https://www.traditionrolex.com/8
<div class="article_txt_intro">
<p class="introduction"><span class="zoomMe"><br /></span></p>
</div>

У вітрынах фірменных крамаў кандытарскай фабрыкі «Спартак» і «Камунарка» каробкі з цукеркамі, упакоўкі шакаладу і абгорткі цукерак, падпісаныя спрэс па-руску, паведамляе радыё «Свабода».

Загадчыца крамы «Спартак» не пажадала пракаментаваць такую сітуацыю, але паведаміла, што беларускіх назваў гомельская кандытарская фабрыка мае не больш як чатыры з 800 найменняў. Загадчыца крамы «Камунарка» Наталля Снягір адзначыла, што беларускіх назваў больш, але пішуцца яны па-руску:

«Асартымент беларускіх назваў у нас вялікі: «Беловежская пуща», «Папараць-кветка» — мы без яе нікуды, «Белая Русь», «Храмы Белой Руси» — цудоўны асартымент цукерак. У кожным разе брэндавая прадукцыя — няхай нават «Любимая Алёнка» ці «Красная Шапочка» — гэта ўжо фірменныя маркі «Камунаркі», якія спакон веку. Адзінае, што яны пішуць па-руску назвы, а беларускай і англійскай мовай пішуць там, дзе звесткі пра вытворцу. Але ж вы самі разумееце, што да нас у краму прыходзяць і расіяне, і з Украіны, і з Прыбалтыкі — яны па-руску чытаць умеюць, а таму гэтай мовы пададзена больш. Але калі ім трэба, то мы перакладаем і тлумачым, што такое «Папараць-кветка». Ну, не ведаю, мне здаецца, што тут улічана ўсё для ўсіх: і хто любіць беларускую мову, і рускую, і англійскую».

1

Знаўцы моўнай палітыкі на мінскай «Камунарцы», аднак, сцвярджаюць, што яшчэ нядаўна па-беларуску падпісвалася больш за 500 найменняў цукерак і шакаладу. Цяпер засталося каля 20. Журналіст і грамадскі актывіст Глеб Лабадзенка быў адным з тых, хто дапамагаў кіраўніцтву «Камунаркі» падаваць спажыўцам сваю прадукцыю па-беларуску:

«Яшчэ ў 2006 годзе я пабачыў цукеркі, падпісаныя па-беларуску, але налічыў там ажно дзевяць памылак. Я напісаў ліст, падзякаваў за беларускую мову і выказаў свае заўвагі. Таксама прапанаваў сваю дапамогу па перакладзе назваў на беларускую мову. На дзіва, праз некаторы час я атрымаў ліст, мяне запрасілі на фабрыку, там было кіраўніцтва, якому я прачытаў уводную лекцыю, што кожная краіна карыстаецца сваёй мовай. І яны пагадзіліся, што разам з рускай будуць пісаць назвы таксама па-беларуску і па-англійску. І тады разам з іншымі мовазнаўцамі мы пераклалі больш за 500 назваў на беларускую мову. І неўзабаве на ўсіх цукерках і шакаладках «Камунаркі» з'явіліся беларускія назвы. Але пасля, калі з'явілася гэтая дырэктарка, якую зараз выгналі, то я заўважыў, што з абгортак пачала знікаць беларуская мова. У выніку засталося каля 20 назваў з 500. Я напісаў ліст з запытам, чаму так адбываецца, але мне ўжо не адказалі. Зараз я парадаваўся, што гэтага антыбеларускага чалавека, рукамі якога знішчалася беларуская мова, на «Камунарцы» больш няма».

0

Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны таксама прымала актыўны ўдзел у змаганні за родную мову на «Камунарцы». Яе знішчэнне каментуе намесніца старшыні ТБМ Алена Анісім:

«Я думаю, што так адбываецца таму, што людзі, якія гэта робяць, не адчуваюць адказнасці за лёс Радзімы. Па-другое, яны не здольныя пралічыць на некалькі крокаў наперад, разважаюць старымі катэгорыямі і выяўляюць коснасць мыслення. Маўляў, раней у Савецкім Саюзе была адзіная руская мова, зараз Адзіная эканамічная прастора і г. д. Зусім не многія разумеюць, што беларуская мова, яна — прыцягальная, яна — брэнд, калі прысутнічае ў назвах і на ўпакоўках. Таму я лічу, што менавіта коснасць мыслення абумоўлівае гэты адкат. Але заўсёды кожнаму варта спрабаваць нешта рабіць, працаваць на беларускасць, і тады яна будзе».

Галіна Абакунчык

https://www.traditionrolex.com/8