https://www.traditionrolex.com/8
<p>На думку Івана Яновіча, трэба было б падумаць і пра ўказальнікі на дарогах, якія накіроўвалі б вандроўнікаў да помнікаў і мемарыялаў падзей вайны 1812 года. Усе яны павінны быць выкананы ў адзіным стылі — гэта могуць быць, напрыклад, верставыя слупы</p>

«Я памятаю, як усё было. Перад выбухам сапёры перакрылі ўсю старую Смаленскую дарогу з боку Краснага і з боку Смаленска. Выставілі ачапленне, папярэдзілі жыхароў суседніх хутароў, каб тыя адчынілі вокны... Заклалі ўзрыўчатку, і... вялізны прыгажун-помнік узляцеў у паветра, дэталі яго раз'ядналіся, на імгненне застылі ў паветры, і тут жа былое стройнае збудаванне з гулам выбуховай хвалі рухнула на зямлю. Мы, хлапчукі, прыкладна за кіламетр ад помніка, з-за ўкрыццяў, назіралі за выбухам. Збегліся пасля выбуху і сумна глядзелі на загінулы помнік, на яго дэталі, раскіданыя вакол падмурка. Гэты помнік у народзе любілі і бераглі. Прахожыя спыняліся ля яго, знімалі шапкі, разглядалі, кланяліся», — менавіта так прыгадваў трагічныя падзеі, што разгарнуліся побач з горадам Красны ў 1931 годзе, мясцовы жыхар Т. Смірноў, паведамляе «Звязда».

84 гады прастаяў побач са Смаленскім бальшаком велічны чыгунны манумент, узведзены ў гонар 35-й гадавіны бітвы пад Красным і перамогі Расійскай імперыі ў Айчыннай вайне 1812 года. Яго вышыня дасягала 24 метраў, і, па ўспамінах сучаснікаў, помнік было відаць здалёк — за 12–14 вёрст. Праз дарогу ад яго быў пабудаваны спецыяльны цагляны дамок з прысядзібнай гаспадаркай для двух даглядчыкаў — салдат у адстаўцы. Першымі тут пасяліліся і неслі службу ветэраны вайны 1812 года. Да 1918 года ў ім жыў, атрымліваючы невялікі заробак, севастопальскі салдат-вартаўнік.

Аналагічныя помнікі былі ўстаноўлены таксама на Барадзінскім полі, у Смаленску, Малаяраслаўцы, Полацку і Каўнасе. Помнік, устаноўлены пад Красным, адрозніваўся ад іншых аналагічных манументаў толькі надпісамі, якія расказвалі пра падзеі 1812 года, што адбыліся на Краснінскай зямлі. На пярэднім баку: «Бітва пры Красным 3, 4, 5 і 6 лістапада. Паражэнне Нея». На заднім: «Узята ў палон непрыяцеля 26 000 чалавек, адбіта 116 гармат». На фасадным баку помніка размяшчалася ікона Архістратыга Міхаіла.

Амаль усе гэтыя помнікі чакаў адзін і той жа незайздросны лёс: у 1930-я гады,  калі маладой Савецкай Расіі былі патрэбны метал і чыгун, адзін за другім узляцелі ў паветра помнікі на Барадзінскім полі, у Малаяраслаўцы і Полацку — для савецкай улады ні гістарычнай, ні мастацкай каштоўнасці яны не ўяўлялі. Цудам ацалеў толькі помнік у Смаленску — выбуху перашкодзілі блізкасць дамоў і размешчаныя побач магілы рэвалюцыянераў. Затое магілу маршала Баграціёна, пахаванага па хадайніцтве Дзяніса Давыдава побач з манументам на Барадзінскім полі, камісары не пашкадавалі...

У 1991 годзе па ініцыятыве грамадскасці Краснінскі выканкам прыняў рашэнне аб аднаўленні помніка і звярнуўся па грашовую падтрымку да ўсіх грамадзян і рабочых калектываў Смаленшчыны. На рахунак, указаны ў звароце, паступіла больш як 50 тысяч рублёў — гэта былі вялікія па тых часах грошы, але патрыятычную акцыю завяршыць усё роўна не ўдалося. Выправіць трагічную памылку папярэднікаў, якія разбурылі помнік героям Айчыннай вайны 1812 года, удалося толькі цяпер. На аднаўленне помніка з бюджэту Саюзнай дзяржавы было выдзелена 60 млн 380 тысяч расійскіх рублёў. І вось зусім нядаўна, у дзень нараджэння Міхаіла Кутузава, помнік героям краснінскіх баёў быў зноў урачыста адкрыты, прайшоў абрад яго асвячэння. Пры аднаўленні на помніку з'явілася таблічка: «Манумент створаны ў 1847 годзе па Указе імператара Мікалая І. Архітэктар Антоніа Адаміні. Разбураны ў 1931 годзе. Адноўлены ў 2012 годзе».

