https://www.traditionrolex.com/8
<p>Фэст нефармальнага мастацтва на прыродзе</p>

Больш за 150 удзельнікаў і гасцей арт-фестываля «Тру-злёт 2012» прыняла вёсачка Чырвоны Кастрычнік, што на Гомельшчыне. Музыкі давалі канцэрты ў спецыяльна прыстасаваным пад сцэну «кінахлеве». Фатографы і мастакі з Беларусі, Расіі і Украіны ладзілі інсталяцыі сваіх прац на падворках закінутых хат. Гаспадар арт-вёскі Кірыл Краўцоў заўважае, што фэст нефармальнага мастацтва з кожным разам становіцца ўсё больш папулярным, паведамляе радыё «Рацыя».

Кірыл Краўцоў:

– Мы абралі фармат «маленькага фэста для сяброў». Пасля таго як убачылі падобныя святы ў замежжы, вырашылі, што ў Беларусі таксама трэба нешта падобнае ладзіць. Спачатку пачалі шукаць вёсачку з цудоўнай прыродай. Адразу знайшлі Чырвоны Кастрычнік. Потым зрабілі тут першы фэст. Ад таго часу святкуем дзень народзінаў гэтай вёскі, таму што яна адрадзілася дзякуючы нашым намаганням. Раней тут адна бабуля жыла, якой было 80 гадоў, яна жыла тут без электрычнасці.

Блюзмэн з гурта Place to be прыемна ўражаны атмасферай палескай вёсачкі Чырвоны Кастрычнік.

Уладзімір Малюкоў:

– Вёска Чырвоны Кастрычнік неяк падштурхоўвае да пераходу на беларускую мову. Назва нашага гурта ў перакладзе гучыць так: «месца, у якім варта быць». Мы спярша вырашылі зрабіць «кватэрнік», але паколькі ў вёсцы няма кватэр, то падрыхтавалі «хатнік». З гэтай ідэяй звярнуліся да арганізатараў, кажам: «Было б някепска зрабіць хатнік у доме». Мы прыязджаем, а тут, аказваецца, кіназал у былым хлеве. Мы выступаем на сцэне, а гледачы сядзяць на сене.

Ініцыятарам правядзення арт-фэста з’яўляецца гомельскі фотамастак і вандроўнік Кірыл Краўцоў. Ідэя заснавання свята ў некалі закінутай вёсачцы Чырвоны Кастрычнік нарадзілася ў яго пасля падарожжаў па краінах Лацінскай Амерыкі.

1

2

3

4

5

6

7

8

9

Мікола Бянько, фота аўтара

https://www.traditionrolex.com/8