https://www.traditionrolex.com/8
<p>Асаблівасцю, у прыватнасці мінскіх, хостэлаў, у адрозненне ад аналагічных гасцініц у Еўропе, з'яўляецца іх месцазнаходжанне. Там яны размяшчаюцца ў цэнтры горада, а ў Мінску — дзесьці «на перыферыі». Што да кошту, то тут беларускія цэны мала чым адрозніваюцца ад еўрапейскіх. Кошт ложка-месца напрамую залежыць ад колькасці чалавек у пакоі. Чым больш народу, тым меншая цана</p>

Многія, збіраючыся ў іншы горад, часта не ведаюць, дзе спыніцца. У гасцініцы часцей за ўсё дорага, а пошук кватэры ці пакоя займае пэўны час... Універсальны варыянт — наяўнасць у такім горадзе знаёмых. Але што рабіць, калі іх няма? Што рабіць, калі вы ўпершыню прыехалі, напрыклад, у Мінск, Маскву і Варшаву па нейкіх справах (напрыклад, на канцэрт), а лішніх грошай не маеце? У такім выпадку лепш за ўсё пайсці ў хостэл — недарагую гасцініцу. Вядома, гэта не самае камфортнае месца, але ёсць ложак і дах над галавой. А таму чаму б і не паспрабаваць?

На саломе ўжо не спяць

Хостэлы — недарагія гасцініцы — з'явіліся ў Еўропе на пачатку мінулага стагоддзя, калі нямецкаму настаўніку прыйшло ў галаву прымаць падарожнікаў, якія спыняліся ў яго горадзе, на тэрыторыі школы, паведамляе «Звязда». Пасля заняткаў вучні выносілі з класаў парты, а на змену ім прыносілі мяшкі, набітыя саломай. За невялікую плату вандроўнікі заставаліся начаваць, а раніцай выносілі свае самаробныя «матрацы» і вярталі назад парты. Хутка такая практыка прыжылася. У нашы дні ў еўрапейскіх гарадах хостэлы карыстаюцца вялікай папулярнасцю, асабліва сярод моладзі, якая падарожнічае і не мае лішніх грошай, а таксама сярод падарожнікаў і людзей, якія прыехалі на канцэрт, конкурс і г. д.

У нашай краіне хостэлы пачалі з'яўляцца зусім нядаўна (з лета мінулага года). Але колькасць іх паступова расце, бо неўзабаве ў нас пройдзе чэмпіянат свету па хакеі, а недарагія гасцініцы — якраз тое, што патрэбна яго наведвальнікам. Пакуль што ў Мінску адчуваецца дэфіцыт танных варыянтаў для начлегу. Зараз у горадзе налічваецца сем хостэлаў, і іх, зразумела, недастаткова, каб забяспечыць недарагім жытлом усіх, у каго ўзнікне жаданне пабываць на чэмпіянаце.

Хостэл па-нашаму — на «перыферыі»

Як правіла, асноўная функцыя хостэлаў — прадаставіць прыезжым недарагое ложка-месца. Звычайна хостэлы размяшчаюцца ў катэджах, таму адначасова могуць змясціць да 50–60 чалавек. Асаблівым камфортам пакой у хостэле наўрад ці будзе вылучацца, бо там можа пражываць (прынамсі, у мінскіх) ад 4 да 18 чалавек. У недарагіх гасцініцах звычайна ёсць агульная кухня, дзе можна прыгатаваць сабе што-небудзь паесці, і агульныя санвузлы.

Часта хостэлы прадастаўляюць сваім пастаяльцам пральную машыну, а таксама настольныя гульні, бясплатны wі-fі, у некаторых выпадках — тэнісны корт на вуліцы, барбекю, шашлыкі. У некаторых хостэлах днём знаходзіцца непажадана. Таксама адміністрацыя такіх гасцініц можа ўстанавіць час прыходу ў хостэл вечарам.

Асаблівасцю, у прыватнасці мінскіх, хостэлаў, у адрозненне ад аналагічных гасцініц у Еўропе, з'яўляецца іх месцазнаходжанне. Там яны размяшчаюцца ў цэнтры горада, а ў Мінску — дзесьці «на перыферыі». Што да кошту, то тут беларускія цэны мала чым адрозніваюцца ад еўрапейскіх. Кошт ложка-месца напрамую залежыць ад колькасці чалавек у пакоі. Чым больш народу, тым меншая цана. Так, у адным з мінскіх хостэлаў цана за суткі — больш чым дэмакратычная, — 78 тысяч рублёў. Але і людзей там будзе, скажам так, нямала — васямнаццаць чалавек у пакоі (пры поўным запаўненні). У тым жа хостэле за ложак у нумары з чатырма спальнымі месцамі прыйдзецца заплаціць 130 тысяч у суткі, з шасцю — 120, з дванаццаццю — 111, з чатырнаццаццю — 94 тысячы рублёў.

Відаць, нялішнім будзе пералічыць, што ўваходзіць у вышэйназваны кошт. Звычайна хостэлы прапануюць набор бялізны, ручнік (адзін або некалькі), у некаторых выпадках — аднаразовыя тапачкі, каву/гарбату, бясплатны бесправадны інтэрнет.

Творчая атмасфера для творчых людзей

Хостэлы ідэальна падыходзяць для людзей, якім падабаецца заводзіць новыя знаёмствы, — сапраўды, суседзі з розных краін могуць шмат чаго расказаць пра сваю культуру і традыцыі, прыгатаваць што-небудзь смачненькае з нацыянальнай кухні... Частымі наведвальнікамі хостэлаў таксама з'яўляюцца вялікія кампаніі. Час ад часу ў іх аб'ядноўваюцца творчыя людзі, якія цікавяцца мастацтвам той краіны, у якую прыязджаюць. І ведаеце што? Для творчых асоб існуюць у Мінску хостэлы, якія пазіцыянуюць сябе менавіта як цэнтры канцэнтрацыі творчых людзей — музыкантаў, акцёраў, мастакоў... У такіх хостэлах адчуваецца сапраўдная творчая атмасфера!

