад наймальнікаў. Кожная такая прапанова абавязкова змяшчае характарыстыкі працоўнага месца, патрабаванні да кандыдатаў, інфармацыю аб умовах пражывання, аплаты працы і іншыя важныя нюансы. Працоўнае месца абавязкова павінна адпавядаць узроўню падрыхтоўкі студэнта. І калі студэнта прымусяць выконваць працу не па яго спецыяльнасці, гэта абавязкова знойдзе адлюстраванне ў рэкламацыі. Пасля праходжання практыкі ўсе студэнты пішуць своеасаблівую справаздачу, дзе даюць ацэнку свайму знаходжанню ў той ці іншай краіне, ацэньваюць, наколькі карыснай была для іх арганізаваная практыка. А кіраўнікі практыкі ў сваю чаргу даюць практыкантам характарыстыку. У многіх замежных ВНУ праходжанне вытворчай практыкі з'яўляецца абавязковай часткай падрыхтоўкі спецыяліста, таму кожны год ад студэнтаў там патрабуюць справаздачу аб праходжанні практыкі па спецыяльнасці. Дзякуючы праграме ІАЕSTЕ многія рэалізоўваюць гэту задачу ў іншых краінах, што толькі вітаецца...

Дарэчы, беларускія студэнты, якія выязджалі сёлета на стажыроўку за мяжу, прызнаюцца, што падыходзіць да яе трэба вельмі адказна, неабходна больш інфармацыі збіраць загадзя і пра культуру, і пра традыцыі той краіны, куды ты накіроўваешся. Але самае важнае — гэта прафесійныя патрабаванні наймальнікаў.
Ім трэба адпавядаць! Гэта не проста турыстычная паездка, а вельмі сур'ёзнае выпрабаванне. Але з іншага боку – ніхто з беларускіх студэнтаў, хто ўжо выязджаў на стажыроўку ў рамках праграмы ІАЕSTЕ, не адмовіўся б зноў ад такой магчымасці.

Надзея НІКАЛАЕВА

https://www.traditionrolex.com/8