1

Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор РАПОТА, які ўзяў удзел ва ўрачыстасцях у пасёлку Красны, паабяцаў, што Саюзная дзяржава заўсёды будзе надаваць вялікую ўвагу ўвекавечванню важных гістарычных падзей:

— У 2007 годзе ля вёскі Лясная ў Беларусі з'явіўся помнік, прысвечаны 300-годдзю вялікай бітвы, у якой перамог Пётр І. Таксама пры дапамозе бюджэту Саюзнай дзяржавы была праведзена рэканструкцыя мемарыяла «Брэсцкая крэпасць-герой», створаны мастацкі фільм «Брэсцкая крэпасць», выдадзена кніга «Полацк — Смаленск: вехі агульнага лёсу». Зараз рыхтуецца вялікае фундаментальнае выданне аб барацьбе беларусаў і расіян у дні напалеонаўскага нашэсця. 200 гадоў, якія прайшлі з часоў вайны з Напалеонам, — важная дата для двух брацкіх народаў, і перамога ў той вайне стала для нас у многім вызначальнай. Сёлета будзе ўстаноўлена каля 10 памятных знакаў — манументаў, барэльефаў, прысвечаных подзвігу салдат, — у Расіі, Беларусі, ва Украіне, у Прыдняўстроў'і, Швейцарыі. Гэта сведчыць пра тую ўвагу, якая надаецца падзеі не толькі ў Расіі, але і ва ўсім свеце.

Дарэчы, яшчэ раней былі адноўлены помнікі героям вайны 1812 года ў Полацку і Малаяраслаўцы. У чымсьці сімвалічна, што помнікі для расійскіх гарадкоў адліваліся ў беларускім Полацку. Мантажныя работы па ўстаноўцы элементаў помніку выконваліся беларускай будаўніча-мантажнай брыгадай. У ваенна-гістарычнай рэканструкцыі эпізодаў краснінскіх баёў, прымеркаванай да адкрыцця мемарыяла, таксама ўзялі ўдзел гістарычныя клубы з Расіі і Беларусі.

Забытая баталія

А на наступны дзень у Смаленску прайшоў «круглы стол» на тэму «Помнікі і памятныя месцы Айчыннай вайны 1812 года ў Саюзнай дзяржаве: захаванне і развіццё». Ідэі і прапановы, якія там прагучалі, несумненна, заслугоўваць таго, каб быць падтрыманымі кіраўніцтвам Саюзнай дзяржавы.

Кіраўнік Адміністрацыі Кардымаўскага раёна Смаленскай вобласці Алег ІВАНОЎ лічыць справай гонару ўвекавечыць для нашчадкаў памяць пра бітву пры Лубіно? (Валуціна), якая адбылася 7 (19) жніўня 1812 года ў наваколлі вёсак Лубіно, Забалацце і Валуціна Гара. Паколькі рускае камандаванне знаходзілася ў Лубіно, то ў расійскую гісторыю бітва ўвайшла як бітва пры Лубіно, а французы называюць яе бітвай пры Валуціна. З расійскага боку ў ёй удзельнічала да 22 тысяч чалавек, а з боку французаў — да 55 тысяч. Па звестках з розных крыніц, страты рускіх склалі ад 5 да 6 тысяч чалавек, а французаў — ад 8 да 9 тысяч.

Лічыцца, што менавіта ў Лубіно Напалеон упершыню задумаўся аб заключэнні міру з Аляксандрам І. Тут, па словах французскага гісторыка, «...рускія абараняліся, каб усё абараніць: гарматы, параненых, абозы. Французы змагаліся, каб усё ўзяць...» Менавіта там быў зломлены дух французскай арміі і міф пра яе непераможнасць. Нават лічачы французаў пераможцамі, граф Сегюр пісаў: «У іх паражэнні столькі ж славы, колькі ў нашай перамозе». Дзякуючы стратэгічнаму поспеху, дасягнутаму пры Лубіно, руская армія змагла захаваць свае рэзервы для будучай генеральнай бітвы. Між іншым, бітва пры Лубіно застаецца фактычна забытай. Каб выправіць гэту сітуацыю, «Фонд садзейнічання прымірэнню народаў, якія ўдзельнічалі ў ваенных канфліктах» знайшоў сродкі на выданне манаграфіі-двухтомніка «Смаленскія баталіі. Бітва за Смаленск» і «Смаленскія баталіі. Непрадбачаная баталія або сутычка, якая перайшла ў бітву». Гэта першая за 200 гадоў кніга, прысвечаная падзеям 1812 года пры Лубіно...