Вось такога кшталту хостэл і вырашыла я наведаць. Яго гаспадыня — Ксенія Курусь — прапанавала мне прыйсці напярэдадні яго адкрыцця: ужо праз дзень пасля майго прыходу туды планаваўся заезд першай групы пастаяльцаў.

Ксенія Курусь адкрыла свой першы хостэл пад назвай Trаvеlеr у маі гэтага года. Пачатак аказаўся ўдалым, таму дзяўчына вырашыла працягнуць справу і адкрыць яшчэ адну недарагую гасцініцу для падарожнікаў. На старонцы «УКантакце» і на ўласным сайце ў інтэрнеце Trаvеlеr пазіцыянуе сябе як «арт-хостэл». Новая гасцініца будзе звацца або «Арт-хостэл», або «Алекс-хостэл».

— Справа ў тым, што наш хостэл «сябруе» з грамадскім аб'яднаннем «Будзь калекцыянерам», — распавядае Ксенія. — Таму на сценах вісяць карціны сучасных мастакоў, і любую з гэтых карцін кожны жадаючы можа купіць.

Яшчэ хостэл завецца творчым па той простай прычыне, што тут часта ладзяцца майстар-класы, вечарыны, канцэрты, а яшчэ тут спыняюцца музыканты, мастакі і іншыя творча арыентаваныя асобы.

— Не так даўно да нас прыязджала група з трыццаці маладых людзей, — прыгадвае з усмешкай Ксенія. — Яны былі з розных краін — Вялікабрытаніі, Славакіі, Італіі, Арменіі. Ладзілі вясёлыя тусоўкі кожны дзень! Увогуле, на базе хостэла мы арганізоўваем розныя вечарыны, на якія ўваход часта бясплатны.

Наведвальнік хостэла — хлопец бывалы

Ксенія нядоўга думае перад тым, як апісаць тыповага пастаяльца сваіх хостэлаў: «Гэта хлопец з рукзаком 22–26 гадоў. Ён можа падарожнічаць адзін, з дзяўчынай або ў кампаніі. Да прыезду ў Мінск ён ужо шмат дзе пабываў, а выбраў наш хостэл таму, што прывабілі яго шматлікія мерапрыемствы, якія мы ладзім, а таксама творчая атмасфера. Звычайны пастаялец застаецца ў нас прыкладна на два дні, і, вядома ж, ён вельмі вясёлы».

Тым не менш маладая гаспадыня адзначыла, што неяк прыязджалі з Масквы дзядуля і бабуля, якія выкупілі шасцімесны пакой і засталіся вельмі задаволеныя ўмовамі пражывання. Таксама прыязджаюць сем'і, якія могуць выкупаць для сябе ўсе ложкі ў пакоі: відаць, каб адчуваць сябе «як дома». Некаторыя ж пастаяльцы, наадварот, просяць, каб іх пасялілі ў пакой з самай вялікай колькасцю людзей — так весялей!

25-15

Каб жылося ў чысціні і парадку. І нядорага

Зараз у новым хостэле засталося толькі дарабіць некаторыя дробязі. Ён разлічаны на 25 чалавек, цэны — ад 16 долараў.  Пакоі не вельмі вялікія — па 5-6 чалавек, але ёсць і пакой на дваіх.

Ксенія ў хостэльным сектары гасцінічнага рынку не так даўно, але плануе працягнуць развіваць сваю сетку, тым больш што і першы, і другі крокі ўжо зроблены. «У гасцініцы «Еўропа» самы танны нумар каштуе 200 долараў, — заўважае дзяўчына. — А вось для людзей, якія не маюць такіх грошай, прапаноў недастаткова. Усе хочуць жыць у чысціні і парадку, але часта за невялікія грошы мала што можна знайсці. Вось я і вырашыла заняць гэтую нішу».

Цікава, што, каб палепшыць сітуацыю ў сталіцы з недарагім арэндаваным жыллём, гарадскія ўлады зацвердзілі праект трох адназоркавых гасцініц, будаўніцтва якіх павінна быць завершана да 2014 года, калі ў Беларусі чакаецца вялікі прыток замежных гасцей. Таму будзем спадзявацца, што мы, беларусы, зноў пацвердзім сваю гасціннасць як на чэмпіянаце свету па хакеі, так і ў звычайным, будзённым жыцці, бо з кожным годам колькасць жадаючых наведаць нашу краіну павялічваецца.

Цікавыя факты

Хостэл часам можа стаць своеасаблівай альтэрнатывай студэнцкаму інтэрнату. Так, студэнты адной з навучальных устаноў Мінска заключылі спецыяльны кантракт з уласнікам хостэла на дастаткова працяглы тэрмін. Умовы там не такія строгія, як у некаторых інтэрнатах, а вось атмасфера — сапраўды студэнцкая.

Некаторыя замежныя хостэлы, клапоцячыся пра камфорт сваіх пастаяльцаў, абсталёўваюць пакоі ложкамі спецыяльнага дызайну: гэта як маленькія пакойчыкі-соты з добрай гукаізаляцыяй. Залазіш у такую каробку, зачыняешся — і хочаш сабе спі, хочаш — уключы лямпу і займайся сваімі справамі.

Надзея Юшкевіч

https://www.traditionrolex.com/8