https://www.traditionrolex.com/8
<p>Арганізатар фольк-фэсту Сяргей Чагрынец і спявачка Руся расказалі пра асаблівасці сёлетняга форуму і прыадчынілі дэталі будучыні фестывалю<span id="ctrlcopy"><br /> </span></p>

З арганізатарам фольк-фэсту Сяргеем Чаргінцом і спявачкай Русяй Шукюравай сустрэлася euroradio.fm:

– Сяргей, можа, ёсць нейкае сур’ёзнае адрозненне сёлетняга фэста ад леташняга?

Сяргей Чагрынец: А ці хацелі б гледачы леташніх фестываляў, каб наш фэст сур’ёзна адрозніваўся ад мінулагодніх? Я думаю, што не. Мяркую, што канцэпцыя фэста падабаецца ўсім. Няўзброеным вокам заўважны рост форуму. І гэта абумоўлена тым, што аўдыторыя расце катастрафічна хутка. І часам, як гэта было ў мінулым годзе, мы не гатовыя да такога. Таму думаю, што фармат мерапрыемства мы кардынальна змяняць не будзем. Мы, наадварот, будзем яго напаўняць іншымі цікавымі опцыямі. Бо маем задачу зрабіць фестываль «Камяніца» не проста музычным фэстам ці музычнай падзеяй, а зрабіць этнічнай падзеяй на тэрыторыі нашай краіны. Каб эвент мерапрыемства, якое будзе адбывацца, з’яўляўся арыенцірам, магчыма, нават для нашых суседзяў. Таму што, я ўпэўнены, мы можам зрабіць не горш, чым яны, — нам ёсць што паказаць і ёсць пра што расказаць людзям.
– Увогуле перад тым, як брацца за «Камяніцу», ці вывучалі вы вопыт замежных фэстаў? Што для сябе вы ўзялі адтуль?

Сяргей Чагрынец: Вядома, мы маем дастатковы вопыт сузірання фестываляў.  Мы праехалі і паглядзелі вялікую колькасць фестываляў – і дробных, і буйных – у нашых бліжэйшых суседзяў. Мы мелі стасункі з усімі арганізатарамі фэстаў, што ладзяцца ў нас. Але ёсць адна рэч, якую мы для сябе прарысавалі. Я думаю, што гэта нават ужо на сёння зразумела, што фестываль развіваецца зусім не так, як гэта прынята, ён не ўпісваецца ў стандарты і межы таго, што мы прывыклі бачыць. Мы хочам змяніць стандартныя падыходы да гэтых рэчаў. Мы мяняем, часам, абсалютна натуральныя рэчы для большасці арганізатараў: ёсць шаблон, і мы робім вось так. Не! Мы робім па-іншаму, мы робім на свой густ. Таму і атрымліваецца, што некаторыя рэчы ў нас лепшыя, чым на іншых фэстах. А вопыт – так, ён ёсць, ён патрэбны для таго, каб прыняць правільнае рашэнне і з пункту гледжання яго адзнакі.

– Натуральна, што «Камяніца» імкнецца да дасканаласці… Руся, а што для цябе ў нейкім плане ідэальны фэст? Ты шмат ездзіш і, напэўна, маеш пра што распавесці…

Руся: Мне вельмі спадабаўся нямецкі фестываль Stimmen. Яго адметнасць у тым, што ён адбываецца цягам некалькіх месяцаў і працуе ў розных гарадах Германіі і на розных пляцоўках. Мне вельмі спадабаўся тамашні этнічны элемент. Выглядае гэта так: уявіце сабе вялікі лес. Вы ў яго ўваходзіце, шпацыруеце па адмысловым маршруце. І вось цягам маршруту вам сустракаюцца розныя станцыі, як раней гэта было ў піянерскіх лагерах у межах той жа «Зарніцы». Кожныя два-тры кіламетры вы сустракаеце новую этнічную кропку, на кожнай з якіх прадстаўленыя розныя этнічныя культуры. Напрыклад, на ўваходзе ў лес вас сутракае беларуская старажытная песня. Без мікрафонаў, без усялякага асвятлення. Проста на жывой прыродзе, з гукамі прыроды, на фоне спеваў птушак, подыху ветру… Людзі чуюць песні, сядаюць побач, спрабуюць таксама спяваць з артыстамі… Праз наступных некалькі кіламетраў — італьянская песня і г. д. І вось адразу з такім спартыўным шпацырам вы атрымліваеце веды і досвед знаёмства з новымі этнічнымі культурамі. Гэта проста цудоўна! Мне сарвала дах!

