https://www.traditionrolex.com/8
<p>За хвіліну бяруць 300 рублёў, забавы прапануюць бясплатна</p>

За хвіліну бяруць 300 рублёў, забавы прапануюць бясплатна.

Учора ўвечары ў Мінску афіцыйна адкрылася першая гарадская «антыкавярня» пад назвай «Дом Фішэра», піша «Наша Ніва» са спасылкай на Onliner.by. Установа размясцілася ў раёне парка Чалюскінцаў, па адрасу пр-т Незалежнасці, 84а. Уладальнікі прапануюць наведвальнікам незвычайны для Мінска фармат: грошы бяруць за праведзены час, а забавы і пачастункі — бясплатна.

Памяшканне, якое займае «Дом Фішэра», умоўна падзелена на некалькі пакояў-зон. Ёсць маленькая кухня (потым тут паставяць халадзільнік і мікрахвалёўку), агульная зала з невялікай сцэнай, пакоі для гульняў і рэлаксу. Рамонт яшчэ не завершаны, шмат чаго трэба дарабіць. Інтэр’еры стараліся выканаць у «хатнім» стылі, які пасуе для адпачынку.

Хвіліна ў «Доме Фішэра» каштуе 300 рублёў, гадзіна — 18 000 і гэтак далей. Імя кожнага наведвальніка (або сябра, кажуць уладальнікі) будуць запісваць на спецыяльнай дошцы, указваючы тут жа час, калі чалавек зайшоў. Аплата — на выхадзе.

На банкетныя меню разлічваць не варта, а вось кавай, гарбатай, печывам абяцаюць пачаставаць кожнага. Ежу можна прынесці з сабой, на цыгарэты і алкаголь накладзена табу.

«Гэта нашае рашэнне, ніхто нам яго не навязваў. Мы з мужам за здаровы лад жыцця!» — кажа судырэктар «Дома Фішэра» Кацярына Верабей.

Першапачаткова сваю ўстанову аўтары ідэі называлі «антыкавярняй», а цяпер схіляюцца да таго, што гэта ўсё ж свабодная прастора для творчай моладзі. Так ці інакш «Дом Фішэра» пазіцыянуюць як месца для сустрэч цікавых людзей, неабавязкова толькі прадстаўнікоў сталічнай «багемы». Тут будуць праводзіць паэтычныя і музычныя вечары, паказваць кіно, ладзіць выставы карцін. Сярод даступных забаў — настольныя гульні, інтэрнет, кнігі, Xboх. Пра тое, як хутка змогуць акупіць бізнес, Кацярына пакуль казаць не хоча. Галоўнае, паводле яе слоў, стварыць выдатную атмасферу і знайсці верных сяброў.

Працаваць «Дом Фішэра» будзе з 11.00 да 23.00 у будні, а ў выхадныя — у залежнасці ад загрузкі.

https://www.traditionrolex.com/8