https://www.traditionrolex.com/8
<p>Двое сяброў з Віцебшчыны будуюць яхты для заробку і душы, рассякаюць па мясцовых азёрах і чакаюць пенсіі, каб адправіцца ў кругасветнае падарожжа. Як гэта – быць апантаным морам у краіне, дзе мора няма.</p>

Двое сяброў з Віцебшчыны будуюць яхты для заробку і душы, рассякаюць па мясцовых азёрах і чакаюць пенсіі, каб адправіцца ў кругасветнае падарожжа.

34mag выбраўся з імі ў плаванне, каб даведацца, як гэта – быць апантаным морам у краіне, дзе мора няма.

«На пачатку 90-х мы нават правялі рэгату»

Віцебск, нядзеля, гадзіна дня. Мы хутка выязджаем з горада – аўто праносіцца паўз рэдкія вёскі і чыгуначныя шляхі. Наш пункт прызначэння – возера Лосвіда, за 15 км ад Віцебска. Наперадзе ў машыне сядзяць Гарый Сцяпанаў і Уладзімір Канараў, двое сяброў трохі за 40 гадоў, аб’яднаныя дзіўным для Беларусі захапленнем – абодва яны не могуць жыць без мора. Неістотна, што ў нас яно адсутнічае – кожную вялікую водную роўнядзь яны амаль без жартаў называюць «морам».

sea

Калі Уладзімір прыязджае да вады толькі на выхадныя, то Гарый жыве морам увесь час – на Лосвідзе ў яго ўласная школа віндсэрфінгу ды імправізаваны яхт-клуб. Акрамя таго, ён будуе лодкі і яхты на замову.

На прычале ў прыватным кемпінгу, акрамя парачкі адзінокіх лодак, больш нічога і нікога няма. «Хіба што ўсякія «матросы» пабухаць прыязджаюць. Вось на мінулым тыдні былі адны, так пілі, што матор з лодкай забылі», – смяецца Гарык.

03

Калі верыць гісторыі, «яхт-клуб» на Дзвіне быў яшчэ ў царскія часы. Ну як «яхт-клуб» – тады так называлі любую лодачную стаянку. У савецкія часы там жа была марская школа, частка якой размяшчалася і на Лосвідзе. Школа лічылася прасунутай, але цяпер на беразе засталіся толькі іржавыя руіны.

«Бацька быў рыбак заўзяты, і я ўсё дзяцінства тут правёў, – успамінае Гарык пасля таго, як мы начапілі выратавальныя камізэлькі і выправіліся насустрач хвалям. – Захапляўся суднамадэлізмам з дзяцінства. Калі прыйшоў з арміі, пазнаёміўся з Уладзімірам ды іншымі хлопцамі, якія падзялялі мае інтарэсы. На пачатку 90-х з уласнай ініцыятывы мы нават правялі рэгату».

04

«Чалавек не павінен баяцца нешта страціць»

Гарык распавядае, што першыя яхты будаваў на спробу, для самога сябе. А лодкі рабіў для заробку – у 90-я на іх быў попыт. «Потым быў крызіс, я віндсэрфінгам займаўся, але два гады таму зразумеў, што трэба нешта важнае рабіць, тады і пачаў зноў будаваць яхты, – кажа ён. – Наогул, я экстрэмал, у мяне за ўсё жыццё два страсанні і пятнаццаць пераломаў. Кожнаму сваё – хтосьці гарэлку п'е, і яму ўсё падабаецца, а ў мяне ёсць мора, яно для мяне – наркотык».

Асноўныя кліенты Гарыя – з Расіі. У Беларусі, паводле яго, гэта асабліва нікому не трэба. Гарый кажа, што існуюць яшчэ яхт-клубы ў Мінску, Гродне і Гомелі, але апошнія два здаюцца зусім ужо прывіднымі. Ён упэўнены, што ў Беларусі нямала людзей, якія займаюцца яхтынгам, але паміж сабой яны мала кантачаць і банальна адзін пра аднаго не ведаюць.

07

На стварэнне адной паруснай яхты ідзе ад некалькіх тыдняў да некалькіх месяцаў – Гарый робіць 4–6 штук на год. Яхта такога кшталту каштуе $5–7 тыс. Стваральнік адзначае, што ў Беларусі для фанатаў яхтынгу вельмі спрыяльнае заканадаўства – не патрэбны стосы дазволаў і спецыяльныя «коркі». На маламерных яхтах можна плаваць проста так, галоўнае – навучыцца.