І яшчэ што мне падабаецца ў гэтым фестывалі — гэта максімальная ўвага да камфорту атрыста. Бо калі артыст недагледжаны, не абласканы, не накормлены добра, то часта на сцэне заўважна лёгкае расчараванне і лёгкая нервовасць — артыст хоча хутчэй адыграць і з’ехаць. А на фэсце Stimmen такога ўвогуле не было. І нават калі музыкі паміралі ад спёкі, да нас прыставілі ахоўнікаў, якія стаялі і, як царэвен, абмахвалі нас рушнікамі. Так што, Сяргей, я раю вам прыслухацца да гэтага. Я ведаю, што на фестывалі Камяніца» артысты звычайна вельмі задаволеныя тым, што ім там прапаноўваюць. Можаце выпісаць прыгожых хлопцаў (смяецца).

Сяргей Чагрынец: Вядома, пытанне гэта істотнае. Сэрвіс фэсту таксама змяняецца штогод — мы намагаемся яго палепшыць. Няма сэнсу казаць пра тое, што ад пачатку ў нас усё было цудоўна. Нараканняў хапае. Больш таго, мы пасля кожнага фэсту і нават пры падрыхтоўцы гэтага фэсту фіксуем заўвагі, каб не паўтарыць хібы ў наступны раз. Мы ўжо працуем над памылкамі, бо хочацца зрабіць лепш і лепш.

Руся: Я хачу адзначыць, дарэчы, гэтую гатоўнасць «Камяніцы» ўспрымаць крытыку. Бо звычайна беларускія арганізатары і артысты вельмі балюча перажываюць гэты этап стасаванняў. А да «Камяніцы» можна звяртацца з любымі прапановамі, з любой крытыкай. Так што, слухачы, калі нешта заўважыце, я раю вам звярнуцца да Сяргея і абяцаю, што ён вас абавязкова пачуе.

Сяргей Чагрынец: І гэта правільна. Насамрэч, збор інфармацыі — гэта адзін з ключавых момантаў правядзення фестывалю. Калі ты яго не робіш аднаразовай падзеяй, то ты, вядома, мусіш гэтую інфармацыю атрымліваць. Хочацца канструктыўнай крытыкі, дзеля таго каб сітуацыю палепшыць. Нам цікавыя любыя прапановы і нестандартныя ідэі. Бо хочацца, каб фестываль здзіўляў людзей, каб мы да яго ставіліся, як да роднага. Вядома, сам фэст, яго стварэнне — рэч затратная і ў маральным плане вельмі і вельмі цяжкая, таму на вашу дапамогу ў гэтым пытанні мы разлічваем. Дапамагайце, адным словам!

– Руся, а чаму ты вырашыла ўключыцца ў працэс падрыхтоўкі фэста? Што асабіста табе дае спрычыненне да яго арганізацыі?

Руся: Асабіста мне гэта дае вялікую асалоду ад назірання за тым, як саспяваюць новыя свядомыя беларусы. Апошнім часам тэма беларускасці і беларускай ідэнтычнасці вельмі моцна хвалюе мяне і маю сям’ю. І калі ёсць магчымасць далучыцца да фарміравання гэтага новага пакалення, да працы з дзецьмі, з падлеткамі, то я з задавальненнем прымаю такія прапановы. Жывыя спевы моцна лякуюць і ўмацоўваюць душу. А калі спрычыняешся да дзіцячых спеваў, то гэта ўвогуле пераварочвае ўсе эмоцыі ўнутры. Я цяпер ужо ўяўляю, як прыедзе, напрыклад, маленькі хор з дзіцячага садка з Гомельскай вобласці, як яны апрануць абрадавыя строі і будуць спяваць там сваімі тоненькімі галасамі! Такое замілаванне! Вельмі чакаю фестываль!