Сёння ў Кардымаўскім раёне на месцы баёў 1812 года ствараецца Лубінскае ратнае поле.

— Як паказвае практыка, пошукавыя атрады паднімаюць сёння астанкі салдат не толькі Вялікай Айчыннай вайны, але і вайны 1812 года. І кожны раз даводзіцца вызначацца з месцам іх далейшага перазахавання. Мы плануем зрабіць Лубінскае поле памяці месцам, дзе ў будучым будуць праходзіць усе новыя перазахаванні знойдзеных астанкаў салдат вайны 1812 года, — падзяліўся сваімі планамі Алег Іваноў. — Хачу сказаць, што на Лубінскім полі вырасла дзіўная бяроза, крона якой сфарміравалася ў выглядзе праваслаўнага крыжа. Мы называем яе «лубінскім цудам». Яна вырасла на свяшчэннай зямлі, дзе салдаты гінулі за веру і Айчыну. Сама прырода, насуперак законам, утварыла на гэтай зямлі з дапамогай галін бярозы вялікі цуд — жывы крыж. 4 жніўня на Лубінскім полі былі пахаваныя астанкі 28 салдат, якія загінулі пры Лубіно 7 жніўня 1812 года. Пахавалі іх у агульнай магіле, паколькі пахаванне ў асобных магілах (па нацыянальнай прыналежнасці) не ўяўлялася магчымым. 4 лістапада, у Дзень народнага адзінства, на Лубінскім ратным полі адбудзецца перазахаванне знойдзеных літаральна ў пачатку верасня 20 астанкаў рускіх салдат. Лубінскае ратнае поле абрастае інфраструктурай, становіцца месцам гістарычнага паломніцтва і атрымлівае статус турыстычнага маршрута. Некалькі гадоў запар у жніўні тут праходзіць фестываль ваенна-гістарычнай рэканструкцыі бітвы пры Лубіно. Сёлета ён сабраў больш за 10 тысяч гледачоў і ўдзельнікаў з Расіі, Беларусі, Польшчы, Украіны і краін Балтыі. У бліжэйшы час плануецца аб'явіць адкрыты міжнародны творчы конкурс на лепшы эскізны праект помніка салдатам Расійскай імператарскай арміі і арміі Напалеона, якія загінулі ў бітве пры Лубіно.

Жыхары Кардымаўскага раёна таксама напісалі адкрыты зварот прэзідэнту Расійскай Федэрацыі з прапановай прыняць Федэральны закон, які б вызначыў нарматыўна-прававы статус звання «Месца доблесці і славы». «У сённяшнім заканадаўстве Расійскай Федэрацыі ёсць ганаровыя званні «Горад-герой» і «Горад воінскай славы» — гэта тэрыторыі, на якіх ішлі жорсткія баі, дзе абаронцы Айчыны праявілі мужнасць, стойкасць і масавы гераізм. Але ў той жа момант у нашай краіне шмат месцаў, якія паўплывалі на ход расійскай гісторыі і на сусветны гістарычны працэс, адно з іх — Салаўёва пераправа, размешчаная ў Кардымаўскім раёне Смаленскай вобласці, дзе адбываліся жорсткія баі, былі праяўлены мужнасць, стойкасць і масавы гераізм нашага народа. Аднак і сёння гэтыя ўнікальныя для Расіі месцы не маюць нарматыўна-прававога статуса на ўзроўні дзяржавы!»

Трэба патлумачыць, што Салаўёва пераправа — гістарычнае месца, звязанае з гераічнымі старонкамі рускай гісторыі не толькі 1812, але і 1941 гадоў.

«Старая Смаленская дарога»

Начальнік аддзела музеяў і інфармацыйных тэхналогій дэпартамента Смаленскай вобласці па культуры і турызму Ігар ШКУРЛОЎ у сваю чаргу падзяліўся планамі па стварэнні ў пасёлку Краснае музейна-турыстычнага кластара:

— Пасёлак Красны знаходзіцца на мяжы Расіі і Беларусі, але ён размешчаны ўбаку ад трасы Масква — Мінск, таму і асноўныя транспартныя патокі яго абмінаюць. У нас ёсць ідэя на базе мясцовага кінатэатра, які стаў абузай для мясцовага бюджэта, стварыць музейна-асветніцкі комплекс «1812 год». Паколькі з рарытэтамі 1812 года як у беларускіх, так і ў расійскіх музеях, у тым ліку і ў смаленскім, сітуацыя склалася даволі напружаная, мы палічылі, што ў гэтым выпадку лепш выкарыстаць сучасныя музейныя тэхналогіі і традыцыйную музейную экспазіцыю з вітрынамі замяніць музеем дыярам са светлавымі, шумавымі эфектамі, якія можна выкарыстаць у вялікай глядзельнай зале. Такое своеасаблівае музейнае шоу. Да таго ж і моладзі сучасныя тэхнічныя навінкі будуць больш па душы. Таксама ў музейна-турыстычны кластар павінна ўвайсці «хата Напалеона» — невялічкі музей, дзе будуць экспанавацца прадметы сялянскага побыту і экспанаты, якія маюць дачыненне да Айчыннай вайны 1812 года. І ў гэты інтэр'ер будзе змешчана фігура імператара Напалеона. Каб цалкам выкарыстаць турыстычны патэнцыял Краснага, яго трэба ўключыць у міжнародны турыстычны маршрут па месцах баявой славы вайны 1812 года. У нас ужо былі адпаведныя прапановы ад нашых беларускіх калег. У маршрут маглі б увайсці Барысаў, Полацк, Красны, Лубіно, Смаленск, Барадзіно...

— Мне падабаецца ідэя маршрута «Старая Смаленская дарога» — засталося прыдумаць такую ж змястоўную назву і для беларускай часткі маршрута, — падзяліўся сваім меркаваннем начальнік аддзела сацыяльнай палітыкі Дэпартамента сацыяльнай палітыкі і інфармацыйнага забеспячэння Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Іван ЯНОВІЧ. — Праект рэканструкцыі кінатэатра і сапраўды заслугоўвае ўвагі, а 42 мільёны расійскіх рублёў на яго рэканструкцыю — гэта не так і многа для бюджэту Саюзнай дзяржавы.

На думку Івана Яновіча, трэба было б падумаць і пра ўказальнікі на дарогах, якія накіроўвалі б вандроўнікаў да памятнікаў і мемарыялаў падзей вайны 1812 года. Усе яны павінны быць выкананы ў адзіным стылі — гэта могуць быць, напрыклад, верставыя слупы.

Вайна 1812 года і мінчане

Прэс-сакратар Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Юлія ВАНІНА запрасіла ўсіх удзельнікаў «круглага стала» ў Мінск, дзе 23-24 лістапада гістарычны факультэт БДУ праводзіць Міжнародную канферэнцыю «Вайна 1812 года і Беларусь». Кола пытанняў, якія плануюць ахапіць гісторыкі, — самае шырокае: ад дзяржаўна-палітычных працэсаў ва Усходняй Еўропе напярэдадні і падчас вайны 1812 года і канфесійнай сітуацыі да гісторыка-культурнага і турыстычнага патэнцыялу памятных месцаў, звязаных з падзеямі вайны 1812 года. Загадчык аддзела археалогіі, нумізматыкі і зброі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Мікалай ПЛАВІНСКІ расказаў пра рэспубліканскую выставу «Вайна 1812 года ў гісторыі Мінска», арганізаваную музеем сумесна з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. Нягледзячы на маштаб і значнасць вайны 1812 г. для Беларусі, яна да канца так і не асэнсавана грамадствам. Мы працягваем жыць стэрэатыпамі і звязваем гэтую вайну выключна з Расіяй і Францыяй, забываючыся на тое, што для Беларусі гэта не менш значная старонка гісторыі. Вайна 1812 г. увайшла ў гісторыю Расіі як Айчынная, а ў еўрапейскую — як руская кампанія Напалеона. Яна змяніла лёсы еўрапейскіх народаў і ператварыла ў попел надзеі тых, хто звязваў з Напалеонам спадзяванні на аднаўленне Рэчы Паспалітай.

У 1812 г. Мінск — «лепшы пасля Вільні горад у беларуска-літоўскім краі» — выконваў ролю важнага ваенна-стратэгічнага цэнтра на землях былога Вялікага княства Літоўскага. За горад спрачаліся Баграціён і маршал Даву. З ліпеня па лістапад 1812 г. праз Мінск прайшло больш як 80 тысяч салдат Вялікай арміі. Але горад так і не стаў арэнай буйных бітваў, у адрозненне ад Барысава, Віцебска і Магілёва. У жніўні тут урачыста адзначалі дзень народзінаў Напалеона. Выстава цікава і яскрава распавядае, як ваенныя дзеянні паўплывалі на лёс гараджан, якія змены адбыліся ў іх штодзённым жыцці і за што мінскія ўлады атрымалі асабістую падзяку ад Напалеона.

Каб зразумець, які след пакінула для жыхароў Мінска вайна 1812 года, дастаткова сказаць, што да вайны насельніцтва горада налічвала 10 200 чалавек, а напрыканцы лістапада ў Мінску засталося менш за 3 тысячы гараджан і вялікая колькасць параненых французаў — больш за 5 тысяч чалавек.

Надзея НІКАЛАЕВА.

Мінск — Смаленск — Красны — Мінск

https://www.traditionrolex.com/8