«Іншае пытанне, што ў Беларусі яшчэ няма воднай культуры, – кажа Гарый. – Людзі наогул добра не ведаюць, чаго яны хочуць у жыцці, а для таго, каб займацца яхтынгам, трэба дакладна расставіць прыярытэты, гэтым нельга займацца бяздумна. Да таго ж, вядома, гэта патрабуе выдаткаў з бюджэту».

09

Пакуль яхту атакуюць магутныя парывы ветру, Гарый натхнёна распавядае: «У нас з Уладзімірам ёсць мара – пайсці на яхце ў кругасветнае падарожжа. Але не зараз, ужо бліжэй да старасці, бо ёсць магчымасць і не вярнуцца назад. Для такога падарожжа трэба дзікае жаданне ўсё кінуць. Дома ж заўсёды нешта трымае, але для мора гэта лішняе. Чалавек не павінен баяцца нешта страціць – усё не вечнае».

«Калі я дарабляў гэтую яхту, не спаў чатыры дні запар»

Прычаліўшы да супрацьлеглага берага і прамачыўшы ногі, вырашаю працягнуць плаванне ўжо на яхце Уладзіміра. «Вось так выхадныя паходзіш, а потым тыдзень пачуваешся чалавекам. Выхадныя прапусціш – нуда зялёная. А ў вушах шум вады», – з сумам у голасе разважае ён, пакуль мы плаўна адчальваем ад берага, пакідаючы ззаду судна Гарыка.

11

Сваю яхту Уладзімір таксама пабудаваў уласнымі рукамі. Іншым майстрам ён не давярае, аргументуючы тым, што для добрага плавання неабходна ведаць сваё судна цалкам: «Калі я дарабляў гэтую яхту, не спаў чатыры дні запар».

«Першую кілявую, якую пабудаваў, прадаў потым, а яе за першы ж сезон загубілі. Шкада, але ў лодак свой лёс, – кажа Уладзімір, папраўляе акуляры і дастае з кішэні цыгарэты-слім. – Да мінулага года я 20 гадоў не плаваў: вясёлыя 90-я, сям'я, трэба было займацца чымсьці. Потым захапіўся кампутарамі, цяпер – кіраўнік у фірме. А Гарык мяне клікаў увесь гэты час».

16

Аб стаўленні знаёмых да свайго захаплення Уладзімір распавядае з усмешкай – калі ён кажа, што ў яго ёсць яхта, людзей гэта шакіруе, усе глядзяць на яго, як на іншапланяцяніна: «Людзям здаецца, што гэта толькі багацеі могуць сабе дазволіць. А каб самому пабудаваць – дык наогул нерэальна. Яшчэ дзівяцца, што без матора: «Сур'ёзна? Ветразь? А як гэта? Дзе матор?» А матора тут няма і ніколі не будзе».

21

 «Хадзіць на яхце лепш, чым з жанчынай спаць»

На вадзе час успрымаецца даволі спецыфічна, а гадзіна на яхце здаецца дзесяццю хвілінамі: усё неймаверна захоплівае, нават калі нічога не робіш і проста назіраеш збоку. Дзьме моцны вецер, лодку разгойдвае ў розныя бакі, шапку з галавы практычна зрывае. Але Уладзімір задаволены: «Калі ціхае надвор’е, я не езджу сюды, нецікава. Пад ветразем трэба ісці, а не загараць або рыбу лавіць. Кіраванне яхтаю – гэта праца. Прыязджаеш дадому, потым усе рукі баляць, мазалі. Хаця вонкава здаецца: што тут такога?». Але асалода, якую атрымліваеш на вадзе, усё кампенсуе. «У такое надвор'е хадзіць на яхце лепш, чым з жанчынай спаць», – аўтарытэтна дадае Уладзімір.

22

Пасля пытання аб кругасветным падарожжы агеньчык у вачах Уладзіміра разгараецца яшчэ мацней: «Гэта мара дзяцінства. Сам не разумею, адкуль у сухапутным горадзе такія ідэі. Такое падарожжа дае свабоду. Я заўсёды хацеў гэта зрабіць. Ды які там «хацеў» – я гэта зраблю».

Мы прычальваем да берага, сябры рыхтуюць свае яхты да будзённых чаканняў. Павісае цішыня – адчуваецца, што радасць памалу згасае. Мы цвёрда стаім на сушы. Сонца ўжо схавалася за дрэвы. Трэба вяртацца ў горад.

23

Па словах Уладзіміра, пасля плавання любы шум на сушы ператвараецца ў плёскат вады. Як аказалася, не падмануў – не толькі на шляху дадому, але і на наступны дзень адчапіцца ад гэтага «плёскату» аказалася няпроста. Ці хочацца вярнуцца на ваду яшчэ раз? Дакладна хочацца.

24

25

https://www.traditionrolex.com/8