– Раскажы крыху пра сваю працу над фэстам. Ты курыруеш новую, аматарскую сцэну «Камяніцы».

Руся: Мэта аматарскай сцэны была наступнай: мы запланавалі сабраць выключна дзіцячыя і падлеткавыя гурты, таксама непрафесіяналаў-аматараў – школьнікаў, падлеткаў, студэнтаў. Але адгукнулася вельмі шмат калектываў. І я спадзяюся, што для кожнага знойдзецца месца. Бо Сяргей паабяцаў, што кожны дзіцячы калектыў на сто адсоткаў будзе выступаць — не мае розніцы, як надоўга расцягнецца праграма аматарскай сцэны. Падчас падрыхтоўкі да фэсту я намагалася знайсці інфармацыю, якая б тычылася іншых дзіцячых фэстаў, але, на жаль, нічога не знайшла. Ёсць фрагментарныя ўдзелы дзіцячых калектываў у «Гуканні вясны», якія ладзіць, напрыклад, універсітэт культуры. Ёсць мясцовыя мерапрыемствы кшталту свята вёскі ці справаздачы цэнтру дзіцячай творчасці, і гэтак далей. То бок, гэтыя дзяржаўныя фестывальчыкі, маленькія канцэрты, справаздачы – яны робяцца больш для плану, для нейкай «галачкі». А «Камяніца» сёлета сапраўды дае дзецям шанц выступіць на дарослай сцэне, адчуць, што ты важны, адчуць, што цябе слухаюць, што цікавяцца табой. Туды ж прыедуць сваякі, сябры, школьныя сябры, сям’я! Колькі будзе гонару ў дзіцяці за тое, што ён робіць! Як бачым, у нас дзяржава не моцна падтрымлівае тэму адраджэння культуры, мовы. А калі такі вялікі фестываль, з дарослымі музыкамі, з ганаровымі граматамі, журналістамі… Будзе працаваць адмысловы фатограф выключна на дзіцячай сцэне. Мне здаецца, гэта будзе натхняць гэтых маленькіх спевакоў працягваць займацца тым, што яны робяць цяпер.

– Фэст пройдзе ў чацвёрты раз. І ў лайн-апе яго пачаліся не надта жаданыя «Камяніцай» паўтарэнні беларускіх гуртоў — маю на ўвазе выступленне «Гаротніцы», якая колісь ўжо выступала на фэсце…

Сяргей Чагрынец: Так, я неяк ужо гаварыў наконт таго, што мы спрабуем не ісці шляхам футбольнай Лігі чэмпіёнаў, дзе штогод прадстаўлены адны і тыя ж каманды. Напрыклад, «Рэал» і «Барселона» граюць там заўсёды. Я прыводзіў прыклад, што калі нам ісці гэтым шляхам, то імя «Тройцы» можна не выкрэсліваць з фестывальных афіш цягам бліжэйшых 10 гадоў. Аднак наша задача акурат у тым, каб не проста паўтарацца ці не паўтарацца, а ў тым, каб сапраўды паказаць некага яшчэ. А на сённяшні дзень калодзеж, з якога мы чарпаем гурты, бліжэй да апусташэння, чым напаўнення. І сапраўды, у наступным годзе будуць паўторы… Увогуле, у наступным годзе фэст адзначыць сваё пяцігоддзе. З гэтым у нас ёсць пэўныя чаканні. Мы фактычна ўжо цяпер будзем планаваць шэраг музычных калектываў і гасцей фэсту, якія б сваім удзелам высока ўзнялі планку і нашых удзельнікаў. І, вядома, усе лепшыя калектывы, якія ўзялі ўдзел у фэсце цягам гэтых чатырох гадоў, выступяць на юбілейнай «Камяніцы». І ўжо сёлета, падбіраючы гасцей фэсту, мы мелі магчымасць наладзіць стасункі з гуртамі з іншых краін, якія б мы хацелі бачыць на фэсце. Аднак ёсць шэраг прычын, па якіх ці то яны не маглі, ці то нешта ім перашкаджала, ці то мы ні ў студзені «забілі» дату фэсту. Мы хочам гэты прабел ліквідаваць. Мы абавязкова вызначымся з датай будучага фэсту за год да яго пачатку і распачнем падрыхтоўку. Напрыклад, сёлета мы вялі перамовы з гуртом Zdob Si Zdub: камунікабельныя, лёгкія ў стасунках хлопцы, якім спадабалася ідэя. Праўда,  на гэты дзень у гурта прызначаны карпаратыў у Кіеве. Але яны гатовыя былі прыехаць і сыграць на наступны дзень!

Што яшчэ цікава. Маладыя гурты цяпер маюць праблему з канцэртнымі пляцоўкамі, адпаведна, і з самарэалізацыяй. Але такой пляцоўкай можа стаць і «Камяніца»! Як гэта зразумеў адзін калектыў, які народных песень не выконваў ніколі. Музыкі зрабілі новую праграму, адаптаваліся пад фэст. Гэта такі цікавы крок, попыт і прапанова — вось у чым справа.

Руся: Маніпуляцыя беларускасцю!

Сяргей Чагрынец: У нейкім сэнсе, можа, і так! Але разумееце, гэта эканамічныя законы, гэта попыт і прапанова, насамрэч. Гэта базавыя асновы існавання любога грамадства! Ёсць попыт — з’яўляецца прапанова. Адпаведна мы ствараем попыт. Мы спадзяемся на тое, што прапаноў будзе больш і больш. То бок, сітуацыя гэтага года мяне прыемна здзівіла. Я не чакаў, што людзі апынуцца дастаткова рухомымі ў гэтым пытанні. Мяняць звычкі — не справа аднаго дня. Але калі людзі гатовыя да гэтага, значыць, мы ўсё-такі робім нешта, што іх чапляе і зараджае гэтай энергетыкай. І што ўсё гэта не проста так. Вядома, адной з мэтаў фэсту з’яўляецца падтрымка Музея народнай архітэктуры і быту. А людзі ў нацыянальных строях могуць на фэст прайсці бясплатна. Гэта сведчыць пра тое, што грошы тут не галоўнае. Галоўнае, каб ты проста прагаласаваў за беларускую культуру. То бок, ты прыйшоў у строі  — і ўжо прагаласаваў. Ці ты набыў квіток — і таксама аддаў свой голас. У мінулым годзе Хаменка цікавую фразу сказаў са сцэны: «Давайце падтрымаем музей! Купім кожны па два квіткі!» Парыў вельмі класны! Але зноў жа звярну ўвагу, што фэст абсалютна дабрачынны, і гэтыя сродкі за ўваходны квіток — гэта і ёсць ваш голас у падтрымку беларускай культуры. Нічога больш.

– На першым фэсце вы спрабавалі зладзіць конкурс сярод гуртоў. Ці ёсць верагоднасць, што «Камяніца» аднойчы  абжывецца міжнародным конкурсам?

Сяргей Чагрынец: На сённяшні момант, каб гэта магло адбыцца, трэба, каб пра нас ведалі паўсюль! І крокі, якія мы рабілі і летась, і сёлета, робяцца акурат для таго, каб вывесці фэст на свой аўтаномны ўзровень, калі не толькі наяўнасць Скрыпкі ці Zdob Si Zdub дазволяць яго якасна запаўняць. Фармат гасцей фестываля першапачатковы быў накіраваны на тое, каб не толькі папулярызаваць гэты накірунак у сябе, а і каб за мяжой атрымлівалі інфармацыю пра нас. Напрыклад, дзякуючы стасункам са Скрыпкам шматлікія ўкраінскія гурты ўжо ведаюць пра «Камяніцу». Дзеля таго, каб у будучыні, праз 2-3 гады мы выйшлі на варыянт конкурснага удзелу артыстаў, трэба, каб не толькі нашы калектывы былі гатовыя да гэтага, бо мы тут знаходзімся і гэта арганізуем. А каб і тыя, хто жыве навокал, таксама ведалі пра фэст і мелі цікавасць да ўдзелу ў ім. Каб яны адсочвалі такія рэчы. Бо, натуральна, не выйдзем мы ў Варшаве і не павесім аб’яву: «У «Камяніцы» конкурс! Запрашаем!».

Насамрэч, мы марым і пра тое, каб аднойчы удзел быў выгадным і для артыстаў. Каб не толькі туды ўсе ірваліся за «імя», а каб там была магчымасць адпрацаваць і зарабіць. Але дзеля гэтага фэст мусіць расці, гледачоў павінна быць болей. Такім чынам ён будзе станавіцца больш значным і здолее ўплываць на рухі вакол сябе — будзе больш і партнёраў фэсту, і кампаній, якія могуць дапамагчы. І чым больш у нас будзе такіх сяброў-партнёраў, тым лягчэй нам будзе ў будучыні дасягнуць гэтых мэтаў. Ёсць кампаніі, якія працуюць з намі не адзін сезон. Зразумела, што, падтрымліваючы падобнае мерапрыемства, ніякі бізнес-калектыў не разлічвае на нейкія дывідэнды. Гэта проста грамадзянская пазіцыя. Такім кампаніям вялікі дзякуй. Гэта, перадусім, «Банк БелВЭБ», які з кожным годам узмацняе падтрымку фэсту. У мінулым годзе «Камяніца» атрымала рок-карону як «Лепшая музычная падзея года». Скажу па сакрэту, што на фэсце мы плануем гэтую крыштальную карону перадаць нашаму генеральнаму патрнёру — гэтаму банку. Без іх падтрымкі было б сапраўдны цяжка. Таму мы гатовыя зняць карону і перадаць яе нашым сапраўдным сябрам. А конкурс – так, гэта здорава, бо гэта канкурэнцыя. А канкурэнцыя нараджае рух наперад.

– Давайце ўзгадаем пра цяперашні фестываль. Што чакае наведвальнікаў на сёлетнім фэсце?

Руся: Цудоўная музыка, выдатная смачная беларуская кухня, адсутнасць алкаголю (толькі піва будзе недзе побач прадавацца). Таксама дэфіле народных беларускіх строяў, што вельмі цікава. Будзе майстар-клас па сярэднявечных і народных танцах і іншыя опцыі, якія мы пакінем пакуль па-за межамі эфіру, каб было больш цікава.

Сяргей Чагрынец: Так, прыходзьце ў нацыянальных строях — будзе конкурс нацыянальных строяў па заканчэнні дэфіле. Кожны ўладальнік строя можа ўзяць у ім удзел і атрымаць заслужаны прыз. Ну, і прыходзьце паглядзець на дзіцячую сцэну. Першапачаткова мы, вядома, задумвалі яе больш сціплай. А цяпер хочацца зрабіць так, каб людзі і дзеці, якія прыедуць туды, сапраўды зразумелі, што мы здорава да іх ставімся, што мы ствараем прафесійныя ўмовы для іх працы. Не здзіўлюся, калі атрымаецца, што ўхіл у дзіцячую сцэну можа нахіліць шалі не туды, куды мы ад пачатку планавалі. Але дзеці — гэта святое, тое, дзеля чаго мы жывем. Усім поспехаў! Прыходзьце!

Руся: Вельмі вас чакаем!

фэст \'\'Камяніца\'\'

https://www.traditionrolex.com/8